«Б’е ў мозг са страшнай сілай, ад яго цяжка дыхаць». Гісторыі катаванняў, пра якія стала вядома «Вясне» ў 2025 годзе

10 студзеня 2026, 14:10
«Б’е ў мозг са страшнай сілай, ад яго цяжка дыхаць». Гісторыі катаванняў, пра якія стала вядома «Вясне» ў 2025 годзе

Ілюстрацыя: Валанцёрская служба "Вясны"

Катаванні, жорсткае і зневажальнае абыходжанне сталі сістэмнай часткай палітычнага пераследу ў Беларусі са жніўня 2020 года. Пры гэтым, за пяць з паловай гадоў не была ўзбуджаная ніводная крымінальная справа ў дачыненні да сілавікоў, датычных да катаванняў. Сведчанні пра іх не спыняюцца — наадварот, з кожным годам з’яўляюцца новыя, усё больш жахлівыя гісторыі. У 2025 годзе былыя палітвязні распавялі пра катаванні гукамі і сірэнамі, холадам у ШІЗА, збіццё ў ГУБАЗіКу і месцах няволі, "клетку ганьбы", нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў ізалятарах і многае іншае. Гэтыя злачынствы адбываліся і адбываюцца ў закрытай ад грамадства сістэме, дзе гвалт стаў інструментам запалохвання і ціску. Праваабаронцы "Вясны" працягваюць дакументаваць усе выпадкі катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання. Мы перакананыя: нават калі сёння ў Беларусі за гэта не караюць, адказнасць — непазбежная.

"Вясна" ўзгадвае найбольш гучныя гісторыі катаванняў, пра якія стала вядома ў 2025 годзе.

Катаванне гукамі ў гродненскай турме № 1

Пра такі від катаванняў, пра які беларускае грамадства не чула раней, распавёў блогер Мікола Дзядок. Гэта сірэны і крыкі іншых вязняў.

"Гарадзенская турма прачынаецца пад гукі сірэны. Так, сапраўднай сірэны. Такой самай, як падчас паветранай трывогі. Такога гуку, ды яшчэ і на адбой, я не сустракаў больш нідзе. А я пабываў у трох калоніях і шасці турмах. Адбой у турме – а 22.00, пад’ём – 06.00. Я магу зразумець, навошта гукавы сігнал на пад’ём. Бо інакш арыштантаў і не абудзіш. А на адбой навошта? Бо і так у камеры пераключаюць дзённы свет на начны.

Але, галоўнае не ў гэтым, а ў гучнасці гэтай сірэны. Сказаць, што яна гучная – не сказаць нічога. Мяне аднойчы заводзілі ў камеру пад самы адбой, і я апынуўся мо ў метрах трох ад прылады, якая выдавала гэтыя гукі. Я рэальна думаў, што ў мяне лопнуць барабанныя перапонкі. Ты фізічна адчуваеш гэты гук усім целам. Ён б’е ў мозг са страшнай сілай, ад яго цяжка дыхаць. Калі твая камера находзіцца бліжэй да пачатку прадолу, дзе раве сірэна, табе не пашчасціла, хлопча.

Лепей шукай паралон ці вату і рабі бірушы. Бо ты шторанак будзеш прачынацца ад спалоху, і тваёй нервовай сістэме хутка будзе кабзда. Роў стаіць такі, што калі кантралёр уключае сірэну нават на самым аддаленым корпусе (яны ўключаюцца ментамі на кожным корпусе асобна), ты пачуеш яе, ў якім бы кутку турмы ты не знаходзіўся. Не сумняюся, што іх чуюць і жыхары суседніх дамоў, і пляваць што ў турмы паўметровыя сцены.

Але не меншы прыкол гэта сірэна на адбой. Турма – гэта сталы недасып. Не ведаю чаму, але арганізм прывучаецца падымацца не ў 06.00, а а палове на шостую. Рэдка калі атрымоўваецца заснуць а 22-й гадзіне. Многія зэкі пакутуюць ад бяссонніцы. Такім чынам ты ніяк не дабярэш свае 8 гадзін сну, у лепшым выпадку 7,5. Удзень не прыляжаш – адразу пішуць акт. Таму калі ты не навучыўся спаць седзячы, табе, хлопча, ізноў не пашчасціла. Але бываюць шчаслівыя дні, калі, стаміўшыся за дзень, ты прыляжаш і заснеш крыху раней. Для прыкладу, 21.45. Ура, лішнія 15 хвілін сну – падумаеце вы. І памыліцеся. Бо роўна ў 22.00 кожную клетачку вашага цела абудзіць бязлітаснае "ВАААААААААААУУУУУУУ!!!!!"

Падарваўшыся з ложку, вы не заснеце яшчэ гадзіну, можаце не сумнявацца. Гэта толькі адзін з інструментаў раструшчвання псіхікі ў турме №1 горада Гродна. А іх яшчэ вельмі шмат. У стваральнікаў і аператараў гэтага інструментарыя ёсць твары і прозвішчы. Яны жывуць сярод нас". 

Таксама Мікола дзяліўся раней у інтэрв'ю "Вясне", што ў гарадзенскай турме вынайшлі яшчэ адзін спосаб катавання гукам:

"У гарадзенскай "крытай" практыкуецца такі спецыфічны спосаб ціску: цябе саджаюць у такі маленечкі калідорчык, так званы "карман", у камеру памерам 210 на 140 сантыметраў. З двух бакоў у іншыя камеры-адзіночкі саджаюць зэкаў, як правіла, "нізкага сацыяльнага статусу". Яны праз дзверы гадзінамі цябе абражаюць (а там чутнасць стоадсоткавая), крычаць, пагражаюць. Яны крычаць так гучна і доўга, што табе немагчыма нічога рабіць. Ты не можаш ні чытаць, ні спаць. Таксама яны малоцяць у сцяну і батарэі міскамі. Праз гэта ўвесь час ты знаходзішся ў нярвовым стане. Уявіце сабе, што вы сядзіце ў сябе дома, чытаеце кніжку, а да вас падыйшлі з рондалем і чарпаком і пачалі лупіць наўпрост над вашымі вушамі. І гэта робіцца разоў трыццаць на дзень. Ты чытаеш услых, але сябе не чуеш праз гэтыя крыкі. І тое самае працягваецца некалькі разоў за ноч. Яны адмыслова прачынаюцца ўначы, каб ты не мог нармальна спаць. Яны максімальна застрашваюць, пералічваюць тое, што са мной бы зрабілі, калі мяне закінуць да іх у камеру, выліваюць увесь бруд, што ёсць у арыштанцкім жаргоне, — я проста не хачу гэта паўтараць. Ім рэгулярна аператыўнікі носяць цыгарэты — яны ж не за бясплатна працуюць. У такой камеры я прасядзеў чатыры месяцы. Гэта больш за ўсё нагадвае катаванне ў турме ў Гуантанама. Вось гэта такая гарадзенская фішачка, іх такое нон-хаў. Калі цябе пазбаўляюць сну і спакою, ты не можаш займацца сваімі справамі, і 24/7 усё, што ты чуеш у свой адрас, — гэта тое, які ты... і як мы цябе... Ведаю, што не мне аднаму такое рабілі — гэта адбывалася з шэрагам іншых палітвязняў. Гэта сапраўды моцны інструмент. Я гэта перажыў з цяжкасцю. Адміністрацыя "крытай" гарадзенскай турмы — гэта высокакваліфікаваныя садысты".


Катаванне электрашокерам і збіванне ў ГУБАЗіКу

26-гадовы былы палітвязень, які быў адміністратара мінскага дваравога чата "97% Серабранка", Арцём Караткевіч распавёў пра катаванне электрашокерам у ГУБАЗІКу ў сакавіку 2023 года:  

"У ГУБАЗіКу яны "забаўляліся": надзелі на мяне гумовую маску "Шрэка", каб запісаць "пакаяльнае" відэа. У масцы немагчыма было дыхаць. Мяне паставілі каля шафы. Кожны супрацоўнік, праходзячы каля мяне, нагадваў, хто тут галоўныі, і збіваў мяне. Сінякі пасля збіцця заставаліся на целе яшчэ цягам некалькіх тыдняў".

Пасля збіцця Арцёма пачалі катаваць электрашокерам.

"Спачатку яны проста мяне пужалі электрашокерам, пасля прымянілі. Ударылі некалькі разоў у бок. Гэта было яшчэ перад запісам "пакаяльнага" відэа, пакуль яны праглядалі мой тэлефон і шукалі фотаздымкі з пратэстаў. Размаўляць са мною яны не хацелі, але ўвесь час мяне запужвалі. Пыталі, што мне не падабаецца ў краіне. Чаму мы ўсе галасавалі за Ціханоўскую. Уся гэтая класічная прапаганда".

Праграміст Павел Нікіценка з Віцебска падзяліўся ў інтэрв'ю "Вясне" пасля прымосвага выдварэння з Беларусі, як яго збівалі ў ГУБАЗіКу пасля затрымання ў лістападзе 2021 года:

Калі прывезлі мяне ў ГУБАЗіК, то там таксама збівалі. Таму што я раскрыў асабістыя даныя супрацоўнікаў. Мяне асабіста збіваў супрацоўнік ГУБАЗіК, даныя якога я разгаласіў. Мяне білі рукамі і кулакамі, а я па падлозе ў іх валяўся ў кайданках. Я думаў, што яны будуць неяк хаваць, каб пабояў не было, але ім было пляваць. Калі я адмовіўся даць ім пароль ад тэлефона, мяне пачалі катаваць. Рабілі нейкія задушлівыя прыёмы, выкручвалі і заломвалі пальцы, каб разблакаваць тэлефон адбіткам пальца. Мне казалі, што калі яны не атрымаюць доступ да тэлефона, то што-небудзь падкінуць у кішэні і тады я паеду паводле іншых артыкулаў. У нейкі момант я сказаў, што сам уключу тэлефон, каб яны толькі адчапіліся ад мяне.

Усё, што яны знайшлі тады ў тэлефоне, усе прышылі да матэрыялаў крымінальнай справы. У нейкі момант мяне вывелі ў прыбіральню і сказалі памыцца, бо цяпер будзем здымаць відэа. Яны сказалі, што мне трэба сказаць і ўсё, гэта значыць у мяне нават не пыталіся, ці згодны я здымацца".

19-гадовы Уладзіслаў Ефімовіч з Івацэвічаў, асуджаны за суполку "Саюз беларускага нацыянальнага шчыта", распавёў пра затрыманне і збіванне ў ГУБАЗіКу ў 2022-м:

"Спачатку яны казалі, каб я паўтарыў на камеру іхнія словы. Я быў у вельмі шокавым стане і не мог запомніць. За гэта яны мяне збівалі і смяяліся. Я ўжо проста не вытрымліваў ад болю. У выніку сілавікі набралі словы для відэа на маніторы, і я іх зачытваў, стоячы ў кайданках. У канцы відэа я мусіў сказаць: "Абяцаю быць годным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь".

Як распавядае Уладзіслаў, за тое, што ён ад болю не мог з першага разу прачытаць тэкст для “пакаяльнага” відэа, супрацоўнікі ГУБАЗіК некалькі разоў прымянялі электрашокер. Білі ў раён паху, каб было бальней.

"У мяне там былі такія эмоцыі, што ад болю аж слёзы на вачах былі. Зламаныя пальцы моцна апухлі. Я не мог нічога ясна сказаць і пачаў заікацца".

Пазней на судзе хлопец заявіў, што пры затрыманні яму зламалі пальцы, а падчас допыту білі па нырках.

Утрыманне ў "клетцы ганьбы" ў калоніі

Пра гэта распавяла ўкраінка Людміла Ганчарэнка — адна з палітвязняволеных, якіх абмянялі як ваеннапалонных у чэрвені 2024 года. Яна кажа, што адным з асноўных метадаў ціску і пакарання з'яўляецца "клетка ганьбы". У клетку адпраўляюць як палітычных, так і звычайных зняволеных.

"Ты палаяўся з адміністрацыяй, або адмовіўся пры ўсіх чытаць гімн — цябе ставяць у "клетку ганьбы". Яна знаходзіцца каля фабрыкі. Хтосьці стаіць там паўгадзіны, хтосьці — тры, а хтосьці — шэсць. Гледзячы за што пакаранне".

Нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў ШІЗА 

Былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк распавядала пасля вызвалення на прэс-канферэнцыі пра ўмовы ў ШІЗА у калоніі № 24:

"ШІЗА ў калоніі №24 – гэта голае памяшканне ў якім абсалютна нічога няма. Табе выдаюць форму з надпісам “ШІЗА”, тая форма можа быць маленькая, на табе не зашпільваецца, гэта нікога не цікавіць. У правілах напісана, што ў ізалятары можна знаходзіцца ў кашулі з доўгім рукавом, але на меркаванне начальніка калоніі, можа знаходзіцца ў маечцы з брэтэлькамі. Вось і ўсё. Тады многія апранаюць проста піджак на голае цела. І вось у гэтым ты і ходзіш цэлы месяц і спіш, і не можаш змяніць адзенне.

ШІЗА – гэта яшчэ гарачая вада 20 хвілін на дзень (калі яна ёсць), а калі няма – мыйцеся халоднай. А не хочаце – не мыйцеся ўвогуле.  Усе свае фізіялагічныя патрэбы даводзіцца спраўляць пад камерамі. Цяжка ад адсутнасці свежага паветра і сонца. І ніхто з гэтых “бажкоў” нават не падумае адкрыць у вакне фортку, прасі-не-прасі, бо для каго адчыняць? Для нікога. Пры гэтым, у камеры заўсёды вільгаць, а гэта спрыяльны асяродак для сухотаў.

І добра, калі ў цябе ёсць калготкі, у якіх можна спаць. А некаторыя спяць у абутку ўвесь час. Адна жанчына ў боціках спала, дуцікі называюцца.

Цяжка было і псіхалагічна і фізічна вытрымліваць усе гэтыя катаванні. Часам, узнікала думка, што мы гэтага не вытрымаем, часам з’яўлялася моцная дэпрэсія, асабліва пасля адмовы ў памілаванні".

Пра катавальныя ўмовы распавёў былы палітвязняволены журналіст Яўген Меркіс з Гомеля, які адбываў свой тэрмін у шклоўскай калоніі № 17:

"З аднаго боку я цаніў магчымасць пабыць сам насам, але, канешне, фізічна там вельмі цяжка нягледзячы на рамонт, умовы жахлівыя. Халадэча, не выдаюць матрасу ці падушкі. Калі сядзеў там у чэрвені, то, здаецца, нібы лета і мусіць быць цёпла. Але там пастаянна адкрытая фортка, на вуліцы плюс 10-12 градусаў бывае ўноччу, а ты спіш фактычна на голых дошках, абабітых металам. Сваіх рэчаў у цябе няма, цябе пераапранаюць у тонкую сінтэтычную шізошную форму. Што ўжо казаць пра адседкі ўзімку або ў самы цяжкі перыяд – у міжсезонне".

Некаторыя з вязняў, хто сядзеў у ШІЗА працяглы час, дзяліліся з Яўгенам, што ледзь не вар’яцелі ад адзіноты ў ШІЗА і нават мелі галюцынацыі.

"Ты не можаш паспаць днём, не можаш нават падперці галаву рукою. Ежу даводзіцца з’ядаць вельмі хутка, бо на гэта даюць максімум некалькі хвілінаў. Той яшчэ квэст. Да таго ж выдаюць лыжку без ручкі, бо яна ўжо спілаваная. Магчыма, з-за нейкіх старых нормаў, звязаных з нападам на супрацоўнікаў. Баяцца, што мы "заточку" зробім".

22-гадовы былы палітвязнь Ілля Бохан пра ўмовы ў ШІЗА ў бабруйскай калоніі № 2:

"Камеры ШІЗА знаходзяцца ў падвале. Памерам яны тры-чатыры крокі. У камеры вельмі смярдзіць і ўсюды цвіль. Там вельмі холадна. Падлога ў камеры драўляная, і па ёй пастаянна бегалі ад волкасці нейкія маленькія казуркі. Ложак там прыбіты да сцяны, мы спалі на голых дошках. Нам не давалі ні коўдры, ні падушкі. Я якраз быў у міжсезонку, калі адключылі ацяпленне і забралі целагрэйкі, якія выдавалі на ноч. Таксама забралі тэрмабялізну, таму спалі ў адной робе. Я не ведаю, як я гэта вытрымаў... Першыя 15 дзён я думаў, што з розуму з'еду. Потым я зразумеў, што мне проста трэба пацярпець да вызвалення. І так справіўся".

Былы палітвязень на ўмовах ананімнасці распавядаў праваабаронцам:

"У калоніі № 1 плюсам можна было назваць драўляныя падлогі ў ШІЗА — ты не сядзіш хоць, як на лядоўні, было нейкае цяпло. Было вельмі шмат мышэй. Памятаю, спіш на падлозе — расплюшчваеш вочы, а ў камеры 20-30 мышэй, некаторыя па мне бегаюць. Хлебам затыкаў адтуліны, праз якія яны залазяць, — яны пакуль яго грызуць, не так хутка дабіраюцца ў камеру.

Таксама не хапала кіслароду. Калі мяне выпусцілі з ШІЗА, то ад свежага паветра я проста на парозе паваліўся. Знаходзячыся ў ШІЗА, я шмат страціў вагі ды проста стаў зялёнага колеру. ШІЗА — гэта не проста ізаляцыя, як яно мелася на ўвазе, гэта фізічная шкода твайму здароўю. І ўсе выдатна гэта разумеюць. Цябе змяшчаюць у ШІЗА не праз тое, што ты ўяўляеш пагрозу ў калоніі ды цябе трэба ізаляваць, а таму што трэба прынесці фізічную шкоду твайму здароўю".

Былая палітзняволеная з калоніі № 4 таксама ўзгадвала невыносныя ўмовы ў ШІЗА:

"Там пасярэдзіне камеры стаіць бетоннае крэселка, якое забітае дошкамі. Каля яго батарэя, таму сядзіш там цэлы дзень і грэешся. У мяне ад сядзення нацерлася водная бурбалка на палову ягадзіц. Ноччу было пекла. Дзень ты сядзіш, а калі кладзешся нарэшце, то правальваешся ў сон на некалькі хвілін або гадзіну (там няма гадзінніка, каб зразумець), але прачынаешся ад таго, што табе холадна. Пры гэтым шалёна хочаш спаць, падпаўзаеш да батарэі — грэешся, але потым зноў спаць — і так па колу. Гэта катаванні сном. Пяць сутак я не спала нармальна. У мяне была некалькі разоў сітуацыя: я проста стаяла, заплюшчвала на секунду вочы і разумела, што падаю. Гэта значыць стоячы я засынала і пачынала падаць. Добра, што спрацоўваў інстынкт, і я не ўпала на гэты бетон. Гэта жудасна. Так хацелася спаць, што я засынала стоячы! Вось такія катаванні! Памятаю, ноччу я прачыналася таксама ад таго, што вадзіла рукой па перадплеччы — спрабавала нацягнуць на сябе неіснуючую коўдру. Я прачыналася і не разумела, што я раблю. А потым да мяне дайшло, што гэты пінжак я хапала і нацягвала пад шыю, уяўляючы, што гэта коўдра. Настолькі там было холадна.

Катаванне холадам у ШІЗА

Пра катаванне холадам распавёў былы палітзняволены блогер Віталь Бандарук. Паводле яго сведчанняў, на падлозе ШІЗА ў ПК-17 ляжыць плітка — гэта значыць, што ў ізалятары будзе як у халадзільнай камеры:

"Там быццам пад пліткай трубкі праклалі, па якіх пусцілі фрэон, як у лядоўні. Таму што і летам, і зімой тэмпература ў ШІЗА такая, што ногі да пліткі прымярзаюць. Быццам на ільдзіне сядзіш.

Там ты ўжываеш розныя хітрыкі, каб выжыць. Напрыклад, там раздаюць анучы, каб падлогу мыць. І ты эканоміш: адрываеш тонкую палоску і ёй мыеш падлогу, астатнюю частку намотваеш пад шкарпэткі як "анучы" ў войску. Але адміністрацыя разы два на тыдзень урываецца ў камеру для шмона. З часам ты ўжо ведаеш, калі гэта адбудзецца і загадзя здымаеш анучы. І ручнік на спіну вешаеш, каб спіна не мерзла".

Таксама пра гэта ўзгадваў Мікола Дзядок, які нейкі час утрымліваўся ў розных месцах няволі: 

"ШІЗА — гэта сапраўдная катавальня холадам. Паводле закону там не можа быць менш за 18 градусаў. Аднак ніколі не даб'ешся, каб у ШІЗА табе замералі тэмпературу. Напрыклад, у гарадзенскай "крытай" мянты цягам дня рэгулююць цеплыню батарэй, каб там заўсёды было холадна і табе там не было камфортна. Там плітачная падлога, хоць згодна з законам не можа быць на першым паверсе і ў падвале плітка. Там распранаюць цябе па-максімуму і даюць сінтэтычную робу. Таму ўсе дробязі прадуманы, каб ты мерз там.
У нейкі момант арыштанты пачалі арганізавана выступаць і пратэставаць. Падаецца, там нават была невялічкая галадоўка на прадмет таго, каб раздалі хаця бы целагрэйкі ці ўключылі батарэі, бо там было рэальна вельмі холадна. Я ўжо казаў на прэс-канферэнцыі, паўтаруся: я прачынаўся ад таго, што саракагадовыя мужыкі воюць, плачуць і клічуць маму, бо яны не спяць начамі. І што вы думаеце? Пачала хадзіць адміністрацыя з абходам па камерах ШІЗА і замяраць тэмпературу. Але выглядала гэта так: адкрываецца "кармушка" і крычаць: "Лицом к стене, руки на стену, в положение для обыска!" Адчыняюцца дзверы, краты і крычаць: "Доклад!" Ты кажаш: "Дедок Николай Александрович, 1988 г. р..." І працягваеш. Увесь гэты час, а я нагадваю, ты глядзіш у сцяну, а некалькі мянтоў стаяць і дыхаюць за тваёй спінай. Ты не можаш ні павярнуць галаву, ні развярнуцца, ні паразмаўляць з імі. Без каманды табе нельга нічога. І тут ты чуеш галасы: "Ну что, замеряйте температуру!" Праходзіць некалькі секунд і кажуць: "Ну вот, пожалуйста, 19 градусов, что вас не устраивает? Вопросы есть? Ну тогда мы уходим". І так ва ўсіх астатніх камерах. Ну я не ведаю, як гэта назваць, — трэш і жасткач. Вось такія ўмовы ў ШІЗА — не ведаю, пра што тут яшчэ казаць. І ўмовы робяцца яшчэ горш і горш. Ва ўсёй сістэме гэта прыкладна аднолькавая сітуацыя.

Лічу само па сабе ўтрыманне ў ШІЗА катаваннем. Гэта было асноўным спосабам уздзеяння на мяне. Там мяне трымалі толькі аднаго. Ратавала толькі міжкамерная сувязь, хоць яна забароненая і за яе выпісваюць пакаранні".

Пра невыносны холад у ШІЗА ў аршанскай калоніі № 8 таксама расказваў былы палітвязень Дзмітрый Сушчык:

"Міжсезонне ў ШІЗА — самае страшнае. Гэта было проста нерэальна холадна. Увесь час стукаюць зубы, ты не спіш. Даюць гарачы суп, ты пап'еш, табе становіцца цяплей і ты літаральна на некалькі хвілін вырубаешся, зубы зноў пачынаюць стукаць і ты ўстаеш. Я чаму тады не ведаў яшчэ, што можна адціскацца. Спрабаваў неяк рухацца, сам сябе церці. А я адразу ж адмовіўся есці праз гэтую таблетку. На 8 дзён. Гэта так холадна, што табе здаецца, што ты зараз з глузду з'едзеш. Ты проста не вытрымліваеш. Гэта такія нервы і агрэсія... Таму яны не заходзяць у камеру, маюць зносіны праз "наморднік" (краты).

Я, напрыклад, раней не ведаў, што можна абматацца туалетнай паперай, надзець наверх абутак і стане сапраўды трохі цяплей. Гэта дзіка холадна, я нават не магу гэта перадаць. Гэта можна толькі адчуць. Гэта здаецца на словах неяк, але на самой справе гэта проста дзіка страшна холадна. Тарцавыя камеры створаныя, каб ламаць людзей. Там вельмі холадна. Там проста можна з'ехаць з глузду. Там цяпер яшчэ ўсюды паклалі плітку і гэта проста жудасны холад".

Былы палітвязень на ўмовах ананімнасці таксам распавёў пра катаванне холадам у наваполацкай калоніі:

"Мяне адправілі ў ШІЗА ў студзені, калі на вуліцы было мінус 27. Перад гэтым у мяне забралі ўсё адзенне — выдалі тэпцікі ды сваю лёгенькую форму. Калі я зайшоў у ШІЗА, то адразу зрабіў крок назад і сказаў, што там немагчыма знаходзіцца. Камера цалкам не ацяплялася. Я прасіў перавесці мяне ў іншую камеру, бо ў мяне і так назіраліся праблемы са здароўем, а тут я проста змерзну. Я прасіў дзень ці два мяне перавесці, таму што там немагчыма было знаходзіцца — ты практычна жывеш на вуліцы ў такі мароз. Потым з абыходам прыйшлі начальнік калоніі Руслан Хікметавіч Машадзіеў, намеснік начальніка па ІРіКО (ідэалагічнай працы і кадравым забеспячэнні - заўв.) Вячаслаў Сяргеевіч Журко і начальнік папраўчага працэсу. Яны пытаюцца, ці ёсць у зняволеных пытанні, але яны заўсёды робяць так, каб у зняволеных ніколі не было ніякіх пытанняў. Я папрасіў у іх зачыніць акно, бо ў мяне праблемы са здароўем. Але матам мне адказалі, што з ШІЗА я выйду не толькі са сваімі хваробамі, але і з сухотамі, гемароем ды іншымі хваробамі. Тут я зразумеў, што размаўляць з імі не мае сэнсу. Сыходзячы, начальнік калоніі сказаў кантралёрам "растлумачыць" нам усё, каб больш пытанняў не задавалі. Я не зразумеў, у чым справа, але дзверы не зачынілі ў камеру. Нас чалавек пяць ці шэсць з мацюкамі і абразамі выгналі ў прагулачны дворык, расцягнулі каля сцяны і проста пачалі збіваць дручкамі па нагах, па спіне. Нас расцягвалі, мы падалі, таму што ногі не трымаюць, яны зноў падымаюць з крыкамі, ці ёсць у нас яшчэ пытанні і мы можа быць ужо сагрэліся? Там яшчэ ў дворыку сцяна няроўная, я калі падаў, пашкодзіў аб яе галаву, былі вялікія абдзерыны на галаве.

У ШІЗА было настолькі холадна, што, калі я заплюшчваў вочы, мне здавалася, што ў мяне сэрца б'ецца вельмі павольна, і я думаў, што гэта канец. Таксама ад холаду ў мяне былі галюцынацыі ў выглядзе агню ў камеры, каля якога можна сагрэцца".

Былая палітзняволеная з гомельскай калоніі № 4 падзялілася:

"Дзяўчаткі мне раней казалі, што ўмовы там катавальныя. Там проста павольна забіваюць людзей, пазбаўляючы іх здароўя. Узімку прыадчыненыя форткі, там наледзь, таму іх ужо немагчыма зачыніць. Дзяўчаткі плакалі, прасілі целагрэйкі, таму што невыносна холадна. Гэта катаванні холадам.

Перад змяшчэннем у ШІЗА забіраюць усё тваё адзенне, у якім была ў атрадзе. Даюць касцюм з надпісам у крузе на спіне ШІЗА — пінжак, спадніца, драўляна-кардонныя туфлі, можна ўзяць адны ласіны і адну пару шкарпэтак. Калі ў цябе будуць цёплыя і тонкія шкарпэткі, то цёплыя ў цябе забяруць. Гэта адзенне ні пра што — проста, каб не голая была. Там вельмі холадна.

Пасля ШІЗА, ад таго, што я спала на халодных дошках, я застудзіла сабе сядальны нерв. Потым паўгода я не магла стаяць на левай пятцы — было вельмі балюча. Вось такія наступствы ШІЗА".

Прызначэнне "нізкага статусу"

Некаторых палітвязняў пераводзілі ў "нізкі статус", каб адмыслова ім пагоршыць умовы ўтрымання. Так, напрыклад, адбылося з былым кіраўніком Беларускай партыі "Зялёныя", палітвязнем Дзмітрыем Кучуком. Вось, што ён узгадваў:

"Калі табе прызначаюць "нізкі статус", пра гэта аб’яўляюць у атрадзе і цябе вылучаюць у асобнае месца. Паводле турэмных правілаў, іншыя вязні не павінны сутыкацца з вязнямі са "статусам". Яны, напрыклад, не могуць пачаставаць кавай, даць цыгарэту. Вязні з "нізкім статусам" могуць прымаць, але не могуць даваць. Калі вязень са "статусам" пачастуе іншага, то апошні таксама атрымае гэты "статус". Як правіла, гэтыя людзі мыюць прыбіральні. Тэарэтычна з імі можна размаўляць, але гэта заўсёды будзе выклікаць пэўныя праблемы. На цябе будуць коса глядзець асуджаныя, якія знаходзяцца побач".

"Нізкі статус" маральна забівае, бо цябе лічаць ізгоем.Ты пастаянна знаходзішся ў прыніжэнні. Яно праяўляецца праз правакацыі. Напрыклад, калі ў лакальным участку ты заходзіш у зону, дзе ўсе ходзяць узад і ўперад, то вязень без "статуса" можа проста табе сказаць: "Чаго ты тут ходзіш?". Хоць лакалка адна для ўсіх. То-бок, табе будуць абавязкова рабіць заўвагі і кпіны. Вязняў з “нізкім статусам” там называюць “петух”, “пі*арас”. Цябе пастаянна будуць маральна забіваць, здзеквацца.

Таксама "нізкі статус" прысвойваюць людзям неахайным, брудным; тым, хто падбірае цыгарэты са сметніцы, бяздомным; людзям з інваліднасцю, якія могуць сікацца ноччу. Гэта пэўны слой асуджаных, якіх прымушаюць рабіць самую брудную працу. Адпаведна, калі табе прысвойваюць гэты "статус", цябе прыраўніваюць да такой катэгорыі людзей. Для іх няважна, што ў цябе, напрыклад, ёсць адукацыя ці што ты сядзіш па палітычных прычынах. Цябе запхнулі ў гэтую касту і ты ўжо не можаш адтуль выбрацца".

Збіццё ў турмах і калоніях

Фізічныя збіцці, газ, пастаянныя абразы, спроба "панізіць статус", правакатары ў камерах, прымус да суседства з псіхічна хворымі людзьмі — пра такія віды катаванняў з свайго досведу распавядаў Мікола Дзядок.

"Падчас усяго зняволення працягваліся нацкоўванні на мяне. Двойчы я зазнаў збіццё ў камерах. Мяне садзілі адмыслова з людзьмі з скрайняй ступенню шызафрэніі, з якімі знаходзіцца побач 15 хвілін — ужо было катаванне".

Пра збіццё ў шклоўскай калоніі № 17 — Мікіта Літвененка:

"Стаўленне адміністрацыі бязлітаснае, ніякага жалю няма. Ёсць толькі пагарда, злосць, пыхлівасць і разуменне таго, што яны могуць рабіць з намі, што захочуць. Збіццё часцей адбываецца ў карцары, асабліва калі там яшчэ не было відэакамер, яшчэ ў пакоях для ператрусу, там, дзе камер няма, ну і ў калідорах, у "сляпых зонах", дзе яны могуць дубінкамі біць. Гэта значыць ставяць на "расцяжку" і дубінкамі б'юць па руках і нагах. Гэта ўсё было пры мне і, як я разумею, ёсць і цяпер.

Гэта тычыцца ў першую чаргу палітвязняў, а таксама тых, хто шмат "выступае", але такіх людзей практычна няма.

Асабіста кожны дзень стаяў там на "расцяжках" па некалькі гадзін. Ударылі мяне ўсяго пару разоў, але не дубінкай, а берцамі, таму што я недастаткова расставіў ногі".

Былы палітвязень ананімна распавёў, што збіццё ў штрафным ізалятары наваполацкай — распаўсюджаная з'ява:

"Знаходзячыся ў ШІЗА невялікую колькасць часу, я чуў, як збівалі іншых. У суседнім ШІЗА хлопец таксама падчас абыходу казаў, што холадна, ён прасіў зачыніць акно, таму што баяўся, што не вытрымае і памрэ. Але яго проста ў камеры пачыналі збіваць. Пры гэтым хлопец гучна крычаў і маліў, каб яго не білі. Гэта значыць, за звычайнае пытанне або просьбу там могуць збіць. У асноўным, гэта робіцца на прагулачных дворыках, каб ніхто не бачыў і нікуды гэта не сышло. Таму можна дакладна сцвярджаць, што фізічная сіла ў гэтай калоніі ўжываецца".

Утрыманне ў адзіночнай камеры

Блогера Сяргея Ціханоўскага ўтрымлівалі ў адзіночнай камеры амаль пяць гадоў: 

“Мяне катавалі. Мяне трымалі ў адзіночнай камеры. Мяне замарожвалі. Мне нават не давалі асадкі, каб напісаць некалькі слоў. Гадамі я не атрымліваў ніводнага ліста, нават ад дачкі. Яны набівалі мне вушы хлуснёй і прапагандай. Яны спрабавалі пераканаць мяне, што ўсе пра мяне забыліся. Тое, што адбываецца ў беларускіх турмах, — гэта не правапрымяненне”.

За час адзіночнага зняволення ён “амаль забыў, як гаварыць”: яго трымалі ў поўнай ізаляцыі, адмаўлялі ў медыцынскай дапамозе і не давалі дастаткова ежы. Памеры яго адзіночнай камеры былі ад вельмі цеснай да 18-метровай. Палітвязень заставаўся ў поўнай ізаляцыі.

“Калі б вы бачылі: мне на талерку кідалі ўсяго дзве лыжкі кашы — дзве маленькія лыжкі. Часам мне давалі маленькі цюбік зубной пасты, кавалачак мыла — як падачку. Часам давалі, часам — не, — расказаў блогер, дадаўшы, што не мог нічога купіць у турэмнай краме”.

Ён дадаў, што знаходжанне ў зняволенні было "адназначна катаваннем":

“Супрацоўнікі турмы ўвесь час паўтаралі: «Ты прабудзеш тут не толькі 20 гадоў, якія мы табе ўжо далі. Мы асудзім цябе зноў». Яны казалі: «Ты ніколі не выйдзеш». І ўвесь час паўтаралі: «Ты тут памрэш»”.

Пра цяжкасці ўтрымання ў адзіночнай камеры адзначыў на прэс-канферэнцыі і праваабаронца Уладзь Лабковіч:

"У кожнага розны ўзровень сацыяльнай моцы, для мяне вельмі цяжкімі апыналіся “адзіночкі”, якіх было шмат сутак бесперапынна. Я размаўляў шмат з кім з нашай групы пра іх досвед, які сапраўды патрабуе асэнсавання, для ўсіх катаванні “адзіночкамі” вельмі цяжкія".

"Пакой для катаванняў" калоніі 

Пра такі пакой у магілёўскай калоніі № 15 распавёў актывіст партыі "Народная грамада" Сяргей Спарыш:

"Катавальняй" у поўным сэнсе гэты пакой не назавеш, таму што яго не выкарыстоўваюць для катаванняў рэгулярна. Я там не быў. Туды могуць прывесці, пару разоў ударыць або прывязаць і паставіць на расцяжку. У прынцыпе, гэта могуць зрабіць у любым месцы, куды прыйшоў аператыўнік. Ён можа цябе ўдарыць і на так званай "узлётцы" — такой дарозе ў цэнтры калоніі. Але калі ён хоча з табой пагутарыць больш прыцэльна, скажам так, то тады ён можа цябе паклікаць на рэжымку. Там палітвязню татуіроўку і выдалялі".


Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у СІЗА, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце на: Telegram: @ViasnaDOC | Email: viasnadoc@spring96.org. Таксама вы можаце распавесці сваю гісторыю журналістам "Вясны": @Viasnainfo. Уся інфармацыя можа быць ананімнай ці публічнай. "Вясна" працуе анлайн і максімальна бяспечна.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Падзялiцца

Глядзiце таксама

«Я ведаю, што значыць быць у выгнанні»: Cпецдакладчык ААН Нільс Муйжніекс — пра Беларусь, рэпрэсіі ды асабісты досвед
10 студзеня 2026, 15:49
«Я ведаю, што значыць быць у выгнанні»: Cпецдакладчык ААН Нільс Муйжніекс — пра Беларусь, рэпрэсіі ды асабісты досвед
Спецдакладчык ААН па Беларусі Нілс Муйжніекс не бачыць прыкметаў змены рэпрэсіўнай палітыкі, нягледзячы на нядаўнія вызваленні палітвязняў.
Агляд «Вясны»: «Нават за мяжой ты застаешся ў полі дасяжнасці дзяржавы». Як у 2025 годзе беларусаў пераследавалі па-за краінай
10 студзеня 2026, 15:27
Агляд «Вясны»: «Нават за мяжой ты застаешся ў полі дасяжнасці дзяржавы». Як у 2025 годзе беларусаў пераследавалі па-за краінай
Міжнародная сетка стратэгічных дзеянняў у галіне бяспекі ISAN адзначала, што Беларусь — у топ-10 краін, што практыкуюць транснацыянальныя рэпрэсіі.
Дакументаванне як форма супраціву забыццю: пра што распавядалі «Вясне» сведкі катаванняў у 2025 годзе
10 студзеня 2026, 15:02
Дакументаванне як форма супраціву забыццю: пра што распавядалі «Вясне» сведкі катаванняў у 2025 годзе
Летась "Вясна" задакументавала 73 гісторыі пацярпелых ад дзеянняў уладаў.
Агляд «Вясны»: За 2025 год асудзілі не меней за 1254 чалавекі. Вынікі крымінальнага пераследу
10 студзеня 2026, 13:53
Агляд «Вясны»: За 2025 год асудзілі не меней за 1254 чалавекі. Вынікі крымінальнага пераследу
Паводле інфармацыі «Вясны», не меней за 1254 чалавекі асуджаныя па палітычных крымінальных справах у Беларусі за 2025 год.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці