Беларускі Хельсінкскі Камітэт: Агляд трэндаў дзяржаўнай палітыкі ў галіне правоў чалавека за верасень — снежань 2024 года

12 сакавіка 2025, 12:00
Беларускі Хельсінкскі Камітэт: Агляд трэндаў дзяржаўнай палітыкі ў галіне правоў чалавека за верасень — снежань 2024 года

Беларускі Хельсінкскі Камітэт апублікаваў агляд трэндаў за верасень — снежань, 2024, а таксама кароткую прэзентацыю за ўвесь 2024 г.

У трэцім трыместры стала асабліва заўважна, што ў легалізацыі рэпрэсій дзяржава ідзе па другім коле, то бок уносіць яшчэ больш жорсткія змены ва ўжо і так змянёныя раней у рэпрэсіўным ключы нормы.

На малюнку, згенераваным Shutterstock.AI, стомлены дзік не можа сысці з разагнанай каруселі. Важна разумець, што нам усім добра было б не проста злезці з каруселі, але і спыніць саму карусель.

Вядома, гэтая метафара спрашчае рэчаіснасць. Даведайцеся пра ўсе трэнды на trends.belhelcom.org.

 

Падпішыцеся на аналітыку трэндаў з правамі чалавека ў Беларусі ад Беларускага Хельсінкскага Камітэту

 

Сярод трэндаў 

Сферы легалізацыі рэпрэсій у 2024 годзе: гендэрная ідэнтычнасць, сэксуальная арыентацыя, рэпрадуктыўны выбар, персанальныя дадзеныя, паўнамоцтвы сілавікоў, працаўладкаванне, доступ да прафесіі для розных груп, пашырэнне падстаў для крымінальнай адказнасці, меры сацыяльнай абароны адносна дзяцей, пенсіі, адукацыя, культура, беларусы за мяжой, свабода асацыяцыі для дзяцей.

→ Да канца году стала асабліва заўважна, што ў легалізацыі рэпрэсій дзяржава ідзе па другім коле, г.зн. уносіць яшчэ больш жорсткія змены ва ўжо і так змененыя раней у рэпрэсійным ключы нормы. Такім чынам умацоўваецца піраміда рэпрэсіўнага заканадаўства. Складана сцвердзіць, ці гэта ліквідацыя прабелаў у паспешліва прынятым рэпрэсіўным заканадаўстве ці проста неабходнасць пастаяннай “падкормкі” сістэмы на фоне вычарпання рэпрэсіўных інструментаў.

Фармалізаваная падстава для пераследу за паведамленне аб наяўнасці/ перасоўванні расійскай вайсковай тэхнікі на тэрыторыі Беларусі: уведзены новы склад “Несанкцыянаваны распаўсюд інфармацыі аб размяшчэнні альбо перамяшчэнні падраздзяленняў, узбраення, вайсковай тэхнікі і баепрыпасаў”. Да гэтага людзей пераследавалі за такія дзеянні па іншых артыкулах: спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці (арт. 361-4), удзел у экстрэмісцкім фармаванні (361-1), здрада дзяржаве (356). Гэта чарговая праява фармалізацыі супрацьпраўнасці дзеянняў для адвольнага рэтраспектыўнага пераследу. Гэта адбываецца, калі асобныя дзеянні, не ахопленыя раней спецыяльнымі нормамі Крымінальнага кодэксу, караліся па іншых артыкулах, якія часцяком не звязаныя наўпрост з фактычнымі дзеяннямі.

→ Відавочна, улады шукаюць новыя падставы для завядзення палітычна матываваных крымінальных справаў на тых, хто вымушана з’ехаў. Істотна пашыраныя фармальныя прававыя абгрунтаванні для трансмежных рэпрэсій. Спіс злачынстваў, адказнасць за якія чалавек нясе паводле КК Беларусі пры здзяйсненні на тэрыторыі іншай дзяржавы, пашыраны з 3 да 17. Першапачаткова пры ўвядзенні гэтай  рэпрэсіўнай нормы (п. 1-1 арт. 6) да такіх складаў належалі тры склады, звязаныя з разгалошваннем службовай ці дзяржаўнай таямніцы. Цяпер гэта вельмі шырокі спектр, пад які падпадае практычна любая дзейнасць не толькі прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, але і экспертаў, праваабаронцаў і проста актыўных беларусаў, што жывуць за мяжой.

→ Новыя праявы набывае трэнд, які распачаўся з 2023 — адыход ад прынцыпу фармальнай роўнасці. Нягледзячы на шэраг пазітыўных зменаў заканадаўства па пытаннях крымінальнай адказнасці (змякчэнне пакарання, альтэрнатыўныя пакаранні), многія такія змякчэнні не распаўюджваюцца на людзей, якія здзейснілі “злачынствы экстрэмісцкай скіраванасці”, г.зн. фактычна на палітычна матываваныя крымінальныя справы. Такое выключэнне наўпрост прапісанае ў палажэннях, якія датычаць адмены пакарання ў выглядзе пазбаўлення свабоды і адмены заключэння пад варту як меры стрымання.

→ Атрымлівае новае развіццё палітыка і практыка пераследу ЛГБТК+ супольнасці. Па-першае, на заканадаўчым узроўні пашыраны пералік інфармацыі, якая можа прынесці шкоду здароўю і развіццю дзіцяці — дададзеная інфармацыя “скіраваная на прапаганду гомасэксуальных стасункаў, змены полу, педафіліі, бяздзетнасці”. Па-другое, у апошнім трыместры 2024 г. узмацніўся прамы пераслед ЛГБТК+ супольнасці (затрыманні, арышты).

→ Пашыраецца (і тэрытарыяльна, і прадметна) прымяненне неправавых пазасудовых працэдур, не забяспечаных ніякімі працэсуальнымі гарантыямі - пашыраныя кампетэнцыя і тэрміны працы Камісіі па вяртанні: дзейнасць Камісіі становіцца пастаяннай; у Камісію цяпер могуць звяртацца не толькі беларусы, якія знаходзяцца за мяжой, але і беларусы ўнутры краіны "у адпаведнасці з даручэннем прэзідэнта"; пашырылася кола пытанняў, па якіх Камісія можа прымаць рашэнні ў тым ліку з'яўляецца магчымасць прыняцця "іншых рашэнняў, абумоўленых рэалізацыяй рашэнняў прэзідэнта".

 

Пра агляд

У гэтым аглядзе праваабаронцы БХК асвятляюць найбольш значныя змены ў беларускай дзяржаўнай палітыцы ў галіне правоў чалавека і рэакцыі на яе з боку міжнароднай супольнасці па трох кірунках:

  • Агульныя меры: сістэмныя змены — заканадаўства, стратэгіі, палітыкі, якія вызначаюць умовы і перадумовы рэалізацыі правоў чалавека ў краіне;

  • Правапрымяняльная практыка: канкрэтныя парушэнні грамадзянскіх, палітычных, сацыяльных, эканамічных і культурных правоў;

  • Ключавыя рашэнні і рэакцыі міжнародных структур: звязаныя з сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі.

Аналітыка БХК дапаможа лепш зразумець трэнды ў галіне правоў чалавека, адсочваць сістэмныя і якасныя змены сітуацыі, а таксама пашырыць праваабарончы фокус аналітыкі ў сумежных галінах (палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай сферы і г.д.). Яна будзе карыснай для выпрацоўкі стратэгій і пазіцый.

Арыгінальная публікацыя на сайце Беларускага Хельсінкскага Камітэта.

Глядзiце таксама

Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Люты 2025
12 сакавіка 2025, 11:54
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Люты 2025
Cітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца вельмі цяжкай: працягваюцца рэпрэсіі супраць удзельнікаў пратэстаў 2020 года, пераслед іншадумцаў/
Беларускі ПЭН: Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, 2024 год
10 сакавіка 2025, 08:33
Беларускі ПЭН: Маніторынг парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Беларусь, 2024 год
Матэрыял падрыхтаваны на падставе абагульненых звестак, сабраных маніторынгавай групай Беларускага ПЭНа на працягу 2024 года.
«Нармальна не ўпісвацца ў нормы». Наста Базар — новы сезон «Жанчыны ў праваабароне»
04 сакавіка 2025, 10:00
«Нармальна не ўпісвацца ў нормы». Наста Базар — новы сезон «Жанчыны ў праваабароне»
Падкаст «Вясна прыйдзе» вяртаецца з новым сезонам «Жанчыны ў праваабароне».
Як мяняецца рэпрэсіўная практыка ўладаў Беларусі: разбіраемся разам з праваабаронцамі
04 сакавіка 2025, 09:40
Як мяняецца рэпрэсіўная практыка ўладаў Беларусі: разбіраемся разам з праваабаронцамі
Першая хваля адміністрацыйнага і крымінальнага пераследу і запалохвання грамадства, якая адбылася ў 2020-2022 гадах, ужо не можа задаволіць беларускія улады.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці