Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–31 жніўня 2025 года

31 жніўня 2025, 21:00
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–31 жніўня 2025 года

На 31 жніўня 2025 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 41, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 160.

Рэдактара і аўтара беларускай Вікіпедыі Максіма Лепушэнку асудзілі на 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі («хатняя хімія»).

Паводле крымінальнай справы затрымалі дырэктара вытворчасці ювелірнага брэнда «Belaruskicry» Ягора Бужылава. 

Акторку і мадэль Кацярыну Явід асудзілі на абмежаванне волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі («хатняя хімія»).

Сайт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ehu.lt і шэраг платформаў ЕГУ ў сацыяльных сетках абвешчаны «экстрэмісцкімі». 

Са сцяны касцёла ў Браславе знікла шыльда з надпісамі на польскай і беларускай мовах. 


І. Крымінальны пераслед дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 19 жніўня стала вядома, што 8 жніўня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска вынесены прысуд паводле справы рэдактара і аўтара беларускай Вікіпедыі Максіма Лепушэнкі: 2,5 года абмежавання волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі («хатняя хімія»). Максім Лепушэнкааўтар тэкстаў пра гісторыю, культуру, літаратуру, біяграфічных артыкулаў пра сучасных беларускіх літаратараў. Затрыманы 5 траўня 2025 года, змешчаны ў СІЗА № 1, абвінавачаны паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) за ўдзел у мірных пратэстах 2020 года.

2. 22 жніўня музыка Міхаіл Стоцік быў унесены ў пералік «грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Міхаіл Стоцік асуджаны ў судзе Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Меркавана ён быў асуджаны ў сярэдзіне 2025 года на абмежаванне волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі («хатняя хімія»). Ён музыка, трымаў у Мінску студыю аўдыязапісу. Верагодна, ён жа граў у свой час у мінскім гурце «ProSSpekt».

3. 27 жніўня стала вядома пра затрыманне дырэктара вытворчасці ювелірнага брэнда «Belaruskicry» Ягора Бужылава, які вярнуўся ў Беларусь. 26 ліпеня КДБ абвясціў ювелірны брэнд «Belaruskicry» «экстрэмісцкім фарміраваннем». 

4. 30 жніўня стала вядома, што ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска на абмежаванне волі без накіравання ў месцы пазбаўлення волі («хатняя хімія») асудзілі акторку і мадэль Кацярыну Явід паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) за ўдзел у мірных пратэстах 2020 года. Кацярына Явід знялася ў 12 фільмах і серыялах. 

ІІ. Рэпрэсіі ў музычнай сферы 

18 жніўня пракуратура Гомельскага раёна падчас маніторынгу выявіла ў інтэрнэце дзве песні расійскага выканаўцы, напісаныя ў 2020 годзе, якія, на думку пракурораў, «змяшчаюць у сабе знявагі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, загадзя ілжывыя звесткі пра сацыяльную і палітычную сітуацыю ў дзяржаве, заклікі да гвалтоўнай змены канстытуцыйнага ладу ў краіне». На падставе заявы пракуратуры Гомельскага раёна суд прызнаў музычныя кампазіцыі «экстрэмісцкімі матэрыяламі». 

III. Прызнанне «экстрэмісцкімі» культурных і адукацыйных інстытуцый

22 жніўня стала вядома, што сайт Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта ehu.lt і шэраг платформ ЕГУ ў сацыяльных сетках абвешчаны «экстрэмісцкімі». У пастанове суда Цэнтральнага раёна Мінска называюцца наступныя платформы: інтэрнэт-сайт ehu.lt; акаўнт @Ehuofficial у сацыяльнай сетцы Instagram; акаўнт @Ehuofficial у сацыяльнай сетцы Facebook; акаўнт у сацыяльнай сетцы Linkedin; канал @EHUCampaigner на відэахостынгу YouTube.

IV. Знішчэнне мясцін памяці

23 жніўня ўдзельнікі пілігрымкі заўважылі, што са сцяны касцёла ў Браславе знікла гранітная шыльда, на якой былі надпісы на польскай і беларускай мовах: «У памяць палякаў, якія аддалі Браслаўскай зямлі і Рэчы Паспалітай сваю працу, змаганне і жыццё». У 2009 годзе шыльду прывезлі з Польшчы і ўсталявалі сябры Нацыянальнай асацыяцыі браслаўцаў Польшчы (Krajowe Stowarzyszenie Brasławian) – ураджэнцаў Браслаўшчыны і іх нашчадкаў.

Арыгінальная публікацыя на сайце Беларускага ПЭНу

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMCT): «Беларусь ператварае катаванні ў публічнае відовішча»
05 снежня 2025, 21:00
Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (OMCT): «Беларусь ператварае катаванні ў публічнае відовішча»
Сусветная арганізацыя супраць катаванняў (ОМСТ) апублікавала брыфінг, як беларускі рэжым ператварыў публічную дэманстрацыю прымусовых прызнанняў у жорсткі інструмент псіхалагічных катаванняў і палітычных рэпрэсій.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў лістападзе 2025 года
05 снежня 2025, 21:00
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў лістападзе 2025 года
У Беларусі захоўваецца цяжкая сітуацыя з правамі чалавекa.
Дзень юрыста ў Беларусі: як мінімум 18 адвакатаў і юрыстаў застаюцца за кратамі
05 снежня 2025, 21:00
Дзень юрыста ў Беларусі: як мінімум 18 адвакатаў і юрыстаў застаюцца за кратамі
Напярэдадні Дня юрыста "Вясна" распавядае, хто сёння застаецца за кратамі і якім чынам юрыдычная дзейнасць ператварылася ў падставу для пераследу.
Тлумачыць «Вясна»: Скасаванае памілаванне? Як улады праігнаравалі ўласныя законы ў справе Статкевіча
26 лістапада 2025, 02:00
Тлумачыць «Вясна»: Скасаванае памілаванне? Як улады праігнаравалі ўласныя законы ў справе Статкевіча
Юрыстка "Вясны" Святлана Галаўнёва разбірае сітуацыю з Мікалаем Статкевічам згодна з нацыянальным заканадаўствам. 

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці