Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 лютага 2024 года)

21 лютага 2024, 17:55
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 лютага 2024 года)

На 15 лютага 2024 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 36, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 159.

Паэтка і арганізатарка культурніцкіх імпрэз Аксана Ючкавіч абвінавачваецца паводле крымінальнай справы, яе змясцілі ў следчую турму № 8 у Жодзіне.

Вынесены прысуд мастачцы Ганне Крук – 3 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»).

Супраць пісьменніка Сашы Філіпенкі распачата крымінальная справа.

Відэааператару і кінадакументалісту Яўгену Глушкову прад’яўлена абвінавачанне.

Барыс Хамайда аштрафаваны на 15 базавых велічынь (600 рублёў = 183 долары).

Адбыўся адміністрацыйны суд над грамадскім актывістам і гісторыкам Васілём Паляковым.

Закрылі выставу «1,10 квадрата», прымеркаваную да 110-годдзя карціны Казіміра Малевіча «Чорны квадрат».

Датэрмінова закрылі выставу «Жыццё праз абрысы і лініі», прымеркаваную да 100-годдзя народнага пісьменніка Васіля Быкава.

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 3 лютага стала вядома, што затрыманая 23 студзеня Аксана Ючкавіч абвінавачваецца паводле крымінальнай справы на падставе арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Яе змясцілі ў следчую турму № 8 у Жодзіне. Аксана Ючкавіч – паэтка, арганізатарка культурніцкіх імпрэз, журналістка, аўтарка зборніка дзіцячых вершаў «Святы Мікалай, да нас завітай!», адна са стваральніц дзіцячай хрысціянскай відэаперадачы «Анёлкі з вясёлкі». Займалася навуковымі даследаваннямі ў галіне беларускай філалогіі і выкладала на курсах польскай мовы. У 2020 годзе была сярод затрыманых на Дзяды ў Курапатах і правяла 9 сутак за кратамі.

2. 5 лютага ў Наваполацку пачаўся суд у крымінальнай справе музыкі гурта «Paranoia Dolls» Дзмітрыя Шалака, які абвінавачваецца паводле арт. 369 (знявага прадстаўніка ўлады) і ч. 1 арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта). 

3. 8 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёна Мінска вынесены прысуд мастачцы Ганне Крук паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія парушылі грамадскі парадак, або ўдзел у іх) – 3 гады абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія»). Ганну Крук затрымалі ўвечары 29 лістапада 2023 года ў кавярні «Маркс» у Мінску, судзілі паводле арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (несанкцыянаванае пікетаванне). Паводле пратакола, Ганна Крук «дэманстравала карціну з БЧБ-сцягам, што стала даступна неабмежаванаму колу асоб». Яе арыштавалі на 13 сутак. 5 студзеня 2024 года стала вядома, што ў дачыненні да Ганны Крук распачата крымінальная справа. 

4. 13 лютага стала вядома, што ў Магілёве відэааператару і кінадакументалісту Яўгену Глушкову прад’яўлена абвінавачанне – удзел у «экстрэмісцкім фарміраванні». У дачыненні да журналіста меркавана распачалі крымінальную справу паводле арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім). Яўген Глушакоў быў затрыманы 4 студзеня ў Магілёве. Ён вядомы тым, што здымаў сюжэты пра культуру, беларускую гісторыю, рок-гурты, правы чалавека, быў актыўным удзельнікам інтэрнэт-супольнасці «Ліштва», прысвечанай драўлянай архітэктурнай спадчыне Магілёва. 

5. 14 лютага стала вядома, што супраць пісьменніка Сашы Філіпенкі распачата крымінальная справа. Паводле слоў Сашы Філіпенкі, дакументы, датычныя крымінальнай справы, падпісваў яго бацька падчас размовы з міліцыянтамі ў РУУС. Дома ў бацькі (дзе Саша Філіпенка прапісаны) прайшоў ператрус. «Тата расказаў, што калі з ім размаўлялі ў РУУС, перад ім паклалі раздрукаваныя фатаграфіі мяне з прэзідэнтам Швейцарыі, з Ціханоўскай, з міністрам культуры Германіі. Бацьку тыцкалі пальцам у гэтыя фота, задавалі пытанні. Тата падпісаў пратакол, што супраць мяне распачата крымінальная справа; паводле якога артыкула яна распачата, мы да гэтага часу не ведаем, ведаем толькі, што, акрамя гэтага, яшчэ дзве іншыя справы ў працэсе завядзення», – распавёў Саша Філіпенка ў інтэрв’ю выданню «Новая газета».

II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры

1. 2 лютага ў судзе Першамайскага раёна Віцебска вынесена рашэнне паводле адміністрацыйнай справы, распачатай 24 студзеня ў дачыненні да грамадскага актывіста і распаўсюдніка літаратуры Барыса Хамайды на падставе ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях за падпіскі на незалежныя інфармацыйныя рэсурсы. Рашэнне суда – штраф 15 базавых велічынь (600 рублёў = 183 долары).

2. 9 лютага ў Гомелі адбыўся чарговы суд над грамадскім актывістам і гісторыкам Васілём Паляковым паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюджанне экстрэмісцкай прадукцыі). 23 студзеня 2024 года ён быў пакараны 15-суткавым арыштам. Васіль Палякоў – былы настаўнік гісторыі, звольнены з палітычных матываў.

III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

У Віцебску за відэаролікі 2021–2022 гадоў з выявай бел-чырвона-белага сцяга затрыманы блогер Віталь Усціновіч. Ён суткі правёў за кратамі, перад судом апублікаваў ролік, дзе распавёў пра затрыманне: «Правялі тлумачальную працу, склалі пратакол. Адпаведна, мітынг праводзіў з дапамогай сцяга. Хаця там ніякай палітыкі не было». У Віталя Усціновіча забралі тэлефон, на які ён здымаў свае відэа, суд перанеслі.

IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных

1. 8 лютага стала вядома пра ўмовы ўтрымання ў калоніі журналіста і эсэіста Андрэя (Анджэя) Пачобута. Пра гэта паведаміла ў Facebook жонка палітзняволенага Аксана Пачобут: «Сёння роўна год, як агучылі прысуд на 8 гадоў зняволення для Анджэя. З тае пары, як ён паехаў адбываць пакаранне ў наваполацкую калонію, у яго не было ніводнага спаткання, ніводнага званка, ніводнай перадачы, нават з рэчамі. Пазбаўляюць абсалютна ўсяго».

2. Палітзняволеная флейтыстка і грамадская дзяячка Марыя Калеснікава знаходзіцца ў інфармацыйнай блакадзе, апошні ліст на волю ад яе прыйшоў 15 лютага 2023 года. Спатканні з бацькам – пад забаронай. Марыю Калеснікаву затрымалі 7 верасня 2020 года, асудзілі на 11 гадоў пазбаўлення волі.

V. Цэнзура

1. 2 лютага ў Палацы мастацтва ў Мінску закрылі выставу «1,10 квадрата», прымеркаваную да 110-годдзя карціны «Чорны квадрат» Казіміра Малевіча. Выстава адкрылася 1 лютага і мелася працаваць да 3 сакавіка. Яе закрылі пасля дзвюх дзён працы, у сацыяльных сетках Палаца мастацтва з’явілася абвестка, што праект прыпынены з «тэхнічных прычын».

2. 5 лютага ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры датэрмінова закрылася выстава «Жыццё праз абрысы і лініі», прымеркаваная да 100-годдзя народнага пісьменніка Васіля Быкава. Выстава адкрылася 25 студзеня і мелася працаваць да 5 траўня, але экспазіцыя дзейнічала толькі 10 дзён. Выстава раскрывае пісьменніка як мастака, на ёй былі рэпрэзентаваны 70 графічных і жывапісных прац Васіля Быкава.

Арыгінальная публікацыя на сайце Беларускага ПЭНу

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 верасня 2024, 14:30
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці