Праваабарончая арганізацыя Беларускі ПЭН падрыхтавала чарговы агляд парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры за другую палову верасня 2022 года.
Машына рэпрэсій не спыняецца. Улады ўзмацняюць змаганне з іншадумствам, за праявы якога жорстка караюць. Літаратару і праваабаронцу Алесю Бяляцкаму перакваліфікавалі артыкул абвінавачвання на больш жорсткі, цяпер яму пагражае ад 7 да 12 гадоў пазбаўлення волі. У дачыненні да спявачкі Мерыем Герасіменкі і мастака Генадзя Драздова завялі крымінальныя справы. Арыштавалі журналіста і пісьменніка Анатоля Санаценку і дзіцячага пісьменніка, настаўніка Дзмітрыя Юртаева. У Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі кнігу Анатоля Тараса «Кароткі курс гісторыі Беларусі IX–XXI стст.» («Краткий курс истории Беларуси IX–XXI вв.»). Працягваецца пераслед за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку, за антываенныя дзеянні і выказванні.
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. Алесю Бяляцкаму, літаратару і праваабаронцу, перакваліфікавалі на больш жорсткі артыкул абвінавачвання. Цяпер Алеся Бяляцкага вінавацяць у кантрабандзе (незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай) паводле ч. 4 арт. 228 Крымінальнага кодэкса і ў фінансаванні групавых дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, паводле ч. 2 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. На падставе гэтых артыкулаў палітвязню пагражае ад 7 да 12 гадоў зняволення. Алесь Бяляцкі арыштаваны за праваабарончую дзейнасць 14 ліпеня 2021 года і з таго часу ўтрымліваецца пад вартай – у СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску. Алесь Бяляцкі – літаратуразнаўца, даследчык гісторыі беларускай літаратуры, эсэіст, праваабаронца, старшыня Праваабарончага цэнтра «Вясна». Аўтар кніг «Літаратура і нацыя» (1991), «Прабежкі па беразе Жэнеўскага возера» (2006), «Асвечаныя беларушчынай» (2013), «Іртутнае срэбра жыцця» (2014), «Халоднае крыло радзімы» (2014), «Бой з сабой» (2016), «Турэмныя сшыткі» (2018). Пяць з гэтых кніг напісаны за кратамі.
2. 18 верасня стала вядома, што ў дачыненні да мастака Генадзя Драздова заведзена крымінальная справа. Гэта вынікае з відэа, якое 18 верасня з’явілася на праўладным тэлеграм-канале: мастак на ім кажа, што затрыманы «невядома за што». Таксама дэманструюцца кадры з яго кватэры, дзе відаць нацыянальныя сцягі і бел-чырвона-белыя стужкі, раскіданыя кнігі і партрэт Ніны Багінскай.
3. 23 верасня ў Мінскім гарадскім судзе пачаўся разгляд крымінальнай справы журналіста, рэдактара і літаратара Сяргея Сацука. Яго абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 2 арт. 430 (атрыманне хабару), ч. 2 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варожасці), ч. 2 арт. 426 (перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў). Сяргей Сацук – пісьменнік-фантаст, журналіст-расследавальнік, галоўны рэдактар электроннай газеты «Еженедельник». Працаваў рэдактарам аддзела журналісцкіх расследаванняў «Белорусской деловой газеты», галоўным рэдактарам партала «Ежедневник». У 1998–1999 гадах апублікаваў фантастычная раманы на рускай мове «Міратворцы Конуса» («Миротворцы Конуса») і «Спецпадраздзяленне Чысткі» («Спецподразделение Чистки») пад псеўданімам Сяргей Барнацін (Сергей Барнатин).
4. 27 верасня стала вядома, што ў дачыненні да спявачкі Мерыем Герасіменкі заведзена крымінальная справа. Прапагандысты пачалі распаўсюджваць на сваіх каналах так званае пакаяннае відэа, дзе спявачка кажа, што ўдзельнічала ў пратэстах 2020 года, а частку даходаў накіроўвала на набыццё беспілотнікаў для Украіны. Мерыем Герасіменку затрымалі 3 жніўня ў Мінску пасля канцэрта ў бары «Банкі-бутэлькі». Сярод песень, выкананых спявачкай на канцэрце, быў твор украінскага гурта «Океан Ельзи» – «Обійми». Відэа апублікавалі ў сацыяльных сетках, што выклікала абурэнне дзяржаўных прапагандыстаў.
5. 30 верасня Вярхоўны суд адхіліў апеляцыйную скаргу, пададзеную адвакатамі філосафа Уладзіміра Мацкевіча, і пакінуў у сіле абвешчаны раней прысуд. Пасля ўступлення прысуду ў законную сілу Уладзімір Мацкевіч будзе этапаваны ў калонію (паводле папярэдняй інфармацыі, у Шклоў). 23 чэрвеня 2022 года філосафа асудзілі на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Уладзімір Мацкевіч асуджаны паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх); ч. 1 арт. 361-1 (стварэнне і кіраванне экстрэмісцкім фарміраваннем) – маецца на ўвазе платформа народных прадстаўнікоў «Сход»; ч. 1 арт. 368 (абраза ў адрас кіраўніка дзяржавы). Уладзімір Мацкевіч – аўтар вялікай колькасці публіцыстычных артыкулаў і каля 50 навуковых прац па філасофіі, палітыцы, культуры і трансфармацыі адукацыі. Суаўтар серыі кніг па пытаннях грамадзянскай супольнасці, дыялогу і каштоўнасцей «Беларусь для пачаткоўцаў» (2006–2009). Аўтар шэрага відэакурсаў па філасофіі і трансфармацыі грамадства.
6. 21 верасня стала вядома, што паэт-пчаляр Мікола Папека адмовіўся пісаць прашэнне аб памілаванні. Пра гэта распавёў журналіст і аўтар нон-фікшн кніг Алег Груздзіловіч, які выйшаў на волю: «Мне дакладна вядома, што ў нас у калоніі тром чалавекам прапаноўвалі пісаць прашэнне, я ў іх ліку. Адзін чалавек пагадзіўся і прызнаў віну. Я пагадзіўся, але не прызнаў віну. Але яшчэ ёсць трэці, Мікола Папека з Брэсцкай вобласці, які цалкам адмовіўся. Сказаў, што яму засталося 3 месяцы і ён гатовы даседзець». Мікола Папека – паэт, пчаляр, заснавальнік літаратурнай «Мядовай прэміі», грамадскі актывіст. За зборнік «Чарнавікі» ў 2000 годзе быў уганараваны прэміяй «Гліняны Вялес – 1999». У 2001 годзе заснаваў штогадовую «Мядовую прэмію» (узнагарода пераможцам – пуд мёду). Лаўрэатамі прэміі могуць стаць толькі звязаныя з Брэстчынай літаратары. Міколу Папеку затрымалі 30 лістапада дома ў вёсцы Лінова Пружанскага раёна. 8 чэрвеня 2021 года Мікола Папека асуджаны паводле «карагоднай справы» (ч. 1 арт. 342 і ч. 1 арт. 75). «Карагодная справа» — адна з самых маштабных крымінальных спраў, звязаных з паслявыбарчымі акцыямі пратэсту ў Брэсце. 13 верасня ў Брэсце адбылося шэсце ў знак пратэсту супраць гвалту і фальсіфікацыі выбараў. Удзельнікі мірнай пратэставай акцыі выйшлі на скрыжаванне праспекта Машэрава і бульвара Касманаўтаў. Людзі спявалі песні, вадзілі карагоды, пакуль не прыехаў вадамёт і супрацоўнікі міліцыі не пачалі затрымліваць пратэстоўцаў.
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 12 верасня ў Бабруйску арыштаваны на 15 сутак журналіст і літаратар Анатоль Санаценка. 19 верасня сайт яго газеты «Бабруйскі кур’ер» (babruysk.by) перастаў адкрывацца як у Беларусі, так і за мяжой, прычыны блакавання сайта невядомыя. 27 верасня Анатоль Санаценка меўся выйсці на волю, але ў судзе Бабруйскага раёна і Бабруйска ён быў асуджаны на 14 сутак адміністрацыйнага арышту, пры гэтым яму не дазволілі скарыстацца паслугамі адваката. Анатоль Санаценка – паэт, празаік, драматург, перакладчык, рэдактар, галоўны рэдактар «Бабруйскага кур’ера». Выдаў пяць кніг вершаў па-руску, у 41 год пачаў пісаць па-беларуску. «Вяртанне на Радзіму» — першая кніга Анатоля Санаценкі на беларускай мове.
2. 21 верасня ў Мінску затрымалі дзіцячага пісьменніка, настаўніка прыватнай мінскай школы «Smart School» Дзмітрыя Юртаева (псеўданім Змітрок Бурачок). У «пакаянным» відэа ён кажа, што ўдзельнічаў у пратэстах, бо «балела сэрца за краіну». Дзмітрыя Юртаева змусілі на камеру чытаць уласныя вершы і апраўдвацца. Таксама ў праўладных каналах з’явіліся скрыншоты з яго сацыяльных сетак з крытыкай дзеянняў уладаў.
3. 22 верасня ў Мінску затрымалі пастара евангельскай царквы «Ян Прадвеснік», перакладчыка Бібліі на беларускую мову Антонія Бокуна. 23 верасня яго паводле рашэння суда аштрафавалі на 3200 рублёў.
4. 28 верасня ў Мінску за ўдзел у пратэстах 2020 года і распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў» затрымалі музыку з праекта «СамсонРок» Алега Самсонава,
III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку
1. 27 верасня стала вядома, што ў Магілёве за тату з беларускай нацыянальнай сімволікай затрыманы і асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту Яўген Гануля. На «пакаянным» відэа Яўген Гануля паказвае свае тату — кулак з бел-чырвона-белай стужкай і гербам «Пагоня», а таксама вялікі партрэт Кастуся Каліноўскага.
IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі
1. 21 верасня пасля 9 месяцаў за кратамі вызвалены журналіст, аўтар нон-фікш кніг Алег Груздзіловіч, які ў сакавіку 2022 года быў асуджаны на 1,5 года зняволення. Алег Груздзіловіч распавёў сваім калегам, якія ўмовы ў штрафным ізалятары і што азначае жоўтая бірка. «На мне была жоўтая бірка. Яна азначае, што я схільны да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці. Для вязня жоўтая бірка нясе шмат дадатковых пабытовых і арганізацыйных праблем. Ты мусіш быць увесь час на віду, у першых шэрагах у калоніі. Ты не можаш адзін перасоўвацца па нейкіх патрэбах па калоніі. Твой ложак на праходзе, а там заўсёды адчынена акно, скразняк, табе холадна. Калі ты ходзіш з біркай, да цябе дадаткова прычэпяцца, што ты гузік не зашпіліў, дрэнна надзеў кашулю. Да мяне так чапляліся, і мне пагражала ШІЗА. Вось гэтая кашуля мае кішэню, куды гэтая бірка ўстаўляецца. І ты мусіш увесь час з ёю хадзіць. Нават калі ты займаешся фізкультурай, у цябе мусіць быць такая штучка. Усё шыецца там, вельмі дрэннай якасці, гузікі слабыя, не зашпіляюцца, самі зэкі шыюць, усё зразумела. І гэтая бірка туды ўстаўляецца».
2. Краязнаўца Уладзімір Гундар 10 сутак быў у турэмным карцары. У знак пратэсту супраць несправядлівага пакарання карцарам ён трымаў галадоўку, усе 10 дзён піў толькі ваду. Уладзімір Гундар мае інваліднасць II групы, у яго ампутавана нага. Яго арыштавалі паводле «справы Аўтуховіча», абвінавачваюць у стварэнні злачыннай арганізацыі і ў замаху на змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам. Акрамя гэтага, Уладзімір Гундар пакараны 3 гадамі калоніі агульнага рэжыму за нібыта пагрозу следчаму падчас вобшуку ў кватэры.
3. 27 верасня стала вядома, што актывіст анархічнага руху, аўтар кнігі «Еду ў Магадан» («Еду в Магадан») Ігар Аліневіч абвясціў у калоніі галадоўку. Пра гэта паведаміла яго маці Валянціна Аліневіч на сваёй Facebook-старонцы. «У дадатак да папярэдняга допісу хачу дадаць, што Ігар яшчэ з 20-х дзён верасня ў знак пратэсту супраць дзеянняў адміністрацыі турмы перастаў прымаць ежу. Патрабаванні яго цалкам канкрэтныя, гарантаваныя законам, уключна з тым, што скаргі яго не адпраўляюцца на месца прызначэння. І ён, і ўсе мы разумеем, што ў краіне не да законаў».
V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
16 верасня стала вядома, што ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі кнігу Анатоля Тараса «Кароткі курс гісторыі Беларусі IX–XXI стст.» («Краткий курс истории Беларуси IX–XXI вв.»). Адпаведнае рашэнне вынес 12 верасня суд Кастрычніцкага раёна Віцебска. Гэта ўжо другая кніга Анатоля Тараса, залічаная ў «экстрэмісцкія». У траўні 2022 года «экстрэмізм» знайшлі ў зборніку яго артыкулаў «Беларусь на раздарожжы» («Беларусь на распутье»). У 2022 годзе ў Беларусі былі прызнаны «экстрэмісцкімі» кніга Віктара Ляхора «Ваенная гісторыя Беларусі. Героі. Сімвалы. Колеры» («Военная история Беларуси. Герои, символы, цвета»), зборнік Змітра Лукашука і Максіма Гарунова «Беларуская нацыянальная ідэя» і раман Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы».
VI. Цэнзура
23 верасня ў Мінску ў Музычным тэатры адмянілі прэм’еру аперэты венгерскага кампазітара Імрэ Кальмана «Герцагіня з Чыкага», якая мелася быць у Мінску 23 і 24 верасня, але адбыўся толькі прагляд спектакля чыноўнікамі з упраўлення культуры Мінгарвыканкама. Чыноўнікам ад культуры падалося, што ў спектаклі «Амерыка паказана ў пазітыўным сэнсе». Пасля гэтага тэатр паведаміў пра адмену паказу «паводле тэхнічных прычын». Адмянілі таксама паказ, запланаваны на кастрычнік. Наступны паказ у Мінску запланаваны на 11 лістапада, да гэтага спектаклю трэба надаць выгляд, адпаведны ўяўленням чыноўнікаў пра Амерыку.