Беларускі ПЭН: Сфера культуры Беларусі ў 2022–2023 гг. Рэпрэсіі. Тэндэнцыі

19 верасня 2023, 12:14
Беларускі ПЭН: Сфера культуры Беларусі ў 2022–2023 гг. Рэпрэсіі. Тэндэнцыі

Праваабарончая арганізацыя "Беларускі ПЭН" апублікавала дасьледаваньне стану правоў чалавека ў сферы культуры, заснаванае на асабістых інтэрв'ю.


Пра даследаванне

З кастрычніка 2019 года Беларускі ПЭН сістэматычна збірае факты парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры на аснове штодзённага маніторынгу адкрытых крыніц інфармацыі (СМІ, блогі, сацыяльныя сеткі) і праз непасрэдныя кантакты і камунікацыю з дзеячамі культуры. З цягам часу (чым далей ад 2020 года) усё больш фактаў парушэнняў набывае непублічны характар: з аднаго боку, аслабленыя рэпрэсіямі незалежныя СМІ не маюць магчымасці фіксаваць увесь аб’ём таго, што адбываецца ў сферы культуры, з другога боку, істотна змяняецца і стаўленне людзей да пытання апублічвання такіх фактаў. У выніку выпадкі пераследу дзеячаў культуры, іх калег па цэху і атачэння, інфармацыя пра адміністрацыйны ціск на прыватныя і дзяржаўныя арганізацыі ў сферы культуры нярэдка не выходзяць за межы сям’і, блізкага кола знаёмых, ідуць у кулуары і закрытыя прафесійныя групы. Каб атрымаць дадатковыя факты пра формы, віды і аб’ём цяперашніх рэпрэсій у сферы культуры, лепш зразумець наяўныя тэндэнцыі і магчымыя наступствы для культуры ўнутры краіны, а таксама знайсці адказ на пытанне пра магчымую на сёння падтрымку і дапамогу дзеячам культуры ў Беларусі, Беларускі ПЭН зладзіў дадатковае даследаванне. Эмпірычная база даследавання – 42 экспертныя інтэрв’ю з дзеячамі культуры дзяржаўнага і незалежнага сектараў наступных творчых груп: літаратары (уключна з выдаўцамі, кнігараспаўсюднікамі і бібліятэкарамі); мастакі; фатографы; музыкі; працаўнікі тэатра, кіно, музейнай справы; краязнаўцы; акадэмічная супольнасць (гуманітарныя навукі); рэстаўратары; арт-менеджары; даследчыкі культуры; культурныя журналісты. Фармат паўструктураванага інтэрв’ю дазволіў як задаць аднолькавыя пытанні і сабраць статыстыку парушэнняў у сферы культуры, што робіць яго дадатковай крыніцай для маніторынгу Беларускага ПЭНа (і гэта было асноўным фокусам даследавання), так і стварыць прастору для індывідуальнай размовы і выказванняў, што і леглі ў аснову гэтага тэксту. Рэспандэнты жывуць і працуюць у Беларусі (за выключэннем трох чалавек, якія з’ехалі з краіны ў канцы 2022 – сярэдзіне 2023 года), пераважная колькасць інтэрв’ю ладзілася ў перыяд з сярэдзіны сакавіка да пачатку чэрвеня 2023 года. Удзельнікі даследавання – спецыялісты з крытычным мысленнем і шматгадовым досведам працы ў сферы культуры.

Дзякуем кожнай і кожнаму з нашых суразмоўцаў, размова з якімі была не толькі важная дзеля лепшага разумення таго, што адбываецца ў сферы культуры ўнутры Беларусі, але і цікавая сама па сабе. Гэты тэкст пабудаваны на іх цытатах і развагах.

 

Змяненне сітуацыі ў сферы культуры ў 2022–2023 гадах агулам і ў галінах

«У рэпрэсіўнай машыны няма выразнай структуры» (Э20) [1]

Са слоў рэспандэнтаў, на працягу апошніх паўтара года сітуацыя ў сферы культуры Беларусі пагаршаецца: «культурная сфера вельмі заняпала», «пагаршэнне ідзе проста галопам», «беларуская культура і мастацтва… у такой глыбокай яме», «зараз культура прыведзена ў такі аранжавы ўзровень небяспекі (чырвонага яшчэ не было)», ідзе звужэнне культурнай дзейнасці, планамернае знішчэнне цэлых пластоў культуры («на ўзроўні інстытуцый»), якое-небудзь развіццё ўнутры краіны адсутнічае. Яшчэ да 2022 года адбыўся «пагром» незалежных медыя, за апошнія 1,5-2 гады закрыта большасць культурных арганізацый, працягваецца прымусовая ліквідацыя некамерцыйнага сектара, прыватных выдавецтваў, пазбаўленне выдаўцоў ліцэнзій. Закрываюцца альтэрнатыўныя адукацыйныя праекты, адбыўся ціск на сістэму прыватнай школьнай адукацыі. Амаль цалкам закрыты магчымасці для незалежнага тэатра, перакрыты шляхі для працы незалежнай музычнай сцэны, у сферы выяўленчага мастацтва «рэпрэсіі робяцца ўсё больш маштабнымі, як і ўзровень цэнзуры і самацэнзуры». Рэжым пазбаўляе артыстаў голасу і сродкаў для існавання. Самы папулярны від рэпрэсій – цэнзура: усё мусіць быць стэрыльным з гледзішча палітыкі і крытычных выказванняў. З увядзеннем рэестра арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў максімальна ўскладнілася працэдура атрымання гастрольных пасведчанняў, больш жорсткімі зрабіліся патрабаванні да правядзення любога віду мерапрыемстваў, абмежаваны доступ нелаяльных рэжыму дзеячаў культуры да гледача – складзены спісы «нядобранадзейных». Людзям культуры цяпер вельмі складана знайсці месца для выказвання: цяжка з пляцоўкамі, прасторамі, месцам для мерапрыемстваў. Рэпрэсіўную рэакцыю можа выклікаць любая падзея, асабліва ж звяртае на сябе ўвагу тое мерапрыемства або культурная супольнасць, што «прагучала мацней, чым гэта гучала, чым гучаць іншыя ці чым яны гучалі ўчора».  Цэнзуры дзяржавы спрыяюць прапагандысты («зараз улада да іх прыслухоўваецца»). Фактычна незалежная культура вярнулася да практыкі савецкага часу – пайшла ў падполле, перайшла ў рэжым кватэрнікаў: усё публічнае – «нават калі гэта штосьці бяскрыўднае» – робіцца ўсё больш небяспечным. Расце прорва паміж дзяржаўным і незалежным сектарамі культуры. У арганізацыях дзяржаўнага сектара працягваюцца праверкі кадраў на лаяльнасць сістэме і звальненні, у тым ліку спецыялістаў найвышэйшага ўзроўню, што вядзе да дэпрафесіяналізацыі сістэмы, зніжэння якасці прадукту («прафанацыя культуры») і паслуг. Інстытуцыі працуюць пераважна на абслугоўванне ідэалагічных запытаў улады (асноўныя тэмы – Вялікая Айчынная вайна і «генацыд беларускага народа»), пад эгідай русіфікацыі ідзе атака на беларускую нацыянальную культуру і яе паступовае знішчэнне, расце колькасць забароненых тэм (з лютага 2022 года сярод такіх тэм – вайна ва Украіне). Народныя традыцыі, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва і пошукі культурнага кода – бяспечныя тэмы як для дзяржаўнай, так і для незалежнай сфер культуры. Працягваецца вымушаная эміграцыя спецыялістаў – «проста без магчымасці вяртання, прынамсі, на сёння». Важна адзначыць, што многія дзеячы культуры свядома выбіраюць застацца ў краіне, працягваюць жыць у стане «мне тут месца няма» і ў атмасферы «быццам такой няўпэўненасці і пастаяннай небяспекі», пры гэтым разглядаюць гэтую экстрэмальную сітуацыю ў тым ліку як прывілей – «я стараюся гэта прэпараваць, трансфармаваць у нейкія мастацкія рэчы», якія хай сабе не атрымаецца рэалізаваць у найбліжэйшай будучыні, але некалі такая магчымасць з’явіцца. І яны працягваюць сваю працу ў Беларусі: «Усе ўсё робяць».

З улікам профіляў спецыялістаў, з якімі нам удалося пагаварыць у рамках даследавання, пра сітуацыю ў сферах літаратуры і выяўленчага мастацтва мы скажам больш падрабязна, пра астатнія – музыку, тэатр, музейную справу, кіно і спадчыну – згадаем у рамках таго, колькі выказванняў пра кожную з іх прагучала.

  • Літаратура

Знаходзіцца «на такім раздарожжы»: «Калі браць агулам літаратуру беларускую, я маю на ўвазе сур’ёзную, каторая была ў нас у Беларусі, то яе няма: хто ўцёк, хто схаваўся, усе пішуць у шафу, і практычна літаратуры няма» (Э4).

Перадусім рэспандэнты са сферы літаратуры казалі пра тое, наколькі гэтую сферу змяніла закрыццё незалежных выдавецтваў, што адбілася як на аўтарах, так і на чытачах. На сённяшні дзень друкавацца ў Беларусі практычна няма дзе: адны выдавецтвы закрыты, іншыя маюць афіцыйныя або вусныя папярэджанні ад Міністэрства інфармацыі, а таму: «Мы вашу кніжку ўзялі б надрукаваць, але не ведаем, ці праз месяц будзем існаваць», а калі выдасі ўручную, «будзеш прыціснуты за падаткі, што займаешся прадпрымальніцкай дзейнасцю – умомант крымінальную адказнасць атрымаеш». Гісторыю закрыцця найстарэйшага выдавецтва Беларусі – «Зміцер Колас», што працавала на кніжным рынку з канца 1980-х гадоў, – адзін з літаратараў назваў «беспрэцэдэнтным»: закрылі, нават без вынясення папярэджання, за выпуск кнігі «экстрэмісцкага» характару – зборнік гістарычных дакументаў з дзяржаўных архіваў Беларусі, які нідзе не прадаваўся, выйшаў яшчэ ў 2021 годзе, а «экстрэмісцкім» быў прызнаны ў 2023-м: «Вось уявіце сабе, калі спартсмен два гады назад з’еў нейкія таблеткі ці ўжываў нейкія прэпараты, а праз два гады гэтыя прэпараты ўнеслі ў спісы допінгавых матэрыялаў, – ну ніколі гэтага спартсмена за тое, што ён два гады назад іх ужываў, не пакараюць, такога быць не можа» (Э42).

У выніку беларускі асартымент «Белкнігі», асноўнай сеткі кнігарняў у краіне і манапаліста ў гэтай галіне, амаль цалкам спустошаны – дзясяткі імёнаў проста адсутнічаюць на паліцах: «гэта вельмі прыкметна, калі няма ні “Галіяфаў”, ні “Янушкевіча”, ні “Логвінава”, ні “Кнігазбора”»; адсутнічае абсалютная большасць сучасных знакавых аўтараў, «тых, якія жывуць і якія, па сутнасці, ужо сталі класікамі нашай літаратуры». Паліцы дзяржаўных крам запоўнены пераважна «адной дзяржаўнай кніжнасцю» і вялікай колькасцю расійскіх выданняў, кідаецца ў вочы амаль поўная адсутнасць кніг на гістарычную тэматыку, акрамя, хіба што, тэмы Вялікай Айчыннай вайны і прапагандысцкіх опусаў, у якіх адкрыта сеецца нянавісць і варожасць і якія выстаўляюцца ў крамах на самым бачным месцы. Акрамя забароны на продаж сваіх кніг аўтары сутыкаюцца з забаронай і на распаўсюд у сетцы бібліятэк, а таксама на згадванне іх імёнаў у дзяржаўных медыя (калі гэта не дыфамацыйныя рэпартажы) і нават на цытаванне – ёсць інфармацыя, што ўжо існуе «спіс людзей, якіх забаронена цытаваць».

Існуе тэндэнцыя чысткі фондаў бібліятэк – «і мяне вельмі турбуе, што адбываецца цяпер, … [бо] улада не мае ніякага гістарычнага права, … у бібліятэцы мусяць захоўвацца ўсе дакументы эпохі… Фонд бібліятэкі не павінен залежаць ад гледзішча людзей, якія стаяць ва ўладзе» (Э32); зніжаецца якасць іх папаўняльнасці, у тым ліку ў выніку самацэнзуры бібліятэкараў: «Мы, вядома, менш купляем добрых кніг», бо не ўпэўненыя ў тым ці іншым аўтары – «можа, ён ужо засвяціўся недзе».

Ва ўсіх публічных інстытуцыях тыпу бібліятэк і кнігарняў зрабіліся нашмат больш жорсткімі падыходы да дазволеных мерапрыемстваў – трэба ўсё ўзгадняць. У бібліятэкі, крамы (тыпу «Белкнігі» і «Акадэмкнігі») прыходзяць правяральнікі – супрацоўнікі з Мінкульта або «ціхары», глядзяць, каб не было забароненых кніг, «і вельмі палка рэагуюць: кніга чырвоная з белымі літаркамі – гэта ўжо экстрэмізм, пачынаюць скандал». Абслугоўванне ў бібліятэках ідзе на адну тэму – Другая сусветная вайна і генацыд: «мусіраванне такое адмысловае, што вось мы пацярпелі, была вайна, у нас вельмі шмат загінула і г. д., не дай бог дапусціць новае – гэта як мантра нейкая такая ідзе» (Э28).

Адзін з літаратараў сказаў, што ўсе рэпрэсіі, якія адбываюцца ў сферы літаратуры, наводзяць яго на думку пра існаванне нейкіх «таварышаў-куратараў… нейкіх небеларусаў і якія не жывуць у Беларусі» (Э42), бо тое, што адбываецца, – гэта мэтанакіраваная палітыка знішчэння або звужэння сферы беларускага кнігавыдавецтва.

  • Выяўленчае мастацтва 

«Самы папулярны спосаб рэпрэсій – гэта цэнзура, гэта немагчымасць выказвацца, немагчымасць выстаўляцца, бо ты знаходзішся ў спісах. І гэта, хутчэй, складаней чыста псіхалагічна, чым калі цябе пасадзяць, … але з другога боку, гэта пагроза: ты ж разумееш, што для цябе ёсць пагроза – зрабіцца Алесем [Пушкіным] [2]» (Э21). Адна з экспертак у галіне арт-асяроддзя мяркуе, што гісторыя [3] з Алесем вельмі моцна застопарыла ўсіх – настолькі ўсё, што адбылося з ім, было яскравым і рэпрэзентатыўным: арышт, учынены ім на судзе перформанс, сам прысуд. Яна мяркуе, што ўсё магло быць значна трагічнейшым для арт-супольнасці: былі б іншыя спробы нейкіх сацыяльна-палітычных выказванняў, пераслед, як вынік, а так «Алесь выратаваў проста практычна, як ні жудасна [гэта гучыць]».

Можна сказаць, што выяўленчае мастацтва знаходзіцца ў «рэжыме маўчання» (або самазахавання), якому папярэднічаў «рэжым чакання»: былі спадзевы, што нешта зменіцца, ціск будзе не такі моцны, аднак пасля таго, як на экспазіцыі перасталі пускаць мастакоў і мастачак, «у якіх ніколі не было палітычных выказванняў у працах, проста за іх пазіцыю, то стала цалкам выразна зразумела, што гэта рэжым маўчання» (Э21).

Ва ўлады з’явіліся спісы «нядобранадзейных» мастакоў, уступілі ў сілу змены ў Кодэксе аб культуры (1 студзеня 2023 года), згодна з якім кожная выстава мусіць прайсці працэдуру ўзгаднення: куратар/арганізатар мусіць усё адфатаграфаваць і разам з тэкставым апісаннем аўтараў, іх работ і г. д. перадаць на зацвярджэнне, і «нейкі спецыяльны аддзел разглядае, ці можна гэтую працу, менавіта канкрэтна гэтую працу паказваць». «Што такое ўзгадненне? Гэта праверка спецслужбамі, дзе Міністэрства [культуры] – толькі пасярэднік» (Э20). І «гэта ўзгадненне носіць такі дзіўны характар: я высылаю спісы ўдзельнікаў, канцэпцыю – і мне адказваюць толькі ў такой вуснай форме» (Э38) – гэта «проста званок па тэлефоне», ніякіх дакументаў ніхто не атрымлівае – «гэта проста называецца рэкамендацыя». Ніхто не хоча браць на сябе адказнасць, бо потым усё адно на мерапрыемства могуць прыйсці «нераўнадушныя, неабыякавыя беларусы» і з дапамогай пастоў ці званкоў закрыць выставу – «так званы феномен Бондаравай – Сідаровіч, і я не памятаю, хто трэцяя [Жыгімонт]» (Э33).

Такім чынам, існуе цэнзура некалькіх узроўняў. Спачатку гэта ўзгадненне выставачнага праекта. Далей не выключана, што непасрэдна ў дзень выставы прыйдзе прадстаўнік камісіі («хто-небудзь з Мінкульта») і скажа: «У мяне ёсць спіс з 30 работ такіх аўтараў, якія нельга паказваць, якія вы мусіце зараз жа зняць ці вы проста не адкрыеце гэтую выставу» (Э18). Наступны ўзровень – цэнзура прапагандыстаў: «І часам таксама ты заўважаеш: вось прыходзіш на выставу, мастакі кажуць: “ну вот паглядзі, цяпер мы прайшлі гэта кола, сіта Мінкульта, зараз што нашы барышні скажуць”» (Э33), «гэта таксама такі паноптыкум атрымліваецца, так, яны ўвесь час за табой сочаць – вось траіх мы ведаем дакладна, гэтых вершнікаў апакаліпсісу, але ёсць яшчэ, напэўна, нехта? І гэта вельмі непрыемна, калі ты жывеш у паранаідальным рэжыме, насамрэч» (Э21). І яшчэ адзін узровень: «самым апошнім гэта стала – калі такі ўжо былі вымушаныя выстаўляць свае творы пад псеўданімамі, бо ўведзена нават прэвентыўная цэнзура за выставы» (Э29). 

Усё новыя мастакі аказваюцца «нядобранадзейнымі» і «перамяшчаюцца са спісаў і назад з хуткасцю святла». Адпаведна, іх працы здымаюць («нават тыя, якія ў музейных калекцыях знаходзяцца, – іх нельга цяпер паказваць» (Э18)), існуе забарона на выставы, забарона на куплю твораў, папаўненне імі калекцый – «г. зн. такая спроба пазбавіць сродкаў мастака, непажаданага для ўлады, на ўсіх узроўнях, каб ён на тэрыторыі РБ не змог, як я разумею, не проста выставіцца, а не змог проста існаваць як мастак за кошт свайго таленту» (Э23). Іншы спосаб ціснуць на мастакоў – праз выключна «меркантыльныя ўмовы»  арэнду майстэрняў: «змагацца з мастакамі вельмі проста: калі яны не дужа падтрымліваюць уладу ці выказваюцца супраць – узяў і ўзняў расцэнкі на майстэрні, прычым узняць можна заднім чыслом, як гэта кажуць, … у два разы могуць узняць. Не хочаш плаціць – вызваляй майстэрню, забірай адтуль свае мальберты, палотны, скульптуры» (Э1).

Іншыя сумныя тэндэнцыі, якія ёсць у сферы выяўленчага мастацтва, – гэта ціск на творчыя саюзы: спробы рэжыму зрабіць іх (у прыватнасці, гаворка ішла пра Саюз мастакоў) арганізацыямі «такога ідэалагічнага кшталту»  каб тыя паказалі ў сваіх напрамках дзейнасці «ваенна-патрыятычную адукацыю» і падобнае. Вядома, што складаліся характарыстыкі на кожнага старшыню саюза – «харошы ён, нехарошы, адпавядае ці не». Яшчэ адна з новых практык – «прыпыненае сяброўства», неабгрунтаванае выдаленне людзей з Саюза мастакоў: «гэта было б не так, насамрэч, страшна, каб не было звязана з арэндай танных майстэрняў» (Э38).

Палітычнае і крытычнае незалежнае мастацтва немагчымае сёння ў публічнай сферы: «Нядаўна было адкрыццё ў Палацы мастацтваў вялікай выставы, дзе паўдзельнічала вельмі шмат мастакоў, усялякіх арт-дзеячаў, але мяне, вядома, замілавала, што ніякага палітычнага падтэксту ні ў чым, г. зн. ніякага адцення, ніякага гуку часу я не ўбачыла» (Э32). Апошняя палітычна ангажаваная выстава – «гэта была Жыгімонт [4] [«Человеческий фактор», кастрычнік 2022 года] … так, гэта на ўзроўні ідэалогіі, але тым не менш гэта палітычнае выказванне. Такая нармальная маніфестацыя візуальная таго, як яны бачаць людзей, якія супраць рэжыму Лукашэнкі, і выдатны комікс атрымаўся» (Э21). Сёння ж звяртае на сябе ўвагу тэндэнцыя экспанавання таго, што звязана з прыкладным мастацтвам: за апошні час («пачынаючы з 23-га года, ужо былі там 3-4 вялізныя выставы») прайшла вялікая колькасць афіцыйных выстаў прыкладной творчасці – бо «яно бяспечненькае… яно ў нас увесь час было такое вельмі дэкаратыўнае, бяспечнае, ніколі не было палітычным, ангажаваным» (Э21).

  • Музыка 

Перакрыты шляхі для працы незалежнай музычнай сцэны – «няма магчымасці выступаць і плюс  ёсць магчымасць сесці ў турму». Як і ў апісанай вышэй сітуацыі з мастакамі, існуе спіс музыкаў і калектываў, якім закрыты доступ на беларускую сцэну, уведзена «такая постсавецкая сістэма ці схема … (нават горшая)» гастроляў, пры якой «табе не толькі трэба заплаціць грошы», каб атрымаць гастрольнае пасведчанне, але галоўнае – падаць склад музыкаў, іх імёны і ўсе кантакты, сацыяльныя сеткі і г. д., і «яны высвятляюць, хто ты такі». Відавочна, што «многія проста ніколі не атрымаюць дазвол на гастролі, бо выступалі на плошчах і г. д., гэта тыя, хто не з’ехаў, застаўся» (Э21). «Усе практычна музыкі з’ехалі, а засталіся адзінкі, у тым ліку і я, напрыклад» (Э10).

У выніку музыкі са спісу «нядобранадзейных» пазбаўлены як магчымасці фізічна выступаць на беларускіх пляцоўках, так і радыёэфіру, а значыць, магчымасці зарабіць сваёй творчасцю: «То-бок я не магу ні фізічна працаваць, ні ў клубах, ні атрымліваць сродкі для існавання за сваю творчасць (раней я атрымліваў аўтарскія з радыёэфіру), якая афіцыйная, гэта ўсё афіцыйна зарэгістравана ў Беларусі» (Э10).

  • Тэатр

Закрыты магчымасці для незалежнага тэатра, усё менш іх для творчасці і рэалізацыі ў дзяржаўных інстытуцыях. «Усё пачынаецца з гастрольных пасведчанняў, якія не выдаюць, бо практычна кожны – забаронены, прапаганда яго творчасці забаронена праз першасны подпіс каля метро за Бабарыку». Так, у 2022 годзе адбылася «капітальная зачыстка імёнаў, павышэнне допуску да пастаноўкі, да ўсяго», пры гэтым пад «пастаноўкай» маецца на ўвазе «вельмі шматфункцыянальная гісторыя: пачынаючы ад мастака і заканчваючы рэжысёрам, драматургам, акцёрамі і г. д., гэта практычна ўсе людзі, якія працуюць у тэатральнай сферы» (Э40). У 2023 годзе спісы папоўніліся еўрапейскімі і расійскімі аўтарамі п’ес, якія выказаліся ў падтрымку Украіны.

Працягваюцца чысткі ў культурных інстытуцыях – у дзяржаўных тэатрах (што адбіваецца, у прыватнасці, на рэпертуары: «і на нейкі час былі прыпыненыя спектаклі, пакуль не ўвялі новых асоб»), а таксама ў сістэме вышэйшай адукацыі («вельмі добра пачысціўся ўвесь практычна педагагічны склад тэатральнага факультэта Акадэміі мастацтваў, асабліва гэта тычыцца людзей, якія думаюць крытычна, такіх як тэатразнаўцы» (Э40)).

Не спыняюцца ідэалагічная цэнзура і экспертная праверка Міністэрствам культуры. Дзяржава патрабуе ад тэатраў ствараць і прасоўваць ідэалагічна вывераныя творы і спектаклі. Так, упершыню ў Мінску прайшоў рэспубліканскі тэатральны фестываль «Перамога», на якім паказалі ваенныя спектаклі. Усе пастаноўкі праходзяць экспертызу Міністэрства культуры – абарона спектакля, канцэпцыі і г. д., падчас якой ідзе разбор асобных фрагментаў і «дадумванне наконт многіх таксама рэчаў». Узнікаюць пытанні і да зусім бяскрыўднай беларускай класікі, «якую таксама трэба карэктаваць».

  • Музейная справа

Музеі губляюць людзей, якія рабілі іх больш сучаснымі («самы вядомы выпадак – гэта, канешне, сітуацыя з музеем Азгура, вельмі паспяховым праектам, які цалкам быў спынены, цалкам была замененая каманда гэтага музея» (Е17)). Адбываецца змена кіраўніцтва, каманд і спецыялістаў, часта набіраюць супрацоўнікаў не паводле прафесіяналізму, а «па знаёмстве, асабліва начальнікамі». У некаторых музеях назіраецца страта прафесійных супрацоўнікаў і паўстаюць пытанні захавання культурнай спадчыны – «сумна, што столькі ўсяго, багатыя фонды, спадчына такая багатая пакінутая, што гэта ў руках непрафесіяналаў» (Э2).

Як і ва ўсіх іншых сферах мастацтва, на музеях таксама негатыўна адбіваюцца спісы «нядобранадзейных» – яны маюць цяжкасці з запрашэннем гасцей і правядзеннем мерапрыемстваў: «яны тупа не ведаюць, каго паклікаць [на Ноч музеяў], бо нікога нельга клікаць» (Э19).

Моцны ціск стварае і ідэалагічная цэнзура. Перад куратарамі стаіць складаная задача вызначыць, якія сімвалы і тэмы дапушчальныя, якія – не: «такі сёрфінг на нейкіх нябачных хвалях». Кіраўнікі музейных пляцовак і інстытуцый на нейкім інтуітыўным узроўні мусяць разумець, што можна, а чаго нельга, «а гэта ж шызафрэнія часткова… спрасцілі людзям жыццё – зрабілі падборачку нейкіх мастакоў, каго нельга, але ж якія тэмы нельга?» (Э23).

  • Кіно

Нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм» зрабілася практычна рэжымным аб’ектам, у якім кожны яе супрацоўнік праходзіць «аддзел № 1 – г. зн. робіцца запыт у КДБ, у міліцыю, часам вось гэты “Адольф” [галоўны ідэолаг] выклікае да сябе ў кабінет і задае вельмі дзіўныя пытанні накшталт: “А ці ёсць у вас замежвіза? А навошта вы зрабілі замежвізу?”» (Э36). Прафесійныя якасці і талент – «гэта самае апошняе, галоўнае, каб аддзел № 1 прайсці» – таму над фільмам «Черный замок Ольшанский» паводле рамана класіка беларускай літаратуры цяпер працуюць расійскі рэжысёр і грузінскі аператар.

Расце колькасць  бюракратычных працэдур і фармальнасцяў – «для кожнага пункта трэба пісаць накладную», тэндары на любую дробязь; заводзяцца справы за карупцыю; паступаюць пагрозы з боку адміністрацыі «мы вас звольнім»  «гэта ўжо не з’яўляецца творчасцю, гэта “насуперак” называецца» (Э36).

На ўсю краіну здымаецца адзін мастацкі фільм (гаворка пра нацыянальную кінастудыю), беларускім акцёрам актыўна прапануюць працу ў Расіі («бо ў Расіі на кіно вылучана вялікая колькасць грошай і цяпер здымаецца велізарная колькасць фільмаў»). Пагаршэнне палітычнай сітуацыі негатыўна адбілася на сферы дакументалістыкі, як з гледзішча адсутнасці бюджэтаў, так і перадусім на атмасферы: разбураны давер паміж людзьмі, бо «дакументалістыка – гэта кіно пра чалавека, а чалавек мусіць табе давяраць, калі ж ціск такі ідзе, проста значна большы за атмасферны, на кожную асобу, якая мае сваю думку… то, адпаведна, і няма атмасферы той, каторая дазваляла б нармальна займацца дакументалістыкай» (Э35).

Новы закон аб культурным экспарце, прыняты ў пачатку 2023 года, адкрыў магчымасці для паказу ў краіне фільмаў у абыход санкцый.

  • Спадчына

Апошнія 3 гады прывялі да значных абмежаванняў у функцыянаванні ў гэтай сферы. З Міністэрства культуры звольнілі спецыялістаў найвышэйшага ўзроўню, якія займаліся пытаннямі рэстаўрацыі. За апошнія 1,5-2 гады закрыта большасць культурных арганізацый у сферы спадчыны: «Мне здаецца, толькі адзін фонд застаўся, і тое ён не працуе» (Э39). Фактычна разбурана інфармацыйная вузкапрафесійная інфраструктура – перасталі існаваць важныя пляцоўкі, дзе яшчэ маглі адбывацца абмеркаванні ідэй і праектаў; амаль на стала канферэнцый, якія раней арганізоўвалі НКА або запаведнікі: трэці сектар ліквідаваны, запаведнікі, на вялікі рахунак, разгромлены: «бо фактычна большасць дырэктараў зменена, звольнена, і людзі запалоханы» (Э39); няма дзе публікавацца, назапашваецца навуковая інфармацыя, якую неабходна ўключаць у навуковы ўжытак.

Як і ў выпадку з прадстаўнікамі іншых прафесійных груп у сферы культуры, адзін з трэндаў – забарона на публічныя выступы спецыялістаў са сферы спадчыны без папярэдняй праверкі імёнаў у спецслужбаў. Лектарам, якія не прайшлі ўзгаднення, адмаўляюць у выступе нягледзячы на тое, што яны могуць быць адзінымі людзьмі, якія валодаюць інфармацыяй з першых рук.

У выніку звальнення ключавых спецыялістаў з Міністэрства культуры ў галіне спадчыны і ўтварэння ў ім лакун сфера працуе з паловай нагрузкі, што, у сваю чаргу, прывяло да запаволення аказання дзяржаўных паслуг: узгаднення праектаў, зацвярджэння і распрацоўкі адпаведных дакументаў.

 

Прычыны для пераследу і змяненне сітуацыі з рэпрэсіямі

«Выказванне зрабілася сінонімам злачынства» (Э23)

Большасць рэспандэнтаў супадае ў думцы, што рэпрэсіі ў сферы культуры не з’яўляюцца мэтанакіраванай атакай на культуру і галоўная прычына пераследу – грамадзянская пазіцыя (агучаная пераважна яшчэ ў 2020 годзе): «іх шукаюць праз гэтыя сляды» – выхад на пратэст, каментарый у інтэрнэце і г. д.; саджаюць у турму за фотаздымак з маршу, «за смайлікі» зараз сацсеткі з’яўляюцца такой крыніцай інфармацыі для пераследу»), за антываенныя выказванні, рэпосты і г. д.; інкрымінуюць удзел у «масавых беспарадках» (мірных пратэстах), распальванне варожасці, прычыненне каму-небудзь эканамічнай шкоды і інш. Людзей «вельмі масава» выклікаюць у КДБ за ахвяраванні ў фонды дапамогі беларусам, пацярпелым ад гвалту сілавых структур: «Вы заданацілі яшчэ ў 20-м годзе там на коцікаў, напрыклад, – ніхто ж не разбіраецца, проста банкаўскі плацеж праз Facebook – гэта ўжо падстава адправіць чалавека пад рэпрэсіі… У гэтай базе вось гэтых данатаў праз Facebook – 63 000 людзей» (Э18). Адна з рэзанансных падзей, што адбыліся ў сакавіку 2023 года і зрабіліся прычынай новай хвалі затрыманняў,  «мачулішчанская справа [5], і гэта вельмі моцна нагрэла тут патэльню, скажам так» (Э13).

Улады паставілі перад сабой «маніякальную задачу» – пакараць усіх, хто ўдзельнічаў у мірным пратэсце, і людзі творчых прафесій уключаны ў агульны маразм таго, што адбываецца ў краіне: «Вось такая нейкая картачная гульня: трапіш – не трапіш», «проста гэты шахматны парадак можа закрануць і яго [дзеяча культуры]». Адна са стратэгій рэжыму – «збянтэжыць, запужаць людзей», нагнаць страху, каб «адных шугануць, а другія баяліся». Адна з літаратарак метафарычна параўнала рэпрэсіі з машынай, якой патрэбныя ланцугі, каб прабірацца па снежнай дарозе, – так і да бесперапыннага катка рэпрэсій прымайстравалі ланцугі, «такія ланцугі застрашвання».

Адказваючы на пытанне, як змяняецца сітуацыя з рэпрэсіямі, рэспандэнты казалі пра рост іх колькасці і ўзмацненне жорсткасці; пра раскручванне махавіка, што разагнаўся і цяпер не можа спыніцца, набіраючы ўсё новыя абароты; пра адчуванне закручвання гаек і сістэматычны характар ціску. Тое, што раней здавалася недапушчальным з боку прадстаўнікоў улады і функцыянераў, цяпер стала прымальным, і гэтая мяжа дазволенага ўсё больш адсоўваецца. Пераследуецца любая праява грамадзянскай пазіцыі: «Ты ўжо не маеш права не проста сказаць – ты не маеш права лайк паставіць і такім чынам выкалязаць спачуванне» (Э27). Параўноўваючы цяперашнюю сітуацыю з 2020 годам, казалі пра «два розныя сусветы» і змену кантэксту ў прынцыпе: « І таму калі ў 22-м годзе калегі, там хтосьці, пачалі пісаць: “Чаму вы маўчыце?”, я ўсвядоміла, што яны проста не разумеюць той кантэкст, у якім мы жывём праз 2 гады пасля 20-га года, – ён моцна змяніўся» (Э27):

– за тое, за што раней мог быць штраф (ці нават папярэджанне), «тут “зачынілі” адразу»;

– у 2020-м маглі выйсці запісаць відэазварот, «і як бы за гэта толькі з намі пагаварылі, сёння ты паставіш адзін лайк – цябе пасадзяць, у найлепшым выпадку на 15 сутак»;

– за што восенню 2020-га былі суткі, «цяпер людзей забіраюць невядома на колькі».

«Было ўжо столькі момантаў, калі здавалася, што гэта край і так не можа быць ні паводле якіх законаў, але дно ўсё не правальваецца» (Э21).

Застаецца ўсё менш магчымасцяў для творчасці. Дзяржаўныя культурныя інстытуцыі ператвараюцца ў рэжымныя аб’екты, якія патрабуюць усё больш «нейкай такой паказной лаяльнасці», дзе, сярод іншага, можа квітнець «навушніцтва і стукацтва» слова “данос” – яно, канешне, тое, якое сімвалізуе ўвогуле культурны працэс нашага часу» (Э29)). Адбываецца ўсё больш рэпрэсій, звязаных з вуснай размовай, а ў сістэме прафесійных узаемаадносін паміж працаўніком культуры і кіраўніцтвам / афіцыйнай уладай перавага ў канструкцыі «можна – нельга» перайшла на бок «нельга»: калі да 2022 года яшчэ было «ну, давайце паспрабуем», то ў другой палове 2022 года стала «цяпер нельга ўжо» (Э23). Расце колькасць забароненых тэм («ужо нельга выказвацца пра вайну, зусім ніяк») і ўсё менш магчымасцяў для перфарматыўных выказванняў, у прыватнасці: «Калі там параўноўваць з якім-небудзь летам 21-га нават, калі можна было згадваць там белы квадрат на сцяне, дык зразумела, што цяпер і блізка ты не можаш згадаць нічога» (Э19). У 2022 годзе ва ўсіх галінах культуры актыўна фармаваліся спісы «нядобранадзейных» дзеячаў. Закон аб рэестры [6] зрабіўся дадатковай перашкодай да гледача – гэта «такое вырашальнае ў чымсьці … гэта, напэўна, такая самая галоўная падзея, калі казаць пра штосьці негатыўнае» (Э24). З лютага 2022 года дзейнічае яшчэ адна прыкметная змена – «бачная экспансія рускай культуры ў беларускую», пра якую мы лічым неабходным сказаць падрабязней.

 

Экспансія рускай культуры

«”Русский мир” абсалютна ўсюды» (Э4)

Як мінімум кожны трэці дзеяч культуры закранаў у размове тэму ўсё большага пранікнення рускай культуры ў беларускую: «зараз ідзе наступ “русского мира”», «уплыў рускай культуры з кожным годам усё яскравейшы», «гэтая экспансія – частка агульнай стратэгіі, не толькі звязанай з культурай… гэта ўжо моцна адчуваецца», «гэта найстрашнейшая штука – паглынанне культуры беларускай імперскай культурай», «руская экспансія зараз актывізавалася з большай сілай»; «замыкаецца кола “Расія – Беларусь” цяпер, на жаль, у сферы культуры».

Хваля рускай культуры адчуваецца ўсё мацней і ў кожным з сектараў культуры:

  • літаратура («Я заходжу ў кнігарню і бачу, што там адбываецца на паліцах: які адсотак займаюць беларускія кнігі, якія расійскія стаяць кнігі, якія пісьменнікі – Прылепін і г. д. І недзе яшчэ год таму была лепшая сітуацыя на беларускіх палічках, а цяпер ужо знята ўсё, што можна было зняць» (Э32));

  • тэатры Вось гэтыя гастролі бясконцыя расійскіх тэатраў у беларускія тэатры» (Э33));

  • канцэрты Хто выступае – Грыгорый Лепс, нейкая барышня ў какошніку, якую я не ведаю, ну яны [афішы] … занятыя гэтымі расійскімі выканаўцамі» (Э33); «І ў філармоніі таксама: вялікая колькасць рускіх музыкаў, якія прыязджаюць, – такога ніколі не было» (Э20));

  • музеі Гэты першы музейны форум [праходзіў], і ў выніку там 44 дамовы заключаны паміж беларускімі і расійскімі музеямі: будзе абмен выставамі, яны будуць прыязджаць» (Э33); «прыходзілі ці з міністэрства, ці скуль, маніторылі, сказалі многіх-многіх пісьменнікаў [беларускіх] з экспазіцыі прыбраць» (Э2));

  • кіно («Абсалютна відавочна расійскі ціск тут: … г. зн. мы не возьмем беларускіх рэжысёраў і аператараў, а возьмем з Расіі і з Грузіі здымаць нацыянальнае кіно пра гісторыю Беларусі» (Э36));

  • выставы Практычна расійскія мастакі выстаўляюцца ў галерэі больш, чым самі беларусы… вось гэта, канешне, няправільна, проста несправядліва чыста па мастацкіх паняццях нават» (Э8));

  • лекцыі Усё больш нейкіх лекцый пра Маякоўскага, пра Бродскага, Цвятаеву і г. д. То-бок такая напалову маскоўская туса… Усё больш пра Ахматаву, чым пра Канстанцыю Буйло ці не дай бог Арсенневу» (Э13));

  • творчыя саюзы («Я чытаў дакументы, з якіх робіцца зразумела, што іх [творчыя саюзы мастакоў, дызайнераў, кінематаграфістаў і інш.] вымушаюць быць паглынутымі расійскімі саюзамі… г. зн. яны як незалежныя беларускія НДА знікаюць і ўваходзяць у структурныя падраздзяленні саюзаў Расіі» (Э26));

  • адукацыя Найлепшыя нашы дзеці, якія праходзілі алімпіяды, без экзаменаў маглі трапіць у найлепшыя расійскія ВНУ. Такім чынам арганізаваны адток мазгоў у Расію» (Э16));

  • гарадское асяроддзе («У сферы эстэтыкі і ў архітэктуры проста заўважаю, што руская эстэтыка – яна ўсё больш і больш пранікае на вуліцы» (Э8); «нават вывескі ўжо пачынаюць мяняць – здзіраюць беларускія, размяшчаюць рускія» (Э4));

  • дзяржаўныя СМІ Гэта страшная, проста антыбеларуская прапаганда на беларускім тэлебачанні» (Э10)). Як адзначыў адзін з рэспандэнтаў, да цяперашняга часу прынцыпова змянілася звязка «сфера культуры – медыясфера»: сутнасць змяненняў у тым, што атакі, у прыватнасці, праўладных актывістаў (такіх, як Вольга Бондарава) на беларускую нацыянальную культуру адбываюцца «пад такой эгідай русіфікацыі». І калі раней такая палеміка была магчымая толькі да пэўнай ступені і шмат у чым сама ж дзяржава яе і стрымлівала, то цяпер яна магчымая, бо мае падтрымку («нейкі дах») з расійскага боку.

 

Рэпрэсіі ў дзяржаўным сектары

«Сёння ж у нас б’юць па руках за любую ініцыятыву, 

сёння ў нас галоўнае – выканаць норму» (Э28)

Дзяржаўныя ўстановы культуры – гэта вертыкальная сістэма, у якой кіраўнік спускае нешта зверху – і «ўсе мусяць гэта выканаць». Сістэма зацэнзураваная: «ты мусіш цэнзураваць ну проста кожны крок, каб не дай бог нечага нехта не ўбачыў, не западозрыў у гэтым нейкай крамолы антыдзяржаўнай. Хоць у чым яна палягае, ніхто таксама не гаворыць». Сістэма заідэалагізаваная: «абслугоўванне ідзе для адной тэмы» – вайна і генацыд: «вось гэтыя любімыя моманты прэзідэнта – генацыд беларускай нацыі»; «нядаўна ж у нас быў створаны фестываль пра вайну, адмысловы фестываль тэатральны, у якім былі ваенныя спектаклі». Сістэма забюракратызаваная: «для кожнага пункта трэба пісаць накладную», ладзіць тэндар на закупку. Ва ўстановах культуры працягваецца замена кіраўнічага складу на лаяльныя сістэме кадры, пастаўлены спецыялісты па ідэалогіі, ідзе ціск на супрацоўнікаў і наймальнікаў, узмоцнены адміністрацыйны кантроль унутры арганізацый: «…усюды пасадзілі наглядальнікаў сваіх, гэта адназначна».

  • Ідэолагі

У 2021–2022 гадах ва ўстановах культуры пачалі з’яўляцца спецыялісты па ідэалогіі – «правяраюць усіх на лаяльнасць»: пасада называецца «намеснік дырэктара па нібыта кадравай бяспецы, які мусіць сачыць за ўсім распарадкам дня і г. д., але як бы мы ўсе разумеем, за чым ён мусіць сачыць» (тэатр); «супрацоўнікі з органаў, якія зараз у дзяржаўных інстытуцыях з’явіліся, па рэжыму, так і называецца – “начальнік па рэжыму”» (сфера акадэмічнай музыкі); «гэта ў нас прарэктар па бяспецы і кадрах» (адукацыя); «там на кінастудыі ёсць “Адольф” – такая яго мянушка, ён таксама, кажуць, заведаваў усімі, і проста немагчыма працаваць» (кіно). Галоўны ідэолаг развітваецца з непажаданымі асобамі, прымае на працу, адсочвае сацыяльныя сеткі супрацоўнікаў, пазбаўляе прэмій, ставіць візы на рэцэнзіі («любы подпіс з гістарычнага факультэта… яго павінен убачыць вось гэты прарэктар па бяспецы») і «падрадкоўнікі тэкстаў», выклікае на допыты і размовы: напрыклад, даведацца, ці змяніў супрацоўнік свае погляды: «“Мы ведаем вашыя погляды ў 20-м годзе – ці змяніліся яны?” – вось з такой фармулёўкай». Падчас прыёму на працу задае пытанні, якія тычацца тэмы лаяльнасці рэжыму, пра стаўленне да прэзідэнта, дзяржавы, «увогуле – як вы ставіцеся да нейкай палітыкі дзяржаўнай», «то-бок ты павінен падкрэсліць, што ты “за” – “За Беларусь”, а не “Жыве Беларусь!”» У Акадэміі мастацтваў, напрыклад, такі чалавек з’явіўся ў канцы 2022 года: «ён выбудаваў перагародку ў цэнтры калідора, заляпіў фольгай акенца і выклікаў выкладчыкаў па адным: з аднаго боку ляжаў аркуш з заявай на звальненне, якую яны падпісваюць, з другога боку – папера, якую ён прасіў падпісаць аб тым, што яны дадуць любую інфармацыю на яго просьбу. Хто не падпісаў – тых “аптымізавалі” і звальнялі» (Э40).

  • Спосабы ціску на супрацоўнікаў

  • зняцце з пасады, паніжэнне ў пасадзе, прадаўжэнне кантракту на некалькі месяцаў / паўгода / год, у той час як раней ён заключаўся на некалькі гадоў;

    • пагрозы звальнення або непрадаўжэння кантракту, пазбаўлення прэмій або надбавак, павелічэння нагрузкі і г. д.;

    • дысцыплінарныя спагнанні (за рэдкае 5-хвіліннае спазненне), дакладныя на супрацоўнікаў, абразы, настаўленні, гутаркі;

    • прымус уступаць у прафсаюзы («Вельмі шмат цяпер значэння мае… гэтая наяўнасць нейкіх арганізацый, у якія ты ўваходзіш – “Белая Русь”, Саюз жанчын Беларусі, прафсаюз»);

    • патрабаванне падпісваць неймаверную колькасць «лухтовых папер» (напрыклад, што «мы не маем права як службовыя асобы (хаця з якога часу выкладчык – гэта “службовая асоба”?) мець рахункі за мяжой, дапамагаць мужу/жонцы, калі яны займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю»; дакумент, згодна з якім супрацоўнікі азнаёмлены са спісам экстрэмісцкіх матэрыялаў («там больш за 500 старонак») і абавязваюцца адманіторыць усе інтэрнэт-рэсурсы, на якія яны падпісаны);

    • звальненне і прымус да самазвальнення.

  • Звальненні

У сістэме дзяржаўных устаноў культуры і адукацыі з розных афіцыйных прычын (а неафіцыйна проста кажуць «вы разумееце…») працягваюцца адзінкавыя і масавыя звальненні: «…здаецца, ужо тры гады прайшлі ад падзей [2020 года], а ўвогуле дагэтуль шукаюць няверных». Звальняюць на нейкіх падставах да завяршэння кантракту, скарачаюць або вымушаюць звольніцца самім: «…выклікаў і сказаў, што прэтэнзій да маёй працы зусім няма, але ў мяне ёсць толькі два сцэнарыі: першы – я пішу заяву “па ўласным жаданні”, другі – гэта ў якім універсітэт ужо не ўдзельнічае (г. зн. паводле артыкула)… Ну канешне, я напісала заяву» (Э27). 

Дзеячы культуры казалі пра некалькі хваляў звальненняў у іх інстытуцыях, якія так ці інакш працягваюцца і цяпер. На прыкладзе адной з устаноў у сістэме вышэйшай адукацыі можна сказаць, што першая хваля прыйшлася на кастрычнік – лістапад 2020 года, другая – на канец 2021-га; на кінастудыі «Беларусьфільм» першая хваля была ў самым пачатку 2022-га, другая – з верасня 2022-га, трэцяя ідзе цяпер (гутарка вялася ў першых днях чэрвеня); у Акадэміі навук першы «накат рэпрэсій» быў восенню 2020-га, «новы набор, новая чыстка» – у кастрычніку 2022-га, нешта адбываецца і цяпер.

Спецыялістаў са сферы культуры звальнялі, нягледзячы на іх прафесіяналізм, высокую кампетэнтнасць, узровень навуковых ведаў і заслугі, праз нелаяльнасць: «за фотку, за выказванне… Проста прыходзіць нейкі спіс – і ўсё, ты ў ім – і прывет». Рэспандэнты агучвалі наступныя падставы для звальнення / непрадаўжэння кантракту:

 удзел у пратэстах 2020 года хто ўдзельнічаў у пратэстах і неяк там засвяціўся»);

 калектыўны зварот ад імені прафесійнай супольнасці («якія ўдзельнічалі ў відэазвароце»);

 подпіс за Віктара Бабарыку на этапе яго вылучэння ў кандыдаты на прэзідэнцтва («што былі за Бабарыку падпісаны – гэта я дакладна ведаю»);

 подпіс пратэсту («што паставіла подпіс супраць несумленных выбараў ці то ў дзень выбараў, ці то пасля, у іх недзе на ўчастку добраахвотна збіралі подпісы пратэсту супраць няправільнага падліку галасоў»);

 крытычныя публікацыі ў сацыяльных сетках зараз сацсеткі з’яўляюцца такой крыніцай інфармацыі для пераследу – людзей звальняюць нават там»);

 прапольская пазіцыя якія тым ці іншым чынам схільныя да Польшчы – вось іх неяк так выціскаюць»);

 прабеларуская пазіцыя менавіта на звальненне ўсіх, хто так ці іначай павязаны з беларускай культурай… Менавіта людзей, хто можа ўзняць голас супраць “русского мира”… хто проста кажа штосьці непажаданае і, зноў жа, штосьці такое, што можа паўплываць на ўспрыняцце ў Беларусі “русского мира”»);

 адмова ўступаць у прафсаюз звольнілі яшчэ чалавекі чатыры ці пяць за тое, што яны не ўступалі ў прафсаюз»);

 пасля адміністрацыйнага або крымінальнага пераследу яго проста забралі на суткі і звольнілі па факце… адсутнасці на рабоце»);

 пасля дыфамацыйных публікацый у праўладных СМІ і каналах:

  • артыкул Мукавозчыка ў «СБ. Беларусь сегодня» («Ну і пасля артыкула Мукавозчыка ўжо пачаліся чысткі… Вось гэты артыкул стаў такім пунктам, як кажуць, адліку, бо былі апублічаны прозвішчы»);

  • «пасля публікацыі ў нейкім мікраканальчыку нейкіх ідыётаў. Якія ўвогуле і напісалі нешта бязграматна, але досыць жорстка і страшна, з кучай абвінавачванняў»;

 даносы ў прафесійным асяроддзі проста супрацоўнікі гэтага органа пішуць данос, што ён бчб-шнік і да т. п., і яго на ўзроўні міністэрства вымушаны прыбраць»); 

 агулам, нагодай можа зрабіцца што заўгодна І любое, нават абсалютна такое, што ў галаву б не прыйшло, што гэта можа стаць зачэпкай, робіцца зачэпкай – і тады падымаецца вялікі шум»).

Звальненне – гэта не толькі страта даходу і сродкаў для існавання, гэта і пазбаўленне сацыяльнага жылля тых працаўнікоў сферы, каму яно давалася, а для кагосьці, магчыма, і дэпартацыя, а таксама забарона на прафесію ў Беларусі ў цэлым. Звольненаму «за палітыку» дзеячу культуры больш няма месца ў сістэме дзяржаўных інстытуцый, бо пра яго нелаяльнасць сістэме будзе пазначана ў характарыстыцы, якую ў любым выпадку запытае новы патэнцыйны працадаўца.

  • Забарона на прафесію: «воўчы білет» і спісы «нядобранадзейных»

«Зараз нават прыбіральшчыцам трэба праходзіць праз “сіта”, калі ты ўладкоўваешся на дзяржаўную працу. Ніхто не праскочыць – трэба, каб усе былі правільныя» (Э2). Такім «сітам» з’яўляюцца характарыстыка з папярэдняга месца працы і спісы «нядобранадзейных».

Рэспандэнты казалі пра тое, што характарыстыка на кожнага супрацоўніка складаецца з дзвюх частак: прафесійнай і інфармацыі ад спецслужбаў, якая складаецца з набору ацэначных пунктаў: «Чым больш галачак, тым менш шанцаў, што ты знойдзеш працу». Людзей могуць чакаць на новым месцы, як той казаў, «з абдымкамі», але адмоўныя характарыстыкі з апісаннем у духу «схільны весці экстрэмісцкія размовы» закрываюць туды дарогу. Існуе практыка кругавой парукі, пры якой былы начальнік бярэ на сябе адказнасць за лаяльнасць былога супрацоўніка, і калі ён утоіць нешта ў выдадзенай характарыстыцы, то можа і сам за гэта пацярпець. Адзін з рэспандэнтаў агучыў таксама факт увядзення крымінальнай адказнасці загадчыка аддзела кадраў на дзяржаўным прадпрыемстве, каб ён, крый божа, не прапусціў чалавека, заўважанага ў нейкіх справах або спісах: «таму цяпер не бяруць проста таму, што хрэн цябе ведае, хто ты, а калі ты ўжо з нейкім душком – то ўсё зразумела».

Звальненне з палітычнай матывіроўкай, хутчэй за ўсё, прадугледжвае і «забарону на імя» спецыяліста: «…яго хутчэй за ўсё не запросяць таксама на дазволеную імпрэзу ці ў школу»; не паклічуць на канферэнцыю: «мала таго, калі ты сам прыйдзеш – яшчэ і выпруць за дзверы» і г. д.


«Чорныя спісы»

«Чалавека могуць забараніць як артыста, як artist у цэлым.

Маё імя забаронена, бо гэта прапаганда маёй творчасці» (Э40)

 

Такая практыка мае дачыненне як да дзяржаўнага, так і да незалежнага сектара культуры.

Адна з ізноў актуальных практык савецкага часу – спісы забароненых дзеячаў культуры, толькі калі раней яны тычыліся ў большай ступені музыкаў і пісьменнікаў-дысідэнтаў, то на сёння гэта поўны спектр спецыялістаў творчых прафесій: «…дзе б ні было – паўсюль фігуруе “ёсць нейкія спіскі”». «Гэта іх у народзе называюць “чорныя спісы”, але яны, па-мойму, гучаць афіцыйна як “нядобранадзейныя”» (Э33). Рэспандэнты казалі пра тое, што няма, вядома, нейкай «фізічнай кнігі» і што ніхто гэтых спісаў у вочы не бачыў, а тыя, якія час ад часу з’яўляюцца ў публічнай прасторы, хутчэй выклікаюць скепсіс («Таму што сапраўдныя спісы ў публічны доступ не трапляюць»). Ніхто дакладна не ведае, як яны выглядаюць і ў якой форме існуюць, але ні ў каго не выклікае сумневу, што яны ёсць. Расказвалі пра градацыю спісаў: што яны бываюць «першай лініі і другой лініі», «чорныя і шэрыя», «адной групы і іншай групы», «ёсць нейкія два спісы», «ці адзін гэта “чорны спіс”, ці іх цэлы падбор такіх спісаў – сказаць цяжка». Праўда, у гэтым выпадку гаворка хутчэй ішла пра спісы, якія рэгулююць магчымасць/немагчымасць працаўладкавання, або спісы на звальненне: ёсць спісы першай лініі, калі «ты нікуды не можаш уладкавацца», і другой лініі – «ты ўладкоўваешся на працу, але не можаш нічога рабіць там»; «ёсць некалькі такіх градацый гэтых “чорных спісаў”: калі ты чыноўнік, то для таго, каб пазбавіцца працы, дастатковы толькі твой подпіс за кагосьці з альтэрнатыўных кандыдатаў на выбарах. Зразумела, што калі ты дворнік – там нейкае ўжо больш спакойнае стаўленне да цябе» (Э29).

«Ірына Уладзіміраўна Дрыга – гэта галоўны спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ў Міністэрстве культуры. У прынцыпе, усе спісы праходзяць праз яе тэлефон… нейкім чынам яна паспявае кантраляваць усіх і ўся…» Груба кажучы, Міністэрства культуры цяпер сапраўды фіксуе ўсё, што адбываецца ў полі культуры, звязанае з іншымі сферамі: адукацыйнай, інфармацыйнай і г. д. «Зараз каб песня гучала на радыё, яна павінна прайсці ледзь не праз саму гаспадыню Дрыгу – ведаеце вы такую? Ну дык вось дайшло да такога» (Э10).

 

Наступствы

Адно з наступстваў зацяжнога характару рэпрэсій у дачыненні да дзеячаў культуры і бесперапыннага ціску рэжыму на дзяржаўныя інстытуцыі і арганізацыі грамадзянскай супольнасці – «нармалізацыя» таго, што адбываецца: «У сэнсе ты такі: “А, ну ты на хатняй хіміі – ну, акей; ну, табе выпісалі штраф – ну, акей”, гэта перастае быць нечым дзіўным» (Э37); «о, знялі, о, не пусцілі выставіцца – руціна арт-жыцця» (Э21). Разам са з’яўленнем «новай нормы» адбываюцца такія працэсы ў сферы культуры ўнутры Беларусі, як дэпрафесіяналізацыя дзяржаўнага сектара і гарызанталізацыя незалежнай культуры.

  • Дэпрафесіяналізацыя дзяржаўнай сферы культуры / зніжэнне якасці прадукту / крызіс сістэмы

«Практычна ўсё робіцца дзеля выканання нейкага загаду, каб была карцінка» (Э28)

Масавыя звальненні высокапрафесійных спецыялістаў і цяжкасці з папаўненнем кадраў, зніжэнне колькасці матываваных спецыялістаў, разбурэнне прафесійнай інфраструктуры і пагаршэнне ўмоў працы (у тым ліку звязанае з разрывам кантактаў з заходнімі інстытуцыямі), усё новыя змяненні і задачы, што ставяцца дзяржавай перад установамі культуры, з аднаго боку, вядуць да прафанацыі і з’яўлення сурагату культуры (за некаторым выключэннем) з гледзішча вырабленага ёю прадукту, свайго роду «кірмашу няўмелых мастакоў», кампраміснага і інтэр’ернага мастацтва; з іншага боку, робяцца выклікам для самой сістэмы – патрабуюць ад яе дадатковых намаганняў, «каб не развалілася гэта ўсё»: сістэма рашае задачку на выжыванне. Адна з галоўных пагроз у выпадку доўгатэрміновай перспектывы – разрыў кампетэнцый спецыялістаў, перадачы досведу і ведаў.

  • Герметычнасць і гарызанталізацыя незалежнага сектара культуры

«Выявіць сябе ў самой Беларусі яна не можа» (Э30)

Для незалежнай культуры засталося вельмі мала альтэрнатыў, таму адбылося вяртанне да «стратэгій экспанавання мастацтва, якое было ў савецкі час» (Э21) – кватэрнікаў і міжсабойчыкаў. Так арт-жыццё перайшло ў «рэжым цішыні», зрабілася больш камерным і менш публічным.

«Многія, хто застаецца ў Беларусі, працуюць пад псеўданімамі – не важна, у Беларусі ці ў Еўропе. Гэта прыводзіць да гарызанталізацыі кар’еры, г. зн. твой сацыяльны капітал быццам пачынае губляцца: усё адлюстроўваецца ў рэзюмэ, але не адлюстроўваецца ў кам’юніці, і гэта тым складаней. Часам ты можаш працаваць над адным праектам з чалавекам і не ведаць, што вы сябры, або вы не ведаеце, што вы працуеце над адным праектам» (Э40). Самацэнзура і ананімнасць, немагчымасць расказаць пра свае працы (акрамя як праз сарафаннае радыё) вядуць да знікнення дзеячаў культуры з радараў. Рассыпаецца нэтворкінг, нішчацца сеткі – «і гэта проста балюча і страшна, насамрэч».

«Няма гэтай канкурэнцыі, няма нагледжанасці, бо сапраўды не ва ўсіх людзей ёсць магчымасць ездзіць проста на прафесійныя фестывалі, сюды нікога не прывозяць, натуральна. І ёсць страх, што мы закрываемся ў сваёй гэтай тусовачцы нейкай, і “мы” – я ж кажу і пра гледача, ён жа таксама павінен быць нагледжаным» (Э19).

 

Дапамога

«Тое, што нам трэба, – немагчыма» (Э20)

Дзеячы культуры з дзяржаўнага і незалежнага сектараў культуры казалі пра наяўнасць як мінімум двух фармальных водападзелаў паміж беларусамі: на лініях «свой – чужы» і «з’ехалі – засталіся». І адсюль выцякае адзін з іх запытаў, адзін з магчымых спосабаў дапамогі тым, хто сёння жыве і працуе ў Беларусі.

«Свой – чужы»: падзел ідзе паводле лініі супрацоўніцтва/несупрацоўніцтва з дзяржаўнымі інстытуцыямі. «Вельмі хацелася б, каб развянчаўся міф, што “дзярж” у Мінску цяпер роўнае “сістэме”, дзе засталіся толькі рэжымныя людзі, якія хочуць яшчэ больш знішчыць знутры – і гэтым людзям вельмі патрэбнае паветра цяпер» (Э40); «у пратэстах удзельнічалі і графаманы, і геніяльныя аўтары, добрыя аўтары. Таксама пры дзяржаўным рэсурсе сядзяць зараз і добрыя аўтары, і графаманістыя… нельга дзяліць людзей толькі па нейкіх знешніх фактах, а ўсё-такі трэба глядзець на сутнасць гэтых дзеянняў» (Э17).

«З’ехалі – засталіся». Рэспандэнты шмат звярталіся да тэмы разрыву/расколу/канфрантацыі/падзелу беларусаў і адсутнасці мастка паміж тымі, хто з’ехаў і застаўся, узаемных крыўдаў і абвінавачванняў, спрэчак, непаразумення і асуджэння – «гэта такі балючы момант», што «гульцы» з абодвух бакоў падліваюць алею ў агонь, а асноўныя папрокі на адрас тых, хто застаўся ў краіне, – што яны калабарацыяністы і здраднікі і што ўнутры Беларусі нічога не адбываецца, што цяпер усё культурнае жыццё – за межамі Беларусі, «што не з’яўляецца праўдай»: «тут засталося шмат цудоўных людзей, для якіх я раблю тое, што я раблю» (Э21); «мы часам сустракаем адно аднаго недзе – людзі культуры, прычым абсалютна розных сфер – і мы здзіўляемся, што мы тут, а потым яшчэ высвятляецца, што ты ці іншы, аказваецца, нешта тут робіць» (Э19).

Разам з запытамі «быць больш прыязнымі да творчых дзяржпрацаўнікоў» і «рукі працягваць адно аднаму, у справе культуры тым больш» гучалі такія тэмы-запыты да супольнасці звонку, як патрэба ў маральнай падтрымцы – расказваць за мяжой пра тое, што «тут ёсць розныя людзі», якія не падтрымліваюць вайну і працягваюць рабіць добрыя важныя праекты; быць голасам тых, хто вымушаны заставацца ў рэжыме маўчання: «Мастакі і наогул арт-супольнасць, любая, якая цяпер знаходзіцца за мяжой, вельмі добра мусяць разумець тое, што гэтыя выказванні, якія яны цяпер робяць, якія звязаны з палітыкай або вайной ва Украіне, яны мусяць разумець, што яны выказваюцца не ад свайго імя, яны выказваюцца ад імя нас» (Э21). 

Таксама падтрымліваць дыпламатычнае кам’юніці, каб у дзеячаў культуры была магчымасць выязджаць і выстаўляцца за мяжой – каб яны «мелі магчымасць скідваць з сябе вось гэты ментальны ціск». Даць магчымасць як мага большай колькасці артыстаў ствараць арт-выказванні за межамі краіны, каб беларускі парадак дня не вымываўся з еўрапейскіх СМІ і каб нейкім чынам пераканструяваць той негатыўны вобраз беларуса, што стварыўся пасля вайны ва Украіне, – «гэта важна не столькі для самой арт-супольнасці, колькі для ўсяго грамадства Беларусі ў цэлым» (Э21). Пры гэтым дазваляць дзеячам культуры захоўваць ананімнасць – «ёсць варожасць у дачыненні да беларусаў, якія застаюцца і хочуць не паказваць свайго твару, быць ананімнымі» (Э40).

Нейкім чынам уключаць іх у кантэкст – нагледжанасці і абмену; злучаць людзей  «зразумела, мы ўсе раз’ядналіся: нехта ў Грузіі, нехта ў Вільні, нехта ў Варшаве нешта робіць… трэба нас неяк злучаць больш» (Э19). Займацца пытаннямі развіцця грамадзянскай адукацыі, вышэйшай адукацыі, наладзіць сістэму павышэння кваліфікацыі за межамі Беларусі, каб праходзілі канферэнцыі і была магчымасць публікавацца. І каб гэтыя рэчы былі адарваны ад палітычнага парадку дня  «іначай гэта будзе білет у адзін канец».

  1.  З меркавання бяспекі мы не раскрываем імёнаў рэспандэнтаў. «Э20» значыць «эксперт 20», далей у тэксце аўтарства выказванняў пазначаецца аналагічна.

  2.  Размова адбывалася за 1,5 месяца да смерці Алеся Пушкіна ў турме.

  3.  Мастак Алесь Пушкін быў затрыманы ў сакавіку 2021 года за карціну – партрэт антысавецкага партызана Яўгена Жыхара – і асуджаны за яго на 5 гадоў калоніі.

  4.  Праўладная мастачка Святлана Жыгімонт.

  5.  Атака на расійскі А-50 на авіябазе «Мачулішчы».

  6. Рэестр арганізатараў культурна-відовішчных мерапрыемстваў.

Арыгінал дасьледваньня на сайце ПЭНу

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 верасня 2024, 14:30
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці