Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–29 лютага 2024 года)

01 сакавіка 2024, 12:58
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (15–29 лютага 2024 года)

На 29 лютага 2024 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 36, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 161.

Памёр палітзняволены публіцыст Ігар Леднік, асуджаны за публікацыю «Міжнародна прызнаны нейтралітэт Беларусі – гарантыя бяспекі ў рэгіёне АБСЕ». 

Вынесены прысуд у крымінальнай справе культуролага Ксеніі Ходыравай – 5 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за данаты. 

Музыку гурта «Минимум Дистанции» Жэню Шуму прысудзілі 3 гады абмежавання волі без змяшчэння ў папраўчую калонію («хатняя хімія»). 

У дачыненні да відэааператара і кінадакументаліста Яўгена Глушкова распачалі крымінальную справу. 

Барда Сяргея Чарняка арыштавалі на 15 сутак.

Гісторыка і грамадскага актывіста Васіля Палякова асудзілі трэці раз запар. 

Затрымалі мастачку-керамістку Алену Карпенку. 

Затрыманы музыка Аляксей Петрык, які спяваў песню «Муры».

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 16 лютага ў Мінскім гарадскім судзе вынесены прысуд у крымінальнай справе культуролага Ксеніі Ходыравай – 5 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за данаты на падставе двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 361.2 (фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання) і ч. 2 арт. 361.3 (фінансаванне ўдзелу на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні або ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях). Ксенія Ходырава была затрымана 10 кастрычніка 2023 года. Яе ўтрымлівалі спачатку ў СІЗА КДБ, потым – у СІЗА № 1. Ксенія Ходырава скончыла факультэт сацыякультурных камунікацый БДУ, спецыялізавалася на кафедры культуралогіі. Была адзначана ў намінацыі «Найлепшы выпускнік БДУ – 2018».

2. 16 лютага ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска адбыўся суд над музыкам гурта «Минимум Дистанции» Жэнем Шумам, якога затрымалі па вяртанні з Польшы. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў акцыях пратэсту ў 2020 годзе паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Жэню Шуму прысудзілі 3 гады абмежавання волі без змяшчэння ў папраўчую калонію («хатняя хімія»). 

3. 20 лютага стала вядома, што ў Магілёве ў дачыненні да відэааператара і кінадакументаліста Яўгена Глушкова распачалі крымінальную справу паводле арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне або ўдзел у экстрэмісцкім фарміраванні).

II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры

1. 22 лютага стала вядома, што ў Лідзе Гродзенскай вобласці барда Сяргея Чарняка арыштавалі паводле адміністрацыйнага артыкула на 15 сутак.

2. 23 лютага ў судзе Савецкага раёна Гомеля гісторыка і грамадскага актывіста Васіля Палякова асудзілі трэці раз паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджанне экстрэмісцкай прадукцыі) за падпіску на незалежныя інфармацыйныя інтэрнэт-рэсурсы. За кратамі Васіль Палякоў застаецца ўжо больш за 30 сутак.

3. 25 лютага ў Мінску пасля галасавання на выбарах затрымалі мастачку-керамістку Алену Карпенку, якую вінавацяць у тым, што яна зняла выбарчы ўчастак і даслала фота незалежным інфармацыйным інтэрнэт-рэсурсам. 

4. 26 лютага ў Гродне затрыманы вулічны музыка Аляксей Петрык, які спяваў песню «Муры». На відэа, знятым супрацоўнікамі міліцыі, Аляксей Петрык кажа, што яго затрымалі за рэпосты ў сацыяльнай сетцы «УКантакце». На відэа затрымання відаць, што  пры затрыманні людзі ў цывільным ударылі музыку, ён упаў на зямлю. Аляксея Петрыка змясцілі ў ІЧУ, яму ставіцца ў віну ўдзел у акцыях пратэсту і каментары ў інтэрнэце. У якім статусе знаходзіцца затрыманы, не вядома.

III. Рэпрэсіі за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

1. У Докшыцах Віцебскай вобласці на трое сутак арыштавалі былога настаўніка гісторыі Арцёма Стадольніка, яго асудзілі паводле арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (несанкцыянаванае пікетаванне) за допіс у Instagram ад 18 студзеня 2021 года – ён быў праілюстраваны здымкам машыны, на якой была налепка з гербам «Пагоня».

2. 28 лютага ў інтэрнэце з’явілася відэа ўзлому супрацоўнікамі міліцыі кватэры псіхолага з Гомеля Алы Марціновіч, а таксама фота разгромленых пакояў. На відэа зроблены акцэнт на прадметах у нацыянальных бел-чырвона-белых колерах: сурвэтках, абрусах, стужках. Але Марціновіч – псіхолаг з 20-гадовым стажам, удзельніца паслявыбарчых пратэстаў 2020 года. У 2021 годзе ў яе дома і на працы адбыліся ператрусы, яна правяла 15 сутак у ізалятары часовага ўтрымання, была звольнена з Інстытута павышэння кваліфікацыі. Праз палітычны пераслед мусіла выехаць з Беларус, у тэксце, якім суправаджаецца відэа разгрому кватэры, таксама робіцца акцэнт на нацыянальнай сімволіцы. Напісана, што Ала Марціновіч цяпер «прамывае мозг палітычнымі памыямі, курсуючы па краінах Еўропы з БЧБ-анучамі». Цяпер у дачыненні да Алы Марціновіч распачата крымінальная справа паводле арт. 361.1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім).

IV. Смерць у месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных

20 лютага памёр палітзняволены публіцыст Ігар Леднік, асуджаны за публікацыю «Міжнародна прызнаны нейтралітэт Беларусі – гарантыя бяспекі ў рэгіёне АБСЕ». Суд прызнаў, што ў артыкуле змяшчаліся «лжывыя звесткі, што ганьбяць і зневажаюць гонар і годнасць Лукашэнкі, у спалучэнні з абвінавачваннем у асабліва цяжкіх злачынствах, у тым ліку супраць бяспекі чалавецтва». Ігар Леднік быў затрыманы 12 красавіка 2022 года і асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі паводле арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп на прэзідэнта). Ён памёр у Мінскай раённай бальніцы, куды быў дастаўлены з калоніі ў Бабруйску, прычына смерці – спыненне сэрца. 

V. Звальненні ва ўстановах культуры. 

У Мінскім абласным тэатр лялек «Батлейка» не прадоўжылі працоўных кантрактаў з 7 супрацоўнікамі, дырэктарка тэатра звольнена з пасады.

Арыгінальная публікацыя на сайце Беларускага ПЭНу

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 верасня 2024, 14:30
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці