IV Беларускі праваабарончы форум: “Поле вялікае, сейбітаў мала, і хто, калі не мы?”

23 кастрычніка 2017, 06:43
IV Беларускі праваабарончы форум: “Поле вялікае, сейбітаў мала, і хто, калі не мы?”

19 – 21 кастрычніка ў Вільні прайшоў IV Беларускі праваабарончы форум. Сабраўшы разам 140 прадстаўнікоў з 29 беларускіх праваабарончых арганізацый, мерапрыемства стала адмысловай пляцоўкай для абмеркавання самых актуальных пытанняў у галіне абароны правоў чалавека ў Беларусі.

Вітаючы ўдзельнікаў,  Таццяна Рэвяка, прэзідэнт Беларускага Дома правоў чалавека імя Барыса Звозскава, адзначыла, што з кожным форумам арганізацый, што бяруць удзел у мерапрыемстве,  становіцца толькі больш: “Правядзенне форуму стала ўжо добрай традыцыяй, распачатай у 2004 годзе, працягнутай у 2010 і 2013 гадах. Многія з сенняшніх удзельнікаў і гасцей бралі ўдзел у папярэдніх форумах і з кожным годам нас становіцца болей. Так, у 2010 годзе ў форуме прымалі 17 арганізацый, у 2013 – 25, а зараз тут прысутнічаюць прадстаўнікі 29 арганізацый. Праваабарончы сектар пашыраецца, з’яўляюцца новыя людзі і арганізацыі, новыя напрамкі дзейнасці і гэты прагрэс і развіццё можна толькі вітаць”.

Адзін з удзельнікаў форуму, Міхаіл Мацкевіч (на фота) з Офісу па правах чалавека з інваліднасцю,  адзначыў, што форум дае магчымасць пазнаёміцца з калегамі і лепш зразумець сваё месца ў агульнай сітуацыі:  “Форум – гэта магчымасць рэфлексіўнага стаўлення да праваабарончага руху і сектару. Ён дазваляе канстатаваць нейкія змены, што адбываюцца ў сектары. Таксама гэта, безумоўна, новыя знаёмсвы. Нягледзячы на ​​тое, што мы працуем у агульным полі, заўсёды можна пазнаёміцца ​​з тым, каго не ведаў раней. Таксама форум дае матывацыю, гэта таксама важны пункт. Важна адчуваць сябе часткай супольнасці, часткай чагосьці большага. Вядома, складана дэталёва абмеркаваць усе пытанні ў межах паўтарагадзінных сесій, але зразумець погляды і настроі калегаў гэта дапамагае. Напрыклад, калі аб этычных прынцыпах на папярэдніх форумах толькі казалі, то на гэтым яны ўжо прыняты – такім чынам, можна казаць пра тое, што ёсць нейкі планамерны рух. Форум – адна з магчымасцяў прагаварыць бліжэйшыя свае планы, каб у калег таксама было разуменне, куды рухаемся мы ўсе разам і кожны паасобку”.

З заклікам аб неабходнасці працаваць сумесна, кансалідавана і салідарна выступіў таксама кіраўнік ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі (на фота): “ Мой пасыл такі  – сябры, нам трэба працаваць далей разам, нашыя супольныя дзеянні значна больш эфектыўныя, чым калі мы працуем паасобку. Таму давайце праводзіць салідарныя кампаніі, давайце рабіць сумесныя праекты, падключаць нашых сяброў і партнераў з Украіны, з Расіі, з краін ЕЗ. Варта павялічваць эфект праваабарончай сілы, дзякуючы агульным сумесным намаганням. Нам трэба працаваць далей. Поле вялікае, сейбітаў мала і хто, калі не мы?”

Менавіта такія сустрэчы, па словах удзельнікаў, дазваляюць праваабарончай супольнасці кансалідавацца, а праваабаронцам, у сваю чаргу, разлічваць на патрымку калегаў у крытычны момант. Так, падчас форуму, неаднаразова закраналася тэма ўмоваў працы праваабаронцаў у Беларусі і, у прыватнасці, хваля масавых затрыманняў і арыштаў, што прайшла ўвесну 2017 году.

Леанід Свецік (на фота), прадстаўнік ПЦ “Вясна” з Віцебску, распавёў, як падтрымалі яго калегі падчас 15-суткавага зняволення: “Перш за ўсё форум дае магчымасць адчуць локаць адзін аднаго, зразумець, што мы патрэбныя адзін аднаму для таго, каб супрацьстаяць усім тым выклікам, якія ўзнікаюць у нашай дзейнасці. Гэта дае магчымасць стаць салідарней, дае ўпэўненасць, што ў крытычны момант ты атрымаеш дапамогу ад сваіх таварышаў. Калі я непасрэдна адбываў 15 сутак за ўдзел у масавых мерапрыемствах у Віцебску, я атрымаў дзясяткі лістоў падтрымкі ад сваіх калегаў”.

Словы Леаніда падтрымаў і яго віцебскі калега з БХК Павел Левінаў (на фота):

“Вясна, што была ў нас у гэтым годзе … Можна сказаць з упэўненасцю, што калі б не было папярэдніх форумаў, то не было б такога згуртавання. Адчувалася, што адзін за ўсіх і ўсе за аднаго, адчувалася падтрымка не толькі ўнутры Беларусі, але ж на кожны форум прыязджаюць нашы калегі праваабаронцы з сумежных дзяржаў, і адчувалася падтрымка гэтай вясной у тым ліку і ад праваабарончага руху іншых краін”.

Пры гэтым можна адзначыць, што год ад году пашыраецца і шэраг хвалюючых пытанняў, што выклікаюць дыскусіі –  сярод такіх, напрыклад, сёлета былі кодэкс этыкі беларускіх праваабаронцаў, а таксама працэдура і крытэры вызначэння паняцця “палітычны зняволены”.

Так, у 2013 годзе падчас ІІІ Беларускага праваабарончага форума было прэзентавана Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны вязень». Падчас цяперашняга праваабарончага форуму, праваабаронцы Уладзімір Яворскі і Валянцін Стэфановіч падзяліліся досведам выкарыстання распрацаваных тады крытэраў для вызначэння палітычных зняволеных.

Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны вязень» было распрацавана працоўнай групай праваабаронцаў з Азербайджану, Беларусі, Грузіі, Літвы, Польшчы, Расіі і Украіны і прынятае ў кастрычніку 2013 года. Яго мэтай з’яўляецца ўніфікацыя падыходаў у дзейнасці праваабарончых арганізацый па вызначэнні і выкарыстанні паняцця «палітычны вязень». З моманту прыняцця кіраўніцтва у Беларусі шэсць асобаў атрымалі такі статус. На дадзены момант за кратамі знаходзяцца два з іх – гэта Міхаіл Жамчужны і Дзмітрый Паліенка.

Патрабаванне вызвалення палітвязняў было, сярод іншых, згаданае ў Рэзалюцыі IV Беларускага праваабарончага форуму.  Рэзалюцыя была прынятая адзінагалосна 21 кастрычніка.  

Documents:

Глядзiце таксама

Запрашаем на дыскусію: агульныя мэты і прынцыпы беларускіх праваабаронцаў
10 лістапада 2024, 10:08
Запрашаем на дыскусію: агульныя мэты і прынцыпы беларускіх праваабаронцаў
БДПЧ запрашае на дыскусію для актуалізацыі Прынцыпаў дзейнасці беларускіх праваабаронцаў.
Трэнінг для беларускіх юрыстаў «Прынцып вяршэнства права ў працы Рады Эўропы і Эўрапейскага суда па правах чалавека»
10 верасня 2024, 09:23
Трэнінг для беларускіх юрыстаў «Прынцып вяршэнства права ў працы Рады Эўропы і Эўрапейскага суда па правах чалавека»
З 16 па 18 кастрычніка ў Празе будзе праходзіць трэнінг для беларускіх юрыстаў.
Конкурс праектных прапановаў ад BELARUS BEEHIVE 2.0
26 жніўня 2024, 12:24
Конкурс праектных прапановаў ад BELARUS BEEHIVE 2.0
Belarus Beehive 2.0 запускае конкурс грантаў для арганізацый грамадзянскай супольнасці, мэтай якога з’яўляецца падтрымка ініцыятыў, што спрыяюць дэмакратычным зменам.
ВYSOL запускае інфармацыйна-навучальную «Акадэмію»
15 ліпеня 2024, 11:00
ВYSOL запускае інфармацыйна-навучальную «Акадэмію»
Фонд BYSOL запускае анлайн-праект #BYSOL.Academy.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці