Human Rights Watch заклікала даць беларусам у выгнанні дакументы-альтэрнатывы пашпартам

11 верасня 2023, 09:56
Human Rights Watch заклікала даць беларусам у выгнанні дакументы-альтэрнатывы пашпартам

Праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch 8 верасня выступіла з заявай з нагоды забароны на працягненне пашпартоў і выкананне іншых працэдураў з-за мяжы, піша "Вясна".

У Беларусі выйшаў прэзідэнцкі загад, які пазбаўляе грамадзянаў краіны магчымасці атрымліваць або падаўжаць свае пашпарты або афармляць іншыя неабходныя дакументы ў беларускіх консульствах за мяжой.

"Гэта можа пакінуць тысячы беларусаў у выгнанні без доступу да сапраўдных дакументаў, якія сведчаць асобу, пакуль яны знаходзяцца за мяжой або падвергнуцца рызыцы палітычна матываванага судовага пераследу, калі ім давядзецца вярнуцца ў Беларусь для афармлення сваіх дакументаў", — звяртаюць увагу праваабаронцы.

Аляксандр Лукашэнка 4 верасня 2023 года падпісаў указ, які адмяняе паўнамоцтвы консульстваў і дыпламатычных прадстаўніцтваў па выдачы, замене або прадаўжэнні тэрміну дзеяння пашпартоў або пасведчанняў асобы беларусаў за мяжой і ўскладае такую працу на супрацоўнікаў унутраных спраў. Цяпер, каб атрымаць гэтыя неабходныя дакументы, беларусам неабходна вярнуцца ў Беларусь. Папраўкі таксама прадугледжваюць, што шэраг аперацый з маёмасцю, у тым ліку з нерухомасцю, можа быць ажыццёўлены толькі ў Беларусі або па даверанасці, выдадзенай у Беларусі. Новыя правілы ўступілі ў сілу 7 верасня.

"Гэты драконаўскі закон беларускага ўрада, відавочна, прыняты ў адплату яго крытыкам у выгнанні. Тыя, хто вымушаны вярнуцца ў краіну для атрымання неабходных дакументаў, будуць падвяргацца рызыцы арышту і палітычнага пераследу", — адзначыла Анастасія Круапе, асістэнтка-даследчыца Human Rights Watch па Еўропе і Цэнтральнай Азіі.

У тлумачальнай запісцы да ўказа гаворыцца, што ён накіраваны на "далейшае ўдасканаленне" і "аптымізацыю" працы дыпламатычных прадстаўніцтваў і амбасадаў. На самай справе гэта падвяргае беларускіх грамадзян, якія пражываюць за мяжой, сур'ёзнай рызыцы і ўшчамляе іх асноўныя правы, заяўляе Human Rights Watch.

За апошнія тры гады сістэматычных і шырокамаштабных рэпрэсій, якія рушылі за мірнымі пратэстамі 2020 года, сотні тысяч беларусаў пакінулі краіну. Хоць дакладная колькасць невядомая, паводле ацэнак Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, ад 200 000 да 500 000 беларусаў жывуць у выгнанні. У жніўні 2022 года беларускія праваахоўныя органы заявілі, што больш за 79 адсоткаў беларусаў, якія адшукваюцца за ўдзел у акцыях пратэсту, пакінулі краіну. Прыкмет паслаблення палітычна матываваных рэпрэсій супраць шырокіх слаёў насельніцтва, уключаючы актывістаў, журналістаў, праваабаронцаў, юрыстаў і палітычных апанентаў не назіраецца. Паводле ацэнак, цяпер колькасць затрыманых, якія знаходзяцца ў зняволенні па палітычных матывах, складае 1510 чалавек.

Паводле звестак Праваабарончага цэнтра "Вясна", дзясяткі беларусаў, якія вярнуліся з-за мяжы, у тым ліку з кароткатэрміновымі візітамі, ужо зазналі затрыманні і адміністрацыйныя і крымінальныя абвінавачванні за публікацыі ў сацыяльных сетках, удзел у мірных пратэстах 2020 года і абвінавачванні ў дачыненні да "экстрэмісцкай" дзейнасці. Незалежныя СМІ паведамлялі пра шматлікія выпадкі, калі беларусы з відам на жыхарства за мяжой былі арыштаваныя і падвяргаліся допытам у Беларусі, а таксама адчувалі іншыя формы ціску з боку беларускіх уладаў у 2022 і 2023 гадах.

У снежні 2022 года парламент прыняў закон, які абавязвае грамадзян Беларусі апавяшчаць улады, калі ў іх ёсць іншае грамадзянства або від на жыхарства. Закон таксама дазваляе ўладам пазбаўляць Грамадзянства беларусаў, якія пражываюць за мяжой і асуджаных за пэўныя злачынствы супраць інтарэсаў Беларусі, нават калі ў іх няма іншага грамадзянства. Такія прысуды часта з'яўляюцца палітычна матываванымі і могуць быць вынесеныя завочна, без гарантый справядлівага судовага разбору.

Да ўказа Лукашэнкі беларускія амбасады і дыпламатычныя прадстаўніцтвы былі ўпаўнаважаныя выдаваць, пераафармляць і падаўжаць тэрмін дзеяння пашпартоў і пасведчанняў асобы беларусаў, якія пражываюць за мяжой, хоць некаторыя беларусы ўжо сутыкаліся з перашкодамі або атрымлівалі адмову пры спробе падоўжыць тэрмін дзеяння сваіх дакументаў, якія сведчаць асобу. Адсутнасць дакументаў, якія сведчаць асобу, сур'ёзна звужае магчымасць беларусаў у выгнанні і членаў іх сем'яў легальна жыць, падарожнічаць і працаваць у краінах іх пражывання. Гэта таксама можа ўскладніць іх доступ да медыцынскай дапамогі, адукацыі і іншых асноўных паслуг, дзе могуць спатрэбіцца дзеючыя дакументы.

Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, удзельнікам якога з'яўляецца Беларусь, абвяшчае, што "кожны павінен быць вольны пакідаць любую краіну, уключаючы сваю ўласную". Камітэт па правах чалавека, які сочыць за тлумачэннем і ажыццяўленнем Пакта, ясна даў зразумець, што гэта "павінна ўключаць права на атрыманне неабходных праязных дакументаў", і раскрытыкаваў бюракратычныя перашкоды пры атрыманні пашпартоў або адмову ў выдачы пашпартоў з-за таго, што заяўнік, як сцвярджаецца, наносіць шкоду добраму імя краіны.

Беларускія ўлады ўсё часцей спрабуюць распаўсюдзіць рэпрэсіі за межы краіны. Іншыя краіны павінны паклапаціцца аб тым, каб беларусы, якія пражываюць на іх тэрыторыі ў выгнанні, мелі магчымасць ажыццяўляць асноўныя правы чалавека. Human Rights Watch заклікала іх пры неабходнасці даць эфектыўныя альтэрнатывы дакументам, якія дазваляюць ім працаваць, падарожнічаць і атрымліваць доступ да паслуг, такія як пашпарты замежнікаў, якія прадстаўляюцца ў Літве і Польшчы.

Публікуецца паводле сайту "Вясны"

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 верасня 2024, 14:30
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці