«Любому перыяду самавольства надыдзе канец, і адказнасць немінуча дагоніць вінаватых». 26 чэрвеня —Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў

26 чэрвеня 2023, 13:03
«Любому перыяду самавольства надыдзе канец, і адказнасць немінуча дагоніць вінаватых». 26 чэрвеня —Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў

Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў адзначаецца 26 чэрвеня. У гэты дзень у 1987 годзе набыла моц Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання. Ужо амаль тры гады ў Беларусі масава катуюць грамадзянаў, якія ня згодныя з уладамі. Сёння, калі большасць увагі грамадзянскай супольнасці накіраваная на вайну ва Украіне, асабліва важна казаць пра факты жорсткага і нечалавечага абыходжання з тымі, хто ўтрымліваецца ў месцах няволі.

Юрыст "Вясны" Павел Сапелка распавёў пра новыя віды катаванняў у Беларусі, чаму важна фіксаваць факты катаванняў і на што гэта можна паўплываць, што канкрэтна робяць вясноўцы для барацьбы з жорсткім абыходжаннем з боку ўладаў, а таксама ці варта апублічваць факты ціску на палітвязняў у месцах няволі. 

ПраваабаронцаЮрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка

 З якімі відамі катаванняў цяпер у асноўным сутыкаюцца беларусы і беларускі ў няволі? Ці з’явіліся за апошні год новыя віды катаванняў у Беларусі?

— Сёння мы даведваемся пра ўсё больш жорсткае, бесчалавечнае, прыніжаючае абыходжанне, якое мяжуе з катаваннямі, часта такімі і з'яўляецца, звязанае са знаходжаннем у месцах пазбаўлення волі — ад ізалятараў, дзе ўтрымліваюць адміністрацыйна-арыштаваных, да турмаў, СІЗА і калоній з іх па сутнасці "унутранымі турмамі" — ШІЗА і ПКТ. Там зняволеныя церпяць пабоі, некамфортную тэмпературу, утрыманне ў нязручных позах, адзіночнае ўтрыманне без магчымасці заняць сябе ці наадварот, прыгнёт з боку агентаў адміністрацыі месцаў пазбаўлення волі, падвяргаюцца правакацыям і цяжкай прымусовай працы.

Новым стала змяшчэнне асуджаных ва ўмовы поўнай ізаляцыі, калі пра іх лёс невядома нават блізкім сваякам на працягу некалькіх месяцаў.

"Інкамунікада — цяжкае парушэнне правоў чалавека", — юрыст Вясны

Юрыст "Вясны" прааналізаваў праблему блакіравання ліставання ў калоніях у кантэксце правоў чалавека.

 Якая розніца паміж катаваннямі і жорсткім абыходжаннем?

— У адпаведнасці з Канвенцыяй супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання, "катаванне" азначае "любое дзеянне, якім якой-небудзь асобе наўмысна прычыняецца моцны боль ці пакута, фізічная ці маральная, каб атрымаць ад яго ці ад трэцяй асобы звесткі або прызнанне, пакараць яго за дзеянне, якое здзейсніла яна ці трэцяя асоба або ў здзяйсненні якога яна падазраецца, а таксама запалохаць або прымусіць яе ці трэцюю асобу, або па любой прычыне, заснаванай на дыскрымінацыі любога характару, калі такі боль або пакута прычыняюцца дзяржаўнай службовай асобай або іншай асобай, якая выступае ў афіцыйнай якасці, або праз іх падбухторванне, або з іх ведама ці маўклівай згоды".

Таксама кожная Дзяржава-ўдзельніца "абавязваецца прадухіляць на любой тэрыторыі, якая знаходзіцца пад яе юрысдыкцыяй, іншыя акты жорсткага, бесчалавечнага або зневажальнага да годнасці абыходжання і пакарання, якія не падпадаюць пад вызначэнне катавання, калі такія акты здзяйсняюцца дзяржаўнай службовай асобай ці іншай асобай, выступаючы якасці, ці па іх падбухторванні, ці з іх ведама ці маўклівай згоды".

Гэта значыць у катаванні заўсёды ёсць канкрэтныя, указаныя ў вызначэнні мэты, а ў іншых відаў забароненага абыходжання іх можа не быць; катаваннямі прычыняецца моцны боль ці пакута, а іншыя віды забароненага абыходжання могуць прычыняць пакуты меншай ступені, але яны таксама забароненыя.

 Цяпер у Беларусі пануе прававы дэфолт і "не да законаў". Рэпрэсіі не збаўляюць абароты, а беларусаў працягваюць затрымліваць па палітычных матывах і падвяргаць катаванням. Ці ёсць сэнс цяпер фіксаваць факты катаванняў і на што гэта можа паўплываць?

— Любому перыяду самавольства надыдзе канец, і адказнасць немінуюча дагоніць вінаватых. Беспакаранасць спараджае новыя катаванні і акты забароненага абыходжання. Мы павінны стварыць новую рэальнасць, у якой не будзе месца забыццю і безадказнасці. Вінаватыя не сыдуць ад адказнасці, нават калі беларускія ўлады будуць знішчаць архівы - іх злачынствы дакументуюцца па стандартах крымінальнага працэсу і надзейна захоўваюцца. І гэта толькі пытанне часу, калі менавіта ізаляцыя Беларусі перастане быць выратаваннем для падазраваных у злачынствах супраць чалавечнасці. Палітычны ландшафт зараз часам імкліва змяняецца,  і вынікі зменаў могуць стаць непрыемным сюрпрызам для тых, хто спадзяецца на абарону беларускага або расійскага рэжымаў.

Другая акалічнасць не менш важная: мы павінны ведаць усіх ахвяр катаванняў і забароненага абыходжання, каб прыйсці да іх з дапамогай і падтрымкай, таму што гэта – абавязак дзяржавы, які яна не выконвае, і мы тут закліканы выканаць гэтую функцыю замест яе, як і з расследаваннем.

 Як даўно "Вясна" займаецца праблемай катаванняў у Беларусі? Якое месца займае гэтая тэма ў дзейнасці арганізацыі? Што канкрэтна робяць вясноўцы для барацьбы з катаваннямі? 

—  "Вясна" і яе праваабаронцы падзяляюць замацаваную ў Дэкларацыі аб праваабаронцах тэзу аб тым, што ўсе правы чалавека і асноўныя свабоды з'яўляюцца ўніверсальнымі, непадзельнымі і ўзаемазалежнымі і ўзаемазвязанымі і павінны заахвочвацца і ажыццяўляцца на справядлівай і раўнапраўнай аснове без шкоды для ажыццяўлення кожнага з гэтых правоў і свабод. Таму тэме барацьбы з катаваннямі і забароненым абыходжаннем у арганізацыі заўсёды надавалася вялікая ўвага. Праваабаронцы раскрывалі змест адпаведных паняццяў, тым самым даносячы да кожнага стандарты ў галіне правоў чалавека, у тым ліку – абсалютную недапушчальнасць парушэння права на свабоду ад катаванняў і жорсткага, бесчалавечнага, зневажальнага абыходжання. Мы казалі аб недапушчальнасці выкарыстання катаванняў і забароненага абыходжання ў месцах несвабоды, а таксама для барацьбы з тымі, хто ажыццяўляе свае правы і свабоды. Таксама мы падтрымлівалі індывідуальныя стратэгічныя справы, дамагаючыся адказнасці для вінаватых. Мы перасцерагалі ад таго, што законы, якія не змяшчаюць адпаведных гарантый, і адсутнасць нацыянальных механізмаў прэвенцыі катаванняў стануць глебай для выкарыстання катаванняў. Цяпер, калі катаванні і беспакаранасць сталі неад'емнымі і відавочнымі элементамі дзяржаўнай палітыкі, мы накіроўваем на барацьбу з катаваннямі ў самых розных формах намаганні вялікай часткі нашай арганізацыі.

ПраваабаронцаЮрыст ПЦ "Вясна" Павел Сапелка

 Ці трэба, па Вашаму меркаванню, апублічваць факты катаванняў і ціску ў месцах няволі, калі чалавек знаходзіцца там? Чаму наогул важна апублічваць факты самавольства сілавікоў і супрацоўнікаў установаў, дзе адбываюць тэрміны палітвязні?

— Гэта наш абавязак – рабіць максімальна даступнай і бачнай інфармацыю аб становішчы з захаваннем правоў чалавека, у тым ліку права не падвяргацца катаванням, каб усім палітычным і міжнародным суб'ектам была вядомая праўда аб стане спраў у Беларусі, і ўсе адпаведныя палітычныя і эканамічныя крокі рабіліся з улікам гэтай сітуацыі. Нас не спыняць пагрозы і нападкі, мы добра ведаем сваю місію і будзем яе выконваць. Разам з тым, мы беражліва ставімся да той інфармацыі, якую канфідынцыйна паведамляюць нам ахвяры, іх родныя і блізкія, захоўваем давераныя нам таямніцы, выкарыстоўваючы гэтыя веды толькі для аналізу і ацэнкі сітуацыі ў цэлым. Таксама мы заклікаем усіх тых, хто не гатовы пакуль даверыць нам звесткі аб катаваннях, дакументаваць і захоўваць іх самастойна, з тымі ж, што і ў нас мэтамі забеспячэння немінучага правасуддзя над вінаватымі.

 З 2020 года праваабарончы цэнтр “Вясна” па дакументаванні катаванняў супрацоўнічае з дацкай арганізацыяй Dignity – інстытутам па процідзеянні катаванням. А ў 2021 годзе створаная міжнародная платформа падсправаздачнасці Беларусі (IAPB). Ужо сабрана шмат доказаў грубага парушэння правоў чалавека, якія ўяўляюць сабою злачынствы па міжнародным праве. З 1 красавіка 2021 года "Вясна" і Міжнародны камітэт сабралі інфармацыю і сведчанні ў 1030 пацярпелых. Што далей будзе з гэтымі дадзенымі?

— У дакладзе Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН адзначаецца, што "УВКПЧ вядома пра намаганні па ўзбуджэнні адпаведных крымінальных справаў як мінімум у шасці нацыянальных юрысдыкцыях за межамі Беларусі на падставе прынцыпаў універсальнай ці экстэрытарыяльнай юрысдыкцыі. Вельмі важна, каб намаганні па зборы, дакументаванні і захаванні доказаў парушэнняў працягваліся з мэтай садзейнічання будучым працэсам прыцягнення да адказнасці”. Там жа Вярхоўны камісар заклікаў дзяржавы-ўдзельніцы “працаваць над прыцягненнем да адказнасці з дапамогай разбору ў нацыянальных судах на падставе агульнапрынятых прынцыпаў экстэрытарыяльнай і ўніверсальнай юрысдыкцыі, у залежнасці ад абставін і ў адпаведнасці з міжнародным правам, і паралельна вывучаць далейшыя мэтанакіраваныя меры супраць меркаваных вінаватых у сур'ёзных парушэннях і зневажанні правоў чалавека".

Другая не менш важная ў гэтым кантэксце рэкамендацыя — "забяспечыць дадатковыя меры абароны, дзе гэта неабходна, для абароны ахвяр, сведкаў і іншых асоб, якія былі вымушаны пакінуць краіну або былі высланы, а таксама асоб, якія супрацоўнічаюць са следчымі органамі".

 У якія міжнародныя арганізацыі могуць звярнуцца цяпер беларусы, якія падвергліся катаванням ці жорсткаму абыходжанню?

— У цэлым, пасля дэнансацыі Факультатыўнага пратакола да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах новыя паведамленні аб парушэнні беларускімі ўладамі Пакта ўжо не могуць быць разгледжаны Камітэтам па правах чалавека ААН. Таксама Беларусь не дала магчымасці асобам, якія знаходзяцца пад яе юрысдыкцыяй, падаваць індывідуальныя паведамленні аб парушэнні Беларуссю Канвенцыі супраць катаванняў. Таму застаюцца дасяжнымі спецыяльныя працэдуры ААН і Камітэт па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын, куды можна падаваць паведамленні аб парушэнні Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх форм дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын. Мы ў “Вясне” заўсёды гатовы дыстанцыйна пракансультаваць аб магчымасцях і падрыхтаваць дакументы для падачы ў міжнародныя органы.

Чацвёртая справаздача аб ходзе работы дзяржавам, якія аказваюць падтрымку Кастрычнік 2022 – Сакавік 2023

Справаздача Міжнароднай платформы па прыцягненні вінаватых да адказнасці для Беларусі

Праваабарончы цэнтр "Вясна" працягвае збор і дакументаванне фактаў катаванняў у Беларусі

Калі вы пацярпелі ад катаванняў з боку сілавікоў ці сутыкнуліся з бесчалавечным і жорсткім абыходжаннем у СІЗА, парушэннем правоў чалавека — калі ласка, пішыце на: Telegram: @ViasnaDOC . Email: viasnadoc@spring96.org. Таксама вы можаце распавесці сваю гісторыю журналістам "Вясны": @Spring96info.

Арыгінальны артыкул на сайце "Вясны"

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 верасня 2024, 14:30
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці