«Пакуль не перастануць саджаць за праваабарончую дзейнасць». Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі-2024

02 жніўня 2024, 09:27
«Пакуль не перастануць саджаць за праваабарончую дзейнасць». Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі-2024

Чацвёртага жніўня  Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. У гэты дзень у 2011 годзе быў першы раз арыштаваны ў межах крымінальнай справы заснавальнік Праваабарончага цэнтра "Вясна" .Тады яго асудзілі да чатырох з паловай гады калоніі за "ўтойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры". Сваёй віны праваабаронца не прызнаў, заявіўшы, што ўсе грошы з рахункаў ішлі на праваабарончую дзейнасць. Алесь Бяляцкі быў вызвалены па амністыі ў чэрвені 2014 года. У 2021 годзе яго зноў затрымалі за праваабарончую дзейнасць і асудзілі па надуманных абвінавачваннях. Цяпер ён адбывае 10-гадовы тэрмін у горацкай калоніі № 9, дзе сутыкаецца з ціскам. Распавядаем пра Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, чаму ён актуальны сёння і што ў гэты дзень казаў сам Алесь Бяляцкі паміж зняволеннямі.

Што гэта за дзень і калі ён узнік?

У 2012 годзе шэраг няўрадавых арганізацый і кааліцый розных еўрапейскіх краін выступілі з ініцыятывай абвяшчэння Міжнароднага дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі, абраўшы для яго правядзення дату 4 жніўня — дзень арышту вядомага беларускага праваабаронцы, старшыні Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага. 

Гэты дзень быў заснаваны, каб заклікаць падтрымаць грамадзянскіх актывістаў Беларусі, якія працягваюць прасоўваць і абараняць стандарты правоў чалавека і вяршэнства права, новыя ідэі і ініцыятывы, дапамагаць людзям. І ўсё гэта — насуперак сістэматычнаму парушэнню фундаментальных правоў: свабоды сходаў, аб'яднання, выказвання меркаванняў — тых асноў, без якіх грамадзянская супольнасць існаваць не можа.

"Мы будзем адзначаць гэты дзень штогод, да таго часу, пакуль становішча грамадзянскай супольнасці ў Беларусі не зменіцца — пакуль у краіне не перастануць саджаць у турму за праваабарончую дзейнасць і пакуль у ёй не будуць гарантаваныя фундаментальныя свабоды: свабода выказвання меркавання, сходаў і аб'яднанняў",гаварылася ў маніфесце Міжнароднага дня салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі.

Так і аказалася, што гэты дзень актуальны і да гэтага часу.

Акцыі салідарнасці па ўсім свеце

У разных краінах свету, у тым ліку ў Беларусі, з 2012 года на працягу некалькіх гадоў адзначаўся Дзень салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю Беларусі. Так, напрыклад, 4 жніўня 2013 года ў Вільні каля беларускай амбасады  моцная акцыя ў падтрымку зняволенага кіраўніка Праваабарончага цэнтра "Вясна" Алеся Бяляцкага: людзі выйшлі ў масках з яго тварам, каб сказаць, што, нягледзячы на арышт праваабаронцы, арганізацыя будзе працягваць сваю дзейнасць. 

Пасля вызвалення Алеся Бяляцкага Дзень салідарнасці працягнулі адзначаць як магчымасць яшчэ раз нагадаць пра палітычных вязняў у Беларусі. Так, у наступныя гады 4 жніўня ладзіліся акцыі салідарнасці і падпісанне паштовак палітвязням, дыскусіі на тэму правоў чалавека, круглыя сталы, канцэрты, прагляды дакументальных фільмаў, фотавыставы, перформансы і іншыя актыўнасці.

У 2022 годзе праваабаронцы "Вясны" выйшлі да амбасады Беларусі ў Вільні з акцыяй салідарнасці са зняволенымі калегамі і каляжанкамі. Яны сімвалічна паўтарылі акцыю, якая праводзілася на гэтым самым месцы ў 2013 годзе.

"У 2013 годзе актывісты і праваабаронцы выйшлі на акцыю пратэсту з плакатам “Мы ўсе Алесь”. А сёння Мы ўсе Валянцін, Мы ўсе Уладзь, Мы ўсе Марфа, Мы ўсе Таццяна, Мы ўсе Алесь, Мы ўсе Леанід і Мы ўсе Андрэй", — адзначылі падчас акцыі вясноўцы.

У зняволенні на той момант знаходзіліся шэсць вясноўцаў. Цяпер за кратамі застаюцца Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч, Уладзь Лабковіч, Марфа Рабкова, Андрэй Чапюк, а таксама Наста Лойка. Унутры краіны адкрыта і публічна ажыццяўляць праваабарончую дзейнасць стала немагчыма. Дзясяткі праваабаронцаў былі вымушаныя пакінуць родныя дамы, каб пазбегнуць пераследу і працягнуць працу.

Што казаў Алесь Бяляцкі ў гэты дзень?

У 2019 годзе "Радыё Свабода" з нагоды Дня салідарнасці звярнулася да Алеся Бяляцкага з пытаннямі, адказы на якія прымушаюць задумацца і цяпер.

"Калі быў запачаткаваны Дзень салідарнасьці з грамадзянскай супольнасцю і ў турмах сядзелі дзясяткі палітычных зняволеных. І кожны год былі новыя палітызаваныя працэсы. Хтосьці выходзіў на волю, некага саджалі. Была такая бясконцая карусель. Цяпер сітуацыя сцішылася. Але, тым ня менш, самі праблемы нікуды не зніклі.

Сітуацыя спакайнейшая, але нішто не гаворыць пра тое, што ёсць палітычнае рашэнне на паляпшэнне гэтай сітуацыі. Яна ў любы момант можа пагоршыцца. Пытанне ў тым, калі наступіць палітычны ці эканамічны крызіс. Усе інструменты ўлады для пераследу існуюць, яны гатовыя. У любы момант рэпрэсіўная машына можа запусціцца на поўную хаду", — казаў у 2019-м праваабаронца.

Сярод іншага, ён разважаў над пытаннем "Чаму ў Беларусі лідараў шануюць больш, калі яны ў турме?"

"Тут вельмі цяжка нешта спрагназаваць, па-рознаму бывае. Але вельмі часта сапраўды, пакуль чалавек сядзіць у зьняволенні, салідарнасць з ім робіць з яго троху героя. Уздымае яго над рэчаіснасцю. А потым, калі чалавек выходзіць, адбываецца расчараванне. І сам чалавек можа памяняцца. У нас яшчэ ня самыя кантрастныя варыянты.

У нашым грамадзтве няма ідалапаклонства, калі людзі бескрытычна вераць лідару, дзе б ён ні быў — на волі, у турме ці яшчэ дзе. І я для сябе лічу, што гэта, у прынцыпе, нармальна. Мы, тыя, хто сядзеў, звычайныя людзі. Людзі з вялікімі заганамі. Але што характэрна — з тых, хто за гэтыя 25 гадоў сядзеў з палітычных прычын, ніхто не перакрэсліў таго, што было зроблена. Ніхто ня стаў зневажаць паплечнікаў, ня здаў іх уладам з вантробамі.

Лёс людзей па-рознаму складаецца ў турме, пасля турмы. Але сам па сабе чын трывання, цярпення, які адбываецца ў турме, грамадзянскія актывісты перажылі годна. І лідары, і шараговыя актывісты. У мяне гэта выклікае вялікую павагу, нягледзячы на тое, што нашы погляды часта моцна разыходзяцца.

А тое, што німб героя пасля турмы робіцца менш яскравым альбо здымаецца, то гэта жыццё. Гэтыя гады, што грамадзянскія актывісты правялі ў турме, якія я адседзеў, яны не дарэмныя. Таму што мы складаем пэўныя ўзоры, скажам так, адданасці пэўным ідэям, служэння ім і цярпення за гэтыя ідэі. Чаго ў прынцыпе беларускаму грамадству не хапала. Бо яму патрэбныя ўзоры, аўтарытэты, біяграфіі, якія б паказвалі, што можна ісці наперад, не зважаючы на пакуты".

Арыгінальная публікацыя з фотаальбомам на сайце "Вясны"

Падрабязней пра асобу славутага праваабаронцы можна прачытаць на адмысловым шматмоўным сайце.

Глядзiце таксама

Патрабуем скасаваць прысуд Леаніда Судаленкі, спыніць дзяржаўнае самавольства і пераслед праваабаронцаў
25 чэрвеня 2024, 11:47
Патрабуем скасаваць прысуд Леаніда Судаленкі, спыніць дзяржаўнае самавольства і пераслед праваабаронцаў
Мы патрабуем адмяніць прысуд і спыніць крымінальны пераслед праваабаронцы Леаніда Судаленкі.
Праваабаронца Анара Мамедлі пакінулі пад вартай, а Алега Арлова этапавалі ў Сызрань: дайджэст міжнародных навінаў
27 мая 2024, 11:58
Праваабаронца Анара Мамедлі пакінулі пад вартай, а Алега Арлова этапавалі ў Сызрань: дайджэст міжнародных навінаў
"Вясна" падрыхтавала чарговы дайджэст аб пераследзе праваабаронцаў на постсавецкай прасторы і набольш значных парушэннях правоў чалавека.
Эксперты ААН выступілі з заявай наконт палітзняволеных вясноўцаў
21 сакавіка 2024, 09:58
Эксперты ААН выступілі з заявай наконт палітзняволеных вясноўцаў
Спецыяльныя дакладчыкі ААН выступілі з заявай з нагоды незаконных і несправядлівых прысудаў праваабаронцам "Вясны" Алесю Бяляцкаму, Валянціну Стэфановічу і Уладзіміру Лабковічу.
Human Constanta: восемь правозащитниц, которые каждый день защищают и отстаивают права человека
08 сакавіка 2024, 09:26
Human Constanta: восемь правозащитниц, которые каждый день защищают и отстаивают права человека
8 марта в Международный день прав женщин мы хотим рассказать о восьми правозащитницах, которые защищают и отстаивают права человека в Беларуси, Армении, России, Грузии и Украине.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці