Праваабарончая арганізацыя Human Constanta публікуе тэматычныя вытрымкі з аналітыкі па спорце і правах чалавека за красавік-чэрвень 2023 года.
Нягледзячы на важныя перавагі, якія дае спорт, як паляпшэньне фізычнага і мэнтальнага здароўя, умацаваньне ўпэўненасьці, зьніжэньне трывогі і стрэсу, ён па-ранейшаму застаецца недаступным і часта небясьпечным для людзей з ЛГБТК+ супольнасьцяў. Да таго часу, пакуль усе галіны спорту не стануць бясьпечнымі і спрыяльнымі для ўсіх без выключэньня, існуе патрэба ў пастаяннай адукацыі, палітычных праграмах, прававым рэгуляваньні і публічных акцыях, якія будуць накіраваныя на дасягненьне роўнасьці і бясьпекі ў спорце. Чэрвень — Месяц Гонару (Pride Month), прысвечаны гонару ЛГБТК+ супольнасьці і рухаў за правы ЛГБТК+ людзей. Гэта час, калі да праблемаў ЛГБТК+ супольнасьці, у тым ліку ў сфэры спорту, прыцягваецца максімальная колькасьць увагі. І час, калі трэба казаць і аб дасягненьнях і посьпехах прафэсійных атлет_ак, якія зьяўляюцца прадстаўніцамі ЛГБТК+ супольнасьцяў, і аб тым, што ўжо зроблена для падтрымкі ЛГБТК+ у спорце.
Адзін з самых пасьпяховых трэнераў у Жаночай нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі (WNBA), які двойчы атрымаў тытул трэнера года WNBA (2017, 2021), Curt Miller — адзіны адкрыты гей галоўны трэнер на самым высокім узроўні ў баскетболе. Miller яшчэ з канца 90х гадоў не хаваў сваёй арыентацыі, калі пачаў кар’еру трэнера ў студэнцкім баскетболе. У нядаўнім інтэрвію Miller адзначыў, што доўгі час ён не хацеў, каб яго ведалі толькі як «трэнера-гея». Аднак зараз ён падкрэслівае, што ўсё яшчэ застаецца адзіным адкрытым геем трэнерам на высокім узроўні ў мужчынскім і жаночым баскетболе і ягоная бачнасьць стала яшчэ больш важнай для падтрымкі іншых трэнераў-геяў. Па словах Miller, вялікая колькасьць трэнераў-геяў хаваюць сваю ідэнтычнасьць і арыентацыю, таму што баяцца не рушыць наперад у спорце і прафэсіі.
«Я хачу быць прыкладам для перайманьня для наступных пакаленьняў трэнераў-геяў, якія зараз задаюцца пытаньнем, ці змогуць яны дасягнуць сваёй мары. Я хачу, каб яны ведалі, што яны, безумоўна, могуць».
Яшчэ адзін адкрыты гей у вялікім спорце, футбаліст Гістарычна чорных вышэйшых навучальных устаноў ЗША (HBCU), Byron Perkins, у сваім інтэрвію распавёў, чым было прадыктавана ягонае рашэньне публічна зрабіць камінг-аўт. Perkins спадзяецца, што ягоная адкрытасьць і адвага натхніць новае пакаленьне ЛГБТК+ атлет_ак прыняць сваю сапраўдную ідэнтычнасьць і з гонарам і ўпэўненасьцю ісьці да сваёй мары ў вялікім спорце. Perkins адзначыў, што ягоныя адносіны з таварышамі па клюбе не асабліва зьмяніліся з моманту ягонай заявы і ён адчуваў пастаянную падтрымку. Пры гэтым, Perkins не прысьпешвае іншых ЛГБТК+ спартсмэн_ак заяўляць аб сваёй арыентацыі, падкрэсліваючы, што кожн_ая сам_а вырашае, калі адпаведны момант, і такая заява не павінна ставіць пад пагрозу жыцьцё або сродкі да існаваньня спартсмэн_ак. Jason Collins, першы спартсмэн у вышэйшай прафэсійнай лізе, які адкрыта зрабіў камінг-аўт у 2013 годзе, распавёў аб сваім досьведзе ў вялікім спорце на працягу апошніх 10 год. NBA падтрымалі свайго гульца, і чакалася, што гэта натхніць іншых атлет_ак заявіць аб сваёй сэксуальнай арыентацыі. Аднак, на працягу 10 год толькі адзін гулец у вышэйшай прафэсійнай лізе, Carl Nassib, зрабіў падобную заяву. Collins падзяліўся, што па негалосным правіле гомасэксуальнасьць не абмяркоўвалася ў распранальнях, а культура зносінаў была таксічна-маскуліннай. Большасьць жартаў і выразаў, якія выкарыстоўваліся для прыніжэньня іншых у спартовым сьвеце, былі або сэксісцкімі, або гамафобнымі. Некаторыя гульцы наўпрост заяўлялі аб сваім непрыманьні калег-геяў. Заява Collins выклікала неадназначную рэакцыю сярод спартсмэн_ак і фанат_ак, аднак ён рады, што стаў сімвалам асьветы ў сфэры прафэсійнага спорту. Collins адзначыў, што ЛГБТК+ рух у спорце ўзначальваюць жанчыны, якія больш адкрыта гавораць аб сваёй арыентацыі і аўтэнтычнасьці, аднак трэба, каб і мужчыны-спартсмэны зрабілі крок наперад, не баючыся публічнага асуджэньня.
Нягледзячы на тое, што WNBA на першых этапах свайго існаваньня прытрымліваліся стратэгіі паказваць спартсмэнак жаноцкімі і сямейнымі, з цягам часу стала самай сацыяльна адказнай і актыўнай прафэсійнай лігай, адкрыта падтрымліваючы ЛГБТК+ рух у спорце. Эвалюцыя палітыкі WNBA у стаўленьні да спартсмэн_ак і фанат_ак не была простай і пачалася з публічных заяваў саміх спортсмен_ак пра сваю сэксуальнасць. Хаця баскетбалістка Sue Wicks ня лічыць сябе першапраходцай, менавіта ейная адвага і першы камінг-аўт у WNBA праклалі шлях, па якім зараз ідуць іншыя спартсмэнкі. WNBA стала першай прафэсійнай лігай, якая запусціла цэлую маркетынгавую кампанію, арыентаваную на ЛГБТК+ супольнасьць. WNBA імкнецца падтрымаць сваіх атлетак і на пэрсанальным узроўні, як у гісторыі небінарнай атлеткі Layshia Clarendon, якая стала галоўным голасам Рады сацыяльнай справядлівасьці WNBA/WNBPA. Галоўнымі прыярытэтамі Рады зьяўляюцца абарона правоў ЛГБТК+ людзей, а таксама забесьпячэньне роўнасьці ў адносінах да аховы здароўя і грамадзянская актыўнасць.
Варта адзначыць, што пэрыядычна WNBA спрабуе фэмінізаваць сваіх спартсмэнак, напрыклад, прапаноўваючы больш жаноцкую і сэксуальную форму і зацьвярджаючы тым самым старыя сэксісцкія стэрэатыпы. Аднак сёньня ўсё больш спартсмэнак знаходзяць у сабе сілы не маўчаць і змагацца за сваю ідэнтычнасць і раўнапраўе.
Нягледзячы на рост прыняцьця і падтрымкі ЛГБТК+ супольнасці ў вялікім спорце, парушэньні правоў ЛГБТК+ людзей і адсутнасьць бясьпечнай прасторы застаюцца сыстэмнай праблемай. Гамафобія ў спорце праяўляецца нават на сымбалічным узроўні, як, напрыклад, адмова некаторых каманд ці асобных гульцоў NHL ад выкарыстаньня вясёлкавых цішошак/швэдараў у падтрымку ЛГБТК+ супольнасьці падчас разьмінак перад спэцыяльнымі гульнямі.
Чытаць аналітыку па спорце і правам чалавека за красавік-чэрвень 2023
NHL падтрымліваюць адмовы і настойваюць на тым, што спрэчкі вакол такіх жэстаў падтрымкі адцягваюць увагу ад сутнасьці гульні. Падобнае рашэньне NHL адкочвае назад працу над тым, каб зрабіць распранальні, залі і гульнявыя арэны больш бясьпечнымі, разнастайнымі і інклюзіўнымі для ўсіх гул_інь і фанат_ак, і паказвае, што каштоўнасьці спартовых ліг і асацыяцыяў усё яшчэ трактуюцца па-рознаму, а праваабарончы патэнцыял спорту вельмі недаацэнены.