На дадзены момант у Беларусі налічваецца 1511 палітвязняў, а колькасць іх павялічваецца штотыднёва. Пры гэтым кожны месяц некалькі дзясяткаў палітвязняў выходзяць з месцаў зняволення або па заканчэнні тэрміну, або пасля суда да накіравання ў ПУАТ ці пачатку адбыцця тэрміну на "хатняй хіміі".
Па звестках "Вясны", у траўні на волю выйшлі мінімум 37 палітвязняволеных, 27 з якіх цалкам адбылі свае тэрміны, сем чалавек былі асуджаныя да "хатняй хіміі" і вызваленыя з СІЗА, яшчэ трое палітвязняў выйшлі з ПУАТ па амністыі. За што палітзняволеныя адбывалі тэрміны і колькі іх утрымлівалі ў месцах няволі — распавядае "Вясна" ў штомесячным дайджэсце.
Публікуем гісторыі некаторых з іх:
Эма Антонаўна Сцепулёнак
Пенсіянерку ўтрымлівалі за кратамі амаль год, але ў сярэдзіне мінулага верасня жанчыне змянілі меру стрымання і перавялі на хатні арышт.
Эму Антонаўну абвінавацілі паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 368 (Абраза Лукашэнкі) і арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады). Суд прызначыў палітзняволенай 2 гады пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яе ўзялі пад варту ў зале суда.
З 16 снежня пенсіянерка адбывала тэрмін у гомельскай жаночай калоніі № 4, адкуль 2 траўня выйшла на волю.
Аляксандр Іваноў
Іваноў быў затрыманы 23 лістапада 2021 года ў межах крымінальнай справы, заведзенай па двух артыкулах: арт. 339 КК (Хуліганства) і арт. 342 КК (Групавыя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак). 7 ліпеня 2022 года Аляксандра асудзілі да 1 года і 8 месяцаў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. 19 жніўня 2022 года Аляксандра этапавалі ў бабруйскую калонію № 2.
Вядома, што адміністрацыя калоніі змясціла Аляксандра ў ПКТ (памяшканне камернага тыпу) наўпрост да заканчэння тэрміну палітвязня.
8 траўня Аляксандр выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.
Ларыса Кузьменка
Ларыса— жыхарка Гомеля, асуджаная да двух гадоў калоніі за «гвалт ці пагрозу гвалту супрацоўнікам АУС». Нібыта жанчына падчас нядзельнага Маршу ў Гомелі ў «грубай фізічнай сілай узяла сілавіка за руку, тым самым зрушыла яго з месца і не дазволіла яму працаваць». У Ларысы дыягнаставанае дэпрэсіўнае расстройства з сіндромам клаўстрафобіі.
Тэрмін жанчына адбывала ў гомельскай калоніі № 4. Ларыса напачатку траўня выйшла на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.
Уладзімір Сокал
Уладзімір — жыхар Наваельні (Дзятлаўскі раён), асуджаны надва гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Яго абвінавацілі паводле арт. 364 і 369 Крымінальнага кодэксу (Пагроза гвалтам супрацоўніку міліцыі і яго публічная абраза як прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў).
Згодна з матэрыяламі справы, Сокал у жніўні 2020 года ў адным з тг-чатаў апублікаваў абразлівыя паведамленні ў адрас супрацоўніка АУС з пагрозамі прымяніць да яго гвалт.
Мужчыну ўзялі пад варту ў зале суда пасля абвяшчэння прысуду 3 чэрвеня 2021. Тэрмін Уладзімір адбываў у магілёўскай калоніі № 15, адкуль выйшаў на волю 6 траўня.
Людміла Кірыленка. Скрыншот з відэа
Людміла — прадпрымальніца з Рагачова, мае дваіх дзяцей. Яе затрымалі 19 студзеня 2022 года па крымінальнай справе, узбуджанай пасля акцый пратэсту ў Жлобіне ў жніўні 2020 года. Яе абвінавацілі паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Суддзя Яўген Ерафееў прысудзіў жанчыне адзін год і шэсць месяцаў калоніі. Тэрмін жанчына адбывала ў гомельскай папраўчай калоніі № 4.
Віктар Хлябец
Віктар — Выхадзец з Белаазёрска, мае на ўтрыманні малую дачку. У Віктара ёсць інваліднасць, ён хварэе на цукровы дыябет, інсуліназалежны. Мужчыну затрымалі 26 лютага 2022 года. Яго абвінавацілі паводле арт. 369 КК «Абраза прадстаўніка ўлады».
Суд Бярозаўскага раёна 28 ліпеня асудзіў палітвязня на 1,5 года калоніі за каментар пра забітага супрацоўніка КДБ. Тэрмін Хлябец адбываў у наваполацкай калоніі № 1. Учора, 17 траўня, палітвязен выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін, піша "Берасцейская Вясна".
Яніна Малаш
У судзе Маскоўскага раёна Мінска 15 лістапада 2022 года вынеслі прысуд палітзняволенай актывістцы Свабоднага прафсаюзу металістаў. Яе абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і прызначылі адзін год і шэсць месяцаў калоніі. Яніна мае непаўнагадовую дачку.
Тэрмін палітзняволеная адбывала ў гомельскай жаночай калоніі № 4, адкуль выйшла 27 траўня.
Марыя Несцерава. Фота з сацсетак
Марыя скончыла факультэт прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Беларускага дзяржаўнага універсітэта. Вядома, што яна каля васьмі гадоў прапрацавала ў Мінскай рэгіянальнай і цэнтральнай мытні старэйшай інспектаркай. Яна звольнілася з мытні каля дзесяці гадоў таму.
Палітзняволеную абвінавацілі ва ўдзеле ў мітынгах, распаўсюдзе ўлётак і газет, а таксама ўдзеле ў тэлеграм-каналах і чатах. Менавіта перапіскі з чатаў і ляглі ў аснову абвінавачвання. Акрамя гэтага, на судзе Марыя заявіла, што падчас затрымання сілавікамі яе збілі, вынікам чаго стала ЧМТ. Жанчыне прысудзілі тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Ірына Прыгава
57-гадовую жанчыну затрымалі 10 сакавіка 2022 года. Яе абвінавацілі ў тым, што яна развешвала бел-чырвона-белыя стужкі і сцягі на вуліцах Брэста, а таксама напісала алоўкам "абразлівыя" надпісы. 16 жніўня Ірыну асудзілі на 1 год 6 месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Доўгі час ад палітзняволенай не даходзілі лісты. 29 траўня Ірына выйшла на волю з гомельскай жаночай калоніі № 4.
Віктар Сядоў
Віктар быў затрыманы 16 кастрычніка 2020 года ў Мінску. Палітвязня абвінавацілі ва «ўзвядзенні барыкад і кіданні двух прадметаў на праезную частку». Сядоў віну прызнаў часткова: сказаў, што паклаў адзін камень на праезную частку і іншы — кінуў на дарогу.
30 сакавіка 2021 года палітвязню прысудзілі 3 гады зняволення ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. На судзе ён сказаў, што не змог у такой палітычнай сітуацыі стрымаць свае эмоцыі. Папрасіў прабачэння ў сваёй сям’і.
Тэрмін Віктар адбываў у бабруйскай калоніі № 2. 30 траўня Сядоў выйшаў на волю.
Палітзняволенага Рамуальда Улана вызвалілі гомельскай ПУАТ-17
Рамуальд Улан пасля вызвалення
Пра гэта Рамуальд напісаў у сваім Facebook:
"Добры дзень, сябры, землякі! ...на шостым месяцы амністыі да мяне ўсё ж такі прымянілі гэтую амністыю - адзінаму з двух з паловай дзесятка палітычных на гомельскай хіміі...
...Шчыра дзякую ўсім, хто пісаў лісты, падтрымліваў мяне!"
Былы заснавальнік і выдавец "Новай газеты Смаргоні" ў студзені 2021 года быў асуджаны да 2,5 гадоў "хіміі". Яго абвінавацілі паводле арт. 188 Крымінальнага кодэкса за тое, што ён размясціў у каментарах у “ВКонтакте” фотаздымак з налепкамі з асабістымі дадзенымі сямі міліцыянераў, якія былі заўважаныя ў незаконных затрыманнях і ілжэсведчаннях у судах.
Руслан Валюк
Руслан — жыхар Смаргоні, абвінавачаны па ч. 2 арт 188 Крымінальнага кодэкса (паклёп). Ён нібыта распаўсюдзіў ўлёткі, у якіх утрымліваліся “заведама ілжывыя” звесткі, якія зганьбілі супрацоўнікаў міліцыі.
Суд Смаргонскага раёна 18 лютага 2021 года абвясціў прысуд па гэтай крымінальнай справе — 2 гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ("хімія"). З 29 траўня 2021 года адбываў тэрмін у ПУАТ № 21. А 31 траўня 2023 года палітвязень выйшаў на волю па амністыі.
Вячаслаў Шаблюк
Шаблінскага асудзілі на1 год і 6 месяцаў "хіміі" за тое, што размаляваў цюкі з сенам паводле арт. 339 Крымінальнага кодэксу (хуліганства). Вядома, што 30 кастрычніка 2022 г. палітвязня затрымлівалі на "хіміі".
З 21 красавіка 2022 года адбываў пакаранне ў ПУАТ № 21. Вядома, што 4 траўня яго вызвалілі з "хіміі" па амністыі — за тыдзень да даты сканчэння тэрміну.
Яўген і Юлія Лівянты
У траўні беларускія суды ў абсалютнай большасці прызначалі палітвязням пазбаўленне волі. Толькі сем чалавек у мінулым месяцы выйшлі на волю з СІЗА пасля суда — ім прызначылі "хатнюю хімію". Але гэтыя дадзеныя могуць быць няпоўныя, бо не ўсе вынікі судоў над палітвязнямі пакуль вядомыя праваабаронцам. Гэта:
Яўген Лівянт — 3 гады «хатняй хіміі»;
Юлія Лівянт — 2,5 гады «хатняй хіміі»;
Ганна Лівянт — 3 гады «хатняй хіміі»;
Аляксей Іваноў — 2,5 гады «хатняй хіміі»;
Мікіта Дрозд — 3 гады «хатняй хіміі»;
Аліна Горава — 1 год "хатняй хіміі";
Глеб Вятошкін — 5 гадоў "хатняй хіміі".