Інстытут правоў чалавека Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў (IBAHRI) асуджае папраўкі ў Крымінальны кодэкс Беларусі, якія ўводзяць смяротнае пакаранне для чыноўнікаў і вайскоўцаў, асуджаных за «здраду дзяржаве». Аляксандр Лукашэнка падпісаў гэтыя папраўкі ў закон 9 сакавіка 2023 года; яны набылі сілу 25 сакавіка 2023 года.
Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў папраўкі ў заканадаўства пасля нападу, меркавана, беларускіх антываенных партызанаў на расійскі ваенны самалёт на беларускай авіябазе, які адбыўся 26 лютага 2023 года. […]
Згодна з новай рэдакцыяй Крымінальнага кодэкса, пад «дзяржаўнай здрадай» разумеецца шпіянаж, перабежка на бок ворага падчас вайны або ўзброенага канфлікту, выдача дзяржаўных сакрэтаў Беларусі або іншых дзяржаў або іншае садзейнічанне замежнай дзяржаве, міжнароднай або замежнай арганізацыі або іх прадстаўнікам, накіраванае на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспекі Беларусі.
Крымінальны кодэкс Беларусі ўжо прадугледжвае смяротную кару за забойства, тэрарызм і замах на тэрарызм.
Сустаршыня IBAHRI, а ў нядаўнім мінулым генеральны сакратар Шведскай асацыяцыі юрыстаў, Анэ Рамберг, заявіла:
«Мы рашуча асуджаем пашырэнне смяротнага пакарання на чыноўнікаў і вайскоўцаў за дзяржаўную здраду ў Беларусі. Такое развіццё падзей выклікае крайнюю заклапочанасць, з улікам ролі прэзідэнта Лукашэнкі ў падтрымцы ўварвання Расіі ва Украіну.Мы нагадваем беларускім уладам, што міжнароднае права правоў чалавека не дапускае прымянення смяротнага пакарання за несмяротныя або невыразна акрэсленыя злачынствы.Звяртаючы ўвагу на Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), удзельнікам якога з'яўляецца Беларусь, паводле артыкула 6(2), смяротнае пакаранне можа быць прызначана толькі за «найбольш цяжкія злачынствы». Нядаўнія папраўкі да Крымінальнага кодэкса Беларусі не адпавядаюць гэтаму патрабаванню».
У сваёй Заўвазе агульнага парадку № 36 (2018) Камітэт ААН па правах чалавека заявіў, што злачынствы, якія не прыводзяць непасрэдна і наўмысна да смерці, такія як палітычныя злачынствы, ніколі не могуць служыць падставай для вынясення смяротнага прысуду паводле артыкула 6 МПГПП. Акрамя таго, пакаранне смерцю не можа быць назначана на падставе «недакладна вызначаных крымінальных палажэнняў, прымяненне якіх да асуджанага залежыць ад суб'ектыўных або дыскрэцыйных меркаванняў, прымяненне якіх немагчыма разумна прадбачыць».
Сустаршыня IBAHRI Марк Стывенс пракаментаваў: «Беларусь другі раз меней чым за год пашырыла прымяненне смяротнага пакарання, у той час як многія іншыя краіны рушаць да яго скасавання. На фоне пагаршэння сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, а гэта – адвольныя арышты і затрыманні праваабаронцаў, журналістаў, адвакатаў і палітычных апанентаў, а таксама адсутнасць незалежнасці судовай сістэмы і гарантый справядлівага судовага разбору, – новыя змены Крымінальнага кодэкса, хай і не здзіўляюць, але вельмі непакояць.Мы заклікаем Беларусь перагледзець сваё заканадаўства ў адпаведнасці з міжнароднымі прававымі абавязальніцтвамі і настойліва патрабуем увядзення неадкладнага мараторыя на прымяненне смяротнага пакарання з мэтай яго скасавання. IBAHRI зноў заяўляе аб сваім непрыманні смяротнага пакарання пры любых акалічнасцях».
Даведка: Інстытут правоў чалавека Міжнароднай асацыяцыі юрыстаў (IBAHRI) быў створаны ў 1995 годзе пад ганаровым старшынствам Нэльсана Мандэлы. Місія IBAHRI палягае ў «заахвочванні, абароне і павазе правоў чалавека ў рамках справядлівай прававой дзяржавы. IBAHRI дзейнічае на аснове веры ў фундаментальнае права грамадзян свету на справядлівы разгляд спрэчак і незалежную судовую сістэму, а таксама ў права суддзяў і адвакатаў працаваць свабодна і незалежна. У мэтах прасоўвання правоў чалавека і вяршэнства закона па ўсёй Зямлі IBAHRI робіць крокі па рэалізацыі розных праектаў для павелічэння патэнцыялу і прыцягнення ўвагі міжнароднай грамадскасці, сродкаў масавай інфармацыі і юрыдычнай супольнасці».
Арыгінальны артыкул (на ангельскай мове).
Пераклад на беларускую мову: БДПЧ