Фонд Дамоў правоў чалавека зладзіў фотаконкурс партрэтаў жанчынаў-праваабаронцаў "Партрэты моцы". Ад Беларускага дому правоў чалавека ў ім узяла ўдзел Таццяна Нядбай.
Таццяна Нядбай - беларуская пісьменніца і праваабаронца; сёння яна - старшыня Беларускага ПЭНа і Старшыня Рады Беларускага дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава.
Фота Таццяны Нядбай для праекта "Партрэты моцы" выканала Таццяна Ўласенка. Фота зроблена ў Вільні, у жніўні 2024 года, на фоне выявы Алеся Бяляцкага, палітычнага вязня, праваабаронцы.
Спецыяльна для праекта Таццяна Нядбай дала інтэрв'ю.
Усё жыццё мяне «заносіла» ў сітуацыі, дзе даводзілася сутыкацца з несправядлівасцю і супраціўляцца ёй. Сфера правоў чалавека — выдатная прастора, дзе такую нязгоду з несправядлівасцю і жаданнем адстаяць чалавечую годнасць можна прымяніць, рэалізаваць не толькі для сябе, але і для іншых людзей. Праваабарончая дзейнасць натуральным чынам супала з маімі ўнутранымі адчуваннямі і каштоўнаснымі ўстаноўкамі, і ўмацоўвала іх. А таксама дазваляла адчуць, што, вобразна кажучы, сваімі рукамі, метр за метрам, можна адстойваць і пашыраць тэрыторыю годнасці. Мне доўгі час падавалася, што я не вартая называцца праваабаронцай, бо не хапае ведаў, досведу, кампетэнцый, але ў нейкі момант (быў ліпень 2020 года), калі дзялілася сваім нумарам тэлефона з чарговай новай знаёмай, пабачыла, што яна мяне запісвала ў свае кантакты як «Таццяна праваабаронца». Тады, відаць, і я сабе дазволіла ў дачыненні да сябе ўжываць гэтае вызначэнне.
Наша арганізацыя працуе з літаратарамі і (шырэй) з дзеячамі культуры. Мы рэалізуем праекты, якія дапамагаюць літаратарам рэалізоўваць свой патэнцыял, а таксама спрыяем развіццю літаратуры. Таксама мы рэалізуем маніторынг парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры і культурных правоў.
Адна з відавочных (і агульных для ўсіх беларускіх праваабаронцаў) праблем — немагчымасць сёння паўплываць на дзяржаву дзеля спынення рэпрэсій і іншых парушэнняў правоў чалавека.
Адна з унікальных праблем, з якімі мы сутыкаемсмя, завязаная на характар нашай сферы дзейнасці. З аднаго боку, беларуская культура знаходзіцца пад прыгнётам дзяржавы, часта знішчаецца, знаходзіцца пад пагрозай знішчэння. І адна з асноўных задач нашай арганізацыі — развіццё беларускай культуры і літаратуры, спрыянне літаратарам. А з іншага боку мы можам сутыкацца з сітуацыямі, калі людзі, якія зрабілі шмат для беларускай культуры, якія ахвяравалі сваім дабрабытам, здароўем, часта — жыццём, якія з’яўляюцца нацыянальнымі героямі, могуць недастаткова добра разумець ідэі і каштоўнасці правоў чалавека, звяртацца у сваёй дзейнасці да падыходаў, якія пярэчаць правам чалавека, што мы як праваабарончая арганізацыя не можам падтрымліваць. Мы павінны падабраць адпаведныя словы і ацэнкі для прызнання і ўшанавання заслуг, але таксама і для артыкуляцыі праблемных вобласцяў. Адна з нашых задач, такім чынам, распаўсюд ідэяў правоў чалавека, будаванне сістэмы падтрымкі і развіцця нацыянальнай культуры і літаратуры на падставе падыходу заснаванага на правах чалавека. І гэта вельмі амбітная задача.
Таццяна Нядбай. Фатограф Таццяна Ўласенка, спецыяльна для "Партрэтаў моцы". Вільня, 2024 год
Чалавечая годнасць павінна быць адной з базавых каштоўнасцяў у сістэме адукацыі — ад дзіцячага садочка да ўніверсітэта. Адукацыя і выхаванне павінны будавацца вакол гэтага стрыжня. Тое ж — у пенітэнцыарнай сістэме.
Каштоўнасці правоў чалавека павінны стаць скразнымі для фармавання дзейнасці як дзяржаўных, так і недзяржаўных арганізацый.
Хацела б адказаць вершам:
(2020-2023)
Затрымалі і адпусцілі без пратакола
Добра, што толькі тры дні, але не штраф
Добра, што не білі
Добра, што штраф, а не суткі
Добра, што суткі, але хаця з матрацам
Добра, што 15 сутак, але не 30
Добра, што не білі
Добра, што 90 сутак, а не крыміналка
Добра, што крыміналка, але не білі
Добра, што хатняя хімія, а не хімія
Добра, што хімія, а не гады ў зняволенні
Добра, што 2-3 гады, а не дзясятак
Добра, што ў СІЗА, а не ў калоніі
Добра, што агульны рэжым, а не ўзмоцнены
Добра, што ёсць лісты, хоць і ўзмоцнены
Добра, што ў калоніі, а не ў ПКТ
Добра, што ў ПКТ, а не ў ШЫЗА
Добра, што ў ШЫЗА, але здаровы
Білі, але хаця б здаровы
Добра, што выйшаў, цяпер плануем лячэнне
Яшчэ сядзіць, але хаця б жывы
Я ўяўляю сабе правы чалавека як рамяні бяспекі, якімі прышпільваешся, каб у аварыйнай сітуацыі мінімізаваць шкоду як для сябе, так і для іншых людзей, якія знаходзяцца побач. Асабліва ў аварыйнай сітуацыі, бо вельмі часта перыяды турбулентнасці, крызісаў, войнаў становяцца апраўданнем для адмовы ад правоў чалавека і нагодай паставіць каштоўнасці правоў чалавека пад сумнеў.
Жанчыны-праваабаронцы, якія абараняюць правы чалавека, сутыкаюцца з дыскрымінацыяй і стэрэатыпамі аб сваёй ролі і ўдзеле ў грамадзскім жыцьці.
Фонд Дамоў правоў чалавека імкнецца ўшанаваць і папулярызаваць незалежных жанчынаў-праваабаронцаў і іх працу праз фотавыставу «Партрэты сілы: жанчыны, якія абараняюць правы чалавека», а таксама асвятліць сітуацыю з правамі чалавека ў краінах Сеткі Дамоў правоў чалавека.
Выстава, якая выйшла ўжо ў трэці раз, дзеліцца партрэтамі і гісторыямі праваабаронцаў, якія працуюць над рознымі пытаннямі, уключаючы дакументаванне парушэнняў правоў чалавека і ваенных злачынстваў, вяршэнства закона, правы жанчын, палітычных зняволеных, свабоду выказвання і г.д.