БАЖ: Другое чытанне са старым зместам: «палатачнікі» без пярэчанняў ухвалілі папраўкі ў Закон аб СМІ

31 May 2023, 12:09 PM
БАЖ: Другое чытанне са старым зместам: «палатачнікі» без пярэчанняў ухвалілі папраўкі ў Закон аб СМІ

Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

31 траўня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў другім чытанні змены ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі». Карэктывы  абумовілі неабходнасцю «сіметрычных адказаў на недружалюбныя выпады супраць беларускай дзяржавы».   

Палата прадстаўнікоў

Дакумент у ніжнюю палату ўнёс 30 сакавіка Савет міністраў. У тлумачальнай частцы ўдакладнялася, што гэта прадыктавана прывядзеннем закона ў адпаведнасць з нормамі абноўленай Канстытуцыі і ліквідацыяй супярэчнасцей з улікам правапрымяняльнай практыкі.

Пры тым, што змест праекта загадзя не апублічваўся і кулуарныя праўкі ўносіліся абмежаваным колам пад куратарствам дзейнай дэпутаткі і былой кіраўніцы Міністэрства інфармацыі Ліліі Ананіч, 18 красавіка «народныя абраннікі» адзінагалосна ўхвалілі праект у першым чытанні. Не здарылася накладак і падчас паўторнага галасавання 31 траўня. Цяпер на чарзе фармальныя працэдуры ў Савеце рэспублікі і канчатковая віза ад Аляксандра Лукашэнкі. 

Такім чынам, для медыйнай супольнасці падрыхтавалі наступныя «навацыі», якія яшчэ больш абмяжоўваюць магчымасці прэтэндаваць на нефармальны статус «чацвёртай улады» — пад прыкрыццём таго, што гэта дазволіць «адэкватна і аператыўна рэагаваць на дэструктыўныя працэсы ў СМІ і інтэрнэт-прасторы»:

– пашырэнне пераліку падстаў для анулявання пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі сродку масавай інфармацыі, абмежавання доступу да інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выдання, агрэгатара навін;

– вызначэнне асаблівасцей функцыянавання навінавых агрэгатараў і прававы статус іх уладальнікаў;

– дэталізацыя патрабаванняў да дзейнасці ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў, якія распаўсюджваюць прадукцыю тэлевізійных альбо радыёвяшчальных сродкаў масавай інфармацыі;

– удакладненне парадку дзейнасці замежных сродкаў масавай інфармацыі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;

– замацаванне магчымасці прымянення захадаў у адказ у дачыненні да замежных сродкаў масавай інфармацыі, інтэрнэт-рэсурсаў, журналістаў. 

«Законатворцы» спасылаюцца на тое, што цяпер дакладна будзе забяспечана канстытуцыйнае права грамадзян на атрыманне поўнай і дакладнай інфармацыі, абарону дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, нацыянальную бяспеку ў сферы масавай інфармацыі.

Нагадаем, што ў 2021 годзе Закон аб СМІ ўжо зведаў шэраг навацый у бок больш жорсткіх абмежаванняў для медыйнай супольнасці. Сярод іншага забаранілі рабіць наўпроставыя ўключэнні з масавых пратэстаў; пазбавілі права публікаваць вынікі апытанняў; крыміналізавалі распаўсюд персанальных дадзеных чыноўнікаў; увялі дадатковыя падставы блакаваць любы друкаваны ці інтэрнэт-рэсурс. 

Аднак, паводле ініцыятараў чарговых карэктыў, з улікам глабальных геапалітычных зрухаў, тэхналагічных рэалій, выклікаў і пагроз наспела неабходнасць унясення новых зменаў. Сярод іх — «сіметрычныя  адказы» на выпады варожых дзяржаў у дачыненні да беларускіх афіцыйных медыя. Верагодна, гаворка перадусім пра абмежаванне доступу да замежных рэсурсаў, якія ўлады адносяць да «нелаяльных дзейнаму рэжыму».

У прыватнасці, публічную адпаведнасць «нацыянальным інтарэсам» з боку той ці іншай дзяржавы будзе маніторыць Міністэрства замежных спраў. Калі ведамства зафіксуе жэст «нядобрай волі», неадкладна падключыцца Міністэрства інфармацыі з практычнымі рашэннямі, «сіметрычнымі дзеянням недружалюбных краін».  

Раней міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў прэвентыўна спрабаваў апраўдацца, што, маўляў, не стаіць задача «зачысціць» медыйнае поле, але настаў час яго «ўпарадкаваць». І запэўніў, што Беларусь застаецца адкрытай для ўсіх СМІ, уключна з замежнымі рэдакцыямі, якія выконваюць патрабаванні нацыянальнага заканадаўства. 

Праўда, з ухваленага дэпутатамі закону вынікае, што любое агучанае меркаванне, якое не супадае з палітыкай афіцыйнайга Мінска, аўтаматычна мае на ўвазе спыненне легальнай дзейнасці.  

Арыгінальны артыкул на сайце БАЖ

See more news

Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Красавік 2025
13 May 2025, 12:02 PM
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Красавік 2025
У красавіку ўлады Беларусі працягнулі маштабную кампанію рэпрэсій пад выглядам барацьбы з «экстрэмізмам» і «тэрарызмам».
Cалідарнасць супраць рэпрэсій! 21 траўня — Дзень палітвязняў Беларусі
13 May 2025, 11:11 AM
Cалідарнасць супраць рэпрэсій! 21 траўня — Дзень палітвязняў Беларусі
Праваабарончы цэнтр "Вясна" вызначыў 21 траўня Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі на знак памяці з загінулым у калоніі Вітольдам Ашуркам.
БАЖ і Марыя Калеснікава атрымалі Прэмію Гюнтэра Вальрафа за свабоду прэсы і правы чалавека
12 May 2025, 10:12 AM
БАЖ і Марыя Калеснікава атрымалі Прэмію Гюнтэра Вальрафа за свабоду прэсы і правы чалавека
Беларускую асацыяцыю журналістаў адзначылі за важную шматгадовую працу па абароне журналістаў і свабоды слова.
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 красавіка 2025 года
17 April 2025, 12:57 PM
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 красавіка 2025 года
На 15 красавіка 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 36, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 165.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці