«Калі адным словам, то яно будзе нецэнзурным». Як (не) ахоўваецца права на здароўе зняволеных Беларусі? Заканадаўства і практыка

27 красавіка 2023, 09:50
«Калі адным словам, то яно будзе нецэнзурным». Як (не) ахоўваецца права на здароўе зняволеных Беларусі? Заканадаўства і практыка

Якія асаблівасці доступу да медыцынскай і псіхалагічнай дапамогі ў асуджаных? Ці парушаецца права на ахову здароўя ў зняволеных у Беларусі? У чым супадзенне і несупадзенне міжнародных стандартаў права і нацыянальнага заканадаўства Беларусі? І што не так з практыкай яго ўжывання? Як арганізаваная псіхалагічная дапамога зняволеным і якія небяспекі яна хавае? Пра гэта выказваюцца дактары, псіхолагі, праваабаронцы і юрысты.

Міжнародным нормам адпавядае. «На паперы»

Доктар і праваабаронца Алег Дарашкевіч адзначае: у беларускіх нацыянальных дакументах, якія тычацца медыцынскага забеспячэння зняволеных, ёсць адпаведнасці міжнародным нормам.

aleh-darashkevich.jpgАлег Дарашкевіч. Фота: "Наша ніва"

Напрыклад, у Канстытуцыі РБ гарантуецца абарона ад катаванняў, гвалту і іншага жорсткага і прыніжальнага чалавечую годнасць абыходжання з асуджанымі. А ў інструкцыях ад КДБ і МУС напісана, як трэба абыходзіцца з людзьмі, якія хварэюць на цяжкія інфекцыйныя захворванні, і якое ў іх павінна быць медыцынскае забеспячэнне — і там сапраўды ўсё, як і мае быць, мяркуе Дарашкевіч. Аднак падкрэслівае: у нас усё выдатна толькі на паперы, і ў рэчаіснасці затрыманыя пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ўтрымліваліся ў нечалавечых умовах, а ніякага медыцынскага абследавання не праводзілася. Гэта Алег Дарашкевіч можа праілюстраваць і асабістым досведам адбывання адміністрацыйнага арышту:

«У лістападзе 2020 года я быў арыштаваны і зазнаў допыты, потым быў [прыцягнуты да адміністрацыйнага арышту] — ніякага абследавання ў мяне не рабілася. Я сам асабіста перанёс дзве аперацыі з нагоды анкалогіі, пра што казаў [адміністрацыі] — я быў у вельмі жорсткіх умовах і ледзь выжыў.

Разам са мной у камеры сядзеў чалавек з гіпертанічнай хваробай. Ён казаў: у мяне высокі ціск. Памералі — 180. То бок у любую секунду ён мог памерці. Яны яму два дні не давалі доступ да лекаў — у яго былі лекі. Калі б не прысутнасць мяне — кардыёлага — ён бы сапраўды памёр. 72-гадоваму чалавеку адмаўлялі ў дапамозе».

Адміністрацыйны арышт — хто адказны за здароўе?

Праваабаронца і прадстаўнік публічнай установы «Дактары за праўду і справядлівасць» Васіль Завадскі звяртае ўвагу на тое, што ў практыцы прымянення нацыянальнага заканадаўства Беларусі ўсё ж ёсць незразумелыя месцы:

«У палажэнні Міністэрства аховы здароўя дакладна напісана, што менавіта гэтае ведамства нясе адказнасць за арганізацыю медыцынскага абслугоўвання насельніцтва РБ. Мы ў сваёй практыцы, калі вывучалі тэму права на здароўе адміністрацыйна арыштаваных і звярталіся ў Міністэрства аховы здароўя, то ўбачылі, што ў яго нават няма разумення, што такое адміністрацыйна арыштаваныя, дзе яны адбываюць пакаранне, а таксама што гэтая сфера не адносіцца да Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВН) МУС. А калі няма разумення, то скажыце, якое можа быць выкананне абавязкаў?»

zavadski-dom-0.jpgВасіль Завадскі. Фота: humanrightshouse.org

У пытанні забеспячэння аховы здароўя людзей, якія адбываюць адміністрацыйны арышт, Васіль Завадскі спасылаецца на даўнюю прапанову праваабаронцаў — ліквідаваць наогул такі від пакарання, як адміністрацыйны арышт. Тады праблема радыкальна была б знята. Але пакуль гэтага не адбываецца, ініцыятыва «Дактары за праўду і справядлівасць» праводзіць даследаванне сярод людзей, якія адбылі адміністрацыйны арышт у Беларусі. Паводле яго вынікаў у чвэрці людзей ніякі медыцынскі агляд пры паступленні ў ІЧУ не праводзіўся. Што да забеспячэння медыцынскай дапамогай падчас утрымання, то 36% ад апытаных яе не мелі зусім, а 46% атрымалі ў недастатковай колькасці.

«[Акрамя таго], ва ўстановах, дзе адбываюць адміністрацыйны арышт, нават не заўсёды ў штаце ёсць медыцынскі работнік. То бок гэта нават не заўжды можна забяспечыць», — дадае Васіль Завадскі.

Таксама ў даследаванні задавалі пытанне: «Калі вы мелі патрэбу ў пастаянным прыёме лекаў, ці мелі вы магчымасць прымаць іх падчас адбывання?» Паводле вынікаў адказаў толькі 18% ад апытаных мелі такую магчымасць.

Людзі, якія адбываюць адміністрацыйны арышт з прычынаў палітычных рэпрэсій, сутыкаюцца і з практыкай, калі ўмовы іх жыцця адмыслова пагаршаюцца. І гэта можа прывесці да дадатковых праблем са здароўем.

«Мы [утрымліваліся] у памяшканні 12 квадратных метраў, туалет адкрыты са смуродам, 8 чалавек — то бок з парушэннем гігіенічных нормаў, — узгадвае свой досвед доктар Алег Дарашкевіч. — Быў ужо холад, 4 градусы ўначы — але нам не дазвалялі зачыніць акно. Уначы мы мусілі спаць апранутымі. А потым нарэшце мы ўгаварылі зачыніць вокны — але потым яны ўключылі ацяпленне, і ўжо не дазвалялі праветрываць памяшканне — і два дні мы знаходзіліся пры тэмпературы 35 градусаў. Круглыя суткі два дні 8 чалавек у спёртым памяшканні. Яны нам часам падкрэслівалі: мы робім гэта так, каб вы ніколі не хацелі пратэставаць».

Васіль Завадскі згодзен з тым, што да палітычных асуджаных ёсць адмысловае стаўленне:

«Гэта пацвярджаецца, калі мы аналізуем інфармацыю, якая паступае з месцаў зняволення. Мы бачым, што некаторыя калоніі гучаць найболей часта — напрыклад, шклоўская. Паводле майго досведу, гэта кажа пра тое, што адміністрацыя выконвае такія распараджэнні асабліва заўзята».

ГІбель, якая не расследуецца, і нацыянальны закон, які не мае прававога зместу

З палітычных матываў беларусы атрымліваюць не толькі адміністрацыйны арышт, але і пазбаўленне волі — паводле крымінальных артыкулаў. Калоніі з'яўляюцца часткай Дэпартамента выканання пакаранняў (ДВН) МУС. Яму ж падпарадкоўваюцца таксама і следчыя ізалятары (СІЗА), дзе пад вартай утрымліваюцца абвінавачаныя ў злачынствах, а таксама некаторыя асуджаныя.

Аднак не варта забывацца на тое, што правы асуджаных, якія адбываюць пакаранне за здзяйсненне злачынстваў не «палітычнага» характару, таксама павінны выконвацца. І пра іхнія гісторыі таксама варта памятаць. Да гэтага заклікае юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка.

sapelka_kanferencyja.jpgПавел Сапелка

«Мы ўсе памятаем гісторыю Аляксандра Віхора і Вітольда Ашурка, — кажа Павел Сапелка. — Але мы павінны ўспамінаць і гібель Ігара Пцічкіна, і гібель Ігара Барбашынскага».

*Ігар Пцічкін памёр у СІЗА-4 у 2013 годзе праз неналежнае аказанне медыцынскай дапамогі фельчарам следчага ізалятара. Ігар Барбашынскі памёр у 2016 годзе ў жодзінскай калоніі, паводле факту ягонай смерці была распачатая крымінальная справа па прыкмеце злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 162 Крымінальнага кодэкса (неналежнае выкананне прафесійных абавязкаў медыцынскім работнікам, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць пацыента).

У сувязі з гэтым Павел Сапелка прыводзіць наступныя звесткі:

Са студзеня 2012 па сакавік 2015 года следчыя падраздзяленні ажыццявілі 169 праверак паводле заяваў па фактах смерці 170 грамадзян у месцах утрымання пад вартай (ІЧУ, СІЗА і інш.). Па выніках гэтых праверак было прынята ўсяго пяць рашэнняў аб завядзенні крымінальнай справы. Па 164 — аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы.

У месцах утрымання пад вартай 128 грамадзян памерлі ў выніку розных захворванняў, у тым ліку інфарктаў, ВІЧ, СНІД, злаякасных новаўтварэнняў, сухот. Смерць яшчэ 42 чалавек насіла гвалтоўны характар: механічныя асфіксіі, закрыццё прасветаў дыхальных шляхоў харчовымі масамі і г. д.

Гэтыя звесткі былі апублікаваны ДВН — менавіта таму Павел Сапелка пра іх ведае:

«Іншых у мяне няма, бо ДВН іх больш не публікаваў».

Беларускія ўлады пра міжнародныя стандарты слухаць не жадаюць

Падобная статыстыка ярка ілюструе сітуацыю невыканання беларускай уладай міжнародных стандартаў. Бо права на жыццё (і злучаная з гэтым адказнасць дзяржавы забяспечыць такое становішча, каб у месцах зняволення людзі не паміралі) — гэта тыя стандарты, якія замацаваныя ў міжнародных дакументах. А ў Беларусі вызначаны прынцып вяршэнства права, а не нацыянальнага закона. Наша краіна прызнае прыярытэт агульнапрызнаных прынцыпаў міжнароднага права і забяспечвае адпаведнасць ім заканадаўства, гэта замацавана і ў Канстытуцыі. Аднак беларускія ўлады часта пра міжнародныя стандарты слухаць не жадаюць, мяркуе Павел Сапелка:

«Грамадзянска-палітычныя і сацыяльныя правы зняволеных увесь час парушаюцца і знаходзяцца на вельмі нізкім узроўні. Часцяком яны парушаюцца нават не фактам дрэннага выканання нацыянальных законаў, а папросту адсутнасцю ў нацыянальным заканадаўстве тых нормаў, якія б укаранялі ў жыццё палажэнні міжнародных абавязальніцтваў Беларусі ў галіне правоў чалавека.

Калі мы захочам сказаць пра стан правоў зняволеных адным словам, то яно будзе нецэнзурным».

Знаходзіць неадпаведнасці беларускага нацыянальнага заканадаўства міжнародным стандартам правоў чалавека Павел Сапелка можа доўга. Напрыклад, артыкул 17 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (які быў падпісаны і ратыфікаваны Беларуссю) мае ў тым ліку палажэнне: «Ніхто не можа зазнаваць адвольнае ці незаконнае ўмяшанне ў яго асабістае і сямейнае жыццё». Аднак у Беларусі ёсць закон, які дазваляе пазбавіць асуджанага права на спатканне з роднымі і блізкімі ў парадку дысцыплінарнага пакарання.

«Наогул гэтая норма павінна быць вынесена з крымінальна-выканаўчага заканадаўства, і пра гэтыя часы, калі ў парадку пакарання можна забараніць звязвацца і бачыцца са сваімі роднымі і блізкімі, трэба пазабыцца назаўжды», — упэўнены Павел Сапелка.

Падобны прыклад паказвае, што ў Беларусі не заўсёды нацыянальны закон мае прававы змест, падкрэслівае Павел Сапелка. На жаль, гэта можа негатыўна адбіцца і на псіхалагічным здароўі зняволенага: не бачыцца са сваякамі цяжка.

Як забяспечваецца псіхалагічная дапамога зняволеным

Пытанні забеспячэння псіхічнага здароўя ў зняволеных аналізуе юрыстка і прадстаўніца «Камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі» Юлія Леванчук.

«Калі стандарты аказання медыцынскай дапамогі зняволеным хоць і дэкларатыўна, але тым не менш распісаныя ў заканадаўстве Рэспублікі Беларусь, то казаць пра тое, што псіхалагічная дапамога рэгламентаваная належным чынам, не падаецца магчымым. Сярод прававых нормаў ёсць значная колькасць калізійных», — перакананая Юлія Леванчук.

julija_levanchuk.jpgЮлія Леванчук

Ёсць мінімальныя стандартныя правілы абыходжання са зняволенымі. І Беларусь сапраўды паспрабавала выканаць гэтае патрабаванне: у Крымінальна-выканаўчым кодэксе прадугледзелі, што асуджаным аказваецца псіхалагічная дапамога — на добраахвотнай аснове і кваліфікаванымі псіхолагамі. Аналагічныя правы замацаваныя пастановамі МУС: асуджаны надзяляецца правам на атрыманне псіхадапамогі. Аднак усё ж Беларусь выконвае гэтыя патрабаванні фармальна.

«Камітэт» апытваў людзей, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення і абмежавання волі, і зрабіў выснову: псіхалагічная дапамога ім не аказваецца.

«Зносіны з псіхолагам былі прымусовымі. Усе кантакты з асобай, якую супрацоўнікі папраўчай установы пазначаюць як псіхолага, былі толькі з ініцыятывы супрацоўнікаў папраўчай установы. Апытаным не растлумачвалася права з уласнай ініцыятывы звярнуцца па псіхалагічную дапамогу.

Адмова ад наведвання псіхолага расцэньвалася як парушэнне правіл унутранага распарадку — за гэта накладаліся дысцыплінарныя спагнанні. Усе размовы праходзілі без удзелу трэціх асоб, але змест гутаркі аўтаматычна рабіўся вядомы кожнаму з супрацоўнікаў папраўчай установы. Гэтую выснову апытаныя робяць з прычыны таго, што пасля іншыя супрацоўнікі папраўчай установы перадавалі апытаным частку іх выказванняў у гутарцы з псіхолагам», — распавяла Юлія Леванчук.

Прынцыпы аказання псіхалагічнай дапамогі сцвярджаюць: яна павінна быць добраахвотнай, даступнай, навукова абгрунтаванай, канфідэнцыйнай і прафесійнай, аказанай з павагай правоў і свабод чалавека. Але Леванчук прыходзіць да высновы, што этычных стандартаў паводзін псіхолагаў у крымінальна-выканаўчай сістэме Беларусі не існуе.

«Рэспандэнты паказваюць, што пры паступленні ў папраўчую ўстанову з імі размаўляла асоба, якое прадстаўлялася псіхолагам. Аднак усе пытанні, якія задаваліся, былі накіраваны толькі на выяўленне акалічнасці, звязанай з прызнаннем або непрызнаннем віны», — кажа Юлія Леванчук.

На падобную праблему звяртае ўвагу і псіхолаг Вольга Вялічка — у гісторыях палітвязняў:

«Пасля размоваў з псіхолагамі палітвязні набывалі экстрэмісцкі статус, і такі не адзін кейс атрымалася нам выявіць на "Валадарцы"».

Акрамя таго, ёсць выпадкі, калі пасля гутарак з псіхолагам на палітвязняў заводзіліся новыя крымінальныя справы. Яркім прыкладам тут служыць кейс Мікіты Залатарова.

«У перыяд часу з 11.30 да 12.30, дакладны час падчас следства не вызначаны, знаходзячыся ў службовым кабінеце псіхалагічнай службы, у катэгарычнай форме адмовіўся выконваць законныя патрабаванні работнікаў установы», — гаворыцца ў пастанове ў дачыненні да Мікіты Залатарова.

Псіхолаг Вольга Вялічка таксама мяркуе, што ў пытанні псіхалагічнай дапамогі цяперашнім і былым зняволеным у беларускіх пенітэцыярных установах усё непразрыста, закрыта і незразумела. Вялікай праблемай з'яўляецца тое, што псіхолагі, якія працуюць з пазбаўленымі волі людзьмі, структурна падпарадкоўваюцца начальніку пенітэцыярнай установы. А ДВН МУС, як ужо адзначалася, з'яўляецца вельмі закрытай ад грамадскага кантролю сістэмай.

vialichka_volha.jpgВольга Вялічка

Акрамя таго, Вольга Вялічка зважае і на калізію ў суаднясенні функцыяналу Міністэрства аховы здароўя. Вольга мяркуе, што менавіта яно павінна правяраць, як аказваецца медыцынская і псіхалагічная дапамога. Аднак само ведамства кажа, што «яны туды не маюць доступу, гэта не іх кампетэнцыя і гэта ім не трэба». Адказы з такім сэнсам Вольга Вялічка атрымлівала на свае запыты Міністэрству аховы здароўя.

Чаму псіхолагі пенітэцыярных устаноў працуюць дрэнна?

Зняволены часта не можа разлічваць на дапамогу псіхолага, таму ўся адаптацыя ў месцах няволі залежыць ад самога чалавека. У яго адсутнічае асяроддзе для асабістай прасторы (да прыкладу, нарматыўным дакументам прадугледжана, што жылая плошча ў калоніях — з разліку ў два квадратныя метры на чалавека). У сувязі з гэтым адбываюцца змены ў паводзінах асуджанага, але гэта таксама вядзе і да таго, што псіхалагічныя змены і прафесійнае выгаранне ёсць і ў самога псіхолага — так лічыць Вольга Вялічка.

«Я размаўляла з псіхолагам, які працуе ў калоніі, і ён скардзіўся, што ў яго адна стаўка — а на ім і асуджаныя, і сваякі», — падзялілася Вольга Вялічка.

Вось што яшчэ распавёў Вользе псіхолаг, які працуе ў калоніі:

«Наша асноўная праца, якую складана выконваць праз стосы папяровых спраў, — гэта непасрэдны кантакт са зняволенымі. Калі не запоўніць паперкі і не паказаць іх правяраючым інстанцыям, будзе выглядаць, быццам праца не праведзена. З катэгорыі тых жа бескарысных задач: трэба выконваць план па правядзенні індывідуальных і групавых заняткаў. Выглядае гэта прыкладна так: рассаджваюць цэлую аўдыторыю ў актавай зале, псіхолаг там штосьці «трэ» — затое галачка дзе трэба пастаўлена. Як кажуць у крымінальна-выканаўчай сістэме: «зрабіў — запішы, не зрабіў — запішы двойчы». Бюракратыя запаўняе процьму часу, і галоўная праца не выконваецца».

А юрыстка Юлія Леванчук падагульняе:

«Пенітэцыярная псіхалогія не накіраваная на асуджанага чалавека і на рашэнне ягоных індывідуальных праблем. Яна не накіраваная на аказанне прафесійнай дапамогі».

«Пасля вызвалення каля 60 адсоткаў людзей трапляюць у месцы зняволення ізноў, — кажа Вольга Вялічка. — Таму што ўся сістэма працуе кепска. І чалавек не можа супрацьстаяць таму, праз што яму давялося прайсці».

Што ж нам з гэтым усім рабіць?

«Тое, што мы робім, гэта інфармаванне, — кажа Васіль Завадскі. — І мы тым самым, я перакананы, уплываем на грамадскую думку за мяжой, але і ў Беларусі таксама. І хай гэта не імгненна, але паступова гэта ўплывае на людзей і спрыяе змене сітуацыі. І тым самым праз гэта мы наблізім глабальныя пазітыўныя змены ў нашай краіне».

*Матэрыял падрыхтаваны на аснове выступаў у межах канферэнцыі «Права на ахову здароўя ў пенітэцыярных установах Беларусі: міжнароднае і нацыянальнае заканадаўства і практыка». Яе арганізавала публічная ўстанова «Дактары за праўду і справядлівасць».

Арыгінальны артыкул на сайце "Вясны"

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 верасня 2024, 14:30
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці