На фота: памерлы ў няволі палітвязень Валянцін Штэрмер
Праваабарончы цэнтр "Вясна" апублікаваў чарговы агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі за травень 2025 года.
У Беларусі па-ранейшаму захоўваецца вельмі цяжкая сітуацыя з правамі чалавека: працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года і крымінальны пераслед іншадумцаў, удзельнікаў пратэстных ініцыятыў, журналістаў, праваабаронцаў і адвакатаў;
нягледзячы на імкненне ўладаў схаваць маштаб крымінальных і адміністрацыйных рэпрэсій, у ПЦ «Вясна» працягваюць паступаць даныя аб затрыманнях і пераследзе па палітычных матывах;
агулам "Вясне" вядома пра больш чым 6 990 асуджаных (у тым ліку 33 накіраваных на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне) па палітычна матываваных крымінальных справах з 2020 года;
нягледзячы на тое, што з калоній былі вызваленая частка палітвязняў у сувязі з адбыццём тэрміну і ў парадку памілавання, іх колькасць застаецца крытычна высокай: на канец траўня 2025 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1 185 палітвязняў (з іх 159 – жанчыны), за месяц палітвязнямі прызнаныя 28 чалавек. Агулам з траўня 2020 года рашэнні аб прызнанні палітвязнямі прымаліся ў дачыненні да 3 945 чалавек. 2 760 чалавек, з якіх 575 – жанчыны, ужо знаходзяцца на волі ў сувязі з адбыццём тэрміну, вызваленнем ад пакарання або ў сувязі са зменай меры стрымання;
сябры ПЦ "Вясна": лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянцін Стэфановіч, а таксама Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова, а таксама праваабаронца Наста Лойка, асуджаныя да пазбаўлення волі, утрымліваюцца ў зняволенні.
падвяргаюцца рэпрэсіям журналісты, супрацоўнікі СМІ і блогеры;
працягваюцца адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у траўні 2025 года "Вясна" зафіксавала больш за 80 выпадкаў палітычна матываваных рэпрэсій (у тым ліку затрыманні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу. Скарачэнне вядомых выпадкаў рэпрэсій звязана са спыненнем доступу да раскладу судоў – адзінай афіцыйнай крыніцы, якая часткова папаўняла адсутнасць публічнай дэзагрэгаванай дзяржаўнай статыстыкі па адміністрацыйным і крымінальным пераследзе;
праваабаронцы працягваюць сістэматычна фіксаваць выпадкі прымянення катаванняў і іншых формаў недапушчальнага звароту пры расследаванні палітычна матываваных спраў, а таксама пры выкананні пакаранняў па такіх справах-як крымінальных, так і адміністрацыйных;
свабода сходаў і выказвання меркаванняў рэгулярна падвяргаецца нападам з боку ўладаў: за ўдзел у пратэстах 2020 года людзей працягваюць прыцягваць да крымінальнай адказнасці, улады пашыраюць абмежаванні на атрыманне і распаўсюд інфармацыі;
рэгулярна папаўняюцца спісы "экстрэмістаў" і "тэрарыстаў", "экстрэмісцкіх" фарміраванняў і інфармацыйнай прадукцыі, закладваючы аснову для працягу дзяржаўнага тэрору і рэпрэсій;
Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс апублікаваў свой першы гадавы даклад на гэтай пасадзе. Да 59-й сесіі Рады па правах чалавека ААН падрыхтаваны агляд асноўных падзей у галіне правоў чалавека ў Беларусі ў перыяд з 1 красавіка 2024 года па 31 сакавіка 2025 года. Апроч іншага, у дакуменце заяўляецца, што прэзідэнцкія выбары 26 студзеня 2025 года не могуць лічыцца адпаведнымі праву абіраць і быць абраным на сапраўдных перыядычных выбарах, праз палітычна матываваныя рэпрэсіі, якія працягваюцца, а таксама поўнага ўціску свабоды выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцыі.
Агулам з 2020 года мінімум 8 308 чалавек сутыкнуліся з крымінальным пераследам па палітычных матывах. У дачыненні да не менш за 6 990 чалавек былі вынесеныя палітычна матываваныя прысуды. Дадзеныя паказчыкі працягваюць павялічвацца кожны месяц.
Вядома пра мінімум 15 затрыманых па крымінальных справах за перадачу інфармацыі пратэстнай пратэстнай ініцыятыве "Беларускі Гаюн" аб перамяшчэнні расейскай вайсковай тэхнікі. Для іх пераследу выкарыстоўваюць абвінавачванні ў садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці.
За травень праваабаронцы прызналі палітвязнямі 28 чалавек. Колькасць палітычных зняволеных на канец месяца склала 1 185 чалавек. Агульная колькасць скарачаецца, у сувязі з адбыццём тэрмінаў пазбаўлення волі і памілаваннямі.
Прэс-служба А. Лукашэнкі паведаміла аб памілаванні 42 палітвязняў. Да гэтага намаганнямі ўладаў ЗША быў вызвалены палітвязень грамадзянін Беларусі і ЗША Юрый Зянковіч. Такім чынам, агульная колькасць вызваленых у такім парадку памілавання з ліпеня 2024 года перавысіла 300 чалавек.
21 траўня стала вядома пра восьмую з 2020 года смерць палітвязня ў няволі – Валянціна Штэрмера: у 2023 годзе мужчыну асудзілі да пяці гадоў калоніі за восем каментароў супраць уварвання Расеі ва Украіну. Таксама ў траўні стала вядома пра смерці трох палітзняволеных ужо пасля вызвалення – Ганны Кандраценкі, Тамары Каравай і Валерыя Богдана. Праваабаронцы звязваюць смерці палітвязняў у тым ліку з умовамі ўтрымання ў калоніях, недахопамі ў аказанні медыцынскай дапамогі, абмежаваннямі ў харчаванні і прыцягненнем да цяжкай працы.
Па-ранейшаму застаюцца ў няволі мінімум 206 палітвязняў у асабліва ўразлівым становішчы, несумяшчальным са знаходжаннем у няволі: з цяжкімі захворваннямі, непаўналетнія, шматдзетныя, з сямейнымі цяжкасцямі або на прымусовым псіхіятрычным лячэнні.
У рэжыме інкамунікада, без сувязі са знешнім светам, працягваюць знаходзіцца як мінімум восем палітвязняў: Марыя Калеснікава, Максім Знак, Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, Віктар Бабарыка, Уладзімір Кніга, Сяргей Ціханоўскі, Аляксандр Арановіч. Праваабаронцы заклікаюць неадкладна спыніць ізаляцыю і забяспечыць палітвязням доступ да адвакатаў і сувязь са сваякамі.
На канец траўня вядома пра 62 палітвязняў, якім судом быў прызначаны дадатковы тэрмін адвольнага пазбаўлення волі за сукупнасць дысцыплінарных парушэнняў у папраўчай установе. 49 з іх на дадзены момант працягваюць знаходзіцца ў няволі. У траўні стала вядома аб двух новых абвінавачваннях.
Палітзняволенага Анатоля Латушку асудзілі паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі). Яму прызначылі яшчэ паўгода пазбаўлення волі ў дадатак да шасці гадоў калоніі. Раней Анатолю ўжо ўзмацнялі пакаранне: год таму яго перавялі на турэмны рэжым у Гродна. Верагодна, там супраць яго і ўзбудзілі новую крымінальную справу.
Суд Ваўкавыскага раёна нядаўна разглядзеў ужо трэцюю крымінальную справу паводле арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі) супраць палітзняволенага анархіста Сяргея Раманава, піша "АЧК-Беларусь". Яго прызналі вінаватым і дадалі яшчэ паўтара года пазбаўлення волі. Цяпер агульны тэрмін зняволення палітвязня складае 24 гады і пяць месяцаў.
21 траўня ў дзень палітвязняў праваабарончыя арганізацыі і актывісты выступілі з маніфестам: «Мы перакананыя, што вызваленне ўсіх палітычных зняволеных не толькі магчымае, але і абсалютна неабходнае. Гэта не толькі гуманітарны абавязак, але і важны крок да пераадолення глыбокага крызісу, які працягваецца ў Беларусі».
Працягваюць утрымлівацца ў зняволенні праваабаронцы "Вясны": лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, а таксама Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова. Працягвае знаходзіцца ў няволі Наста Лойка, праваабаронца Human Constanta.
Праваабарончы цэнтр "Вясна" сёлета абраў салідарнасць — тэмай Дня палітвязняў Беларусі ў 2025 годзе, каб нагадаць, што нягледзячы на спробы рэжыму, людзі за кратамі не забытыя. "Вясна" распавядае, як сілавікі спрабуюць знішчыць салідарнасць, як неабыякавыя беларусы самі сталі палітвязнямі і за што іх асудзілі.
Бюро дэлегацыі Еўрапейскага парламента па сувязях з Беларуссю 30 красавіка выступілі з заявай з нагоды галадоўкі палітзняволенай Вікторыі Кульшы. Гэта яе шостая галадоўка з моманту затрымання на знак пратэсту з яе незаконным утрыманнем у няволі. У Еўрапейскім парламенце залікалі беларускія ўлады прадаставіць Вікторыі Кульшы неадкладны доступ да медыцынскай дапамогі і спыніць усе формы палітычнага пераследу ў дачыненні да яе і іншых мірных актывістаў у Беларусі. Акрамя таго, Еўрапейскі парламент заклікаў Еўрапейскі Саюз увесці адрасныя санкцыі ў дачыненні да асоб, адказных за пераслед Вікторыі Кульшы, а таксама актывізаваць дыпламатычныя намаганні, накіраваныя на забеспячэнне неадкладнага і безумоўнага вызвалення палітзняволенай.
"Вясна" па-ранейшаму збірае і дакументуе факты катаванняў і іншых відаў забароненага абыходжання, у тым ліку па палітычна матывах.
Былы палітвязень распавёў "Вясне", што ў 2020 годзе ён далучыўся да пратэсных акцый і ўдзельнічаў амаль ва ўсіх Маршах. Па вяртанні з працоўнай камандзіроўкі ў 2023 годзе яго затрымалі і моцна збілі сілавікі. Рамана асудзілі за інтэрнэт-каментары на некалькі гадоў "хатняй хіміі", падчас якой у яго моцна пагоршыўся псіхалагічны стан і ўвесь час снілася затрыманне. У выніку Раман з’ехаў з Беларусі.
Герой размовы некалькі месяцаў да суда прасядзеў у розных СІЗА і распавёў, у якім да вязняў звяртаюцца па імені, а ў якім – зневажаюць і абражаюць.
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, на канец траўня 2025 года знаходзіцца ў зняволенні 39 прадстаўнікоў медыя.
У канцы траўня стала вядома пра ператрусы і допыты, якія прайшлі ў рэдакцыях рэгіянальных медыя «Вечерний Бобруйск», «Бобруйск Инфо» і «Вольнае Глыбокае». У перадачы дзяржаўнага тэлебачання журналістаў абвінавачвалі ў супрацоўніцтве з Пасольствам ФРГ; сайт «вячэрняга Бабруйска» перастаў адчыняцца.
Палітзняволенаму анархісту Мікалаю Дзядку, верагодна, прад'явілі новыя абвінавачванні. Пра гэта напісаў набліжаны да сілавікоў тэлеграм-канал. У прыватнасці, прыгадваецца арт. 130 КК аб "распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варожасці". Нібыта Мікола прызнаўся ў арганізацыі, кіраўніцтве, адміністраванні шэрагу анархічных рэсурсаў. Палітвязня, асуджанага да пяці гадоў калоніі, павінны былі вызваліць у красавіку 2025 года, але замест гэтага ён быў пераведзены ў СІЗА № 1 у межах новай крымінальнай справы паводле арт. 411 КК за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі".
У канцы траўня была затрыманая журналістка і каталіцкая верніца з Полацка Ціна Палынская, а таксама яе старэйшая дачка — 22-гадовая Маргарыта. Як стала вядома "Хрысціянскай візіі", жанчыны знаходзяцца ў СІЗА-2 у Віцебску. Падрабязнасці абвінавачвання невядомыя. Па ўскосных прыкметах ёсць здагадка, што справа можа быць звязана з рашэннем КДБ прызнаць "Беларускую аналітычную майстэрню" прафесара Андрэя Вардамацкага "экстрэмісцкім фарміраваннем". Гэтая арганізацыя праводзіла сацыялагічныя апытанні сярод беларускіх грамадзян. Вядома пра ператрусы і канфіскацыю тэхнікі ў іншых людзей, якіх дапытвалі ў рамках сацыялагічных даследаванняў майстэрні. У Ціны таксама ёсць малодшая непаўнагадовая дачка — ёй 14 гадоў.
Рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў і іншадумцаў не спыняюцца.
18 красавіка следчым упраўленнем УСК па Брэсцкай вобласці распачатая спецыяльная вытворчасць у дачыненні да Андрэя Кузьменчука паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (удзел у масавых беспарадках, які выявіўся ў непасрэдным учыненні гвалту над асобай, пагромаў, знішчэння маёмасці).
Нагадаем, што пры прыцягненні да крымінальнай адказнасці завочна па арт. 293 КК, чалавека могуць падвергнуць дадатковым ўвазе пакарання: пазбаўлення грамадзянства.
Працягваюць прыцягваць да крымінальнай адказнасці асоб, якія на момант здзяйснення злачынства былі непаўнагадовым.
Так, суд Рэчыцкага раёна прызнаў вінаватым у "арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады" (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса) чалавека, які на момант здзяйснення злачынства быў непаўнагадовым.
У судзе Першамайскага раёну Мінску 30 траўня ў закрытым рэжыме адбыўся працэс над 78-гадовай актывісткай Нінай Багінскай. Яе абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 342-2 Крымінальнага кодэкса (неаднаразовае парушэнне закону аб правядзенні масавых мерапрыемстваў). На працягу 2024 года пенсіянерку тры разы прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 24.23 КаАП (несанкцыянаванае пікетаванне). Вядома, што падчас следства па крымінальнай справе Ніну Багінскую некалькі разоў вазілі на псіхіятрычную экспертызу. Паводле "Белсату", яе асудзілі без пакарання, але прызначылі"прафілактычнае назіранне".
У Беларусі паводле арт. 342-2 КК асуджаныя толькі шэсць чалавек. Артыкул уведзены ў Крымінальны кодэкс у 2021 годзе як рэакцыя рэжыму на пратэстную актыўнасць грамадства. Для ўзбуджэння крымінальнай справы па гэтым артыкуле дастаткова двойчы на працягу аднаго года быць падвергнутым адміністрацыйнаму спагнанню за ўчыненне адміністрацыйных правапарушэнняў, прадугледжаных артыкулам 24.23 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, і на працягу года пасля накладання другога адміністрацыйнага спагнання за такія дзеянні зноў парушыць парадак арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў.
Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс апублікаваў даклад, у якім адлюстраваў праблему накіравання на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычныя бальніцы асоб, якія абвінавачваліся ў здзяйсненні такіх злачынстваў, як удзел у акцыях пратэсту (арт. 342 КК), абразу прэзідэнта (арт. 368 КК), паклёп у дачыненні да прэзідэнта (арт. 367 КК) і абразу прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). У адрозненне ад зняволеных у папраўчых установах, тэрмін іх прымусовага ўтрымання не абмежаваны, і яны не могуць скарыстацца амністыяй, прэзідэнцкім памілаваннем або ўмоўна-датэрміновым вызваленнем.
За травень улады працягнулі кампанію па барацьбе з экстрэмізмам і тэрарызмам. Мэты беларускага ўрада моцна кантрастуюць з мэтамі міжнародных арганізацый, якія супрацьстаяць тэрарызму і гвалтоўнаму экстрэмізму, паколькі яго асноўная ўвага засяроджана на падаўленні іншадумства і пратэстаў.
Рэжым працягвае здзяйсняць і апраўдваць масавыя рэпрэсіі, прыраўноўваючы іншадумства да экстрэмізму, тэрарызму і нацызму, выкарыстоўваючы гістарычныя маніпуляцыі і знешнюю дэманізацыю нелаяльных для легітымацыі суровых прысудаў. Мэты па зачыстцы грамадства і грамадскай прасторы дасягаюцца за рахунак пашырэння спісаў "экстрэмісцкіх" і "тэрарыстычных" арганізацый і асоб, а таксама за рахунак цэнзуры інфармацыйных рэсурсаў. Дадзеныя спісы выкарыстоўваюцца для ініцыявання адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу, як і для іншых абмежаванняў правоў чалавека.
Канвеер цэнзуры інфармацыі працягвае функцыянаваць праз пашырэнне спісу "экстрэмісцкіх матэрыялаў". У траўні было вынесена 105 судовых рашэнняў. Пад таўро "экстрэмісцкіх матэрыялаў" рэгулярна трапляюць самыя розныя анлайн-платформы — ад лакальных чатаў і палітычных структур да папулярных музычных каналаў, культурных ініцыятыў і сатырычных акаўнтаў.
Падпіскі, рэпосты, перасылкі і лайкі матэрыялаў са спісу прыраўноўваюцца да захоўвання і распаўсюджванню экстрэмісцкіх матэрыялаў. Гэта выкарыстоўваецца як падстава пераследваць людзей па артыкуле 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях.
У траўні 9 пунктаў былі дададзеныя ў спіс "экстрэмісцкіх фармаванняў". У цяперашні час спіс уключае 293 арганізацый і персанальных праектаў, прызнаных уладамі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». Адпаведна, іх дзейнасць забароненая, а стварэнне, удзел і любое ўзаемадзеянне з імі крыміналізаваць. Такім чынам, напрыклад, улады ў траўні пераследвалі прадпрымальнікаў, якія зарэгістравалі свае праекты ў сэрвісе "SVAE" (прызнаны "экстрэмісцкім фарміраваннем" у 2023 г.). У траўні ўпершыню прызнаная "фарміраваннем" палітычная партыя, якая страціла рэгістрацыю — "Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)".
У спіс арганізацый, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, апошні раз была дададзеная арганізацыя ў верасні 2024 года.
У спіс асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, уключаюцца тыя, хто быў асуджаны па «экстрэмісцкіх» артыкулах. Гэтыя людзі падвяргаюцца жорсткаму кантролю за фінансавымі аперацыямі: адкрыццё банкаўскіх рахункаў, пераклады, плацяжы. Таксама ім забаронена займацца дзейнасцю ў сферы адукацыі, ідэалагічнай работы, дзяржкіравання, ваеннай службы і прафілактыкі залежнасцяў. Абмежаванні дзейнічаюць да пяці гадоў пасля зняцця судзімасці, што на практыцы можа складаць да 12 гадоў пасля вызвалення.
У траўні колькасць асоб у спісе павялічылася на 112 чалавек у параўнанні з папярэднім месяцам. У спісе лічыцца 5 342 чалавек.
Асноўная функцыя спісу асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці — фінансавая блакада: рахункі ўключаных у пералік людзей замарожваюцца, любыя грашовыя аперацыі забароненыя. На практыцы палітвязні, уключаныя ў спіс тэрарыстаў, пазбаўляюцца магчымасці атрымліваць пераводы.
У "тэрарыстычным спісе" цяпер 1 284 чалавек; 599 з іх, сярод якіх 589 грамадзян Беларусі, уключаныя ў пералік КДБ па палітычных матывах (у траўні было дададзена 10 чалавек). Беларускі рэжым уключае ў гэтыя спісы прадстаўнікоў самых розных прафесій — інжынераў, прадпрымальнікаў, айцішнікаў, актывістаў грамадзянскай супольнасці — за мірнае выказванне меркавання, нязгоду або ўдзел у прадэмакратычных ініцыятывах.
"Экстрэмісцкія" крымінальныя артыкулы ахопліваюць шырокі спектр дзеянняў, звязаных з выразам меркавання. Так у траўні пераслед меў месца за:
падтрымку незалежных праектаў: беларускія ўлады па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэкса «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» пераследуюць за любыя ўзаемадзеяння з арганізацыямі са спісу. Вядома, што прынамсі 15 чалавек былі затрыманыя за ўзаемадзеянне з праектам "Беларускі гаюн", які збіраў інфармацыю аб перамяшчэнні расейскай вайсковай тэхнікі па тэрыторыі Беларусі;
салідарнасць з палітвязнямі і Украінай;
крытыку сімволікі: двое маладых людзей былі прысуджаныя да аднаго года зняволення на тэрыторыі адукацыйнай установы.
Таксама пераслед пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам працягвае насіць трансгранічны характар, праходзяць суды завочна. Мэтай такога пераследу з'яўляецца калі не пазбаўленне волі, то стварэнне падстаў для канфіскацыі пакінутай маёмасці ў Беларусі. Маёмасць журналістаў арыштоўваецца да суда, які амаль заўсёды сканчваецца абвінаваўчым прысудам. Пасля чаго прызначаюцца буйныя штрафы, служачыя падставай для поўнай канфіскацыі. У траўні трансгранічнаму пераследу падвергліся:
Удзельнік Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой ABBA (раней прызнанай "экстрэмісцкім фарміраваннем") Філіп Дайнека, які падазраецца ва ўдзеле ў "экстрэмісцкім фарміраванні".
Блогер Сяргей Бяспалаў, абвінавачаны ў стварэнні і адміністраванні папулярных Telegram-каналаў, прызнаных экстрэмісцкімі фармаваннямі. Пракуратура абвінавачвала яго ў прычыненні шкоды на суму 30,9 мільёна рублёў. Суддзя асудзіў Бяспалава да 18 гадоў пазбаўлення волі і штрафу ў памеры 42 тысячы рублёў (11,3 тысячы еўра).
Прадпрымальнік з Брэста Андрэй Варонін, асуджаны да трох гадоў пазбаўлення волі па расплывістым абвінавачванні — "публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, а таксама здзяйснення іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь".