Міжнародны ПЭН і Беларускі ПЭН асуджаюць пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі

10 жніўня 2023, 17:46
Міжнародны ПЭН і Беларускі ПЭН асуджаюць пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі

9 жніўня: Сёння спаўняецца тры гады з дня спрэчных прэзідэнцкіх выбараў, у выніку якіх Аляксандр Лукашэнка вярнуўся на шосты тэрмін. Міжнародны ПЭН і Беларускі ПЭН асуджаюць пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і зноў заклікаюць да спынення паўсюднага задушэння ўрадам іншадумства.

Крызіс у Беларусі, які пачаўся ў жніўні 2020 года, не паслабляецца, бо ўлады груба парушаюць права на свабоду слова, асацыяцый і мірных сходаў. У цяперашні час у краіне не дзейнічаюць легальна праваабарончыя арганізацыі, а вінаватым ва ўдзеле ў дзейнасці незарэгістраваных арганізацый пагражае да двух гадоў пазбаўлення волі. Выклікае трывогу тое, што улады распаўсюдзілі смяротнае пакаранне на спробы здзейсніць тэрарыстычныя акты і «дзяржаўную здраду» – абвінавачанні, раней выстаўленыя  дзясяткам актывістаў, – у той час як закон ад 22 ліпеня, які дазваляе завочныя расследаванні і судовыя працэсы, скіраваны супраць актывістаў за мяжой. Паведамляецца, што з траўня 2020 года Беларусь праз рэпрэсіі пакінула больш за 100 000 чалавек.

Паводле звестак Праваабарончага цэнтра «Вясна», на момант напісання гэтага тэксту 1483 чалавекі ўтрымліваліся пад вартай паводле палітычных матываў, у тым ліку 31 «чалавек слова» – пісьменнікі, перакладчыкі, навукоўцы і творчыя работнікі. Умовы ўтрымання ў беларускіх турмах прыраўноўваюцца да жорсткага і бесчалавечнага абыходжання, якое прыніжае чалавечую годнасць, і да катаванняў, пры гэтым зняволеным рэгулярна адмаўляюць у доступе да медыцынскай дапамогі і належнага юрыдычнага прадстаўніцтва. Мастак Алесь Пушкін памёр у турме 11 ліпеня 2023 года пасля таго, як, паводле паведамленняў, яму адмовілі ў тэрміновай медыцынскай дапамозе. Утрыманне вязняў без сувязі з вонкавым светам выклікае ўсё большую занепакоенасць; так, сям’я юрыста і пісьменніка Максіма Знака, які цяпер адбывае 10-гадовы тэрмін пакарання паводле надуманых падстаў, не атрымлівала ад яго вестак з 9 лютага 2023 года. 21 траўня 2023 года ў гонар Міжнароднага дня салідарнасці з палітзняволенымі ў Беларусі Міжнародны ПЭН апублікаваў ліст, падпісаны 103 нобелеўскімі лаўрэатамі, у якім выказваецца салідарнасць з пісьменнікам, праваабаронцам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру і сябрам ПЭНа Алесем Бяляцкім і заклікаецца да вызвалення усіх затрыманых за выключна мірнае выяўленне сваіх поглядаў.

«Сёння супольнасць ПЭНа падтрымлівае многіх пісьменнікаў, журналістаў, мастакоў, дзеячаў культуры і праваабаронцаў, якія адбываюць у Беларусі доўгія турэмныя тэрміны за тое, што асмеліліся змагацца за свае правы чалавека. Мы падтрымліваем сябраў Беларускага ПЭНа Алеся Бяляцкага, Уладзіміра Мацкевіча, Аляксандра Фядуту і Таццяну Вадалажскую. Мы падтрымліваем 34 журналістаў і супрацоўнікаў СМІ, якія застаюцца за кратамі, у тым ліку пісьменніка і журналіста Анджэя Пачобута. Мы патрабуем вестак ад Максіма Знака і заклікаем да стараннага расследавання смерці Алеся Пушкіна. Усе, хто ўтрымліваецца пад вартай выключна за ажыццяўленне сваіх асноўных свабод, мусяць быць неадкладна і безумоўна вызваленыя», – заявіла Ма Тыда, старшыня камітэта Міжнароднага ПЭНа «Пісьменнікі ў зняволенні».

Працяглыя рэпрэсіі супраць беларускай мовы і культурнай сферы

Стыгматызацыя і рэпрэсіі супраць беларускай мовы і літаратуры ў Беларусі, дзе ўлады дзесяцігоддзямі спрабавалі ўсталяваць дамінаванне рускай мовы, узмацніліся пасля таго, як 24 лютага Расійская Федэрацыя пачала поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну. Як задакументаваў Беларускі ПЭН, многія незалежныя выдавецтвы пацярпелі за прасоўванне кніг беларускіх пісьменнікаў і на беларускай мове, і іх дзейнасць была перапыненая паводле надуманых падстаў. Культурныя матэрыялы былі заклеймаваныя як «экстрэмісцкія», і са студзеня 2023 года ліквідаваная 21 арганізацыя са сферы культурных правоў.

Беларусі ПЭН зафіксаваў 1390 парушэнняў культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры толькі ў 2022 годзе, а таксама адзначыў рост колькасці дзеячаў культуры, затрыманых і асуджаных паводле палітычных матываў. За першае паўгоддзе 2023 года зафіксавана 925 парушэнняў правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры, у тым ліку 48 новых крымінальных спраў у дачыненні да дзеячаў культуры. Станам на 1 ліпеня 2023 года за кратамі знаходзіцца не менш за 133 дзеячы культуры, 15 з іх утрымліваюцца пад вартай больш за 1000 дзён. Іншых працягваюць звальняць з дзяржаўных устаноў культуры і адукацыі. У даследаванні Беларускага ПЭНа таксама задакументаванае ўзмацненне ціску ўладаў на польскую і літоўскую меншасці. Папраўкі да Закона аб адукацыі, якія ўступілі ў сілу 1 верасня 2022 года, забараняюць, у прыватнасці, навучанне на іншых мовах, апроч рускай і беларускай.

«Сёння ў беларусаў няма дзяржавы, якая б абараняла і падтрымлівала беларускую культуру. Урад Лукашэнкі не толькі знішчае саму беларускую культуру, але і пераследуе тых, хто яе захоўвае і развівае. Беларусаў саджаюць за краты за выкарыстанне беларускай мовы і дэманстрацыю нацыянальных сімвалаў ці за выказванне жадання перамен. Зняволеныя ўтрымліваюцца ў нечалавечых умовах, якія прыніжаюць іх годнасць і часта вядуць да крытычнага пагаршэння здароўя і нават да смерці. І ўсё ж, нягледзячы ні на што, беларусы не здаюцца. Як і тры гады таму, мы працягваем супраціўляцца несправядлівасці і прыгнёту», – сказала Таццяна Нядбай, прэзідэнтка Беларускага ПЭНа.

Атрымаць больш інфармацыі пра працу Беларускага ПЭНа, у тым ліку пра яго апошнія справаздачы і вынікі маніторынгу, можна тут.

Каб атрымаць больш інфармацыі пра працу Міжнароднага ПЭНа ў Беларусі, гл. «Impunity Reigns – Writers Resist» («Беспакаранасць пануе – пісьменнікі супраціўляюцца»), Спіс спраў Міжнароднага ПЭНа за 2022 год, дзе задакументавана 115 выпадкаў пераследу пісьменнікаў ва ўсім свеце.

Каб атрымаць больш падрабязнасцяў, звяжыцеся з Аўрэліяй Донда (Aurélia Dondo), кіраўніцай Еўрапейскага і Цэнтральнаазіяцкага аддзела ў Міжнародным ПЭНе: aurelia. dondo@pen-international.org.

Публікуецца паводле сайту Беларускага ПЭНу

Глядзiце таксама

Lawtrend: Мониторинг ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества в Беларуси за март 2024 года
30 красавіка 2024, 08:14
Lawtrend: Мониторинг ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества в Беларуси за март 2024 года
Ситуация в отношении свободы ассоциаций и положения беларусских НКО в Беларуси остается по-прежнему плохой.
Информационный бюллетень LawtrendMonitor №3, 2024 год
30 красавіка 2024, 08:02
Информационный бюллетень LawtrendMonitor №3, 2024 год
В этом выпуске LawtrendMonitor представлены обзоры ситуации со свободой ассоциаций и положением организаций гражданского общества за 2023 год и за март 2024 года.
Агляд «Вясны»: Амаль тысячу чалавек затрымалі за першыя тры месяцы 2024 года ў Беларусі
30 красавіка 2024, 07:48
Агляд «Вясны»: Амаль тысячу чалавек затрымалі за першыя тры месяцы 2024 года ў Беларусі
Праваабаронцы «Вясны» падлічылі агульную лічбу затрыманняў за першы квартал 2024 года.
«Інструмент кантролю, прапаганды і імітацыі грамадзянскай дзейнасці». «Белая Русь» як прыклад штучнай палітычнай партыі
30 красавіка 2024, 07:24
«Інструмент кантролю, прапаганды і імітацыі грамадзянскай дзейнасці». «Белая Русь» як прыклад штучнай палітычнай партыі
З Юрыдычнай службай «Вясны» распавядаем пра партыю «Белая Русь», яе ролю на выбарах і значэнне для рэжыму.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці