«Ніякіх прыкметаў прагрэсу няма». Спецдакладчык па Беларусі выступіў у ААН

07 ліпеня 2025, 14:01
«Ніякіх прыкметаў прагрэсу няма». Спецдакладчык па Беларусі выступіў у ААН

У межах 59 сесіі Рады па правах чалавека ААН у Жэневе выступіў Спецыяльны дакладчык па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Нілс Муйжніекс. Беларусь разглядалася як краіна, што мае сітуацыю з правамі чалавека, якая патрабуе ўвагі РПЧ.

Сама дэлегацыя Беларусі на сустрэчу не прыйшла.

"Вясна" распавядае, што казалі Спецдакладчык, іншыя краіны і НДА.


Нілс Муйжніекс адзначыў, што гэта ягонае першае выступленне ў ААН у якасці Спецдакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі:

"І ў дадатку да штогадовага агляду справаздача, якую я сёння прадстаўляю, прыцягвае ўвагу да сітуацыі, што звязаная з выбарамі прэзідэнта, якія былі праведзеныя напрыканцы студзеня 2025 года.

За гэты справаздачны перыяд агульная сітуацыя з правамі чалавека працягвала пагаршацца. Новыя формы рэпрэсій былі зарэгістраваныя. Бягучы трэнд, які працягваецца, гэта палітычны пераслед людзей за легітымнае выкарыстанне сваіх палітычных і грамадзянскіх правоў. З часу 2020 года, пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў, улады рэгулярна пераследвалі крытыкаў. Усё гэта было зроблена з выкарыстаннем антыэкстрэмісцкага заканадаўства, а таксама іншых формаў заканадаўства, у якіх, у прыватнасці, забараняецца абраза прэзідэнта або іншых асоб. У выніку ў Беларусі за кратамі знаходзіцца вельмі вялікая колькасць людзей, якія не павінны там знаходзіцца, у тым ліку апазіцыйныя палітыкі, праваабаронцы, журналісты, актывісты незалежных прафсаюзаў, абаронцы навакольнага асяроддзя, адвакаты. Праваабаронцы называюць іх палітычнымі вязнямі, і напрыканцы справаздачнага перыяду іх налічвалася ў краіне каля 1 200. Калі гэтыя лічбы хаця б прыблізна слушныя (а я лічу, што яны слушныя), Беларусь, імаверна, мае самую вялікую колькасць палітычных зняволеных на душу насельніцтва ў свеце.

Новай з'явай з ліпеня 2024 года сталі некалькі хваляў прэзідэнцкіх памілаванняў, што закранулі больш за 200 чалавек. Апошняе памілаванне закранула 14 чалавек, у тым ліку былога кандыдата ў прэзідэнты, мужа лідаркі выгнаннікаў Святланы Ціханоўскай. Наогул, колькасць несправядліва зняволеных людзей застаецца больш ці менш стабільнай, бо рэпрэсіі працягваюцца. Людзей працягваюць змяшчаць за краты. Амністыі часам суправаджаліся новым парушэннем правоў чалавека, у тым ліку прымусам людзей здымацца ў прапагандысцкіх роліках, у якіх яны выказвалі "пакаянне", прымусам людзей падпісваць пагадненне аб супрацоўніцтве з КДБ у якасці ўмовы для іх вызвалення.

Тыя, хто застаецца ў зняволенні, сутыкаюцца з жудаснымі ўмовамі, часта з жорсткім абыходжаннем, якое часам прыводзіць да смяротнага зыходу. Працягваюць адбывацца выпадкі смерцяў у зняволенні або неўзабаве пасля вызвалення. У дакладзе згадваюцца два такія выпадкі, але нядаўна я звярнуўся да ўладаў з нагоды іншых выпадкаў. Я атрымаў шмат паведамленняў, у тым ліку з першых рук, аб нечалавечых умовах утрымання пад вартай, наўмысным жорсткім абыходжанні са зняволенымі. Супраць жанчын ужываецца гендарнае жорсткае абыходжанне, у тым ліку надгляды з поўным распрананнем, якія праводзяцца мужчынамі-супрацоўнікамі, нават падчас менструацый, адмовамі у прадастаўленні сродкаў гігіены, адсутнасці належнай гінекалагічнай дапамогі, абмежавання ў зносінах паміж маці і дзецьмі.

Мушу асабліва падкрэсліць адну з формаў жорсткага абыходжання: утрыманне пад вартай без сувязі са знешнім светам, ад якога пакутуюць многія зняволеныя, асуджаныя ў сувязі ў пратэстамі 2020 года. Прынамсі восем чалавек утрымліваюцца пад вартай без сувязі са знешнім светам больш за год, а некалькі — больш за два гады. Іншая група асоб, якія ўтрымліваюцца пад вартай без сувязі са знешнім светам, — гэта тыя, хто быў накіраваны на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне ў выніку крымінальнага пераследу паводле палітычна-матываваных абвінавачванняў. На працягу справаздачнага перыяду я атрымаў дакладную інфармацыю аб 33 асобах, закранутых гэтай практыкай, якая нагадвае савецкае злоўжыванне псіхіятрыі ў мэтах палітычнага пераследу.

Яшчэ адной формай жорсткага абыходжання з'яўляецца адвольнае падаўжэнне тэрміну турэмнага зняволення за меркаванае зламыснае непадпарадкаванне пенітэнцыярным уладам. Уявіце сабе, вы амаль адбылі ўвесь тэрмін турэмнага зняволення, які быў несправядліва прызначаны вам за ажыццяўленне вашых правоў чалавека, вы перанеслі жудасныя ўмовы, жорсткае абыходжанне, вы ўжо амаль што гатовыя да вызвалення, калі ўлады паведамляюць вам пра тое, што ваш тэрмін падоўжаны яшчэ на год. У шэрагу зняволеных тэрмін быў адвольна падоўжаны не адзін раз і не два, а нават тры разы. Тут хацеў бы згадаць Вікторыю Кульшу, актывістку, тэрмін якой быў падоўжаны тры разы, і ў дачыненні да якой вядзецца расследаванне паводле таго ж артыкула ў чацвёрты раз.

Мая папярэдніца [Анаіс Марэн — заўв.] у адным са сваіх дакладаў адзначыла, што выбары з'яўляюцца каталізатарам парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Гэта пацвердзілася падчас майго мандата, нягледзячы на тое, што мой мандат усяго толькі сем месяцаў, але чым бліжэй выбары, тым больш сур'ёзныя рэпрэсіі. Па меры набліжэння выбараў ганенні, пераследы ўзмацняюцца: усіх людзей з сем'яў тых, хто прызнаныя палітычнымі зняволенымі, а таксама людзей, якія спрабавалі дапамагчы гэтым зняволеным — адпраўлялі ім лісты, пералічвалі ім грошы ці пасылкі за гуманітарную дапамогай... Акрамя набліжэння выбараў улады ўсё часцей звярталіся да новай формы транснацыянальных рэпрэсій. Гэта, у прыватнасці, суды без прысутнасці чалавека. Людзей, якія жывуць за мяжой, актывістаў, журналістаў — улады часта пераследуюць людзей, якія збеглі за мяжу, канфіскуюць іх прыватную ўласнасць у Беларусі.

Я спрабаваў супрацоўнічаць з уладамі Беларусі, але яны праігнаравалі мае запыты на наведванне або на сустрэчу са мной. На сесіі ў Жэневе я таксама спрабаваў накіроўваць ім розныя лісты, але іх адказы практычна заўсёды фармальныя, не ўтрымліваюць ніякай інфармацыі. Я ўвесь час спрабую таксама задзейнічаць іншых мандатарыяў у маёй камунікацыі з беларускімі ўладамі для таго, каб не было абвінавачвання ў селектыўнасці або ў суб'ектыўнасці. Такім чынам, лісты або заявы, якія я накіраваў у дачыненні да Беларусі, былі падпісаныя сябрамі трох розных працоўных груп, адным незалежным экспертам, дзесяццю іншымі Спецдакладчыкамі. Многія з маіх калегаў неаднаразова далучаліся да падпісання такіх паведамленняў, я ім дзякую за супрацоўніцтва.

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца цяжкай. Ніякіх прыкмет прагрэсу няма.

Я ўжо збіраю інфармацыю для свайго дакладу Генасамблеі, які будзе ў значнай ступені паўтараць змест гэтага дакладу, але таксама будзе прысвечаны пытанню правоў чалавека ў сферы працы і занятасці ў Беларусі, уключна з выкарыстанне прымусовай працы, прафесійнымі абмежаваннямі, правамі прафсаюзаў і правамі працоўных-мігрантаў".

Пасля выступу Спецдакладчыка, слова было перададзена Беларусі як краіне, пра якую гаварылася ў дакладзе. Аднак высветлілася, што дэлегацыя Беларусі не прысутнічала ў зале.

Наступнай выступіла Латвія — ад імя Балтыйскі краін. Яны падзякавалі Спецдакладчыку за даклад:

"Падробленыя выбары ў Беларусі не суправаджаліся ніякай легітымнасцю. Сексуальны і гендарны гвалт, а таксама завочныя судовыя працэсы працягваюцца. Мы таксама ў жаху ад палітычна матываванага псіхіятрычнага пераследу. Патрабуем вызваліць палітвязняў", — сказала Латвія.

Еўрасаюз адзначыў, што выключна занепакоены вынікамі, прадстаўленымі ў справаздачы Спецдакладчыка:

"Злачынствы супраць чалавечнасці працягваюць выклікаць жах. Трэба прыцягнуць да адказнасці ўсіх. Таксама хацелі б адзначыць нядаўняе вызваленне 14 палітычных зняволеных. Заклікаем вызваліць усіх палітычных зняволеных. Еўразвяз падкрэслівае заклік вярнуць незаконна дэпартаваных украінскіх дзяцей".

Бельгія, Люксембург і Нідэрланды ў сумесным выступе прывіталі Спецдакладчыка. Яны занепакоеныя рэпрэсіямі, дрэнным абыходжаннем са зняволенымі:

"Мы таксама даведаліся пра завочныя судовыя працэсы для людзей, якія збеглі з Беларусі. Мы вітаем нядаўняе вызваленне 14 палітвязняў, але мы заклікаем вызваліць усіх палітвязняў".

Чэхія далучылася да заявы Еўрасаюза. Яе занепакоіла распаўсюджванне завочных судовых працэсаў і бестэрміновае падаўжэнне зняволення.

Малдова падзякавала Спецдакладчыку:

"Сітуацыя ў краіне выклікае сур'ёзную занепакоенасць. Апошнія выбары прайшлі ў Беларусі без назіральнікаў АБСЕ. Мы вітаем прэзідэнцкія памілаванні".

Аўстрыя далучылася да заявы Еўрасаюза і заклікала Беларусь выконваць свае міжнародныя абавязальніцтвы і супрацоўнічаць са Спецдакладчыкамі:

"Мы настойліва заклікаем Беларусь безумоўна вызваліць усіх незаконна затрыманых... Асабліва турбуюць транснацыянальныя рэпрэсіі ў выглядзе завочных судоў".

Харватыя падтрымала заяву Еўрасаюза:

"Мы шкадуем пра тое, што да зняволеных ставяцца блага. Урад цалкам абрынуўся на свабоду слова, аб'яднанняў і сходаў. [...] Вітаем вызваленне 200 палітвязняў, уключна з палітычным лідарам Сяргеем Ціханоўскім. Заклікаем вызваліць усіх астатніх палітвязняў".

Польшча падтрымала заяву Еўрасаюза і мандат Спецдаклачыка:

"Мы адзначылі нядаўняе вызваленне 14 чалавек, уключна з трыма польскімі грамадзянамі. Мы асуджаем абмежаванне свабоды слова, сходаў і аб'яднанняў, роўна як і выкарыстанне контртэрарыстычнага і антыэкстрэмісцкага заканадаўства [для рэпрэсій]".

Мальта выказала падтрымку Еўрасаюзу.

"Мы занепакоеныя сістэмнымі рэпрэсіямі ў Беларусі. Пастаянны разгляд асоб у якасці мішэні ўнутры краіны і за яе межамі [...] Мальта вітае нядаўняе вызваленне палітвязняў [...] Заклікаем вызваліць усіх. Мы таксама выступаем за адмену смяротнага пакарання. Мы выступаем за тое, каб забяспечыць вяртанне незаконна дэпартаваных украінскіх дзяцей".

Албанія згадала пра цыкл страху і адвольных затрыманняў дысідэнтаў, якія ёсць у Беларусі:

"Беларусь з'яўляецца чэмпіёнам еўрапейскага кантынента, таму што ў яе 1 200 палітвязняў. Мы выступаем супраць катаванняў у турмах, у прыватнасці ў дачыненні да жанчын, дзяцей і асобаў сталага веку. Заклікаем Беларусь узаемадзейнічаць з механізмамі ААН".

Італія падтрымала заяву Еўрасаюза:

"Італія падтрымлівае беларускі народ, а таксама дэмакратычную апазіцыю ў выгнанні [...] Нядаўняе вызваленне палітвязняў з'яўляецца выдатнай тэндэнцыяй [...] Беларусь з'яўляецца адзінай краінай, што ўжывае смяротнае пакаранне".

Румынія таксама выказала падтрымку заявы Еўрасаюза:

"Адзначаем мэтанакіраваны пераслед беларусаў у выгнанні ў межах завочнай судовай вытворчасці. Мы заклікаем Беларусь цесна ўзаемадзейнічаць з механізмамі правоў чалавека і наладзіць узаемадзеянне са Спецдакладчыкам па Беларусі".

Падтрымала Еўрасаюз і Балгарыя:

"Вызваленне 14 палітвязняў, уключна з Ціханоўскім, гэта станоўчы крок. Заклікаем да таго, каб усе палітвязні былі вызваленыя без папярэдніх умоў. Беларусь удзельнічае ў незаконным уварванні Расеі ва Украіну".

Украіна занепакоілася сістэматычнымі справаздачамі ў дачыненні да жорсткага абыходжання ў беларускіх турмах.

"Рэжым пераследуе палітычных апанентаў [...] Мы адзначаем вызваленне некаторых палітвязняў, але гэта не апраўдвае выкарыстанне катаванняў [...] Мы заклікаем беларускія ўлады спыніць удзел у агрэсіўнай вайне супраць Украіны. Просім Спецдакладчыка разгледзець ролю Беларусі ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі".

Карэя выказала падтрымку мандата Спецдакладчыка.

Кіпр таксама падтрымаў заяву ЕЗ і выказаў згоду са Спецдакладчыкам у дачыненні да пастаянных рэпрэсій унутры Беларусі і за яе межамі:

"Заклікаем Беларусь рэалізаваць бесстароннія незалежныя расследаванні. Тыя, хто вінаваты, мусяць паўстаць перад судом".

Вялікабрытанія падтрымала мандат Спецдакладчыка:

"Інфармацыя ў дачыненні да прымусовай працы выклікае асаблівую занепакоенасць. Мы вельмі занепакоеныя тым, што жанчыны і дзяўчаткі разглядаюцца як мішэнь, уключна з гендарным гвалтам".

Славенія выказала падтрымку ЕЗ і адзначыла вызваленне 14 палітвязняў.

Выступіла і Аўстралія:

"Мы падтрымліваем дэмакратычныя спадзяванні беларусаў. Ніякія выбары не могуць быць свабоднымі, калі адбываюцца ў клімаце рэпрэсій. Аўстралія адзначае дзеянні арганізацый грамадзянскай супольнасці, што праводзяць найважнейшую працу ў плане правоў чалавека ў складаных абставінах".

Германія таксама падтрымала заяву ЕС, а Швейцарыя падзякавала Спецдакладчыку за прадстаўлены даклад:

"Прэзідэнцкія выбары гэтага года адбываліся ў поўнай адсутнасці гарантый на свабоду слова. Завочныя судовыя разборы з'яўляюцца праблемай, якая турбуе нас асабліва. Нядаўняе вызваленне некаторых палітвязняў — гэта станоўчая тэндэнцыя, але за кратамі знаходзяцца больш за 1 000 палітвязняў", — сказала Швейцарыя.

Ірландыя таксама выказала падтрымку заяве Еўрасаюза:

"Беларускі народ не мае права слова ў кіраванні ўласнай краінай. [...] Ірландыя асуджае палітычна матываваныя арышты і затрыманні грамадзян".

Далей выступілі няўрадавыя арганізацыі ды інстытуты правоў чалавека на нацыянальным узроўні. Сярод іх — Фонд Right Livelihood і Праваабарончы цэнтр "Вясна". Яны падзякавалі Спецыяльнаму дакладчыку за яго ўсебаковы і своечасовы даклад:

"Як падкрэслена ў дакладзе, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца вельмі цяжкай.

Рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, журналістаў, адвакатаў і ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года працягваюцца без прыпынку. Салідарнасць падвяргаецца крыміналізацыі, а сем'і палітычных зняволеных — рэпрэсіям. Сувязь са сваякамі і юрыдычнымі прадстаўнікамі строга абмежаваная і часта выкарыстоўваецца як інструмент ціску і пакарання палітычных зняволеных.

З 2020 года паводле палітычна матываваных абвінавачванняў былі асуджаныя больш за 6 990 чалавек. Выклікае сур'ёзную трывогу той факт, што як мінімум 33 чалавекі былі гвалтоўна змешчаныя ў псіхіятрычныя ўстановы.

Мы глыбока занепакоеныя тым, што сябры праваабарончага цэнтру "Вясна" працягваюць знаходзіцца за кратамі ў бесчалавечных і зневажальных умовах. Сярод іх — Алесь Бяляцкі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру і прэміі Right Livelihood, а таксама яго калегі Валянцін Стэфановіч, Валянцін Лабковіч і Марыя Рабкова, зняволеныя выключна за сваю законную праваабарончую дзейнасць.

Па меры пагаршэння крызісу ў галіне правоў чалавека ў Беларусі мы заклікаем Раду настойліва запатрабаваць ад беларускіх уладаў неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных і спынення рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці".

FIDH, OMCT і "Вясна" таксама выказалі сваю салідарнасць і велізарную палёгку ў сувязі з нядаўнім вызваленнем 14 палітычных зняволеных, уключна з актывістам і блогерам Сяргеем Ціханоўскім, які ўтрымліваўся ў зняволенні без сувязі са знешнім светам больш за два гады:

"Мы глыбока збянтэжаныя яго паказаннямі, якія ў чарговы раз пацвярджаюць сістэматычнае ўжыванне катаванняў і бесчалавечнага абыходжання ў беларускіх турмах. У той жа час, паводле звестак праваабарончага цэнтра "Вясна", у Беларусі несправядліва застаюцца ў зняволенні больш за 1 100 чалавек, тады як рэальная лічба можа быць значна вышэйшая. Сярод іх лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, віцэ-прэзідэнт FIDH Валянцін Стэфановіч, юрыст "Вясны" Уладзімір Лабковіч, каардынатарка валанцёраў "Вясны" Марфа Рабкова і сузаснавальніца Human Constanta Наста Лойка.

Усе яны сутыкаюцца з аналагічнымі жорсткімі і жахлівымі ўмовамі, часта без доступу да юрыдычнай дапамогі, што робіць іх вельмі ўразлівымі. Паралельна беларускі КДБ узмацняе сваю падступную практыку транснацыянальнага пераследу, пераследуючы і пагражаючы як выгнаным за мяжу беларусам, так і іх сваякам, што засталіся ў краіне. Таму мы настойліва заклікаем беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць усіх сябраў Праваабарончага цэнтра "Вясна", а таксама ўсіх незаконна зняволеных паводле палітычна матываваных абвінавачванняў.

Мы таксама заклікаем міжнародную супольнасць прыняць усе даступныя захады для забеспячэння адказнасці і правасуддзя за злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя беларускімі ўладамі. Гэта мусіць уключаць тэрміновую перадачу сітуацыі ў Міжнародны крымінальны суд. Нарэшце, мы заклікаем усе дзяржавы забяспечыць надзейную абарону, уключна з візавай падтрымкай, беларусам, вымушаным бегчы са сваёй краіны, а таксама іх сваякам, што застаюцца ў небяспецы".

У межах дыялогу выступіў таксама і Сяргей Ціханоўскі:

"Мяне катавалі. Мяне трымалі ў адзіночнай камеры. Мяне замарожвалі. Мне нават не давалі ручкі, каб напісаць некалькі слоў. Гадамі я не атрымліваў ніводнага ліста, нават ад дачкі. Яны набівалі мне вушы хлуснёй і прапагандай. Яны спрабавалі пераканаць мяне, што ўсе пра мяне забыліся. Тое, што адбываецца ў беларускіх турмах, — гэта не правапрымяненне. Больш за тысячу чалавек усё яшчэ знаходзяцца за кратамі. Мы павінны змагацца за кожнага з іх. Арганізацыя Аб'яднаных Нацый павінна дзейнічаць. Гэта не палітыка. Гэта гуманітарнае пытанне. Гэта нават не проста пытанне правоў чалавека. Гэта пытанне жыцця і смерці. Я заклікаю Генеральнага сакратара ААН умяшацца, выкарыстоўваць усе рэсурсы, каб выратаваць гэтыя жыцці. І я заклікаю ўсіх вас выказацца аб тым, што адбываецца ў самым сэрцы Еўропы".

Нілс Муйжніекс падзякаваў усім краінам-удзельніцам дыялогу за падтрымку і адказаў на некаторыя пытанні з іх боку:

"Як падтрымаць беларусаў у выгнанні? Не адпраўляйце іх у Беларусь, калі яны знаходзяцца ў небяспецы. Не супрацоўнічайце з беларускімі ўладамі, не адпраўляйце людзей назад.

Другое — гэта фінансаванне. Сфакусуйцеся на моладзевых актывістах, на СМІ.

Запрашайце прадстаўнікоў выступаць, запрашайце былых палітвязняў забяспечваць вас інфармацыяй.

Я думаю, трэба ўвесь час ціснуць, каб рэпрэсіі Беларусі абыходзіліся вельмі дорага.

Алесь Бяляцкі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі, заслугоўвае нашай салідарнасці і падтрымкі", — сказаў напрыканцы Спецдакладчык.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Падзялiцца

Глядзiце таксама

ПАСЕ прызнала адказнасць Лукашэнкі за перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей
26 чэрвеня 2025, 13:46
ПАСЕ прызнала адказнасць Лукашэнкі за перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей
Рэзалюцыя "Прававыя аспекты і аспекты правоў чалавека агрэсіі Расійскай Федэрацыі супраць Украіны" была прынятая 24 чэрвеня падчас летняй сесіі ПАСЕ.
Эксперты ААН устрывожаныя парушэннямі правоў прафсаюзных актывістаў
16 чэрвеня 2025, 13:16
Эксперты ААН устрывожаныя парушэннямі правоў прафсаюзных актывістаў
Яны заклікалі ўрад краіны паўнавартасна супрацоўнічаць з Упраўленнем Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, праваабарончымі механізмамі ААН, Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП) і яе нагляднымі органамі для забеспячэння захавання правоў чалавека лідараў і сябраў незалежных прафсаюзаў.
На Міжнароднай канферэнцыі працы звярнулі ўвагу на пераслед працаўнікоў і незалежных прафсаюзаў у Беларусі
10 чэрвеня 2025, 12:31
На Міжнароднай канферэнцыі працы звярнулі ўвагу на пераслед працаўнікоў і незалежных прафсаюзаў у Беларусі
На 113-й сесіі Міжнароднай канферэнцыі працы (МКТ), якая штогод арганізуецца Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП), разгледзелі пытанне пераследу працаўнікоў і незалежных прафсаюзаў у Беларусі.
Спецдакладчык ААН: «Беларусь працягвае жыць у змроку рэпрэсій»
27 мая 2025, 12:19
Спецдакладчык ААН: «Беларусь працягвае жыць у змроку рэпрэсій»
Спецыяльны дакладчык па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі Нільс Муйжніекс апублікаваў свой першы гадавы даклад на гэтай пасадзе.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці