БАЖ звярнуўся да спецыяльнай працэдуры ААН па справе праваабаронцы Леаніда Судаленкі

08 ліпеня 2024, 12:02
БАЖ звярнуўся да спецыяльнай працэдуры ААН па справе праваабаронцы Леаніда Судаленкі

Прававы цэнтр Беларускай асацыяцыі журналістаў накіраваў звароты да спецдакладчыкаў ААН з нагоды завочнага прысуду да зняволення гомельскаму юрысту і праваабаронцу Леаніду Судаленку.

Леаніда Судаленку абвінавацілі паводле частак 1 і 2 арт. 361–4 Крымінальнага кодэкса («Садзеянне экстрэмісцкай дзейнасці»). Як ён сам перакананы, за шматлікія інтэрв’ю незалежным СМІ, абвешчаным у Беларусі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі».

Справу ў парадку спецвытворчасці разглядаў Гомельскі абласны суд, які пакараў былога палітвязня пяццю гадамі пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі ва ўмовах строгага рэжыму і штрафам у 26 000 беларускіх рублёў (каля 7 700 еўра).

Паводле праваабаронцы, чарговы тэрмін зняволення яму прысудзілі за тое, што ён распавядаў у медыях пра ўмовы ўтрымання вязняў, у тым ліку палітычных, у беларускіх папраўчых калоніях.

Нагадаем, 3 лістапада 2021 года Леанід Судаленка быў асуджаны да трох гадоў зняволення па абвінавачанні ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэкса). Прысуд ён адбываў у віцебскай папраўчай калоніі № 3 («Віцьба») і, выйшаўшы на волю, распавядаў журналістам пра нялюдскія ўмовы ўтрымання ў пенітэнцыярных установах.

«Я не стаў маўчаць пра тое, што адбывалася за кратамі са мной і што вымушаныя цярпець іншыя зняволеныя — даў дзясяткі інтэрв’ю розным сродкам масавай інфармацыі, у тым ліку і тым, якія ў Беларусі прызнаныя «экстрэмісцкімі фарміраваннямі». На той час я ўжо з’ехаў з краіны, і вось, праз 90 дзён пасля майго ад’езду, я даведаўся пра новую крымінальную справу.

Але мяне не праінфармавалі ні пра падставы, на якіх яна была заведзеная, ні пра тое, у чым канкрэтна мяне звінавацілі. Усе электронныя запыты, якія я рабіў на адрас і Вярхоўнага, і абласнога судоў, Мінюста, адваката, засталіся без увагі.

Мяркую, што прысуд быў вынесены ў межах цалкам незаконнай працэдуры — так званай спецвытворчасці, калі чалавек не можа прыехаць на ўласны судовы працэс пад пагрозай затрымання і зняволення. На маю думку, трэба выкарыстаць усе магчымыя прававыя механізмы, каб прыцягнуць увагу да падобных прэцэдэнтаў», — кажа Леанід Судаленка.

Леанід Судаленка: «Я перастану паважаць сваю прафесію юрыста, калі здамся»

Праваабаронцу не паведамілі, у чым канкрэтна яго вінавацяць і якія супрацьзаконныя дзеянні ён зрабіў. Але вядомы нумар артыкула і практыка прымянення яго беларускімі судамі. Якраз гэты артыкул выкарыстоўваюць для прыцягнення да крымінальнай адказнасці за ўзаемадзеянне з медыямі, адвольна прызнанымі ўладамі «экстрэмісцкімі фарміраваннямі», падкрэслівае юрыстка прававога цэнтра БАЖ:

«Мы запоўнілі адмысловую форму на сайце спецыяльных працэдур ААН, наш зварот накіраваны спецдакладчыкам — асобным экспертам, якія займаюцца дзейнасцю па канкрэтнай тэматыцы альбо па канкрэтнай краіне. Гэта спецдакладчык, які спецыялізуецца па пытаннях свабоды выказвання меркаванняў, спецдакладчык па пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў, спецдакладчык па дзейнасці праваабаронцаў і спецдакладчык па Беларусі — ён вывучае і аналізуе парушэнні правоў чалавека менавіта ў гэтай краіне. Мы паведамілі пра парушэнне двух правоў Леаніда Судаленкі ў нашым звароце — права на справядлівае судовае разбіральніцтва і права на свабоду выказвання меркавання».

Але варта быць чэснымі і разумець наступствы гэтага звароту, удакладняе юрыстка. Бо зварот да спецдакладчыкаў не гарантуе таго, што нехта з іх возьмецца з ім працаваць. Такой гарантыі няма. Калі ж спецдакладчык возьме зварот у працу, то ён звернецца да беларускай дзяржавы і папросіць адрэагаваць. Не выключана, што ён не атрымае ніякага адказу. У спецдакладчыка няма механізмаў, каб змусіць дзяржаву выконваць свае абавязкі ў сферы правоў чалавека.

Таму зварот БАЖ да спецыяльнай працэдуры ААН перадусім зроблены з мэтай выкарыстаць усе наяўныя магчымасці для абароны правоў Леаніда Судаленкі. А таксама каб задакументаваць гэтыя парушэнні і звярнуць увагу міжнароднай грамадскасці на тое, што такія парушэнні адбываюцца.

Як юрыст цалкам разумее гэтую сітуацыю і Леанід Судаленка. Ён не мае спадзеву на тое, што зварот да спецдакладчыкаў паспрыяе скасаванню прысуду, але перакананы, што факты пакарання за ўзаемадзеянні з прэсай не мусяць замоўчвацца. Праваабаронца разлічвае, што дакументаванне ягонага кейса ў зваротах да спецдакладчыкаў ААН стане нагодай і для таго, каб беларускія ўлады таксама разумелі: праваабарончая супольнасць бачыць гэтую сітуацыю і назірае за яе развіццём.

Арыгінальная публікацыя на сайце БАЖ

Глядзiце таксама

«Сістэматычны наступ на асноўныя свабоды». Наталля Сацункевіч выступіла на канферэнцыі АБСЕ
06 мая 2025, 09:20
«Сістэматычны наступ на асноўныя свабоды». Наталля Сацункевіч выступіла на канферэнцыі АБСЕ
Праваабаронца ПЦ «Вясна» Наталля Сацункевіч выступіла на канферэнцыі АБСЕ «Абарона грамадзянскай прасторы — роля праваабаронцаў і свабода мірных сходаў: Дадатковая нарада па чалавечым вымярэнні II».
«Яе жыццё пад немінучай пагрозай». Еўрапейскі парламент выступіў з заявай з нагоды галадоўкі Вікторыі Кульшы
06 мая 2025, 09:01
«Яе жыццё пад немінучай пагрозай». Еўрапейскі парламент выступіў з заявай з нагоды галадоўкі Вікторыі Кульшы
Бюро дэлегацыі Еўрапейскага парламента па сувязях з Беларуссю 30 красавіка выступілі з заявай з нагоды галадоўкі палітзняволенай Вікторыі Кульшы.
Amnesty International: «У 2024 годзе ўлады працягвалі вынішчаць усе формы публічнай крытыкі»
30 красавіка 2025, 12:53
Amnesty International: «У 2024 годзе ўлады працягвалі вынішчаць усе формы публічнай крытыкі»
Учора, 29 красавіка 2025 года, Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прэзэнтавала чарговы даклад аб сітуацыі з правамі чалавека ў свеце ў 2024 годзе. Асобная ўвага ў ім надзяляецца парушэнням правоў чалавека ў Беларусі.
Беларускі Хельсінкскі Камітэт: што такое Універсальны перыядычны агляд і навошта ён патрэбны
24 красавіка 2025, 14:33
Беларускі Хельсінкскі Камітэт: што такое Універсальны перыядычны агляд і навошта ён патрэбны
Кааліцыя беларускіх недзяржаўных арганізацый накіравала даклад аб выкананні Беларуссю сваіх абавязацельстваў у галіне правоў чалавека ў межах чацвёртага цыклу УПА.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці