Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава далучыўся да акцыі ў Дзень палітвязняў Беларусі.
21 траўня 2021 году ў калоніі загінуў Вітольд Ашурак. Гэты дзень з ініцыятывы праваабаронцаў стаў днём салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Сёлета акцыі салідарнасці адбыліся літаральна па ўсім свеце. Беларускі дом правоў чалавека быў на Чытанні імёнаў, арганізаваных "Вясной" ля мурала Алесю Бяляцкаму ў Вільні, насупраць амбасады Беларусі.
Цягам гадзіны, без перапынку, гучалі імёны беларускіх палітвязняў; агучылі імя кожнага з 1552 чалавек, якія сёння ў кратах па палітычных матывах. Падтрымаць акцыю і прачытаць уголас імён несправядліва зняволеных прыйшлі палітыкі і дыпламаты. Удзельнікі акцыі трымалі ў руках партрэты палітвязняў, надрукавалі іх на майках. Многія наклеілі на вопратку жоўтую "бірку" - такую, якую прымушаюць насіць у калоніях беларускіх палітычных вязняў, "схільных да экстрэмізму".
Публікуем рэпартаж "Вясны" з віленскіх акцыяў 21 красавіка 2023 году:
Дзве акцыі прайшлі ў Вільні ў Дзень з салідарнасці з беларускімі палітычнымі зняволенымі.
Акцыя Чытання імёнаў палітычных вязняў Беларусі прайшла каля мурала палітзняволенага старшыні "Вясны" і Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, насупраць амбасады Беларусі ў Літве.
"Чытанне імёнаў — вядомая акцыя, калі людзі збіраюцца дзеля таго, каб чытаць імёны ахвяраў палітычных рэпрэсій, — патлумачыла прадстаўніца ПЦ “Вясна” і кампаніі #FreeViasna Дар’я. — Мы рушылі услед за традыцыяй і зладзілі такую ж акцыю".
"1525 чалавек сёння знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах. Разам з імі сёння за кратамі нашыя калегі і паплечнікі — супрацоўнікі праваабарончага цэнтра “Вясна” разам з Алесем Бяляцкім — лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру", — нагадала праваабаронца "Вясны" Алена Маслюкова.
Алена Маслюкова
"1525 — гэта не проста лічбы. Гэта лёсы. Гэта лёсы тых, хто сядзіць, гэта лёсы іх сваякоў і блізкіх, і гэта імёны канкрэтных людзей. Кожны з іх годны таго, каб яго узгадалі тут на гэтай акцыі", — адзначыла Алена Маслюкова.
Таму праваабарончы цэнтр "Вясна" запрасіў прадстаўнікоў дыпламатычнага корпуса Нарвегіі, Злучаных Штатаў Амерыкі, Літвы, Ірландыі, Польшчы, Нідэрландаў, Фінляндыі, Швецыі, Чэхіі, Эстоніі далучыцца да акцыі чытання імёнаў беларускіх палітычных зняволеных.
Аста Андрыяўскіене, пасол па асаблівых даручэннях МЗС Літвы
Чытанне імёнаў падтрымалі і праваабаронцы "Вясны".
Праваабаронца "Вясны" Наталля Сацункевіч
Да чытання далучыліся і былыя палітычныя зняволеныя, а таксама прадстаўнікі сем’яў палітычных зняволеных.
Былы палітзняволены Зміцер Фурманаў
Усе 1525 імён і прозвішчаў беларускіх палітвязняў прагучалі падчас чытання. На гэта спатрэбілася амаль гадзіна.
Поўнае чытанне – у далучаным аўдыяфайле:
Грамадзянскую і хрысціянскую салідарнасць з тымі, хто несправядліва зняволены і пазбаўлены волі ў беларускіх турмах, выказалі і святары.
Святар Аляксандр Кухта
Тым часам на Кафедральнай плошчы ў Вільні з’явілася 150 торбаў як напамін пра больш за 1500 беларускіх палітвязняў.
На кожнай торбе — імя палітзняволенага ці палітзняволенай. Торбы ўвасабляюць так званыя "кэшары" палітвязняў.
"Кэшар” – гэта сумка з асабістымі рэчамі, з якой палітычных зняволеных этапуюць.
Акцыю на Кафедральнай плошчы прыйшлі падтрымаць і ўжо былыя палітвязні. Сярод іх — фігуранты справы цюкоў Алена Дзядзюля, Аляксандр Бабко і Вольга Дубовік. На іх цішотках — нумары артыкулаў, за якія яны былі асуджаныя.
Алена Дзядзюля, Аляксандр Бабко і Вольга Дубовік
Праваабарончы цэнтр "Вясна" вызначыў 21 траўня Днём салідарнасці з палітзняволенымі Беларусі. У гэты дзень два гады таму ў шклоўскай калоніі №17 памёр палітвязень Вітольд Ашурак.