З пачатку пратэстаў у Беларусі тысячы дзяцей адчулі на сабе рэпрэсіі праз затрыманне і крымінальны пераслед бацькоў, а дзясяткі апынуліся за кратамі. А некаторых непаўнагадовых нават збівалі і катавалі. Па стане на 31 траўня 2024 года ў краіне налічваецца двое непаўнагадовых зняволеных — фігуранты крымінальнай справы "Чорныя салаўі" Марыя Місюк і Трафім Барысаў. Яшчэ чатыры палітзняволеныя сустрэлі 18-годдзе за кратамі: Мікіта Залатароў, Павел Піскун, Алег Дабрыднеў, Мікіта Бруй. Усе яны былі непаўнагадовымі на момант затрымання, а потым асуджаныя да пазбаўлення волі.
Па стане на 31 траўня 2024 года ў "Спіс экстрэмістаў" унесены 4119 чалавек. МУС туды ўключае асуджаных у Беларусі па "палітычных" справах пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе. У Спіс трапляюць у тым ліку і непаўнагадовыя.
Так, сярод былых палітвязняў, уключаных у Спіс, лічыцца Максім Шатохін, якому ў верасні 2022 года замянілі пакаранне па памілаванні і перавялі з выхаваўчай калоніі на "хатнюю хімію". Таксама "экстрэмістамі" прызнаныя падлеткі Данііл Калеснікаў і Максім Куксачэнка, якія ўжо цалкам адбылі тэрміны і летась выйшлі на волю.
Таксама вядома, што ў лютым 2022 года быў асуджаны Аляксандр Належынскі, якому на момант разгляду справы было толькі 16 гадоў. Яго абвінавацілі ў "абразе Лукашэнкі" паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса. А 14 чэрвеня 2022 года асудзілі 17-гадовага Аляксандра Трафіменку за "здзек з дзяржаўных сімвалаў" (арт. 370 Крымінальнага кодэкса). Вынікі іх судоў праваабаронцам невядомы.
У студзені 2021 года непаўнагадовага Аляксандра Несцярука асудзілі за сарваны сцяг з Дому культуры гарадскога пасёлка Антопаль (арт. 370 Крымінальнага кодэкса). Суд пастанавіў прымяніць замест пакарання прымусовыя меры выхаваўчага характара ў выглядзе абмежавання волі на шэсць месяцаў. На момант вынясення рашэння хлопцу было 16 гадоў.
2 жніўня 2021 года суд Смаргонскага раёна вынес прысуд у дачыненні да Аляксея Краўцова, якому на той момант было 17 гадоў. Яго прызналі вінаватым у "здзеку з дзяржаўных сімвалаў" паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса і пакаралі годам "хатняй хіміі". Паводле гэтага артыкулу ў чэрвені 2023 года асудзілі і 16-гадовага Станіслава Амельянюка.
У верасні 2023 года ў Круглым за "абразу Лукашэнкі" асудзілі Вікторыю Саковіч. На момант прысуд дзяўчыне было 15 гадоў.
"Мама, я экстрэміст". Якія абмежаванні накладаюцца на асоб, уключаных у "Спіс экстрэмістаў"
На дзяржаўным тэлеканале АНТ 29 красавіка выйшаў прапагандысцкі фільм "Дети на прицеле. Завербованные врагом", дзе паведамілі аб затрыманні сямі падлеткаў за "супрацоўніцтва з украінскімі спецслужбамі". Некаторых з іх абвінавачваюць у "акце тэрарызму" і "здрадзе дзяржаве".
У фільме распавялі, што шэсць падлеткаў нібыта аб'ядналіся ў "анархісцкую ячэйку "Чорныя салаўі", якую "пад кіраўніцтвам Нацыянальнай вызваленчай арміі Украіны" стварыла 16-гадовая грамадзянка Украіны Марыя Місюк. Супрацоўнікі АНТ сцвярджаюць, што падлеткі аб’ядналіся, каб рабіць дыверсіі па наводцы ў Беларусі, а пасля — у Расіі.
Сярод затрыманых — навучэнцы каледжаў у Баранавічах, Нясвіжы, Міры, Мінску і Лунінцы. Гэта 17-гадовы Трафім Барысаў, Сяргей Жыгалёў, Дзмітрый Захарошка, Анастасія Кліменка і Аляксандра Пуліновіч. Папярэдне, іх абвінавачвааюць паводле ч. 2 арт. 289 КК (акт тэрарызму).
Паводле сюжэту, 16-гадовая Марыя Місюк у 2022 годзе пераехала разам з сям'ёй з Украіны ў Беларусь, дзе стварыла "анархісцкую ячэйку для падрыхтоўкі тэрактаў". З "куратарам", як паведамляецца ў фільме, Місюк мела зносіны анлайн. Паводле супрацоўнікаў АНТ, куратарка "Марычка" адпраўляла Місюк "Інструкцыі па вырабе выбуховага прыстасавання, кактэйлю Молатава і літаратуру анархісцкага і дэструктыўнага зместу".
Мікіту затрымалі 11 жніўня 2020 года. Тады яму было 16 гадоў. У лютым 2021 года хлопцу прысудзілі пяць гадоў у выхаваўчай калоніі па крымінальнай справе аб «кактэйлях Молатава». Ён неаднаразова скардзіўся бацьку на катаванні — ужывалі нават электрашокер.
Ужо ў ліпені 2021 года хлопца зноў асудзілі. Яго абвінавацілі ў нападзе на супрацоўніка СІЗА-3 па арт. 364 Крымінальнага кодэкса. Паводле матэрыялаў справы, Мікіта Залатароў "наўмысна зрабіў падножку супрацоўніку СІЗА Лучкіну Н. А., у выніку чаго той упаў на падлогу, а калі падняўся, то прыхіліў Мікіту да сцяны, але падлетак схапіў Лучкіна за валасы і шыю, прычыніўшы фізічную боль і пабоі пацярпеламу, а таксама выказаў пагрозу прымянення гвалту ў адрас супрацоўніцы Хаўбок Т. Ю. і яе блізкіх". Кожны з пацярпелых супрацоўнікаў СІЗА запатрабаваў кампенсацыю ў памеры 1000 рублёў. Шляхам частковага складання раней прысуджанага тэрміну пакарання з новым, агульны тэрмін пакарання для Мікіты склаў 4,5 гады пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі.
Але ціск на гэтым не скончыўся — летам Мікіту ўзмацнілі пакаранне. Спачатку бабруйскі суддзя Павел Карцінін пастанавіў перавесці палітвязня з выхаваўчай калоніі ў папраўчую. Пры гэтым ў выхаваўчай калоніі палітвязня маглі ўтрымліваць да 21 года, але адміністрацыя бабруйскай установы вырашыла ініцыяваць яго перавод у папраўчую ўстанову адразу пасля таго, як Мікіце споўнілася 18 гадоў.
Палітвязня Мікіту Залатарова перавялі з выхаваўчай калоніі ў папраўчую. Што цяпер для яго зменіцца?
Акрамя гэтага, Мікіту паставілі на прафулікі як "схільнага да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў", а таксама як "схільнага да захопу закладнікаў і нападу на адміністрацыю". Вядома, што ў выхаваўчай калоніі № 2 адміністрацыя часта карала Мікіту "суткамі" ў дысцыплінарным ізалятары.
Ужо ў пачатку жніўня стала вядома, што суд палічыў такое пакаранне недастатковым і пастанавіў перавесці Мікіту на турэмны рэжым тэрмінам на тры гады.
Падтрымайце Мікіту лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:
Следчая турма № 8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А
Мікіта Міхайлавіч Залатароў
Алег — жыхар Магілёўскай вобласці, якога затрымалі 8 лістапада 2022 года — за дзень да Дня народзінаў.
У пачатку лістапада 2022 года МУС даў справаздачу аб затрыманні пецярых удзельнікаў закрытага чата "Саюз беларускага нацыянальнага шчыта", які МУС прызнала экстрэмісцкім фарміраваннем тыднем раней. У ведамстве распавялі, што супраць затрыманых распачалі крымінальную справу па артыкуле аб стварэнні экстрэмісцкага фармавання.
Дзеянні Дабрыднева кваліфікавалі паводле ч.1 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання альбо ўдзел у ім), ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Вядома, што хлопец з поспехам удзельнічаў у раённых спаборніцтвах інтэлектуальных гульняў сярод школьнікаў.
Мікіта — 17-гадовы стрыечны праўнук народнага пісьменніка Беларусі Якуба Коласа, вучыўся ў сярэдняй школе ў вёсцы Мікалаеўшчына. Яго затрымалі па справе «Саюза беларускага нацыянальнага шчыта» і абвінавацілі ў наўмысных дзеяннях па рэабілітацыі нацызму (ч. 1 арт. 130-1 КК) і садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 і ч. 2 арт. 361-1 КК).
Суддзя Вікторыя Палешчук прызначыла хлопцу тры гады выхаваўчай калоніі.
Падтрымайце хлопца лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:
Выхаваўчая калонія № 2. 213807, г. Бабруйск, вул. Генерала Батава, 4
Жыхара Мазыра затрымалі 8 сакавіка. Яго абвінавацілі ў тым, што 27 лютага гэтага года ён зняў на мабільны тэлефон расійскую вайсковую тэхніку і даслаў гэта відэа ў "экстрэмісцкі" тэлеграм-канал разам з суправаджальным тэкстам, у якім распавёў пра колькасць тэхнікі, напрамак яе руху і адметных асаблівасцях.
Паводле версіі абвінавачвання, гэтымі дзеяннямі Павел Піскун аказаў садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
У віну хлопцу ставілася і тое, што праз некалькі дзён, а менавіта 1 і 2 сакавіка, ён зноў зняў на відэа расійскую вайсковую тэхніку і зноў перадаў матэрыялы "экстрэмісцкаму" тэлеграм-каналу. Піскуна прызналі вінаватым паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса і прысудзілі тры гады пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Падтрымайце Паўла лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:
ПК № 3. 211322, Віцебская вобласць, п. Віцьба
Павел Ігаравіч Піскун
Берасцейцаў асудзілі за "ўдзел у масавых беспарадках" у Брэсце 10 жніўня. Прысуд ім быў вынесены ў Ленінскім судзе Брэста 21 траўня. Эдуарда і Аляксандра асудзілі да трох гадоў выхаваўчай калоніі і ў зале суда надзелі на іх кайданкі.
Палітвязняў асудзілі 12 ліпеня 2021 года да трох гадоў выхаваўчай калоніі па справе аб «масавых беспарадках» у Брэсце 10 жніўня. Пасля прысуду хлопцаў узялі пад варту ў зале суда.
15-гадовы Арцём — брат адміністратара канала "Live. Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі". Яго ўзялі пад варту паводле ч. 2 арт. 208 Крымінальнага кодэксу (Вымаганне). Брат атрымлівае патрабаванні спыніць дзейнасць як умову для вызвалення Арцёма.
7 верасня 2023 года пачаўся закрыты суд над Арцёмам, яго справу разглядала Лідзія Целіца. У пачатку кастрычніка 2023 г. з'явілася інфармацыя, што Арцёму прысудзілі тры гады калоніі агульнага рэжыма з адтэрміноўкай.
Давіда затрымалі 30 лістапада 2020 года адразу пасля таго, як вярнуўся з Польшчы. На момант затрымання яму было 17 гадоў. 12 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна Брэста Збаранскага асудзілі да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму за ўдзел у масавых беспарадках у Брэсце 10 жніўня. 13 красавіка гэтага года хлопец узяўся шлюбам з ягонай дзяўчынай Алінай. Прапанову Давід зрабіў яшчэ падчас іх спаткання ў СІЗА.
Хлопец цалкам адбыў тэрмін і 21 студзеня 2023 года выйшаў на волю з бабруйскай ПК № 2.
Дзяніс — фігурант брэсцкай справы аб "масавых беспарадках". Дзяніса, на той момант другакурсніка каледжа ў Высокім, разам з іншымі фігурантамі справы абвінавацілі ва "ўдзеле ў масавых беспарадках" у горадзе 10 жніўня. У сакавіку 2021 года суд Маскоўскага раёна Брэста асудзіў хлопца да трох гадоў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі. Пад варту Хазея ўзялі адразу пасля прысуду.
Свой тэрмін хлопец адбываў у выхаваўчай калоніі № 2. 30 снежня 2023 года Дзяніс выйшаў на волю, цалкам адбыўшы тэрмін.
Хлопца абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках паводле (293 Крымінальнага кодэкса) 10 жніўня ў Брэсце.
Паводле версіі следства, падчас акцыі пратэсту ў цэнтры Брэста абвінавачаныя груба парушылі грамадскі парадак, учынілі пагромы, нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі і нагамі, рознымі прадметамі. У ход ішлі дошкі, палкі, вулічныя скрыні для смецця, фрагменты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, металічныя балты, ёмістасці з фарбай, піратэхнічныя вырабы.
У выніку беспарадкаў, па версіі следства, пацярпелі 24 сілавікі. З іх пацярпелымі па справе прызнаныя 19 чалавек. Адзін супрацоўнік атрымаў дзве раны ў раёне вялікага пальца правай пэндзля, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджанняў. У астатніх — пабоі. Акрамя таго, абвінавачаныя спрабавалі ўжыць гвалт і прычыніць цялесныя пашкоджанні яшчэ траім сілавікам, заявіў у судзе дзяржабвінаваўца.
Усяго ж па справе агульная сума нанесенай, па версіі следства, шкоды — каля 24 тысяч рублёў: пашкоджаныя 13 аўтамабіляў міліцыі, адзін аўтобус, шчыты, шлемы, бронекамізэлькі, асфальт, тратуарная плітка, лаўкі, урны, дрэвы.
10 сакавіка 2021 года ў судзе Маскоўскага раёна Брэста Сяргею і яшчэ 8 іншым фігурантам гэтай крымінальнай справы вынеслі прысуды. Сяргею прысудзілі тры гады пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі. Яго ўзялі пад варту ў зале суда. На момант вынясення прысуду Сяргею было 17 гадоў. 30 снежня 2023 года палітвязень выйшаў на волю.
Жыхара Жлобіна абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак) і арт. 364 (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).
Згодна з абвінавачваннем, на акцыі пратэсту 10 жніўня Прохараў шпурнуў не менш за адзін камень у аўтазак, чым прычыніў матэрыяльную шкоду аўтамабілю. Хлопца затрымалі ў той жа дзень амапаўцы і моцна збілі.
Больш за маці: гісторыі трох палітвязняў, для якіх матулі сталі абаронцамі правоў
Сам Прохараў на судзе казаў, што не кідаў камень, але каб “папіярыцца ў сваім інстаграме” пахваліўся, што пабіў лабавое шкло аўтазака. Гэта запісаў на мабільны яго прыяцель і выклаў у “Тэлеграм”. 8 лютага 2021 года Віталю прысудзілі два гады выхаваўчай калоніі.
У сярэдзіне студзеня 2022 стала вядома, што хлопцу адмовілі ў памілаванні.
Хлопец цалкам адбыў пакаранне і 15 снежня 2022 года выйшаў на волю з выхаваўчай калоніі № 2.