Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 ліпеня 2025 года

03 жніўня 2025, 14:49
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 1–15 ліпеня 2025 года

На 15 ліпеня 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 39, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію»)  – не менш за 156.

9 ліпеня 2025 года палітзняволеным быў прызнаны лідар гурта «Палац», даследчык фальклору Алег Хаменка. Супраць яго распачата крымінальная справа за супрацу з незалежным СМІ.

Папулярызатар беларускай мовы Ігар Случак абвешчаны ў міжнародны вышук на падставе палітычна матываванай крымінальнай справы. 

З’явілася інфармацыя пра пагаршэнне стану здароўя даследчыцы Валерыі Касцюговай, якая адбывае зняволенне ў жаночай калоніі № 4 у Гомелі.

Міністэрства ўнутраных спраў абвясціла «экстрэмісцкім фарміраваннем» беларускі фолк-панк-гурт «Dzieciuki»

У Мінску ў галерэі «Парасон» забаранілі вечарыну, прысвечаную паэтцы Ларысе Геніюш.


І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 9 ліпеня 2025 года палітзняволеным прызнаны Алег Хаменка – лідар фольк-мадэрн гурта «Палац», выкладчык, даследчык беларускага фальклору, кампазітар, аўтар тэкстаў па культуралогіі, радыёвядоўца. Ён быў затрыманы ў Мінску 25 чэрвеня, супраць яго заведзена крымінальная справа за супрацу з незалежным беларускім медыя са спісу «экстрэмісцкіх фарміраванняў». Утрымліваецца ў СІЗА № 1. 

2. 14 ліпеня стала вядома, што папулярызатар беларускай мовы Ігар Случак абвешчаны ў міжнародны вышук на падставе палітычна матываванай крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Крымінальная справа была распачата 22 траўня 2024 года.

II. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

1. 13 ліпеня вызвалены трыма тыднямі раней журналіст, эсэіст, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі, трэвэл-блогер Ігар Карней распавёў на сваёй facebook-старонцы пра харчаванне ў калоніях Беларусі: «сістэма, асабліва ў Беларусі, працуе на тое, каб пазбавіць асуджанага самага элементарнага. У тым ліку па частцы ежы, чаму і выходзяць людзі з-за кратаў у масе сваёй знясіленыя. […] Што да мяса, то ў алюмініевую місу яно ўмоўна даходзіць у выглядзе так званага “белага мядзведзя” – варанае сала квінтэсэнцыі напаўпразрыстага тлушчу. Адрозна ад пярловага гароху, нават стан устойлівага голаду не мог перасіліць агіду ад гэтай біямасы. […] Апынуўшыся зноў у чалавечых умовах, натуральная спакуса – увапхнуць у сябе ўсё, пра што ў няволі заставалася толькі мроіцца: здаравенны кавалак мяса, нармальную рыбіну, яечню са скваркамі, бліны самі па сабе, боршч чырвоны (!), салат з усяго са смятанай; клубніцы, чарэшню, родны яблык. І ўсё гэта адначасова запіць кефірам, таматным сокам, колай і півам. Галоднае вар’яцтва, якое ўрэшце хутка праходзіць, але няўжо ў ХХІ стагоддзі трэба даводзіць да такога здзеку?» 

2. З’явілася інфармацыя пра пагаршэнне здароўя даследчыцы Валерыі Касцюговай у жаночай калоніі № 4 у Гомелі. «Ёй увесь час патрэбны асаблівы догляд, дыета, а гэта ўсё таксама не ўлічваецца. Аблегчанага рэжыму працы ёй не даюць. Таксама на пагаршэнне здароўя ўплывае якасць ежы, недахоп сну і адпачынку. Плюс псіхалагічны стан», – паведаміла крыніца. Валерыя Касцюгова – заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці «Наше мнение», рэдактарка і аўтарка зборніка аналітычных аглядаў пра развіццё сітуацыі ў Беларусі за год «Беларусский ежегодник», кіраўніца групы экспертаў «Беларусь у фокусе». 30 чэрвеня 2021 года яе затрымалі ў Мінску. 17 сакавіка 2023 года ў Мінскім гарадскім судзе паводле крымінальных спраў даследчыц Валерыі Касцюговай і Таццяны Кузінай быў вынесены прысуд. Кожную з экспертак асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, прызналі вінаватымі на падставе трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 357 (дапамога дзеянням, учыненым з мэтай захопу ўлады), ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці і разладу).

III. Рэпрэсіі ў сферы музыкі

10 ліпеня Міністэрства ўнутраных спраў абвясціла беларускі фолк-панк-гурт «Dzieciuki» «экстрэмісцкім фармаваннем» у складзе Аляксандра Дзянісава, Уладзіслава Берната, Дзяніса Шматко, Цімафея Штарова, Аляксея Пудзіна і Пятра Дудановіча. Гурт «Dzieciuki вызначаецца народнымі беларускімі матывамі і гістарычнымі тэмамі ў тэкстах.

IV. Цэнзура, адмена культурніцкіх імпрэз 

8 ліпеня ў Мінску ў галерэі «Парасон» забаранілі вечарыну, прысвечаную паэтцы Ларысе Геніюш. Планавалася, што весці вечарыну будзе паэт і даследчык літаратуры Міхась Скобла. Абвестка пра вечарыну выклікала ўвагу праўладных прапагандыстаў. Ларыса Геніюш (1910–1983) – беларуская паэтка і палітычная дзяячка. Была арыштаваная ў Празе ў 1948 годзе, экстрадаваная ў БССР, у лютым 1949 годзе Вярхоўны суд БССР асудзіў яе на 25 гадоў зняволення ў лагерах за «дапамогу міжнароднай буржуазіі». У зняволенні пісала вершы, якія ў рукапісным выглядзе распаўсюджваліся сярод вязняў. Вершы Ларысы Геніюш вязні называлі «глюкозаю», бо яны давалі сілы для жыцця. Была вызваленая ў 1956 годзе, жыла ў Зэльве, да канца жыцця адмаўлялася прымаць савецкае грамадзянства. Не рэабілітаваная да гэтага часу. 

Арыгінал публікацыі на сайце Беларускага ПЭНу.

Падзялiцца

Глядзiце таксама

«Вясна» распавядае ў лічбах пра пяць гадоў масавых рэпрэсій у Беларусі
11 жніўня 2025, 10:02
«Вясна» распавядае ў лічбах пра пяць гадоў масавых рэпрэсій у Беларусі
За пяць гадоў праваабаронцы «Вясны» зафіксавалі больш за 100 тысяч фактаў рэпрэсій: ператрусаў, каротка- і доўгатэрміновых затрыманняў, допытаў і іншых відаў перасьледу.
Вакансія ў Беларускім доме правоў чалавека імя Барыса Звозскава: Эксперт(ка) па арганізацыйным развіцці
07 жніўня 2025, 11:41
Вакансія ў Беларускім доме правоў чалавека імя Барыса Звозскава: Эксперт(ка) па арганізацыйным развіцці
Мэта пазіцыі: Удасканаленне арганізацыйнай структуры і прынцыпаў кіравання ў БДПЧ праз аналіз, распрацоўку новага рэгламента размеркавання адказнасцей і прыняцця рашэнняў і суправаджэнне ў працэсе змен.
Вакансія ў Беларускім доме правоў чалавека імя Барыса Звозскава: Эксперт(ка) па кіраванні чалавечым патэнцыялам (HR)
07 жніўня 2025, 10:55
Вакансія ў Беларускім доме правоў чалавека імя Барыса Звозскава: Эксперт(ка) па кіраванні чалавечым патэнцыялам (HR)
Мэта пазіцыі: Паляпшэнне сістэмы кіравання чалавечым патэнцыялам у БДПЧ праз дыягностыку патрэб, распрацоўку HR-інструментаў і кансультацыйную падтрымку каманды.
Прымусовая праца ў беларускіх турмах: як рукамі зняволеных рэжым Лукашэнкі падтрымлівае вайну Расіі супраць Украіны
05 жніўня 2025, 11:10
Прымусовая праца ў беларускіх турмах: як рукамі зняволеных рэжым Лукашэнкі падтрымлівае вайну Расіі супраць Украіны
Праваабаронца "Вясны" Алег Мацкевіч прааналізаваў адкрытыя крыніцы інфармацыі і сведчанні былых палітзняволеных, і распавёў пра сувязь паміж прымусовай працай зняволеных у беларускіх турмах і задавальненнем ваенных патрэбаў Расійскай Федэрацыі, накіраваных на вайну супраць суверэннай Украіны.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці