FIDH заклікала адмяніць прысуды праваабаронцам «Вясны» і неадкладна вызваліць іх

04 сакавіка 2025, 08:44
FIDH заклікала адмяніць прысуды праваабаронцам «Вясны» і неадкладна вызваліць іх

У чарговую гадавіну прысуду праваабаронцам "Вясны" — лаўрэату Нобелеўскай прэміі міру, кіраўніку "Вясны" Алесю Бяляцкаму, віцэ-прэзідэнту FIDH Валянціну Стэфановічу,  юрысту Уладзіміру Лабковічу — Абсерваторыя па абароне праваабаронцаў (FIDH-OMCT) зноў заклікала да іх неадкладнага і безумоўнага вызвалення і спынення пераследу ўсіх беларускіх праваабаронцаў.

У заяве нагадваецца, што абвінаваўчы прысуд тром праваабаронцам быў вынесены на падставе сфабрыкаваных абвінавачванняў, а таксама што прысуды былі пакінутыя ў сіле пасля разгляду апеляцыі.

"Трое праваабаронцаў былі адвольна арыштаваныя 14 ліпеня 2021 года ў межах скаардынаваных рэйдаў і адвольных арыштаў праваабаронцаў, журналістаў і арганізацый грамадзянскай супольнасці і правялі амаль 18 месяцаў у папярэднім зняволенні да пачатку судовага разбору па іх справе 5 студзеня 2023 года, — гаворыцца ў заяве. — З моманту свайго арышту спадары Бяляцкі, Стэфановіч і Лабковіч адвольна ўтрымліваліся ў жахлівых умовах, у выніку чаго стан іх здароўя значна пагоршыўся".

FIDH-OMCT адзначае, што рэпрэсіі супраць "Вясны" і яе сябраў з'яўляюцца часткай больш шырокага падаўлення грамадзянскай супольнасці ў Беларусі пасля масавых пратэстаў супраць фальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. "Пасля пратэстаў улады закрылі ўсе праваабарончыя і іншыя незалежныя арганізацыі, у выніку чаго ў краіне не засталося ніводнай легальна дзейнай праваабарончай НДА", — падкрэсліваюць праваабаронцы.

Яны таксама адзначаюць, што "Вясна" — адна з вядучых беларускіх праваабарончых арганізацый, якая знаходзіцца ў авангардзе беларускага праваабарончага руху: "Вясна" таксама з'яўляецца лаўрэатам шматлікіх прэстыжных узнагарод за сваю непахісную пазіцыю ў галіне правоў чалавека і дэмакратыі, у тым ліку прэміі Right Livelihood Award (2020) і прэміі The Albie Awards (2022)".

FIDH-OMCT таксама ўзгадвае, што ў рамках пераследу арганізацыі сябры "Вясны" Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк былі адвольна затрыманыя 17 верасня і 2 кастрычніка 2020 года адпаведна па абвінавачванні ў меркаванай арганізацыі злачынных груповак у перыяд з 2016 па 2020 год. 6 верасня 2022 года Мінскі гарадскі суд прысудзіў Марфу Рабкову да 15 гадоў турэмнага зняволення, а Андрэя Чапюка — да шасці гадоў турэмнага зняволення. Аналагічным чынам, Леанід Судаленка, кіраўнік рэгіянальнага аддзялення "Вясны" ў Гомелі, быў адвольна затрыманы і вызвалены толькі ў ліпені 2023 года, пасля поўнага адбыцця свайго трохгадовага тэрміну зняволення.

"Абсерваторыя рашуча асуджае несправядлівы прысуд і працягванне адвольнага затрымання Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзіміра Лабковіча, Марфы Рабковай і Андрэя Чапюка, а таксама асуджае палітычна матываваны, адвольны пераслед і жорсткае абыходжанне, якім яны падвяргаліся з моманту іх затрымання.

Абсерваторыя заклікае беларускія ўлады адмяніць вынесеныя ім прысуды, неадкладна і безумоўна вызваліць іх і ўсіх іншых зняволеных у Беларусі, асуджаных паводле палітычна матываваных абвінавачванняў, і пакласці канец усім актам пераследу ў дачыненні да іх, у тым ліку на судовым узроўні. Абсерваторыя таксама заклікае беларускія ўлады выконваць усе свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека і заклікае міжнародную супольнасць выкарыстоўваць усе даступныя меры для забеспячэння правасуддзя, падсправаздачнасці і пакрыцця шкоды ўсім праваабаронцам, адвольна зняволеным у турме ў Беларусі".

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Спецдакладчык ААН па Беларусі: «Вызваленне палітвязняў не спыняе палітыку рэпрэсій»
10 студзеня 2026, 12:45
Спецдакладчык ААН па Беларусі: «Вызваленне палітвязняў не спыняе палітыку рэпрэсій»
Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс 17 снежня павітаў нядаўнія вызвалення зняволеных, асуджаных у сувязі з пратэстамі вакол прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Тлумачыць «Вясна»: Міжнародны крымінальны суд і Міжнародны суд ААН. Як працуе міжнародная адказнасць у выпадку Беларусі
10 студзеня 2026, 12:03
Тлумачыць «Вясна»: Міжнародны крымінальны суд і Міжнародны суд ААН. Як працуе міжнародная адказнасць у выпадку Беларусі
Як на шляху да Accountability for Belarus могуць быць задзейснены такія механізмы міжнароднай адказнасці, як Міжнародны крымінальны суд і Міжнародны суд ААН? І што гэта такое?
Тбіліскі гарадскі суд скасаваў адмову беларускай журналістцы ў прытулку
04 студзеня 2026, 16:39
Тбіліскі гарадскі суд скасаваў адмову беларускай журналістцы ў прытулку
Пра гэта паведаміў “Позірку” праваабаронца Раман Кісляк, які пражывае ў Грузіі.
Універсальны перыядычны агляд: Беларусь падтрымала 128 рэкамендацый з 332
18 снежня 2025, 21:00
Універсальны перыядычны агляд: Беларусь падтрымала 128 рэкамендацый з 332
У Жэневе прайшло 15 пасяджэнне перад дзясятай сесіяй Рабочай групы па Універсальным перыядычным аглядзе (УПА). На ім прынялі раздзел рэкамендацый праекта дакладу УПА па ў тым ліку і Беларусі.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці