Нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя Libereco патрабуе ад усіх заходніх кампаній неадкладна спыніць рэкламу ў дзяржаўных СМІ краінаў, якія прапагандуюць вайну.
Міжнародныя кампаніі Coca-Cola і Danone працягваюць размяшчаць рэкламу ў кантраляваных дзяржавай СМІ Расіі і Беларусі і праз два месяцы пасля пачатку вайны. Гэта дапамагае фінансаваць прапаганду вайны, якую робяць расейскі і беларускі ўрады. Libereco патрабуе ад усіх заходніх кампаній неадкладна спыніць рэкламу ў гэтых СМІ.
Расійска-беларуская захопніцкая вайна супраць Украіны цягнецца ўжо два месяцы, і незлічоныя зверствы расійскай арміі шакуюць свет. Вайна і ваенныя злачынствы таксама становяцца магчымымі дзякуючы добра фінансаванай прапагандзе і антыўкраінскай агітацыі ў падкантрольных дзяржаве СМІ Расіі і Беларусі.
Без хлусні і скажэнняў, якія распаўсюджваюць расійскія і беларускія СМІ, супрацьдзеянне вайне сярод насельніцтва і арміі абедзвюх краін, верагодна, значна ўзрасце.
Нягледзячы на мэтанакіраваную дэзінфармацыю і прапаганду вайны, некалькі заходніх кампаній працягваюць рэкламаваць сваю прадукцыю на расійскім і беларускім дзяржаўным тэлебачанні. Раней больш за 40 заходніх кампаній размясцілі рэкламу на расійскім дзяржаўным тэлебачанні. пасля пачатку вайны амаль усе вядомыя міжнародныя карпарацыі спынілі трансляцыю рэкламы.
Coca-Cola — апошні сусветны брэнд, які дагэтуль рэкламуе свае напоі на расійскім дзяржаўным тэлебачанні. Dr. Theiss Naturwaren — апошняя нямецкая кампанія, якая працягвае рэкламавацца на прапагандысцкіх каналах Пуціна. Акрамя таго, маніторынг у красавіку выявіў рэкламу прадукцыі Goldman Sachs (ЗША), JP Morgan (ЗША), Servier (Францыя), Lactalis (Францыя), Ipsen (Францыя), Prosus (Нідэрланды), Grindeks (Латвія) і Tele2 ( Швецыя).
Беларусь адыгрывае важную ролю ў вайне
Важнасць Беларусі ў вайне Расеі супраць Украіны часта недаацэньваецца. З аднаго боку, краіна служыць базай для шматлікіх нападаў на Украіну; з іншага боку, пастаянная пагроза ўварвання беларускай арміі ў Заходнюю Украіну разрэджвае фронт для ўкраінскіх абаронцаў на ўсходзе краіны.
Беларускі праваабарончы цэнтр «Вясна» нядаўна прызнаў некалькі чалавек новымі палітвязнямі. Іх правапарушэнне палягала ў тым, што яны проста здымалі расійскія вайсковыя калоны ў Беларусі і размясцілі кадры ў Telegram-каналах. Зараз у Беларусі – больш за 1100 чалавек, якія знаходзяцца пад вартай як палітвязні і закладнікі рэжыму Лукашэнкі.
Libereco сачыла за рэкламай заходніх кампаній на беларускім дзяржаўным тэлебачанні з ліпеня 2021 года па люты 2022 года. Пасля ціску грамадскасці некалькі кампаній, такіх як Henkel, Nestlé, JYSK і Sandoz, ужо спынілі рэкламу на прапагандысцкіх каналах Лукашэнкі да канца 2021 года.
Danone і Coca-Cola падрываюць мірныя намаганні
У лістападзе 2021 года Libereco па-ранейшаму назірала за 27 заходнімі кампаніямі, якія размяшчалі рэкламу на беларускім дзяржаўным тэлебачанні, але цяпер гэтая колькасць знізілася да трох заходніх кампаній. Danone пакуль адмаўляецца спыніць сваю рэкламу, як і амерыканская фармацэўтычная кампанія Abbott. Фармацэўтычная кампанія Krewel-Meuselbach — апошняя нямецкая кампанія, якая дагэтуль мае рэкламу на беларускім тэлебачанні.
Ларс Бюнгер, прэзідэнт Libereco ў Швейцарыі, патрабуе: «Усе заходнія кампаніі, перш за ўсё Danone і Coca-Cola, павінны неадкладна спыніць сваю рэкламу на расійскіх і беларускіх прапагандысцкіх каналах. Грошы на рэкламу гэтых кампаній дафінансуюць прапаганду вайны кантраляваных дзяржавай тэлеканалаў і тым самым падрываюць намаганні ва ўсім свеце спыніць вайну. З кожным дадатковым еўра рэкламных грошай, выдаткаваных заходнімі кампаніямі, яны дапамагаюць фінансаваць забойчую вайну Пуціна і Лукашэнкі. Мы патрабуем ад ЕС, Швейцарыі і ўсіх дэмакратычных краін уключыць усе дзяржаўныя СМІ Беларусі і Расіі ў санкцыйныя спісы, тым самым забараніўшы заходнім кампаніям далейшую рэкламу».
Арыгінальны артыкул (на ангельскай мове) на сайце Ліберэка.
Пераклад на беларускую мову - БДПЧ.