Праваабарончы цэнтр "Вясна" апублікаваў чарговы аналітычны агляд сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў жніўні 2025 года.
у Беларусі захоўваецца крытычная сітуацыя з правамі чалавека: працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года, адміністрацыйны і крымінальны пераслед іншадумцаў, удзельнікаў грамадскіх ініцыятыў, журналістаў, праваабаронцаў і адвакатаў пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам;
улады Беларусі працягваюць хаваць маштаб крымінальных і адміністрацыйных рэпрэсій, аднак у ПЦ "Вясна" працягваюць рэгулярна паступаць дадзеныя аб затрыманнях і пераследах напалітычных падставах;
за мінулыя пяць гадоў праваабаронцы "Вясны" зафіксавалі больш за 100 000 фактаў рэпрэсій;
агулам "Вясне" вядома пра больш чым 7 400 асуджаных (у тым ліку 34 накіраваных на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне) па палітычна матываваных крымінальных справах з 2020 года;
нягледзячы на штодзённы працэс вызвалення палітвязняў у сувязі з адбыццём тэрміну, змены меры стрымання і ў парадку памілавання, іх колькасць у Беларусі па-ранейшаму крытычна высокая: на канец жніўня 2025 года ў Беларусі ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся 1 187 палітвязняў (з іх 180 – жанчыны), за месяц палітвязнямі прызнаныя 37 чалавек. Агулам з траўня2020 года рашэнні аб прызнанні палітвязнямі прымаліся ў дачыненні да 4 081 чалавек. 2 894 чалавекі, з якіх 597 – жанчыны, ужо знаходзяцца на волі ў сувязі з адбыццём тэрміну, вызваленнем ад пакарання або ў сувязі са зменай меры стрымання;
праваабаронцы, сябры ПЦ "Вясна": лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Марыя Рабкова, а таксама праваабаронца Наста Лойка, асуджаныя да пазбаўлення волі, утрымліваюцца ў зняволенні;
падвяргаюцца рэпрэсіям, уключаючы пазбаўленне волі, затрыманні і ператрусы, журналісты, супрацоўнікі СМІ і блогеры;
працягваюцца адвольныя затрыманні грамадзян за рэалізацыю сваіх грамадзянскіх правоў; у жніўні 2025 года "Вясна" зафіксавала 72 выпадкі палітычна матываваных рэпрэсій (у тым ліку затрыманні, ператрусы і г.д.), якія вынікаюць з крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу. Скарачэнне вядомых выпадкаў рэпрэсій у 2025 годзе звязана з адсутнасцю доступу да публічнай дэзагрэгаванай дзяржаўнай статыстыкі па адміністрацыйным і крымінальным пераследзе;
праваабаронцы працягваюць фіксаваць выпадкі прымянення катаванняў і іншых формаў недапушчальнага звароту пры расследаванні палітычна матываваных спраў, а таксама пры выкананні адміністрацыйных і крымінальных пакаранняў па такіх справах;
улады рэгулярна папаўняюць спісы "экстрэмістаў" і "тэрарыстаў", "экстрэмісцкіх" фарміраванняў і інфармацыйнай прадукцыі, закладваючы аснову для працягу дзяржаўнага тэрору і рэпрэсій; аб'ектыўныя дадзеныя з гэтых спісаў сведчаць аб тым, што рэпрэсіўныя практыкі істотна не слабеюць. У сувязі з гэтым няма падстаў казаць пра якое-небудзь змякчэнне або паслабленне палітычна матываваных рэпрэсій у Беларусі;
пад пагрозай дысцыплінарнай і крымінальнай адказнасці палітвязні рэгулярна прыцягваюцца да прымусовай працы.
Дзярждэпартамэнт ЗША выпусціў даклад аб правах чалавека ў Беларусі за 2024 год.
За пяць гадоў праваабаронцы "Вясны" зафіксавалі больш за 100 000 фактаў рэпрэсій.
Усяго з 2020 года не менш за 8 730 чалавек сутыкнуліся з крымінальным пераследам па палітычных матывах. У дачыненні да не менш за 7 400 чалавек былі вынесеныя палітычна матываваныя прысуды.
За жнівень праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнямі 37 чалавек. Колькасць палітычных зняволеных на канец месяца склала 1 187 чалавек. Агульная колькасць палітвязняў застаецца па-ранейшаму крытычна высокай, нягледзячы на вызваленне асуджаных, якія адбылі свае тэрміны, і абвінавачаных у сувязі са зменай ім меры стрымання, а таксама вызваленне з ліпеня 2024 года ў парадку памілавання і абмену больш за 330 палітвязняў. Гэта тлумачыцца працягам крымінальных рэпрэсій, якія не спыняюцца, нягледзячы на заявы ўладаў аб поўным падаўленні супраціву рэжыму а. Лукашэнкі.
У зняволенні знаходзяцца праваабаронцы "Вясны": лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, а таксама Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч, Марфа Рабкова. Працягвае ўтрымлівацца ў калоніі Наста Лойка, праваабаронца Human Constanta; Міжнародная праваабарончая арганізацыя Front Line Defenders выказала трывогу з нагоды жорсткіх умоў яе ўтрымання.
Улады працягваюць утрымліваць у няволі прафсаюзных лідараў Вольгу Брыцікаву, Вячаслава Арэшку,Генадзя Фядыніча, Аляксандра Ярашука, Андрэя Ханевіча, Аляксандра Кандрацюка і фігурантаў справы «Рабочага Руху».
За жнівень Праваабарончы цэнтр "Вясна" зафіксаваў 72 выпадкі затрыманняў і іншых відаў палітычна матываванага крымінальнага і адміністрацыйнага пераследу. Збор падобных даных значна абцяжараны з-за больш жорсткай з пачатку года палітыкі ўладаў, накіраванай на максімальнае ўтойванне фактаў пераследаў.
25 жніўня 2025 года Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (КЛДЖ) зарэгістраваў скаргу на дыскрымінацыю Вікторыі Кульшы. ААН заклікала Беларусь тэрмінова прыняць меры па абароне палітзняволенай. Камітэт папрасіў даць жанчыне неабходную медыцынскую і псіхалагічную дапамогу, а таксама забяспечыць належнымі ўмовамі ўтрымання.
У рэжыме інкамунікада, без сувязі са знешнім светам, працягваюць знаходзіцца як мінімум семпалітвязняў: Марыя Калеснікава, Максім Знак, Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, Віктар Бабарыка, Уладзімір Кніга, Аляксандр Арановіч. Алена Гнаўк доўгі час не мае сувязі са сваякамі.
Праваабаронцы рэгулярна абагульняюць звесткі аб наступных дадатковых рэпрэсіях у дачыненні да палітвязняў.
На канец месяца вядома пра 46 палітвязняў, якім тэрмін пазбаўлення волі, прызначаны прысудам суда, быў адвольна падоўжаны з выкарыстаннем арт. 411 КК за сукупнасць дысцыплінарных спагнанняў, многім неаднаразова. Агулам такім мерам падвяргаліся не менш за 66 чалавек, некаторыя з іх ужо вызваленыя.
Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, на канец жніўня 2025 года знаходзіцца ў зняволенні 37 прадстаўнік медыя.
25 ліпеня суд у закрытым рэжыме вынес прысуд журналісту Даніілу Палянскаму. Яго прызналі вінаватым паводле356 КК (Здрада дзяржаве) і прызначылі 10 гадоў пазбаўленне волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, а таксама штраф.
Прызначэнне пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі з'яўляецца карнай практыкай дзяржавы за рэалізацыю права на свабоднае выказванне меркаванняў і распаўсюджванне інфармацыі і парушэннем права на здароўе.
8 жніўня журналіста Алега Супрунюка асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Нягледзячы на праблемы са здароўем – мае інваліднасць – да суда ўтрымліваўся пад вартай больш за паўгода. Журналіста прызналі вінаватым ва "ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні" (ч. 3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса). Паводле сцвярджэнняў пракуратуры, Супрунюк увайшоў у склад "Беларускай асацыяцыі журналістаў", прызнанай "экстрэмісцкім фарміраваннем", і ў якасці яго ўдзельніка напісаў не менш за 43 артыкулы, апублікаваныя ў інтэрнэце.
Група экспертаў ААН заклікала ўлады Беларусі неадкладна правесці эфектыўныя расследаванні з нагоды паведамленняў аб жорсткім абыходжанні са зняволенымі, асуджанымі па абвінавачваннях, звязаных з тэрарызмам і экстрэмізмам.
У лісце, накіраваным беларускім уладам, эксперты выказалі занепакоенасць у сувязі з паведамленнямі аб жорсткім абыходжанні з трыма зняволенымі – дзвюма жанчынамі і адным мужчынам – асуджанымі да вялікіх тэрмінаў пазбаўлення волі па абвінавачваннях у тэрарызме і экстрэмізме.
Беларуская праваабарончая арганізацыя "Прававая ініцыятыва" пры падтрымцы Праваабарончага цэнтра "Вясна", Белорусского Хельсинкского Комитета, Respect-Protect-Fulfill, Human Constanta, Беларускага ПЭНа накіравала ў Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (CEDAW) афіцыйны зварот з патрабаваннем пачаць расследаванне ў адпаведнасці з артыкулам 8 Факультатыўнага пратаколу да Канвенцыі.
Праваабаронцы сабралі і прадставілі шырокія доказы таго, што ў беларускіх турмах, калоніях і ізалятарах на працягу многіх гадоў адбываюцца сур’ёзныя і сістэматычныя парушэнні правоў жанчын, уключаючы пыткі, прыніжэнні і дыскрымінацыю па прыкмеце гендэра. Ідзе гаворка не пра асобныя інцыдэнты, а пра цэлую сістэму, у якой гендэрна абумоўлены гвалт і жорсткае абыходжанне сталі нормай, асабліва ў дачыненні да жанчын-палітвязынак.
"Вясна" па-ранейшаму збірае і дакументуе факты катаванняў і іншых відаў забароненага абыходжання, у тым ліку па палітычна матывах. Некаторыя з пацярпелых і сведак пагаджаюцца таксама на журналісцкія інтэрв'ю: іх гісторыі важныя для адлюстравання сітуацыі з правам не падвяргацца катаванням і іншым відам жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання, сведчаць аб бесперапынным катавальным канвееры ў дачыненні да палітычных апанентаў і іншадумцаў.
Рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў і іншадумцаў не спыняюцца.
У сувязі з хуткім заканчэннем тэрміну даўнасці прыцягнення да адказнасці па артыкуле 342 Крымінальнага кодэкса, у дачыненні да ўдзельнікаў пратэстаў масава распачынаюцца крымінальныя справы. Вядома, што ў адным толькі Мінску праходзяць па крымінальнай справе сотні чалавек.
За ўдзел у пратэстах і за выказванне меркаванняў прызначаюць строгае пакаранне – абмежаванне або пазбаўленне волі:
1 жніўня Вольга Калпакова была прызнана вінаватай па артыкулах 369 (абраза прадстаўніка ўлады), 368 (абраза Лукашэнкі) і 188 (паклёп) Крымінальнага кодэкса і асуджаная да двух гадоў і шасці месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штрафу ў 100 базавых велічынь.
18 жніўня актрыса і мадэль – Кацярына Явід – была прызнаная вінаватай паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса і асуджаная да пакарання ў выглядзе абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
Падвяргаюць пераследу сваякоў палітвязняў: Вячаслаў Бераставы асуджаны паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) да пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Вячаслаў – родны брат палітвязня Андрэя Бераставога.
За выказванне меркавання працягваюць пераследаваць людзей у сталым узросце: 60-гадовая Наталля Ішмукова асуджаная паводле ч.1 арт. 368 (абраза А. Лукашэнкі) Крымінальнага кодэкса. 74-гадовая Надзея Фафанава, паводле інфармацыі МУС, асуджаная за "абразу Лукашэнкі" і"распальванне варожасці".
За рэалізацыю свабоды сходаў і выказвання меркаванняў рэжым пераследуе нават у тым выпадку, калі беларусы пратэстуюць за межамі Беларусі – у якасці помсты і застрашвання. Пра гэта сведчаць масавыя ператрусы напярэдадні 9 жніўня, узбуджэнне крымінальных спраў у якасці трансгранічнага пераследу, а таксама збор ДНК сваякоў тых, хто з'ехаў. Праз дзяржаўныя прапагандысцкія каналы ўлады транслююць пагрозы канфіскацыяй маёмасці ўдзельнікаў акцый пратэсту за мяжой.
Міністэрства інфармацыі дадало яшчэ 31 кнігу ў спіс забароненых да распаўсюджвання ў Беларусі друкаваных выданняў. Агулам у спісе 141 пазіцыя.
Улады Беларусі дэманструюць паслядоўнасць у выкарыстанні "экстрэмісцкіх" і "тэрарыстычных" цэтлікаў для падаўлення іншадумства. Спісы і прысуды носяць масавы і адвольны характар, служаць сродкам цэнзуры і кантролю над грамадствам – гэта, у прыватнасці, таксама было адзначана групай экспертаў Савета па правах чалавека. Эксперты заклікалі беларускія ўлады неадкладна расследаваць паведамленні аб жорсткім абыходжанні са зняволенымі, асуджанымі па "экстрэмісцкіх» і "тэрарыстычных" артыкулах.
Пад удар трапляюць медыя, культурныя і адукацыйныя ініцыятывы, праваабаронцы і проста людзі, якія публічна выказваюцца. Пры гэтым барацьба з рэальнымі праявамі неанацызму і заклікамі да гвалту выкарыстоўваюцца хутчэй як апраўданне для легітымацыі рэпрэсій і ачарнення апазіцыі, чым як сапраўдны клопат дзяржавы пра бяспеку людзей.
Канвеер "экстрэмісцкіх матэрыялаў": за месяц суды вынеслі 50 рашэнняў аб прызнанні інтэрнэт-рэсурсаў экстрэмісцкімі матэрыяламі – гэта ў два разы менш, чым у папярэднім месяцы. Як правіла, адно рашэнне тычыцца аднаго суб'екта-чалавека ці ініцыятывы, пры гэтым экстрэмісцкімі прызнаюцца звычайна акаўнты ва ўсіх сацыяльных сетках. Аднак бываюць і выключэнні. Так, у жніўні Ленінскі раённы суд Магілёва ў адным рашэнні прызнаў экстрэмісцкімі нацыянал-сацыялістычныя і скінхэд-чаты, акаўнт «Еўрарадыё» ў TikTok і некалькі іншых рэсурсаў.
У спісе апынуліся старонкі ў Instagram, Facebook, TikTok, X (Twitter), «Аднакласніках», а таксама лагатыпы і нават спасылка на Patreon. Сярод іншага туды трапілі: блог Дануты Хлусня, акаўнты Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, акаўнты актывіста Ігара Случака (Фэйсбук і Instagram – двума рашэннямі розных судоў), культурны фестываль "Тутака" ў Польшчы і яго атрыбутыка, ініцыятыва "лісты палітвязням" (instagram.com/listy.warszawa), акаўнт @annajay.by – БЧБ-ўпрыгожванні, старонка ініцыятывы дапамогі Марфе Рабковой "FreeMarfa" і сатырычны канал Chinchinchannelofficial. Пад лэйбл "экстрэмісцкі матэрыял" трапіў і канал расейскага блогера Максіма Каца.
Адзіным па-сапраўднаму экстрэмісцкім кантэнтам можна назваць хіба што 27 Telegram-стыкераў з выявамі Адольфа Гітлера і нацысцкай сімволікі. Усё астатняе-прыклады цэнзуры і палітычна матываваных абмежаванняў.
"Экстрэмісцкія фарміраванні" і спісы людзей: па стане на канец жніўня ў спісе арганізацый і фарміраванняў, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці лічыцца 307 суб'ектаў. У гэтым месяцы туды дадалі, у прыватнасці, «Беларускую асацыяцыю адвакатаў правоў чалавека» —аб'яднанне адвакатаў, пазбаўленых права на прафесію ў Беларусі; "WLM" і "BelVarta". Меў месца рэдкі выпадак унясення ў спіс суб'ектаў, якія маюць прыкметы неанацысцкіх. Аднак ацэнкі спісу як інструмента палітычнай расправы не мяняюцца, зыходзячы з пераважнай палітычнага характару абвінавачванняў.
У спісе грамадзян, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці, ужо 5 677 чалавек. За жнівень дадалі яшчэ 117 прозвішчаў — на 24 больш, чым у ліпені і на 54 больш, чым у чэрвені. Падставай уключэння служаць прысуды, якія ўвайшлі ў дзеянне паводле "экстрэмісцкіх" артыкулаў. Гэты спіс можа служыць як ускосны і частковы паказчык узроўню рэпрэсій, а ўладамі выкарыстоўваецца як інструмент кантролю і дадатковых рэпрэсій у перыяд і пасля адбыцця пакарання і нават пасля заканчэння тэрміну судзімасці: людзі сутыкаюцца з блакаваннем фінансавых аперацый (рахункі, пераклады, плацяжы), забаронамі на працу ў адукацыі, дзяржкіраванні, арміі, медыцыне, сацыяльнай сферы. Абмежаванні працягваюць дзейнічаць да пяці гадоў пасля зняцця судзімасці, што на практыцы азначае да 13 гадоў пасля адбыцця пакарання.
Крымінальныя справы: "экстрэмісцкія" артыкулы ахопліваюць шырокі спектр дзеянняў, звязаных з рэалізацыяй права на свабоду выказвання меркаванняў. У жніўні пад пераслед траплялі за:
Адпраўку паведамленняў, фатаграфій і відэа ў тэлеграм-бот "Беларускі Гаюн". Пра ўцечку звестак з чата, куды бот маніторынгавага праекта "Беларускі Гаюн" перанакіроўваў паведамленні ад людзей з Беларусі, стала вядома ў лютым 2025 года. Першыя арышты па гэтай справе пачаліся адразу ж і працягваюцца па гэты дзень. Усе справы ўзбуджаныя па артыкуле 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Гэтая норма ўжываецца выключна рэпрэсіўна: абвінавачваюцца ў распаўсюдзе паведамленняў, фатаграфій або паведамленняў, якія не ўтрымліваюць прыкмет гвалту і якія тычацца грамадска значнай інфармацыі. Пераследы за такія дзеянні з'яўляюцца грубым парушэннем свабоды выказвання меркавання, уключаючы свабоду атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю. Вядомыя імёны 61 фігуранта справы, аднак ёсць падставы лічыць, што іх значна больш. У прыватнасці, Гомельскі абласны суд 20 жніўня вынес прысуд па "справе Гаюна" ў дачыненні да 49-гадовага пастара Алега Лойкі. Яго прысудзілі да трох з паловай гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Арганізацыю адпраўкі лістоў зняволеным, у тым ліку па палітычных матывах, па справе “Письмо.бел”. Гэта сэрвіс для адпраўкі лістоў зняволеным, якім карысталіся тысячы беларусаў. Ініцыятыва ў тым ліку дапамагала беларусам заставацца на сувязі з палітзняволенымі, нягледзячы на вымушаную эміграцыю. Пры гэтым толькі 10% лістоў сыходзіла палітвязням, у асноўным сэрвіс быў разлічаны на звычайных асуджаных. Таксама карыстальнікі прымалі ўмовы рэсурсу — не парушаць патрабаванні МУС і не адпраўляць забароненую інфармацыю. 12 снежня 2024 года КДБ абнавіў спіс "экстрэмісцкіх фармаванняў", куды трапіла і ініцыятыва "письмо.бeл". У жніўні ж у Мінску вынеслі прысуд тром палітвязням, якіх абвінавацілі ва "ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні" (арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса): Аляксандру Мазуру, Паўлу Каранюхіну і Аляксандру Лыкшыну. Суд прызначыў Мазуру і Каранюхіну тры гады і шэсць месяцаў зняволення, а Лыкшыну — тры гады і сем месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненнага рэжыму.
Правядзенне сацыялагічнага даследавання пра кавід у Беларусі. Раней Следчы камітэт паведамляў падрабязнасці пераследу Яўгена Краснянскага. Ведамства сцвярджала, што мужчына падрыхтаваў для адной з замежных арганізацый даследаванне, якое змяшчае "загадзя ілжывыя звесткі пра палітыку краіны ў галіне аховы здароўя ў частцы мер, што прымаюцца ў барацьбе з каранавіруснай інфекцыяй".
Актыўнасць у дваровых чатах. Восенню 2024 года па ўсіх рэгіёнах Беларусі пракацілася хваля затрыманняў па "справе дваровых чатаў", якія нібыта "спрабавалі аб'яднацца ў арганізацыю з мэтай захопу ўлады". 29 кастрычніка 2024 года КДБ прызнаў "экстрэмісцкім фармаваннем" дваровую кааліцыю "Ордэн", у якую ўваходзяць дваровыя чаты "Злые когтики", "Сухарево", "Сеніца2.0", "Солідарность", "Вольныя ваўкі", "Навагрудскія партызаны", "ВИЛИЯ", "Скромные матрешки", "Соседи". Супраць дзясяткаў людзей узбудзілі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова ці іншыя дзеянні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады), а таксама ч. 1 і ч. 3 арт. 361-1 КК (стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім).
За дачыненне да каманды папулярнага брэнда упрыгожванняў "BelaruskiCry". Ювелірны брэнд быў прызнаны " экстрэмісцкім фарміраваннем", у выніку чаго і пераследуюцца па крымінальных артыкулах датычныя. 23 ліпеня 2025 года суд Партызанскага раёна Менска прызнаў "экстрэмісцкімі матэрыяламі" сайт брэнда, а таксама старонкі ў Instagram, Telegram, Facebook, TikTok і "Х". На наступны дзень КДБ прызнаў брэнд "экстрэмісцкім фарміраваннем". Паводле звестак ведамства, дачыненне да яго маюць Аляксандра Куркова, Марына Сергіеня, Ягор Бужылаў і Алена Куляшова.
Рэпрэсіі ва ўніверсітэтах: пад выглядам прафілактыкі экстрэмізму ўлады пашыраюць ідэалагічны кантроль у сферы адукацыі. У жніўні стала вядома, што ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце ўводзяцца дзяжурствы студэнтаў у інтэрнатах "для барацьбы з экстрэмізмам і тэрарызмам". Згодна з новым "Палажэннем аб студэнцкім інтэрнаце", выхаваўчая работа праводзіцца адміністрацыяй сумесна з аддзелам ідэалогіі і актывам БРСМ. Як менавіта студэнцкія дзяжурствы могуць "змагацца з тэрарызмам", у дакуменце не раскрываецца.
Распачатая чарговая крымінальная справа ў парадку "спецыяльнай вытворчасці" - у дачыненні да ўдзельнікаў ініцыятывы "сумленныя людзі". Алену Жылачкіну (Жываглод), Зарыну Сарокіну, Алега Давыдчыка, а таксама Цімафея Малахоўскага збіраюцца судзіць завочна. Варта адзначыць, што да гэтага ў 2025 годзе па палітычных матывах было пачата спецвытворчасць толькі па трох крымінальных справах у дачыненні да трох чалавек, тады як у 2024-м – у дачыненні да 109 чалавек.
У Гомелі асудзілі адваката Сяргея Хлыстова. Яму прызначана пазбаўленне волі: дакладны тэрмін невядомы. Адваката абвінавацілі ў распальванні расавай, нацыянальнай або іншай сацыяльнай варажнечы (ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса), а таксама ў закліках да захадаў абмежавальнага характару (санкцый) ды іншым дзеянням, скіраваным на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК).
Пра затрыманне Сяргея Хлыстова разам з двума іншымі адвакатамі стала вядома ў красавіку. Пазней дваіх адвакатаў вызвалілі, але аднаго з затрыманых — загадчыка юркансультацыі — звольнілі з пасады.
Камітэтам дзяржбяспекі Беларусі "Беларуская асацыяцыя адвакатаў правоў чалавека" прызнана"экстрэмісцкім фарміраваннем". Ініцыятыва была створана адвакатамі, пазбаўленымі права на прафесію ў Беларусі, якія вымушана пакінулі краіну. Рашэнне, якое можа пацягнуць адвольны крымінальны пераслед юрыстаў, груба парушае прынцыпы незалежнасці прафесіі, свабоду асацыяцыі і выказвання меркаванняў.