БАЖ: Другое чытанне са старым зместам: «палатачнікі» без пярэчанняў ухвалілі папраўкі ў Закон аб СМІ

31 мая 2023, 12:09
БАЖ: Другое чытанне са старым зместам: «палатачнікі» без пярэчанняў ухвалілі папраўкі ў Закон аб СМІ

Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

31 траўня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў другім чытанні змены ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі». Карэктывы  абумовілі неабходнасцю «сіметрычных адказаў на недружалюбныя выпады супраць беларускай дзяржавы».   

Палата прадстаўнікоў

Дакумент у ніжнюю палату ўнёс 30 сакавіка Савет міністраў. У тлумачальнай частцы ўдакладнялася, што гэта прадыктавана прывядзеннем закона ў адпаведнасць з нормамі абноўленай Канстытуцыі і ліквідацыяй супярэчнасцей з улікам правапрымяняльнай практыкі.

Пры тым, што змест праекта загадзя не апублічваўся і кулуарныя праўкі ўносіліся абмежаваным колам пад куратарствам дзейнай дэпутаткі і былой кіраўніцы Міністэрства інфармацыі Ліліі Ананіч, 18 красавіка «народныя абраннікі» адзінагалосна ўхвалілі праект у першым чытанні. Не здарылася накладак і падчас паўторнага галасавання 31 траўня. Цяпер на чарзе фармальныя працэдуры ў Савеце рэспублікі і канчатковая віза ад Аляксандра Лукашэнкі. 

Такім чынам, для медыйнай супольнасці падрыхтавалі наступныя «навацыі», якія яшчэ больш абмяжоўваюць магчымасці прэтэндаваць на нефармальны статус «чацвёртай улады» — пад прыкрыццём таго, што гэта дазволіць «адэкватна і аператыўна рэагаваць на дэструктыўныя працэсы ў СМІ і інтэрнэт-прасторы»:

– пашырэнне пераліку падстаў для анулявання пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі, абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выдання, агрэгатара навін;

– вызначэнне асаблівасцей функцыянавання навінавых агрэгатараў і прававы статус іх уладальнікаў;

– дэталізацыя патрабаванняў да дзейнасці ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, якія распаўсюджваюць прадукцыю тэлевізійных альбо радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі;

– удакладненне парадку дзейнасці замежных сродкаў масавай інфармацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;

– замацаванне магчымасці прымянення захадаў у адказ у дачыненні да замежных сродкаў масавай інфармацыі, інтэрнэт-рэсурсаў, журналістаў. 

«Законатворцы» спасылаюцца на тое, што цяпер дакладна будзе забяспечана канстытуцыйнае права грамадзян на атрыманне поўнай і дакладнай інфармацыі, абарону дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, нацыянальную бяспеку ў сферы масавай інфармацыі.

Нагадаем, што ў 2021 годзе Закон аб СМІ ўжо зведаў шэраг навацый у бок больш жорсткіх абмежаванняў для медыйнай супольнасці. Сярод іншага забаранілі рабіць наўпроставыя ўключэнні з масавых пратэстаў; пазбавілі права публікаваць вынікі апытанняў; крыміналізавалі распаўсюд персанальных дадзеных чыноўнікаў; увялі дадатковыя падставы блакаваць любы друкаваны ці інтэрнэт-рэсурс. 

Аднак, паводле ініцыятараў чарговых карэктыў, з улікам глабальных геапалітычных зрухаў, тэхналагічных рэалій, выклікаў і пагроз наспела неабходнасць унясення новых зменаў. Сярод іх — «сіметрычныя  адказы» на выпады варожых дзяржаў у дачыненні да беларускіх афіцыйных медыя. Верагодна, гаворка перадусім пра абмежаванне доступу да замежных рэсурсаў, якія ўлады адносяць да «нелаяльных дзейнаму рэжыму».

У прыватнасці, публічную адпаведнасць «нацыянальным інтарэсам» з боку той ці іншай дзяржавы будзе маніторыць Міністэрства замежных спраў. Калі ведамства зафіксуе жэст «нядобрай волі», неадкладна падключыцца Міністэрства інфармацыі з практычнымі рашэннямі, «сіметрычнымі дзеянням недружалюбных краін».  

Раней міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў прэвентыўна спрабаваў апраўдацца, што, маўляў, не стаіць задача «зачысціць» медыйнае поле, але настаў час яго «ўпарадкаваць». І запэўніў, што Беларусь застаецца адкрытай для ўсіх СМІ, уключна з замежнымі рэдакцыямі, якія выконваюць патрабаванні нацыянальнага заканадаўства. 

Праўда, з ухваленага дэпутатамі закону вынікае, што любое агучанае меркаванне, якое не супадае з палітыкай афіцыйнайга Мінска, аўтаматычна мае на ўвазе спыненне легальнай дзейнасці.  

Арыгінальны артыкул на сайце БАЖ

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 верасня 2024, 14:30
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці