Беларусы на «крытай»: «Вясна» распавядае, як палітвязьняў працягваюць перасьледаваць у калёніях

02 жніўня 2023, 11:08
Беларусы на «крытай»: «Вясна» распавядае, як палітвязьняў працягваюць перасьледаваць у калёніях

Палітычна матываваныя прысуды з непрапарцыйна высокімі і несуразмернымі зробленаму тэрмінамі — не адзіны метад барацьбы ўладаў з беларусамі. Калі палітвязні трапляюць у калоніі, ціск на іх працягваецца: іх пазбаўляюць званкоў, спатканняў і перадач, змяшчаюць у штрафны ізалятар (ШІЗА) або памяшканне камернага тыпу (ПКТ). На палітвязняў «вешаюць» шматлікія парушэнні, за што іх пераводзяць на турэмны рэжым або ўзбуджаюць новыя крымінальныя справы па арт. 411 Крымінальнага кодэкса (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы). Па дадзеных праваабаронцаў, па стане на 25 ліпеня 2023 года як мінімум 55 палітзняволеных перавялі на турэмны рэжым і супраць яшчэ 27 распачалі новыя крымінальныя справы па арт. 411 КК.

«Вясна» распавядае, якія метады пакарання выкарыстоўвае адміністрацыя калоній супраць палітвязняў і хто з палітычных вязняў прызнаны «злоснымі парушальнікамі рэжыму».

Ілюстрацыя мастачкі Eya MordyakovaІлюстрацыя мастачкі Eya Mordyakova

Мінімум 82 палітвязням пагоршылі ўмовы ўтрымання за «парушэнне ўнутранага парадку калоніі»

На дадзены момант праваабаронцам «Вясны» вядомыя прозвішчы 82 палітвязняў, якіх па «надуманых правінах» адміністрацыя калоній карае за «парушэнне ўстаноўленага парадку». З іх 55 палітвязням узмацнілі рэжым: Мікіце Емяльянаву, Ігару Салаўю, Таццяне Канеўскай, Аляксандру Кабанаву, Андрэю Севяртоку, Андрэю Царонку, Івану Вярбіцкаму, Ігару Повараву, Сяргею Верашчагіну, Міхаілу Калішуку, Андрэю Хрэнкову, Яўгену Петрачэнку, Алегу Яфрэменку, Аляксею Мельнікаву, Сяргею РымшуГлебу Гатоўку, Яўгену Афнагелю, Юрыю БялькоАляксандру Нурдзінаву, Ігару Букасу, Юрыю Чудзіновічу, Яўгену КаханоўскамуЯўгену ЗашчытавуАлегу РубцуМікалаю ДзядкуУладзіміру Кнігу, Мікіту Залатарову, Ігару Аліневічу, Сяргею Ціханоўскаму, Дзянісу Ураду, Яўгену ХарашкевічуЭдуарду ПальчысуІгару Пыж'янаву, Дзмітрыю СушчыкуСцяпану ЛатыпавуЯгору ДуднікавуДзмітрыю ПаповуАлесю ПушкінуАрцёму СакавуДзянісу Барсукову, Андрэю ЧудзінавуУладзіміру Цыгановічу, Дзмітрыю ІвашковуВіктару ШауруАляксандру РаентавуАляксандру ПінчукуУладзіміру МацкевічуДзмітрыю КубаравуУладзіславу КарэцкамуЯўгену РубашкуУладзіміру ГарохуСяргею Капанцу, Паўлу Севярынцу, Аляксею ГамезуАляксандру Арановічу. Раней з калоніі на турэмны рэжым перавялі і былую палітзняволеную Наталлю Хершэ, якую вызвалілі па памілаванні ў студзені 2022. 

Калі да падзеяў 2020 года ў Беларусі па артыкулу 411 Крымінальнага кодэкса судзілі толькі двух палітвязняў: у 2012  Зміцера Дашкевіча і ў 2015  Мікалая Дзядка, то цяпер паводле гэтага артыкулу ўжо асудзілі да двух гадоў калоніі палітвязняў Мікіту Емяльянава і Віктара Барушку, а таксама Дзмітрыя Карнеева, які таксама адбывае тэрмін па палітычных матывах. Палітзняволеных Руслана АкосткуІвана ЗянькоПаўла ПясковаАлену Гнаук і Уладзіміра Цыгановіча ў калоніі асудзілі яшчэ да года зняволення, а палітвязню Ціхану Осіпаву прызначылі яшчэ сем месяцаў зняволення і змянілі рэжым з узмоцненага на строгі. Палітзняволенаму мінчука Андрэю Навіцкаму прызначылі яшчэ чатыры месяцы пазбаўлення волі і змянілі яму рэжым адбыцця пакарання з узмоцненага на строгі. Нядаўна Андрэя асудзілі другі раз запар паводле арт. 411 КК, але вынік пакуль невядомы. А палітвязню Юрыю Кавалёву за тры дні да вызвалення з калоніі прызначылі прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары. Палітзняволеным Паўлу Аўчарову і Сяргею Ціханоўскаму прысудзілі яшчэ паўтара года ў калоніі. Палітвязню Сяргею Ярашэвічу ў дадатак да 5,5 гадоў калоніі прызначылі яшчэ дзевяць месяцаў зняволення. Сяргей Раманаў быў асуджаны на 11 месяцаў зняволення ў дадатак да 20 гадоў калоніі. Таксама суды за "злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі" адбыліся над Аляксандрам ЗайкоўскімВячаславам Малейчуком, Андрэем МаславымЯўгенам ПетрачэнкамМаксімам Матыркам і Іванам Вярбіцкім, але вынікі пакуль невядомыя. 

Акрамя гэтага, вядома, што палітвязня Змітра Дашкевіча, якіпавінен быў выйсці на волю па заканчэнні тэрміну 11 ліпеня 2023 года, адразу па выхадзе перазатрымалі ў межах новай крымінальнай справы па арт. 411 КК.

Цяпер за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі" судзяць фігуранта "справы Ціханоўскага" Уладзіміра Кнігу і ўладальніка ютуб-канала "Третий регион Беларусь" Алега Канавалава.

Першай палітзняволенай жанчынай у Беларусі, асуджанай па гэтым артыкуле, стала Паліна Шарэнда-ПанасюкСуд прызначыў ёй у дадатак да двух гадоў зняволення яшчэ адзін год пазбаўлення волі. Але нядаўна супраць яе ўзбудзілі ўжо другую крымінальную справу па арт. 411 КК. 

Палітзняволеную Вікторыю Кульшу двойчы за год асудзілі за "злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі". Агулам ёй дадалі яшчэ два гады зняволення.

Палітвязню Алегу Яфрэменку ў судзе Ленінскага раёна Магілёва 15 жніўня 2022 года палітвязню прысудзілі па арт. 411 КК у дадатак да чатырох з паловай гадоў калоніі яшчэ год у зняволенні. Нядаўна супраць яго ўзбудзілі ўжо трэцюю крымінальную справу — зноў па ч. 1 арт. 411 КК. У Горках 25 ліпеня над палітвязнем распачаўся суд.

На гэтых палітзняволеных ціск аказвалі адразу пасля этапу ў калонію. Некаторыя ў калоніі не змаглі атрымаць ніводную перадачу да пераводу на турэмны рэжым праз тое, што іх амаль адразу пасля этапу змяшчаюць у ПКТ. Адміністрацыя калоніі спецыяльна стварае невыносныя ўмовы ўтрымання, а потым яшчэ і пагаршае іх стан пераводам на рэжым з максімальнымі абмежаваннямі, пазбаўляючы іх нават свежага паветра. Пры гэтым, рапарты складаюць за тое, чаго палітвязень ніколі не здзяйсняў. Але абскардзіць змяшчэнне ў штрафны ізалятар або ПКТ для вязняў амаль немагчыма.

Кожны дзень яшчэ некалькі соцен палітзняволеных таксама сутыкаюцца з адвольнымі пазбаўленнямі перадач, спатканняў і званкоў. Некаторых з іх працягваюць змяшчаць у ШІЗА, ПКТ і карцары. Таму распавядаем, якія абмежаванні ўжываюцца ўладамі ў адносінах да палітычных вязняў, каб пагоршыць ім умовы ўтрымання.

Якія дысцыплінарныя спагнанні выкарыстоўваюць у калоніях супраць вязняў?

Амаль штодзённа праваабаронцам паведамляюць пра тое, што адміністрацыя розных папраўчых установах выносіць адміністрацыйныя спагнанні супраць палітвязняў. Супрацоўнікі адміністрацыі выкарыстоўваюць розныя «надуманыя» прычыны для гэтага: бруднае адзенне ці абутак, незашпілены гузік на каўняры, няправільнае вітанне з прадстаўніком адміністрацыі, няголенасць і многае іншае. Як паказвае практыка, палітвязняў спачатку пазбаўляюць званкоў, спатканняў і перадач, якіх, згодна з Крымінальна-выканаўчым кодэксам (КВК), і так прадастаўляецца няшмат. Потым адміністрацыя папраўчых установаў пераходзіць да больш жорсткіх пакаранняў: ШІЗА і ПКТ. 

Штрафны ізалятар у калоніях падобны да звычайнай турэмнай камеры, дзе «шконка» (ложак) адшпільваецца толькі на ноч з 21:00 і да 5:00. Ніякіх асабістых рэчаў браць з сабой нельга, толькі туалетную паперу, мыла, маленькі ручнік, зубную пасту і шчотку. Вязням у ШІЗА забараняюцца працяглыя і кароткатэрміновыя спатканні, тэлефонныя размовы, у тым ліку з выкарыстаннем сістэм відэасувязі, набыццё прадуктаў харчавання і прадметаў першай неабходнасці, атрыманне пасылак, перадач, бандэроляў і дробных пакетаў, адпраўленне і атрыманне лістоў, карыстанне настольнымі гульнямі і паленне. Пасцельныя прыналежнасці ім таксама не выдаюцца, на шпацыры не выводзяць (згодна з п. 1 арт. 114.КВК). Пры пераводзе ў ізалятар зняволеным выдаюць спецыяльнае адзенне, на якім вялізарнымі літарамі напісана «ШІЗА». Максімальны тэрмін змяшчэння вязня ў ізалятар — 10 сутак. Каб утрымліваць вязняў там як мага больш, адміністрацыя складае некалькі пратаколаў запар. 

Як адзначаюць палітвязні, умовы ў ШІЗА вельмі жорсткія і іх можна расцэньваць як катаванні. Так, звычайна камера штрафнога ізалятару вельмі маленькая і халодная. Увесь час зняволеным дазволена толькі або хадзіць па камеры, або сядзець на каменным "пуфіку", як яго называюць самі супрацоўнікі. Сядзець на падлозе нельга — за гэта могуць дадаць новае спагнанне.

У гомельскай жаночай калоніі № 4, напрыклад, адзенне ў жанчын забіраюць і выдаюць замест яго адмысловае для штрафнога ізалятару. Пры гэтым панчохі і ласіны забіраюць, таму нават зімой зняволеныя знаходзяцца там з голымі нагамі. Але некаторыя знайшлі выйсце — абкручваць ногі туалетнай паперай. Таксама ўжо цягам больш за паўтара года па загаду адміністрацыі калоніі палітзняволеным на ноч не выдаюць целагрэйкі, таму накрывацца там няма чым. Такія ўмовы жанчыны расцэньваюць як катаванні холадам.

