Амерыканскі ПЭН падрыхтаваў справаздачу Freedom to Write Index за 2022 год. Там ёсць і пра Беларусь

30 мая 2023, 07:09
Амерыканскі ПЭН падрыхтаваў справаздачу Freedom to Write Index за 2022 год. Там ёсць і пра Беларусь

Новая справаздача Амерыканскага ПЭНа сведчыць, што 16 пісьменнікаў і публічных інтэлектуалаў у Беларусі ў 2022 годзе знаходзіліся ў зняволенні, а 33 пісьменнікі апынуліся пад пагрозай пераследу, піша Беларускі ПЭН.

Новы Freedom to Write Index Амерыканскага ПЭНа засведчыў, што ў 2022 годзе ў Беларусі былі затрыманыя 16 пісьменнікаў і публічных інтэлектуалаў; многія з іх апынуліся за кратамі за іх выказванні пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. У базе дадзеных «Пісьменнікі ў небяспецы» Амерыканскага ПЭНа сярод краін Беларусь займае адно з першых месцаў: 33 пісьменнікі і прадстаўнікі грамадскай інтэлігенцыі ў той і іншай форме зазналі пагрозу пераследу.

Колькасць зняволеных пісьменнікаў застаецца практычна нязменнай у параўнанні з колькасцю, зафіксаванай у Freedom to Write Index Амерыканскага ПЭНа за 2021 год.

Падтрымаць ПЭН

ЗРАБІЦЬ РАЗАВАЕ АХВЯРАВАННЕ

ПАДПІСАЦЦА НА PATREON

«Беларускай культуры няма месца ва ўласнай краіне, − зазначае Паліна Садоўская, дырэктарка па Еўразіі і адвакацыі Амерыканскага ПЭНа. – У 2022 годзе турэмнае зняволенне пісьменнікаў і публічных інтэлектуалаў, на жаль, заставалася канстантай беларускага культурнага жыцця. Аднак пакуль улады затрымлівалі і кідалі пісьменнікаў за краты, грамадства адаптавалася, каб забяспечыць існаванне беларускай культуры. Пісьменнікі, якія пакінулі Беларусь з мэтамі бяспекі, цяпер жывуць і працуюць за мяжой. Паэтычныя чытанні на беларускай мове ладзяцца падпольна ці анлайн. Выдаўцы выкарыстоўваюць новыя стратэгіі, каб захаваць наклады кніг, прызнаных уладамі «экстрэмісцкімі».

Некалькі пісьменнікаў, што апынуліся ў зняволенні або перад небяспекай пераследу пасля выбараў 2020 года, заставаліся пад следствам, ім былі прад’яўленыя новыя абвінавачванні, яны пачалі або працягнулі адбываць турэмныя тэрміны або цягам 2022 года жылі ў выгнанні. Некаторыя пісьменнікі, якія ўжо знаходзіліся ў зняволенні, працягнулі адбываць пакаранне, аднак ім узмацнілі жорскасць рэжыму, як гэта адбылося, напрыклад, з аўтарам-блогерам Міколам Дзядком і філосафам Уладзімірам Мацкевічам. У 2022 годе ў Беларусі было зафіксавана чатыры новыя выпадкі зняволення пісьменнікаў, напрыклад, выдавец Андрэй Янушкевіч апынуўся за кратамі пасля адкрыцця кнігарні, дзе меліся прадавацца беларускія кнігі.

Згодна з Freedom to Write Index 2022, які быў складзены Амерыканскім ПЭНам і ўяўляе сабой пералік зняволеных на канец года пісьменнікаў, 311 пісьменнікаў ва ўсім свеце апынуліся за кратамі ў 2022 годзе. На працягу года Амерыканскі ПЭН дакументуе выпадкі затрыманняў і пагроз пісьменнікам ва ўсім свеце і вылучае ўзніклыя і спецыфічныя для кожнай краіны тэндэнцыі, якія выкарыстоўваюцца дзяржавамі з мэтай вымусіць пісьменнікаў і мастакоў да маўчання. У базе дадзеных Амерыканскага ПЭНа змешчаны 813 актыўных спраў пісьменнікаў, паэтаў, анлайн-каментатараў, журналістаў з больш як 80 краін свету, якім праз іх творчасць або самавыяўленне пагражае небяспека.

«Свет можа падтрымаць беларускіх пісьменнікаў, якія працягваюць пісаць і ствараць, нягледзячы на парушэнні правоў беларускімі ўладамі, − заявіла Паліна Садоўская. − Парушэнні культурных правоў павінны адсочвацца Саветам ААН па правах чалавека і Спецыяльным дакладчыкам ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Міжнародным урадам варта фінансаваць ініцыятывы, скіраваныя на падтрымку творчай практыкі дзеячаў культуры ў выгнанні. Донарам варта павялічыць падтрымку перакладаў і публікацыі літаратуры на беларускай мове. Гэтыя формы падтрымкі беларускіх пісьменнікаў з’яўляюцца сродкам супрацьстаяння гвалту дзяржавы ў дачыненні да ўласнага народа».

Паводле справаздачы пра парушэнне культурных правоў, падрыхтаванай Беларускім ПЭНам – адным з цэнтраў міжнароднай сеткі ПЭН-клубаў, – у 2022 годзе было зафіксавана 1390 выпадкаў парушэння культурных правоў. Парушэнні культурных правоў і свабоды слова ў некаторых выпадках былі звязаныя з беларускай мовай і перапісваннем гісторыі. Нягледзячы на тое, што, паводле Канстытуцыі, беларуская мова з’яўляецца адной з дзяржаўных, носьбіты беларускай мовы зазнаюць дыскрымінацыю ў розных сферах, у тым ліку ў выдавецкай дзейнасці і вышэйшай адукацыі. Андрэй Янушкевіч, затрыманы амаль на месяц у 2022 годзе, пасля таго, як суд пазбавіў яго выдавецтва ліцэнзіі за распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў», працуе выдаўцом у выгнанні ў Польшчы.

Пагрозы свабодзе выказвання ў Беларусі, справакаваныя прэзідэнцкімі выбарамі 2020 года, фактычна абмежавалі адкрыты беларускі супраціў ўварванню Расіі ва Украіну ў 2022 годзе. Падаўленне іншадумства арыштамі, судовым пераследам і выгнаннем прывяло да заключэння пад варту пісьменнікаў, якія ў мінулым крытыкавалі беларускі і расійскі ўрады. Вядомыя пісьменнікі і інтэлектуалы, якія каментавалі нацыянальную і рэгіянальную палітыку, напрыклад, пісьменнік-журналіст Анджэй Пачобут, палітолаг Валерыя Касцюгова і філосаф Уладзімір Мацкевіч, заставаліся ў турме на працягу ўсяго 2022 года.

Пра Freedom to Write Index і базу дадзеных «Пісьменнікі ў небяспецы» Амерыканскага ПЭНа

Freedom to Write Index Амерыканскага ПЭНа, які публікуецца ўжо чацвёрты год, змяшчае тэматычныя даследаванні пра затрыманых пісьменнікаў, агляд глабальных тэндэнцый і пагроз для пісьменнікаў і свабоды слова ў канкрэтных краінах. Ён дапаўняе базу дадзеных Амерыканскага ПЭНа «Пісьменнікі ў небяспецы», дзе сабраныя журналісты, мастакі і публічныя інтэлектуалы, якія знаходзяцца пад пагрозай ва ўсім свеце.

Пра Амерыканскі ПЭН

Амерыканскі ПЭН працуе на скрыжаванні літаратуры і правоў чалавека, абараняючы свабоднае самавыяўленне ў Злучаных Штатах і ва ўсім свеце. Мы адстойваем свабоду пісаць, прызнаючы сілу слова, здольнага змяніць свет. Наша місія – аб’яднаць пісьменнікаў і іх паплечнікаў для спрыяння творчаму самавыяўленню і абароны свабод, якія робяць яго магчымым. Каб даведацца больш, наведайце сайт PEN.org.

Цалкам азнаёміцца з Freedom to Write Index можна на сайце Амерыканскага ПЭНа па спасылцы.

Артыкул на сайце ПЭН-Беларусь

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 верасня 2024, 14:30
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці