За што сілавікі пераследуюць беларусаў, якія вяртаюцца ў краіну з-за мяжы, каго з затрыманых адправілі на вялікія тэрміны ў калонію і на якіх умовах улады заклікаюць людзей вяртацца — у матэрыяле "Вясны".
Па звестках дзяржаўнага памежнага камітэту, пры ўездзе ў Беларусь летась затрымалі 52 чалавекі за «экстрэмізм». Але па інфармацыі "Вясны", агулам за 2022 год і пачатак 2023 года было затрымана не менш за 58 беларусаў. З іх мінімум 10 чалавек ужо асуджана да пазбаўлення волі, чатыры чалавекі — да "хатняй хіміі", а супраць яшчэ сямі ўзбудзілі крымінальныя справы. Некаторых з затрыманых судзілі паводле адміністрацыйных справаў і змяшчалі ў ізалятар на "суткі". Таксама праваабаронцам вядомыя выпадкі, калі сілавікі пасля затрымання знішчалі дакументы беларусаў для выезда за мяжу і нават пашпарт. Апошнім часам улады ўсё часцей заклікаюць тых беларусаў, якія з'ехалі, вяртацца дадому, маўляў, пасля афіцыйнага зварота і раскаяння ім не будзе пагражаць пазбаўленне або абмежаванне волі. Але цяпер жанчыне, якая вырашыла скарыстацца праўладнай праграмай "Дорога домой", пагражае да 15 гадоў зняволення.
Ілюстрацыя: art studio Agrafka
Па дадзеных праваабаронцаў, агулам за 2022 год і пачатак 2023 года было затрымана не менш за 58 чалавек, якія вярнуліся ў Беларусь з-за мяжы. З іх мінімум 10 чалавек былі асуджаныя да пазбаўлення волі тэрмінам ад аднаго да пяці гадоў калоніі, чатыры чалавекі — да "хатняй хіміі", а супраць яшчэ сямі ўзбудзілі крымінальныя справы. Некаторых з затрыманых судзілі паводле адміністрацыйных справаў і змяшчалі ў ізалятар на "суткі", або адпускалі дадому з велізарным штрафам пасля суда.
"Былі выпадкі, калі людзей затрымлівалі пасля перасячэння мяжы. Напэўна, тых, хто з'ехаў пасля 2020-га, занеслі ў асобную падбазу", — распавёў мінчук пра сукамернікаў на Акрэсціна.
Часцей за ўсё затрымліваюць па вяртанні з Польшы або Літвы, таксама вядома пра затрыманні пасля прыезду з Украіны, Латвіі, Грузіі і Расіі. Сілавікі высаджваюць беларусаў з рэйсавых аўтобусаў, сустракаюць іх на аўтобусных ці чыгуначных вакзалах, або прыходзяць па іх ўжо дадому.
Звычайна людзей пераследуюць за каментары ў сацыяльных сетках або ўдзел у паслявыбарчых акцыях пратэсту ў 2020 годзе. Але адразу затрыманых могуць кідаць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў за "экстрэмісцкія" рэпосты або фота з бел-чырвона-белай сімволікай, якія знаходзяць у тэлефонах і сацыяльных сетках. Праваабаронцам вядомыя выпадкі, калі падставай для пераследу з'яўляўся нават удзел у акцыях салідарнасці за мяжой.
"Яшчэ са мной сядзеў Аляксей, які вярнуўся з Польшы. Ён працаваў там і прыехаў да сям'і. Ягоная радня з Гомельскай вобласці, а ён адразу паехаў у Мінск, дзе яго і затрымалі. Запыталіся, за што сядзіць, а ён сказаў, што выходзіў у Варшаве ў 2020 годзе. Знайшлі рэпост у яго нейкі ў той жа Варшаве", — узгадвае былы арыштант Акрэсціна.
Прычыны для вяртання ва ўсіх розныя: некаторыя вяртаюцца, каб зрабіць пашпарт або візу, хтосьці едзе на лячэнне або наведаць блізкіх, а некаторыя на пахаванне сваякоў.
Так, напрыклад, у сярэдзіне снежня ў Мінску затрымалі сям'ю фатографаў, якая вярнулася дадому на лячэнне — Варвару і Паўла Мядзведзевых.
Па дадзеных прапагандысцкіх крыніц, сям'я два гады жыла за мяжой, а па вяртанні ў Беларусь іх затрымалі за ўдзел у пратэстах 2020 года, дзейнасць «у складзе дыяспар» і негатыўныя каментары ў інтэрнэце. Паведамляецца, што пара вярнулася ў Мінск на лячэнне. Спачатку мужа і жонку асудзілі паводле адміністрацыйнага арышту. Але Варвара пасля "сутак" на волю так і не выйшла — супраць яе ўзбудзілі крымінальную справу і перавялі ў СІЗА-1 на Валадарскага.
Напрыканцы снежня сілавікі затрымалі дачку рэпетытара Яўгена Лівянта разам з ейным мужам. Гэта здарылася пасля вяртання з Польшы. У выніку Ганну Лівянт і Мікіту Дразда адправілі на "суткі" паводле адміністрацыйнага пратакола. Цяпер усю сям'ю перавялі ў СІЗА на Валадарскага ў межах крымінальнай справы. Расійская журналістка Кацярына Яньшына, якая правяла на Акрэсціна 15 сутак, распавяла падрабязнасці затрымання Ганны і Мікіты:
"Іх з мужам Мікітам затрымалі на судзе, калі яны прыйшлі на працэс да ейных бацькоў. І на ранішнім "шмоне" яна прыслухоўвалася, каб пачуць прозвішча бацькі ці мамы. Яна тады ўжо меркавала, што ў яе будзе крымінальная справа".
Таксама цяпер за кратамі ўтрымліваецца палітзняволены журналіст і кіраўнік гарадзенскага «Цэнтра гарадскога жыцця» Павел Мажэйка, якога затрымалі 30 жніўня па вяртанні ў Беларусь. Прычына затрымання дакладна невядомая, адвакат журналіста знаходзіцца пад падпіскай аб неразгалошванні. За кратамі яго ўтрымліваюць больш за пяць месяцаў.
Апроч усяго, нядаўна праваабаронцы пачалі фіксаваць сведчанні знішчэння дакументаў затрыманых у ГУБАЗіКу. Так, былы арыштант Акрэсціна распавёў, што аднаму з ягоных сукамернікаў у шрэдары знішчылі пашпарт, працоўную дамову і карту паляка, а другому разарвалі пашпарт. Таксама паведамлялася, што ў аднаго з затрыманых адабралі польскую працоўную візу і правы.
У канцы студзеня старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Анатоль Лапо агучыў лічбу затрыманых пасля вяртання ў Беларусь:
«Пры спробе ўезду ў Беларусь выявілі 52 асобы, якія маюць прыкметы датычнасці да экстрэмісцкай дзейнасці» — працытавала прапагандысцкае выданне са спасылкай на Лапо.
У гэты ж час Лукашэнка заявіў пра "прынцыповае рашэнне" стварыць міжведамасную камісію для працы з беларускімі эмігрантамі, якую ўзначаліць генеральны пракурор Андрэй Швед. Паводле Шведа, камісія распавядзе ахвотнікам вярнуцца ў Беларусь пра наяўнасць прэтэнзіяў з боку дзяржорганаў і магчымасць вярнуцца, не трапіўшы за краты. Нібыта камісія будзе старанна вывучаць кожнага з таго, хто звярнуўся, каб не прапусціць у Беларусь "экстрэмістаў і тэрарыстаў". Праверка будзе праходзіць «у рамках тых інфармацыйных рэсурсаў і масіваў, якія ёсць у праваахоўнай сістэме».
Але гэта не першая спроба сілавікоў заахвоціць людзей вярнуцца — у канцы 2021 года сілавікамі была створана праграма "Дорога домой", якая нібыта "дазваляе тым, хто з'ехаў, вярнуцца без наступстваў". Пры гэтым беларусам выстаўляюць пэўныя ўмовы, па якім яны могуць гэта зрабіць.
Так, напрыклад, зрабіла і 49-гадовая адміністратарка пратэсных чатаў Таццяна Курыліна, якую цяпер судзяць паводле 12 артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
Як паведамлялася ў СМІ, Курыліна доўгі час знаходзілася за мяжой. У студзені 2022 года беларускія сілавікі ўзламалі шэраг чатаў "97%". А ў лютым Курыліна з'явілася на беларускім тэлебачанні ў праграме прапагандысткі Ксеніі Лебедзевай. Аказалася, што Курыліна ўжо знаходзіцца ў Беларусі.
На тэлебачанні, стомленая, яна казала, што чаты не маюць сэнсу, але кантралююцца польскімі спецслужбамі, заяўляла пра шчыльныя кантакты з "Байполам", расказвала нюансы сваёй працы.
Па інфармацыі "Байпол", Таццяну Курыліну спакусіў малады чалавек і папрасіў вярнуцца да яго ў Беларусь, абяцаў вырашыць усе пытанні. Яна вярнулася, але гэта аказалася спецаперацыяй КДБ.
Праваабаронца "Вясны" Дзіяна Пінчук распавяла пра высокія рызыкі для беларусаў, якія хочуць вярнуцца ў краіну, а таксама нагадала пра тое, што масавыя рэпрэсіі не спыняюцца ні на дзень і цягнуцца ўжо два з паловай гады:
"Гэтае пытанне застаецца адчувальнай тэмай для многіх беларусаў і не губляе сваю актуальнасць увесь гэты час. На жаль, наша рэчаіснасць такая, што для многіх беларусаў і беларусак шлях дадому выглядае як прамы шлях у турму. Калі вы праяўлялі грамадска-палітычную актыўнасць з 2020 года і па сёння: прымалі ўдзел у акцыях пратэсту ў Беларусі і за мяжой, пакідалі каментары ў сацсетках, данацілі на падтрымку пацярпелых у Беларусі ці ва Украіне, актыўнічалі ў дваравым чаце, з якога даўно выйшлі, калісьці запосцілі ў фэйсбуку новы кліп Naviband, размешчаны на “Радыё Свабодзе”, то рызыкі пераследу па вяртанні ў Беларусь вельмі высокія.
У часы прававога дэфолту ажыццяўленне сваіх правоў, гарантаваных Канстытуцыяй і Усеагульнай Дэкларацыяй правоў чалавека, расцэньваецца беларускімі ўладамі як "удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак", "распальванне іншай сацыяльнай варожасці", "абраза прадстаўніка ўлады", "дыскрэдытацыя Беларусі" і іншае. На жаль, сёння ў Беларусі не засталося дзейсных механізмаў абароны правоў чалавека, таму існуе вялікая верагоднасць апынуцца за кратамі са сваёй несправядлівай і незаконнай гісторыяй пераследу, як і тысячы беларусаў.
Неяк да нас звярнуўся чалавек з пытаннем, ці бяспечна яму вяртацца ў Беларусь, бо "колькасць затрыманняў і прызнаных палітвязняў цяпер меншая, чым раней". На жаль, у сённяшнія часы гэта не з’яўляецца дакладным індыкатарам узроўня рэпрэсій. Цяпер гэта можа толькі паказваць узровень запалоханасці грамадства да такой ступені, што людзі баяцца апублічваць факты пераследу і паведамляць пра затрыманне блізкіх. Былыя арыштанты Акрэсціна штотыднёва распавядаюць пра перапоўненыя камеры затрыманых па палітычных матывах — і гэта цягнецца два з паловай гады без перапынку. Праваабаронцы працягваюць публікаваць аркэсцінскія сведчанні і гісторыі іншых затрыманых і такім чынам інфармаваць грамадства пра маштаб рэпрэсій".
Уладальніка ютуб-канала "Третий регион Беларусь" затрымалі па вяртанні ў Беларусь з Украіны 10 студзеня 2022 года. Палітвязня абвінавацілі ў тым, што ён дэананімізаваў сілавікоў і ўжо пасля ад'езду ва Украіну працягваў "размяшчаць у сацсетцы інфармацыю антыдзяржаўнага толку, прапагандаваць супраціў прадстаўнікам улады". Мужчына загружаў на свой канал відэа з акцый салідарнасці беларусаў у Кіеве. Таксама яму ў віну паставілі "цынічныя каментары" пра загінулага супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і абразу прэзідэнта.
У Гомельскім абласным судзе 7 верасня Алега асудзілі да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама прызначылі штраф у памеры 3200 рублёў і кампенсацыю маральнай шкоды на карысць пацярпелага міліцыянта 5000 рублёў.
37-гадовага сына вядомага бізнесмена затрымалі 15 студзеня 2022 года, калі ён ехаў на пахаванне бацькі з Рыгі. Яго абвінавацілі ва ўдзеле ў паслявыбарчых акцыях пратэсту паводле ч.1 арт. 342 КК. Суддзя Ленінскага раёна Мінска Юлія Шут 10 траўня прысудзіла палітвязню два гады калоніі.
Дырэктарку віленскай друкарні затрымалі 4 красавіка 2022 года ў межах крымінальнай справы пасля таго, як яна прыехала з Літвы ў Беларусь на гадавіну смерці маці.
Спачатку паведамлялася, што дзяўчыну вінавацяць у "здзяйсненні акта тэрарызму групай асоб па папярэдняй змове" (ч. 2 арт. 289 КК) у межах справы "рэйкавых партызанаў". Але канчаткова ёй выставілі абвінавачванне па ч. 3 арт. 371 КК — наўмыснае незаконнае перасячэнне дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь, здзейсненае арганізаванай групай.
У Гродзенскім раённым судзе 18 лістапада палітзняволенай прызначылі тры з паловай гады калоніі. Яе судзілі ў закрытым рэжыме, але вядома, што сваёй віны яна не прызнала. На волі Алесю чакае непаўнагадовы сын.
Фатографа з Баранавічаў затрымалі 16 чэрвеня 2022 года. Ён быў вымушаны выехаць у Расію праз палітычны пераслед у 2020 годзе, але з-за пратэрмінаванага пашпарта і пачатку вайны вярнуўся ў Беларусь у траўні.
Яго абвінавацілі паводле ч. 1 арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі) і арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Вядома, што ў верасні і лістападзе 2020 года мужчына размясціў у Telegram-канале і мэсэнджары Viber абразлівую інфармацыю ў дачыненні да Лукашэнкі, а таксама міністра ўнутраных спраў, якім на той момант з'яўляўся Юрый Караеў. 17 жніўня 2022 года Аляксандра асудзілі да двух гадоў зняволення.
Уладзімір быў затрыманы 23 чэрвеня 2022 года ў Ваўкавыску. Праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што мужчына з'ехаў у Польшчу, адкуль нібыта абражаў міліцыянтаў і Лукашэнку.
Яго затрымалі пасля вяртання ў Беларусь і прызначылі 10 сутак адміністратыўнага арышту. Але ў выніку мужчына на волю не выйшаў і 5 ліпеня яму выставілі абвінавачванні паводле ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369 КК(абраза прадстаўніка ўлады).
30 верасня суд Ваўкавыскага раёна прызнаў Уладзіміра вінаватым і асудзіў да двух гадоў калоніі агульнага рэжыму.
Янушкевіча затрымалі 5 ліпеня 2022 года за каментары ў адрас Лукашэнкі (арт. 368 КК) і дзяржаўнага сцяга (арт. 370 КК). Паводле матэрыялаў справы, Янушкевіч, знаходзячыся ў Польшы, размясціў негатыўныя публікацыі ў "Аднакласніках" пра Лукашэнку і дзяржаўны сцяг Беларусі. Мужчына ў “Аднакласніках” адрэагаваў на публікацыю ў пабліку “Стоп-Лука", пасля чаго на ягонай старонцы з'явілася выява Лукашэнкі са свастыкай ззаду.
Суддзя суда Ленінскага раёна Гродна Наталля Козел 23 верасня асудзіла мужчыну да аднаго году калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.
Валерый працяглы час знаходзіўся ў Польшы, а па вяртанні 17 ліпеня, проста на мяжы яго затрымалі. Спачатку яго асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту па арт. 19.11 КаАП, але на волю ён так і не выйшаў. На Валерыя была заведзена крымінальная справа за абразу Лукашэнкі — нібыта ён абразіў яго, калі знаходзіўся за мяжой.
Па матэрыялах абвінавачання, Тумілевіч у месэнджэры Telegram, з’яўляючыся актыўным удзельнікам чатаў чата "Гордыя лідчане чат" і "Чат 97% ДКЖ", размясціў некалькі паведамленняў з непрыстойнымі па форме і зневажальнымі па накіраванасці словамі, якія даюць негатыўную ацэнку Лукашэнку, прыніжаюць ягоныя гонар і годнасць, выяўленыя ў непрыстойнай і абразлівай форме. На судзе Валерый сваю віну прызнаў цалкам.
Суд Лідскага раёна 27 верасня прызнаў яго вінаватым паводле арт. 368 КК і асудзіў палітвязня на паўтара года калоніі.
Супрацоўніцу EPAM Глінскую ГУБАЗіК затрымаў 22 ліпеня 2022 года ў Мінску. Праўладныя Telegram-каналы паведамлялі, што дзяўчына была актыўнай удзельніцай пратэстаў у 2020 годзе і ў канцы таго ж года пераехала ў Літву. Праз два гады яна прыехала ў Беларусь, дзе і была затрымана.
Сілавікі апублікавалі відэа, дзе яна нібыта прызнаецца ва ўдзеле ў пратэстах і перакрыцці руху транспарту. Кацярыну разам з сястрой схапілі, калі яны ішлі да свайго аўтамабіля. Затым у кватэры правялі ператрус.
Суд Партызанскага раёна Мінска 14 кастрычніка прызнаў Глінскую вінаватай і пакараў яепазбаўленнем волі тэрмінам на два гады ва ўмовах агульнага рэжыму.
Андрэя затрымалі ў пачатку кастрычніка пасля вяртання ў Беларусь. "Пакаяльнае відэа" з Андрэем выклалі сілавікі. На відэа, якое доўжыцца 4 хвіліны, хлопец распавядае пра тое, як дрэнна ў Еўропе і Канадзе, што там да беларусаў ставяцца як да людзей "другога гатунку", а нерухомасць каштуе вельмі шмат. Андрэй заявіў, што хоча жыць у Беларусі ці Расеі.
Карпенку абвінавацілі паводле ч. 2 арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку) і ч.1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак). У судзе Чыгуначнага раёна Гомеля 25 студзеня Андрэя асудзілі да трох гадоў калоніі.
Жыхара Брэста затрымалі 19 кастрычніка 2022 года на вакзале, калі ён вяртаўся з працы. З лістапада 2020 года па сакавік 2022 года жыў ва Украіне. Па вяртанні ў Беларусь на яго завялі крымінальную справу за ўдзел у акцыю пратэсту ў Брэсце (арт. 342 КК) 13 верасня 2020 года, калі пратэстоўцы выйшлі на праезную частку, а іх разагнаў вадамёт.
23 снежня 2022 года яму прысудзілі 1 год пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.