Беларускі ПЭН апублікаваў чарговы аналітычны агляд аб стане правоў чалавека ў сферы культуры.
На 31 ліпеня 2023 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 32, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 127.
Змешчаны ў Следчы ізалятар Ігар Карней, журналіст, эсэіст, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі. У дачыненні да яго распачата крымінальная справа.
Паэт і музыка Мікіта Найдзёнаў асуджаны на 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Літаратар і фатограф Зміцер Баяровіч асуджаны на 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Гродзенскі абласны суд вынес прысуд: 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму культурнаму менеджару, журналісту і выдаўцу Паўлу Мажэйку; адвакатцы Юліі Юргілевіч, якая была абаронцай мастака-палітзняволенага Алеся Пушкіна, – 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму.
У Гомелі ў закрытым рэжыме пачаўся суд над папулярызатаркай беларускай культуры і гісторыі Ларысай Шчыраковай.
Зняволенага дзіцячага пісьменніка Дзмітрыя Юртаева ўнеслі ў так званы пералік асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці.
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 17 ліпеня 2023 года ў Мінску затрымалі Ігара Карнея, у яго доме правялі ператрус. Паводле першапачатковай інфармацыі, ён быў арыштаваны на 10 сутак. Ігар Карней – журналіст, эсэіст, аўтар тэкстаў пра культурна-гістарычную спадчыну Беларусі, трэвэл-блогер. 28 ліпеня 2023 года Ігара Карнея перавялі ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Мінску, у дачыненні да яго распачата крымінальная справа (пакуль няма інфармацыі, на падставе якога артыкула). 15 лістапада 2020 года Ігара Карнея затрымлівалі падчас Маршу смелых – адной з мірных акцый пратэсту ў Мінску. Паводле арт. 23.34 Адміністрацыйнага кодэкса (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) ён быў асуджаны на 10 сутак арышту, які адбываў у ізалятары часовага ўтрымання ў Жодзіне. Пасля вызвалення зрабіў рэпартаж «”Следующая остановка – ад”. Як я правёў 10 содняў у жодзінскім ізалятары», у якім распавёў пра бесчалавечныя ўмовы ўтрымання за кратамі.
2. 19 ліпеня 2023 года суд Ленінскага раёна Мінска вынес рашэнне ў крымінальнай справе паэта і музыкі Мікіты Найдзёнава: 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). Мікіта Найдзёнаў быў затрыманы ў Мінску 25 сакавіка 2023 года, асуджаны паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх). Мікіта Найдзёнаў – паэт, музыка, перакладчык, аўтар зборніка паэзіі «Развітанцы» (2016), былы фронтмен гурта «Hurma», аўтар шэрагу песень для розных выканаўцаў. Пераклаў на беларускую мову 16 песняў «The Beatles».
3. 20 ліпеня 2023 года суд Ленінскага раёна Мінска вынес рашэнне ў крымінальнай справе Змітра Баяровіча і Валерыі Баяровіч – па 3 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). Зміцер Баяровіч – фатограф, журналіст, літаратар, аўтар вершаў і празаічнага зборніка «Шалі» (2012). 14 сакавіка 2023 года Змітра Баяровіча і яго жонку Валерыю Баяровіч затрымалі ў Мінску каля пад’езда іх дома. Разгляд крымінальнай справы Змітра Баяровіча пачаўся 19 ліпеня 2023 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска, яго судзілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) за ўдзел у мірных пратэстах 2020 года.
4. 26 ліпеня Гродзенскі абласны суд вынес прысуд: 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму культурнаму менеджару, журналісту і выдаўцу Паўлу Мажэйку; адвакатцы Юліі Юргілевіч, якая была абаронцай мастака-палітзняволенага Алеся Пушкіна, – 6 гадоў калоніі агульнага рэжыму. Суд пачаўся 10 ліпеня 2023 года ў адкрытым рэжыме, але перад апошнім словам працэс зрабілі закрытым. Паўла Мажэйку і Юлію Юргілевіч судзілі паводле ч. 2 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, учыненае паўторна групай асоб па папярэдняй змове). Іх абвінавацілі ў перадачы звестак тэлеканалу «Белсат», з 3 лістапада 2021 года прызнанага ўладамі «экстрэмісцкім фармаваннем». Паводле матэрыялаў справы, Павел Мажэйка, «па папярэдняй змове з Юліяй Юргілевіч», з лютага па сакавік 2022 года перадаў для «Белсата» інфармацыю ад Юліі Юргілевіч пра пазбаўленне яе ліцэнзіі адваката і выключэнне з Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў і пра разгляд Мінскім гарадскім судом крымінальнай справы мастака Алеся Пушкіна.
5. 27 ліпеня ў Гомелі ў закрытым рэжыме пачаўся суд над папулярызатаркай беларускай культуры і гісторыі Ларысай Шчыраковай, якую абвінавачваюць паводле арт. 369.1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Паводле версіі следства, Ларыса Шчыракова, «выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, прадставіла для размяшчэння і размясціла ў сетцы Інтэрнэт, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь», «ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу інфармацыі для “Вясны” і “Белсата”». Ларыса Шчыракова – рэжысёрка-дакументалістка, папулярызатарка гісторыі і культуры, выканаўца народных песень, рэканструктарка народных абрадаў, каардынатарка праекта ўшанавання памяці рэпрэсаваных «Забітыя і забытыя», выканаўца ролі рэпрэсаванай і расстралянай беларускай палітычнай дзяячкі Палуты Бадуновай у фільме «Палута Бадунова: успомніць і не забыць», знятага рэжысёрам Валерам Мазынскім. Ларысу Шчыракову затрымалі 6 снежня 2022 года ў Гомелі. 16-гадовага сына Святаслава змясцілі ў прытулак – сацыяльна-педагагічны цэнтр у Гомельскім раёне. Былы муж Ларысы Шчыраковай забраў сына Святаслава з прытулку. Падчас зняволення Ларысы Шчыраковай памерла яе маці.
6. 28 ліпеня 2023 года зняволенага дзіцячага пісьменніка Дзмітрыя Юртаева ўнеслі ў так званы пералік асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці. 11 ліпеня 2023 года Вярхоўны суд пакінуў без задавальнення апеляцыйную скаргу Дзмітрыя Юртаева. 29 красавіка 2023 года Дзмітрыю Юртаеву быў вынесены прысуд: 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 368 (знявага прэзідэнта) і ч. 1 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне сацыяльнай варожасці або разладу).
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
1. 20 ліпеня ў Дзяржынску супрацоўнікі АМАПа затрымалі мастака Сяргея Кулеша. Прычыны затрымання пакуль невядомыя.
2. 24 ліпеня ў Мінску затрыманыя выкладчыца беларускай мовы, кандыдатка філалагічных навук і дацэнтка кафедры беларускай і рускай моў Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта ( БДЭУ) Надзея Старавойтава і былая выкладчыца рускай мовы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры (БДУФК) Наталля Сівіцкая.
3. 27 ліпеня стала вядома пра затрыманне ў Мінску Максіма Васільева – студэнта спецыяльнасці «акцёр драматычнага тэатра і кіно» Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. Яго абвінавацілі ў распаўсюджванні «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
4. 28 ліпеня ў Магілёве быў затрыманы гісторык, былы дырэктар Музея гісторыі горада Аляксей Бацюкоў.
5. 31 ліпеня ў Верхнядзвінску супрацоўнікі міліцыі забралі з дому Валянціну Болбат – папулярызатарку беларускай культуры, арганізатарку культурніцкіх імпрэз. Яе павезлі ў Віцебск, дзе яны мусіць адбыць адміністрацыйны арышт –30 сутак, прысуджаных 19 чэрвеня ў Наваполацку паводле ч. 2. арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, а таксама выраб, выданне, захоўванне або перавозка з мэтай распаўсюджвання такой інфармацыі) і ч. 3 арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). На старонцы Валянціны Болбат у сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» супрацоўнікі міліцыі знайшлі відэа з інтэрнэт-рэсурсу, прызнанага ўладамі экстрэмісцкім, што было кваліфікавана як распаўсюджванне экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі; таксама была знойдзена выява нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга, што кваліфікавалі як правядзенне несанкцыянаванага пікетавання. Валянціна Болбат спрабавала абскардзіць рашэнне Наваполацкага суда ў абласным судзе ў Віцебску, але абласны суд пакінуў рашэнне суда першай інстанцыі без змен. У 2023 годзе Валянціну Болбат судзілі паводле арт. 19.11 і 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях 6 разоў. Знаходжанне за кратамі нанесла значную школу яе здароўю. Валянціна Болбат перанесла гіпертанічны крыз падчас знаходжання ў Наваполацкім цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.
III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку
1. 23 ліпеня ў Мінску за тату з гербам «Пагоня» затрыманы Віктар Нарэйка.
2. 28 ліпеня на станцыі Бігосава Верхнядзвінскага раёна Віцебскай вобласці затрыманы і арыштаваны на 10 сутак актывіст, распаўсюднік беларускай літаратуры Барыс Хамайда. Ён ехаў з Віцебска, каб далучыцца да пілігрымкі ў вёску Росіца, якая знаходзіцца каля латвійскай мяжы. У Росіцы адбывалася ўшанаванне памяці пакутнікаў Другой сусветнай вайны, ксяндзоў-марыянаў Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча. Барыса Хамайду затрымалі пасля таго, як памежнікі праверылі пашпарты і пабачылі вокладку з гербам «Пагоня». Калі Барыс Хамайда выйшаў з цягніка на перон, яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі і павезлі ў Верхнядзвінск.
IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных
1. 16 ліпеня стала вядома, што ў палітвязня Рыгора Кастусёва ў калоніі ў Івацэвічах прадстаўнікі адміністрацыі забралі чарнавік кнігі, якую ён пачаў пісаць у зняволенні, і адрасы для ліставання.
2. Аляксандру Францкевічу, аўтару турэмнай прозы, у калоніі ў Івацэвічах працягнулі тэрмін знаходжання ў штрафным ізалятары (ШІЗА) да 5 жніўня, яго бесперапынна ўтрымліваюць у ШІЗА чацвёрты месяц.
3. Ад першага дня прыбыцця ў СІЗА ў Жодзіне аўтар турэмнай прозы Зміцер Дашкевіч знаходзіцца ў карцары.
V. Знішчэнне мясцін памяці
З будынка гродзенскага чыгуначнага вакзала знік памятны знак паўстанцам 1863 года. Замест яго з’явілася дошка, прысвечаная савецкім падпольшчыкам часоў Другой сусветнай вайны. Памятны знак з дубу, прысвечаны паўстанцам 1863 года, быў усталяваны згодна з рашэннем № 284 ад 28 чэрвеня 1993 года выканкама Гродзенскага гарадскога савета народных дэпутатаў. Аўтар памятнага знака – гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў.
VI. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
24 ліпеня ў Беларусі заблакавана інтэрнэт-бібліятэка беларускай літаратуры Kamunikat.org, дзе размешчаныя тысячы газет, кніг, часопісаў, аўдыякніг, відэа з беларускімі пісьменнікамі. Доступ да рэсурсу абмежаваны паводле рашэння Міністэрства інфармацыі.
VII. Дыскрымінацыя на падставе мовы
17 ліпеня ўнесеныя змены ў закон «Аб мовах», які з 1990 года рэгламентуе моўную палітыку дзяржавы: скасоўваецца права на атрыманне адукацыі на мове нацыянальнай меншасці ў школах, таксама прыбралі патрабаванне для кіраўнікоў сістэмы адукацыі валодаць беларускай мовай.