"У ШІЗА штораніцы ліюць хлёрку па пяць літраў, каб асуджаныя ёю труціліся. Вокны не зачыняюць пры любым надвор'і, хоць на вуліцы будзе -30°. Вокны асуджаныя завешваюць ручніком — адной з нешматлікіх рэчаў, што належаць у ШІЗА. Часам даходзіць да таго, што даводзіцца на акно вешаць анучу, якой мыеш падлогу ў ШІЗА, у тым ліку і хлёрку. За гэта таксама могуць выпісаць рапарт і даць дзесяць сутак. Калі ў камеры дрэнна прыбраны туалет ці ўмывальнік, то асабіста начальнік калоніі Пальчык можа паставіць у расцяжку ці напісаць рапарт, паводле якога адпраўляюць яшчэ на дзесяць сутак у ШІЗА", — распавядае былы вязень наваполацкай калоніі № 1. 

Памяшканне камернага тыпу (ПКТ) — спецыяльнае памяшканне, у якім утрымліваюцца асуджаныя да пазбаўлення волі, пераведзеныя ў парадку спагнання за злосныя парушэнні вызначанага парадку адбыцця пакарання ў папраўчых калоніях. Вязняў закідваюць туды тэрмінам да шасці месяцаў за «сістэмныя парушэнні». Там яны маюць права атаварвацца ў турэмнай краме на адну базавую велічыню ў месяц, атрымліваць адну бандэроль на працягу шасці месяцаў і мець штодзённы шпацыр працягласцю 30 хвілін. Таксама вязням дазволенае ліставанне, аднак яно часта беспадстаўна блакуецца цэнзарам. Гэтыя абмежаванні тычацца і вязняў, якіх змяшчаюць у адзіночную камеру. Да асуджаных, пераведзеных у ПКТ, могуць ужывацца ўсе меры спагнання, акрамя пераводу ў ПКТ (згодна з п. 8 арт. 113 КВК). Напрыклад, пераводзіць з ПКТ у штрафны ізалятар. Пры гэтым, тэрмін знаходжання ў ШІЗА не залічваецца ў тэрмін змяшчэння ў ПКТ.

"На ПКТ, як і ў ШІЗА, камеры бываюць сырымі і халоднымі, ці проста халоднымі. Там размешчаныя толькі лаўка, стол, умывальнік, туалет і некалькі металічных паліц. У некаторых камерах лаўка і стол — цалкам жалезныя, і высядзець доўга на такіх лаўках папросту немагчыма, асабліва калі і ў камеры холадна. А нармальна там толькі ўлетку і ўвесну, з надыходам халадоў ацяпленне падтрымліваецца на мінімуме, каб прыносіць зняволеным псіхалагічную і фізічную шкоду. У такіх умовах ні ляжаць, ні сядзець немагчыма. Ты ходзіш у камеры, прысядаеш, адціскаешся або гадзінамі стаіш каля цёплай трубы, саграваючы хаця б рукі. Увечары адзіная думка і мара — каб табе хутчэй далі матрац, на якім можна легчы і заснуць. Ты выматаны фізічна і маральна", — сведчыць былы вязень бабруйскай калоніі № 2. 

Каго лічуць «злосным парушальнікам рэжыму»?

Паводле заканадаўства, злосным парушальнікам рэжыму прызнаюць вязня, які за адпаведны перыяд здзейсніў адразу некалькі парушэнняў вызначанага парадку адбыцця пакарання. А менавіта, калі ў яго ёсць не меней за:

  • чатыры вымовы ці чатыры пазачарговыя дзяжурствы па прыбіранні памяшканняў ці тэрыторыі папраўчай установы;

  • тры спагнанні, адно з якіх — пазбаўленне чарговай пасылкі ці перадачы, а таксама пазбаўленне чарговага працяглага ці кароткатэрміновага спаткання;

  • два спагнанні, адно з якіх — змяшчэнне асуджанага ў ШІЗА.

Гэта накладае на вязняў дадатковыя абмежаванні, галоўнае з якіх — змяншэнне "атаваркі" да дзвюх базавых велічыняў (74 рублі ў месяц). На гэтыя грошы, як адзначаюць знявоеныя, без заробку і з пазбаўленнем пасылак у калоніі вельмі цяжка выжываць. Таксама "злоснікі" не могуць афіцыйна уваходзіць у склад розных секцый і здымаюць трохкутнік [жоўтая нашыўка] з рукава. Прызнанне "злоснікам" набліжае вязняў да новай крымінальнай справы паводле арт. 411 КК або да перавода на "турэмны рэжым". 

Згодна з п.5 арт.69 Крымінальна-выканаўчага кодэкса, асуджаныя да пазбаўлення волі, што злосна парушаюць устаноўлены парадак адбыцця пакарання, могуць быць пераведзеныя з папраўчай калоніі для асобаў, упершыню адбываючых пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, і папраўчай калоніі для асобаў, што раней адбывалі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, у турму на тэрмін не звыш трох гадоў з адбыццём астатняга тэрміну пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах таго рэжыму, які быў прызначаны па выніку суда.

Як караюць палітвязняў за «сістэматычныя» парушэнні? 

Апошнім часам, практыка пакарання вязня ШІЗА ці ПКТ выкарыстоўваецца для далейшага ўзмацнення рэжыму і пераводу на турэмны рэжым у так званую «крытую турму», або ўзбуджэння новай крымінальнай справай за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы паводле артыкула 411 Крымінальнага кодэкса. Гэта два самых жорсткіх дысцыплінарных пакарання, прадугледжаныя законам.

Перавод на турэмны рэжым

Турэмны рэжым — гэта камерныя умовы ўтрымання, дзе, у адрозненні ад калоніі, вязні ўвесь час сядзяць у чатырох сценах. У камерах людзі гадамі могуць сядзець у рэжыме 24/7 з аднымі і тымі ж людзьмі ў колькасці ад трох да дванаццаці чалавек.

У «крытай» ёсць два рэжымы: строгі і агульны. Адразу пасля прыбыцця ў турму вязень трапляе на строгі турэмны рэжым, а на агульны яго могуць перавесці толькі праз паўгода (па рашэнні начальніка ўстановы). На строгім рэжыме не могуць утрымлівацца цяжарныя жанчыны і тыя, якія маюць пры сабе непаўнагадовых, дзяцей, а таксама асуджаныя, якія маюць інваліднасць І і ІІ групы.

Гэты рэжым прадугледжвае максімальную колькасць абмежаванняў для асуджанага. Пры гэтым, у правілах унутранага распарадку гаворка ідзе толькі пра тое, што ім дазволена, то бок усё астатняе ім забаронена.

На агульным турэмным рэжыме дазваляецца атаварвацца на дзве базавыя велічыні; мець два кароткатэрміновыя спатканні ў год; атрымліваць адну пасылку ці перадачу і дзве бандэролі ці два дробныя пакеты ў год; штодзённа шпацыраваць ва ўнутраным дворыку працягласцю да паўтары гадзіны. На строгім турэмным рэжыме дазваляецца атаварвацца на адну базавую велічыню; мець адно кароткатэрміновае спатканне ў год; атрымліваць адну бандэроль ці адзін дробны пакет ў год; штодзённа шпацыраваць ва ўнутраным дворыку працягласцю да адной гадзіны. 

Але і ўсяго гэтага адміністрацыя турмы можа пазбавіць за «парушэнні». Ціск на зняволеных не сканчваецца нават пасля ўзмацнення рэжыму. Так, напрыклад, палітвязня Мікіту Емяльянава ўжо ў магілёўскай турме №4 часта змяшчалі ў ШІЗА, дзе ўтрымлівалі больш за месяц, і пазбаўлялі спатканняў і званкоў. Акрамя гэтага, за шматлікія «парушэнні» ўжо ў «крытай» на палітвязня завялі крымінальную справу за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы.

Рашэнне аб узмацненні рэжыму прымае суд. У «крытую» вязня могуць адправіць толькі да трох гадоў, таму, калі тэрмін пакарання больш, то пасля турмы зняволенага вяртаюць у калонію на той рэжым, які першпачаткова быў прызначаны судом. Адміністрацыя турмы збірае дакументы, якія нібыта пацверджваюць парушэнне рэжыму вязнем, і перадаюць іх у суд. Пасля гэтага зняволеных этапуюць з калоніі ў «крытую» турму, якіх у Беларусі тры: гарадзенская турма №1, магілёўская турма №4 і жодзінская следчая турма №8.

Крымінальная справа за злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі 

Згодна з Крымінальным кодэксам да адказнасці па артыкуле 411 КК прыцягваюцца тыя вязні, якім цягам года за парушэнне рэжыму адбыцця пакарання прызначалі дысцыплінарнае спагнанне ў выглядзе перавода ў ПКТ, адзіночную камеру або ў «крытую» турму. Па гэтым артыкуле зняволеных могуць асудзіць да пазбаўленне волі тэрмінам да аднаго года, а за асабліва небяспечны рэцыдыў — да 2 гадоў.

  1. Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, альбо іншае супрацьдзеянне адміністрацыі ў ажыццяўленні яе функцый асобай, якая адбывае пакаранне ў папраўчай установе, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, калі гэта асоба за парушэнне рэжыму адбыцця пакарання падвяргалася цягам года дысцыплінарнаму спагнанню ў выглядзе пераводу ў памяшканне камернага тыпу, спецыялізаваную палату, адзіночную камеру або пераводзілася ў турму (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі). Караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да аднаго года.

  2. Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае злачынства.Караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да двух гадоў.

Праваабаронцы шмат гадоў змагаюцца за тое, каб выключыць артыкул 411 з Крымінальнага кодэкса. Па ім улады караюць вязняў, якія здзейснілі дысцыплінарныя парушэнні ў папраўчых установах, але, пры гэтым, ужо панеслі за іх пакаранне ў выглядзе ШІЗА або ПКТ. 

Юрыст «Вясны» Павел Сапелка даўно звяртае ўвагу на тое, што практыка пакарання па арт. 411 Крымінальнага кодэкса зняволеных за тыя ж правіны, за якія яны ўжо панеслі дысцыплінарнае пакаранне, парушае шырока вядомы прынцып «non bis in idem», які азначае, што ніхто не павінен двойчы несці пакаранне за адно дзеянне. Таму гэта супярэчыць як Крымінальнаму кодэксу Рэспублікі Беларусь, так і Міжнароднаму пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Апроч усяго, спагнанні за парушэнні накладаюцца ў пазасудовым парадку службовымі асобамі турмаў і папраўчых калоній — супрацоўнікамі Міністэрства ўнутраных справаў. Таму ў адносінах да зняволеных гэта часта з’яўляецца адвольным і не адпавядаючым цяжару правіны прыцягненнем да адказнасці.

Палітзняволенага Мікалая Дзядка падчас мінулага зняволення ў 2015 годзе таксама судзілі па гэтаму артыкулу. Тады яму за пяць дзён да вызвалення падоўжылі тэрмін на адзін год калоніі. Пасля гэтага ён перадаў з турмы на волю адкрыты ліст са сваімі думкамі наконт прысуду:

«У Канстытуцыі, Крымінальным і Крымінальна-выканаўчага кодэксах Беларусі дэкларуецца мноства добрых прынцыпаў і правоў, але ўсе яны застаюцца затаптанымі ў гразь, пакуль у Беларусі дзейнічае артыкул 411 КК, які дазваляе адправіць чалавека ў калонію на 1 год (або на 2 — па частцы другой гэтага артыкула) за нашэнне ці не нашэнне прадмета адзення, за размову з суседам па камеры». 

Павел Сапелка ўпэўнены, што вінаватыя асобы павінны ў гэтым выпадку несці адказнасць, абмежаваную мерамі дысцыплінарнага характару, тым больш, што спектр гэтых мер прадугледжаны крымінальна-выканаўчым заканадаўствам у дастатковай меры шырокі і дыферэнцыраваны па сваім характары.

З практыцы вынікае, што тэрмін палітычнага зняволенага залежыць не толькі ад выраку суда, але і ад жадання супрацоўнікаў МУС як мага больш пагоршыць умовы адбыцця тэрміну, у тым ліку і падоўжыць яго.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 верасня 2024, 14:30
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці