Беларускі ПЭН зрабіў чарговы аналітычны агляд сітуацыі з правамі чалавека ў сферы культуры ў Беларусі (15–31 траўня 2023 года).
На 31 траўня 2023 года: Людзей Слова ў няволі – не менш за 31, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 132.
Пачаўся суд над менеджарам культуры, кіраўніком платформаў «Ulej» і «MolaMola» Эдуардам Бабарыкам.
Прафесара, доктара сацыялогіі Юрыя Бубнова асудзілі на 2 гады калоніі за прафесійную дзейнасць – артыкул па сацыялогіі ў навуковым альманаху.
На 2 гады пазбаўлення волі асудзілі менеджара культуры Уладзіміра Булаўскага.
Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйнай скаргі журналіста, эсэіста і паэта Андрэя (Анджэя) Пачобута, прысуд застаўся ў сіле – 8 гадоў пазбаўлення волі.
На 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асуджаны Яўген Меркіс – гісторык, журналіст, краязнаўца, папулярызатар беларускай культуры і гісторыі.
На 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу асуджана Яна Цэгла – літаратарка, аўтарка казак, журналістка.
Затрыманы: мовазнаўца Алена Анісім; спявачка Патрыцыя Свіціна; удзельнікі гурта «faceOFF» – браты Дзяніс Петух і Дзмітрый Петух і гітарыст Аляксей; сацыёлаг Андрэй Баханаў; архітэктарка Галіна Захаркіна; гісторык Сяргей Глазырын; літаратуразнаўца Алена Храмцова; гісторык Віктар Чараўко.
У спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» унеслі кнігу «Гісторыя Польшчы са старажытных часоў да нашых дзён» і зборнік «Polskie pieśni patriotyczne».
У турмах і калоніях блакуюць ліставанне зняволеных дзеячаў культуры.
I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
22 траўня ў Мінскім абласным судзе ў выязным судовым пасяджэнні ў памяшканні суда Мінскага раёна пачаўся суд над менеджарам культуры, кіраўніком платформаў «Ulej» і «MolaMola» Эдуардам Бабарыкам, якога абвінавачваюць паводле арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або разладу), ч. 2 арт. 235 Крымінальнага кодэкса (легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам), арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў), ч. 1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя масавых беспарадкаў). Эдуард Бабарыка быў арыштаваны 18 чэрвеня 2020 года разам з бацькам, Віктарам Бабарыкам (прэтэндэнтам у кандыдаты на прэзідэнцтва), калі ішоў у Цэнтральную выбарчую камісію здаваць сабраныя подпісы за Віктара Бабарыку. Затрыманне ажыццяўляў Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю. Адвакатам увесь дзень не дазвалялася наведваць затрыманых: у будынку ДФР «праводзіліся вучэнні». У той жа дзень Эдуарда Бабарыку змясцілі ў СІЗА КДБ.
26 траўня суд Кастрычніцкага раёна Магілёва вынес прысуд прафесару, доктару сацыялогіі, былому загадчыку кафедры гуманітарных дысцыплін Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Юрыю Бубнову. Яму прысудзілі 2 гады пазбаўлення волі. Юрыя Бубнова затрымалі 12 студзеня 2023 года на працоўным месцы, 21 студзеня выставілі абвінавачанне паводле арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у дачыненні да прэзідэнта). Падставай для крымінальнай справы стала навуковая публікацыя пра пратэсты 2020 года ў Беларусі – артыкул «Предпосылки белорусского протеста в 2020 году» ў навуковым альманаху «Молодежная галактика». У артыкуле Юрый Бубноў напісаў, што беларусаў, якія пратэставалі ў 2020 годзе, аб’яднаў не «нейкі лялькавод ці рэвалюцыянер-харызматык, а Аляксандар Лукашэнка». «Я выконваў прафесійны абавязак сацыёлага. Сацыялогію часта асацыююць з люстэркам. А люстэрка мусіць адлюстроўваць аб’ектыўную рэальнасць, а не скажаць яе», – сказаў на судзе ў апошнім слове Юрый Бубноў.
26 траўня Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь разгледзеў апеляцыйную скаргу журналіста, эсэіста, паэта Андрэя (Анджэя) Пачобута на вынесены яму прысуд. Разгляд скаргі адбыўся ў закрытым рэжыме без тлумачэння прычын. Суддзя пакінуў прысуд без зменаў – 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У скарзе адвакат патрабаваў перагляду рашэння Гродзенскага абласнога суда, які 8 лютага 2023 года прысудзіў Андрэю Пачобуту 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму на падставе ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або разладу), ч. 3 арт.361 Крымінальнага кодэкса (заклікі да мер абмежавальнага характару, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы). Пераслед Андрэя Пачобута адбываецца ў межах ціску на польскую меншасць у Беларусі.
26 траўня Першамайскі суд Віцебска асудзіў на 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму менеджара культуры Уладзіміра Булаўскага паводле арт. 342.2 Крымінальнага кодэкса (неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).
30 траўня Гомельскі абласным суд у закрытым рэжыме прызнаў Яўгена Меркіса вінаватым паводле ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), а таксама паводле ч. 1, 2 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і асудзіў на 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яўген Меркіс – гісторык, журналіст, краязнаўца, папулярызатар беларускай культуры і гісторыі – быў затрыманы ў Гомелі 13 верасня 2022 года, дома ў яго і ягонага бацькі адбыліся ператрусы з выманнем тэхнікі.
30 траўня ў Гомелі ў суд перададзена крымінальная справа Ларысы Шчыраковай – рэжысёркі-дакументалісткі, папулярызатаркі гісторыі і этнаграфіі, выканаўцы народных песень, рэканструктаркі народных абрадаў, каардынатаркі праекта ўшанавання памяці рэпрэсаваных «Забітыя і забытыя», выканаўцы ролі рэпрэсаванай і расстралянай беларускай палітычнай дзяячкі Палуты Бадуновай у фільме «Палута Бадунова: успомніць і не забыць», знятага рэжысёрам Валерам Мазынскім. Ларысу Шчыракову затрымалі 6 снежня 2022 года ў Гомелі. 16-гадовага сына Святаслава змясцілі ў прытулак – сацыяльна-педагагічны цэнтр у Гомельскім раёне. У дачыненні да Ларысы Шчыраковай распачалі крымінальную справу паводле арт. 369.1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь). Былы муж Ларысы Шчыраковай забраў сына Святаслава з прытулку.
31 траўня была перададзена ў суд крымінальная справа Паўла Мажэйкі, пра гэта сваякам паведаміў следчы. Павел Мажэйка – кіраўнік культурніцкай прасторы «Цэнтр гарадскога жыцця» ў Гродне, журналіст, каардынатар выдавецкай ініцыятывы «Гарадзенская бібліятэка», спецыялізаванай на выданні кніг аўтараў з Гродна і пра Гродна. Паўла Мажэйку затрымалі і даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Гродне 30 жніўня 2022 года.
30 траўня суд Цэнтральнага раёна Мінска асудзіў Яну Цэглу паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) на 2 гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»). Яна Цэгла – літаратарка, аўтарка казак, працавала журналісткай у газеце «Літаратура і мастацтва», заснавальніца часопіса маладога беларускага мастацтва «Маскарад». Была затрымана ў Мінску 6 красавіка 2023 года, да суда ўтрымлівалася пад вартай.
II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў
17 траўня на працоўным месцы ў Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі арыштавалі мовазнаўцу, былую старшыню ліквідаванага ўладамі Таварыства беларускай мовы, палітыка і грамадскую дзяячку Алену Анісім.
18 траўня ў Мінску затрымалі спявачку Патрыцыю Свіціну, якая ў 2020 годзе адмовілася ад стыпендыі Лукашэнкі. На знятым сілавымі органамі відэа дзяўчына расказвае, што была лаўрэаткаю стыпендыі для падтрымкі таленавітай моладзі. Яна кажа, што ў 2020 годзе «ўдзельнічала ў пратэстах», «выходзіла на дарогі» і ў складзе калоны «перакрывала рух транспарту».
22 траўня затрымалі ўдзельнікаў гурта «faceOFF» – братоў Дзяніса Петуха і Дзмітрыя Петуха. Ім прысудзілі па 15 сутак адміністрацыйнага арышту. 23 траўня быў затрыманы і гітарыст гурта – Аляксей. Яго асудзілі на 13 сутак.
23 траўня ў Полацку затрыманы і асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту выкладчык Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, гісторык, даследчык гісторыі паўстання 1863 года ў Беларусі, дацэнт кафедры канстытуцыйнага права і дзяржаўнага кіравання Сяргей Глазырын.
23 траўня ў Полацку затрымана і асуджана на 10 сутак адміністрацыйнага арышту Алена Храмцова, выкладчыца кафедры сусветнай літаратуры і замежных моў Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
23 траўня ў Полацку затрыманы і асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту археолаг, гісторык, дацэнт кафедры гісторыі і турызму Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Віктар Чараўко.
24 траўня ў Мінску ў Інстытуце сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі на месцы працы затрыманы Андрэй Баханаў – магістр сацыялогіі, навуковы супрацоўнік аддзелу сацыяльнай тэорыі і метадалогіі. У 2020 годзе ён быў адным з тых, хто падпісаў адкрыты ліст навукоўцаў супраць рэпрэсій, калі ішла хваля звальненняў супрацоўнікаў інстытутаў Акадэміі навук.
24 траўня ў Наваполацку затрымана Галіна Захаркіна, дацэнтка, кандыдатка навук, былая загадчыца кафедры архітэктуры Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта. Суд Наваполацка прызнаў яе вінаватай у несанкцыянаваным пікетаванні і распаўсюдзе «экстрэмісцкіх матэрыялаў» і прысудзіў 80 базавых велічынь штрафу (2960 беларускіх рублёў – 1173 долары).
III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку
У г. Лідзе Гродзенскай вобласці затрымалі 8 чалавек. На відэа, распаўсюджаным праз праўладныя тэлеграм-каналы, затрыманых прымусілі спальваць бел-чырвона-белы сцяг. На затрыманых склалі пратаколы паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюджванне інфармацыйнай прадукцыі, якая ўтрымлівае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці), а на дваіх заведзены крымінальныя справы за ўдзел у акцыях пратэсту 2020 года.
28 траўня ў г. Глыбокае Віцебскай вобласці адбыліся ператрусы і затрыманні за бел-чырвона-белы сцяг, знойдзены ў возеры Кагальнае.
IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных
У турмах і калоніях блакуецца ліставанне зняволеных дзеячаў культуры, такім чынам адміністрацыя месцаў зняволення аказвае на іх маральна-псіхалагічны ціск, спрабуе давесці, што «на волі іх усе забылі».
V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы
25 траўня ў так званы Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў рашэннем суда Баранавічаў унеслі кнігу «Гісторыя Польшчы са старажытных часоў да нашых дзён», выдадзеную ў 1995 годзе па-польску і па-руску, і зборнік «Polskie pieśni patriotyczne», выдадзены ў Варшаве ў 2007 годзе.
Незалежнага выдаўца Змітра Коласа абавязалі аплаціць выдаткі, панесеныя Міністэрствам інфармацыі падчас працэдуры ліквідацыі выдавецтва. Эканамічны суд Мінска на падставе позвы ведамства ануляваў пасведчанне аб рэгістрацыі прадпрымальніка і абавязаў яго заплаціць амаль 800 рублёў судовых выдаткаў.
VI. Дзяржаўны вандалізм у дачыненні да мясцінаў памяці
Ва ўрочышчы Курапаты, месцы сталінскіх расстрэлаў, супрацоўнікі лясгаса спілоўвалі дрэвы і незваротна нішчылі крыжы, усталяваныя на месцы масавых пахаванняў. Акты вандалізму ў Курапатах адбываюцца з дазволу ўладаў з сярэдзіны 1990-х гадоў.