Беларусь вяртае крымінальнае пакаранне для незарэгістраваных арганізацый па артыкуле 193-1

04 студзеня 2022, 10:02
Беларусь вяртае крымінальнае пакаранне для незарэгістраваных арганізацый па артыкуле 193-1

На фота: затрыманне праваабаронцы Ўладзіміра Целепуна ў Мазыры

21 снежня ніжняя палата беларускага парламента прыняла адразу ў двух чытаннях закон, які аднаўляе крымінальную адказнасць за дзейнасць грамадскіх аб'яднанняў без дзяржаўнай рэгістрацыі. Згодна з гэтым рашэннем, цяпер зноў вернецца ў Крымінальны кодэкс сумнавядомы артыкул 193-1, які раней крытыкаваўся як не адпаведны стандартам правоў чалавека і быў скасаваны з ліпеня 2019 года.

Раней па папярэдняй рэдакцыі артыкула 193-1, які існаваў з 2005 па 2019 год, прысуды за ўдзел у дзейнасці незарэгістраваных арганізацый былі вынесеныя ў дачыненні да не менш як 18 чалавек, а дзясяткам іншых былі вынесеныя афіцыйныя папярэджанні пракуратуры.

Артыкул распаўсюджваецца не толькі на незарэгістраваныя грамадскія аб'яднанні, але і на рэлігійныя арганізацыі і палітычныя партыі, а таксама на фонды.

У Беларусі дзейнічаюць вельмі жорсткія патрабаванні што да рэгістрацыі некамерцыйных арганізацыяў, якія даюць уладам шырокія магчымасці для адвольнай адмовы ў рэгістрацыі якой-кольвек новай арганізацыі. Больш за тое, вяртанне артыкула 193-1 выклікае сур'ёзную трывогу пасля таго, як летам і восенню 2021 года каля 500 арганізацый грамадзянскай супольнасці былі прымусова ліквідаваны па рашэнні дзяржаўных органаў альбо самі прынялі рашэнне пра самароспуск з-праз неспрыяльнае прававое асяроддзя ці паводле "рэкамендацый уладаў". Паўторнае ўвядзенне пакарання па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэкса можа стаць новым інструментам рэпрэсій з тым, каб прымусіць грамадзянскую супольнасць замоўкнуць.

Тэкст артыкула 193-1, які прапануецца да ўнясення ў Крымінальны кодэкс, практычна ідэнтычны таму, які існаваў да 2019 года. Таксама аднаўляецца практычна такое ж пакаранне, як і ў папярэдняй рэдакцыі артыкула 193-1: грашовы штраф, альбо арышт тэрмінам да трох месяцаў, альбо пазбаўленне волі тэрмінам да двух гадоў.

Адзінай зменай у параўнаньні з ранейшай вэрсіяй артыкула з'яўляецца палажэнне пра тое, што цяперашні артыкул 193-1 не будзе прымяняцца ў выпадках, калі падлягае ўжыванню больш суровы артыкул 423-1 Крымінальнага кодэкса, які датычыцца невыканання рашэнняў аб прыпыненні і ліквідацыі арганізацый, прызнаных экстрэмісцкімі.

ПАПРАЎКІ ДА КРЫМІНАЛЬНАГА КОДЭКСУ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ (пасля другога чытання)

Артыкул 193-1. Незаконныя арганізацыя дзейнасці грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду альбо ўдзел у іх дзейнасці

Арганізацыя дзейнасці або ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, у дачыненні да якіх ёсць рашэнне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа, якое ўступіла ў законную сілу, аб іх ліквідацыі альбо аб прыпыненні іх дзейнасці, а таксама арганізацыя дзейнасці альбо ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, якія не прайшлі ва ўстаноўленым парадку дзяржаўную рэгістрацыю, пры адсутнасці прыкмет злачынства, прадугледжанага артыкулам 423-1 гэтага Кодэкса, - караюцца штрафам, або арыштам, або пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.

Заўвагі:

1. Пад удзелам у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду ў гэтым артыкуле разумеюцца дзеянні, накіраваныя на дасягненне мэтаў названых партыі, аб'яднання, арганізацыі або фонду, у тым ліку вызначаных у іх статутных і іншых дакументах.

2. Дзеянне гэтага артыкула не распаўсюджваецца на арганізацыю дзейнасці або ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, у адносінах да якіх маецца рашэнне ўпаўнаважанага дзяржаўнага органа, якое ўступіла ў законную сілу, аб прыпыненні іх дзейнасці, якія накіраваны на ліквідацыю парушэнняў, якія паслужылі падставай для прыпынення дзейнасці, а таксама на арганізацыю дзейнасці або ўдзел у дзейнасці палітычнай партыі, іншага грамадскага аб'яднання, рэлігійнай арганізацыі або фонду, звязаныя з іх дзяржаўнай рэгістрацыяй ва ўстаноўленым парадку.

3. Асоба, якая добраахвотна спыніла дзеянні, прадугледжаныя гэтым артыкулам, і заявіла аб гэтым дзяржаўным органам, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці, калі ў яе дзеяннях не ўтрымліваецца складу іншага злачынства. Гэта палажэнне не распаўсюджваецца на асобаў, якія ўчынілі аналагічныя дзеянні цягам двух гадоў пасля добраахвотнага спынення дзеянняў, прадугледжаных гэтым артыкулам.

Новы артыкул 193-1 уступіць у сілу пасля таго, як змены ў Крымінальны кодэкс будуць прынятыя верхняй палатай парламента, пройдуць стадыю папярэдняй канстытуцыйнай праверкі, падпісаныя прэзідэнтам, і праз 10 дзён пасля афіцыйнага апублікавання.

Згодна з сумесным Кіраўніцтвам БДІПЧ АБСЕ і Венецыянскай камісіі па свабодзе асацыяцый, заканадаўства не павінна патрабаваць абавязковай афіцыйнай рэгістрацыі аб'яднанняў. Замест гэтага аб'яднанням трэба даваць магчымасць выкарыстоўваць механізмы прававой абароны для адстойвання сваіх правоў незалежна ад таго, прайшлі яны рэгістрацыю ці не. Не варта забараняць аб'яднанне толькі па той прычыне, што яно не мае статусу юрыдычнай асобы.

У 2011 годзе Венецыянская камісія Савета Еўропы ў спецыяльным заключэнні па артыкуле 193-1 Крымінальнага кодэкса Беларусі заявіла, што "само існаванне артыкула 193-1 аказвае замарожвальнае ўздзеянне на дзейнасць няўрадавых арганізацый" і што "абмежаванне з'яўляецца настолькі жорсткім, што яно не толькі абмяжоўвае свабоду. аб'яднанняў, але і свабоду меркаванняў і іх выказванні ў неапраўданай ступені". Глядзіце падрабязней: Меркаванне аб адпаведнасці ўніверсальным стандартам у галіне правоў чалавека артыкула 193-1 Крымінальнага кодэкса аб правах незарэгістраваных аб'яднанняў у Рэспубліцы Беларусь, прынятае Венецыянскай камісіяй на 88-й пленарнай сесіі (Венецыя, 14-15 кастрычніка 2011 года)

Глядзiце таксама

Фотапраект «Партрэты моцы»: Таццяна Нядбай, Беларускі ПЭН
11 кастрычніка 2024, 11:54
Фотапраект «Партрэты моцы»: Таццяна Нядбай, Беларускі ПЭН
Фонд Дамоў правоў чалавека зладзіў фотаконкурс партрэтаў жанчынаў-праваабаронцаў. Ад Беларускага дому правоў чалавека ў ім узяла ўдзел Таццяна Нядбай.
«Пакуль не перастануць саджаць за праваабарончую дзейнасць». Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі-2024
02 жніўня 2024, 09:27
«Пакуль не перастануць саджаць за праваабарончую дзейнасць». Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі-2024
Чацвёртага жніўня адзначаецца Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. У гэты дзень у 2011 годзе быў першы раз арыштаваны Алесь Бяляцкі.
Патрабуем скасаваць прысуд Леаніда Судаленкі, спыніць дзяржаўнае самавольства і пераслед праваабаронцаў
25 чэрвеня 2024, 11:47
Патрабуем скасаваць прысуд Леаніда Судаленкі, спыніць дзяржаўнае самавольства і пераслед праваабаронцаў
Мы патрабуем адмяніць прысуд і спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы Леаніда Судаленкі.
Праваабаронца Анара Мамедлі пакінулі пад вартай, а Алега Арлова этапавалі ў Сызрань: дайджэст міжнародных навінаў
27 мая 2024, 11:58
Праваабаронца Анара Мамедлі пакінулі пад вартай, а Алега Арлова этапавалі ў Сызрань: дайджэст міжнародных навінаў
"Вясна" падрыхтавала чарговы дайджэст аб пераследзе праваабаронцаў на постсавецкай прасторы і набольш значных парушэннях правоў чалавека.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці