Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–31 жніўня 2024 года)

03 верасня 2024, 13:30
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–31 жніўня 2024 года)

На 31 жніўня 2024 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 38, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 164.

На 5 гадоў зняволення завочна асудзілі журналіста, літаратара, праваабаронцу Уладзіміра Хільмановіча.

Гітарыст Руслан Праўда асуджаны на абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатнюю хімію»).

Руслан Мусвідас, саліст Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра імя М. Фінберга, асуджаны на «хатнюю хімію».

Марыі Калеснікавай не перадаюць у калоніі лістоў і рвуць іх у яе на вачах.

Палітзняволенага краязнаўца Уладзіміра Гундара пазбавілі харчовых перадач да сакавіка 2025 года.

Суд прызнаў Instagram-акаўнт дызайнера Уладзіміра Цэслера «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Суд прызнаў «экстрэмісцкімі» тры кнігі гісторыка Ігара Мельнікава, які паўгода знаходзіцца за кратамі на падставе палітычна матываванай крымінальнай справы.

Кліп і песня на верш Янкі Купалы «Хто ты гэткі» (1908) прызнаны «экстрэмісцкімі».


І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 16 жніўня стала вядома, што Следчы камітэт пачаў так званае спецыяльнае вядзенне ў дачыненні да коміка Славы Камісаранкі на падставе трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх – «Знявага прэзідэнта». «Спецыяльнае вядзенне» пачынаецца ў дачыненні да людзей, якія знаходзяцца не ў Беларусі.

2. 19 жніўня ў Гродзенскім абласным судзе завочна асудзілі журналіста, літаратара, праваабаронцу Уладзіміра Хільмановіча. Яго прызналі вінаватым у «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці і тым жа – паўторна», ва ўваходжанні ў «склад экстрэмісцкага фарміравання». Паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361.4, ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса яму прысудзілі 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму са штрафам у памеры 1000 базавых велічынь, або 40 000 рублёў (~ 12 204 долараў). У яго канфіскавалі тэлевізар, пральную машыну, лядоўню, сістэмны блок, культурна-асветніцкі будынак у Навасёлках Мастоўскага раёна і кватэру. Доказамі ў справе праходзяць скрыншоты з тэкстамі аўтарскага блога Уладзіміра Хільмановіча. Больш за 3 гады Уладзімір Хільмановіч жыве не ў Беларусі.

3. 19 жніўня стала вядома, што гітарыст Руслан Праўда асуджаны паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) на «хатнюю хімію» (абмежаванне волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу). Тэрмін пакарання пакуль невядомы. Руслан Праўда граў у першым складзе гурта «Крама» з 1991 года, з 2004 года быў удзельнікам гурта «The Little Blues».

4. Саліст Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра імя М. Фінберга Руслан Мусвідас асуджаны паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) на «хатнюю хімію». Тэрмін пакарання пакуль невядомы.

5. Гісторык Ігар Мельнікаў каля 6 месяцаў знаходзіцца за кратамі, суд пачнецца 10 верасня. Ігара Мельнікава абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).

II. Адміністрацыйны пераслед

22 жніўня ў судзе Докшыцкага раёна паводле артыкула Адміністрацыйнага кодэкса за «распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў» асудзілі Генадзя Дзянскевіча, гаспадара аграсядзібы «Нарачанскі край» у вёсцы Станіслаўцы Докшыцкага раёна. Генадзь Дзянскевіч вядзе відэаканал на YouTube. Вынік суда пакуль невядомы.

III. Умовы ў месцах пазбаўлення волі

1. У Гомелі ў жаночай калоніі № 4 палітзняволенай музыкантцы і палітычнай дзяячцы Марыі Калеснікавай не перадаюць лістоў і рвуць іх у яе на вачах.

2. Палітзняволенага краязнаўца Уладзіміра Гундара пазбавілі харчовых перадач да сакавіка 2025 года.

IV. Цэнзура і пераслед за мастацкія творы

1. 17 жніўня суд Ленінскага раёна Магілёва прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» кам’юніці аматараў беларускамоўнай «Вікіпедыі»: суполку «УКантакце» і Telegram-канал «Вікіпедыя».

2. 23 жніўня суд Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» Instagram-акаўнт дызайнера Уладзіміра Цэслера.

3. 30 жніўня стала вядома, што суд Барысаўскага раёна прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» песню і кліп «Не быць скотам» гурта «Ляпіс Трубяцкі». Песня створана на верш класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы «Хто ты гэткі?», напісаны ў 1908 годзе.

4. 30 жніўня стала вядома, што суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў «экстрэмісцкімі» тры кнігі гісторыка Ігара Мельнікава: Нiчыпарук П. К., Мельнiкаў I. B. Адысея палешука. Мінск: Альфа-кніга, 2017; Мельнікаў, I. B. Забыты корпус: гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919–1920 гадах. Мінск: Альфа-кніга, 2018; Мельнiкаў, I. B. На «мяжы цывілізацый». Старонкі гісторыі даваеннага савецка-польскага кардона ў Беларусі. Мінск: Альфа-кніга, 2020. Ігар Мельнікаў паўгода знаходзіцца за кратамі на падставе палітычна матываванай крымінальнай справы, 10 верасня пачнецца суд.

V. Вымушаная эміграцыя дзеячаў культуры

Акцёр Купалаўскага тэатра, удзельнік дуэта «ЧинЧинЧенэл» Дзмітрый Есяневіч пад пагрозай рэпрэсій пакінуў Беларусь. Акцёра затрымалі ў траўні 2024-га пасля вяртання з-за мяжы, куды ён выязджаў на гастролі. Ён адбыў адміністрацыйны арышт на Акрэсціна.

VI. Звальненні дзеячаў культуры

Андрэй Гузій звольнены з пасады кіраўніка  Беларускага дзяржаўнага моладзевага тэатра.

Арыгінальная публікацыя на сайце Беларускага ПЭНу

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 верасня 2024, 14:30
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці