Супольная заява беларускіх праваабарончых арганізацый
Мінск, 14 чэрвеня 2021 г.
У сувязі з вынясеннем прысудаў судом Маскоўскага р-на г. Брэста Андрэю Коласу (асуджаны на тры гады абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ па ч. 2 арт. 339 КК, накіраваны для адбыцця пакарання) і судом Цэнтральнага р-на г. Гомеля Яўгену Зялкоўскаму (асуджаны на тры з паловай гады пазбаўлення волі па ч. 2 арт. 339КК) мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, адзначаем наступнае:
Андрэй Колас пастановай следчага Брэсцкага міжраённага аддзела СК ад 17.02.2021 г. быў прызнаны абвінавачаным у здзяйсненні злачынства, прадуглежанага ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства).
Згодна з прад’яўленым Андрэю Коласу абвінавачваннем, ён разам з іншымі грамадзянамі (В. Завадскай і Ю. Бодак) 23.10.2020 г. вырабілі пудзіла, “прадстаўляя яго перад грамадскасцю як прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, далучыўшы да яго два аркушы паперы, на якіх неўстаноўленая асоба ўчыніла надпіс “скраў галасы” і “асудзіў невінаватых”, разам з іншымі асобамі вывесілі пудзіла на дрэве на ўчастку мясцовасці па Варшаўскай шашы, тым самым выставіўшы пудзіла на агляд невызначанаму колу асобаў”. Такім чынам, па меркаванні следства, Андрэй Колас здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч. 2 арт. 339 КК (хуліганства) — наўмысныя дзеянні, здзейсненыя групай асобаў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, выражаюць яўную непавагу да грамадства і вызначаюцца выключным цынізмам.
Сутнасць дзеянняў – змест надпісаў, а таксама выгляд пудзіла, па нашым меркаванні, сведчаць аб іх пратэстным змесце. Відавочна, што мэтай дадзенага ўчынку было выказванне свайго пратэсту і нязгоды з фальсіфікацыяй прэзідэнцкіх выбараў і склаўшайся сітуацыяй у краіне ў поствыбарчы перыяд.
Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання патрапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі абвінавачваннямі.
У адпаведнасці з арт. 19 Пакта кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэтае права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць усялякага рода інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці праз сродкі друку ці мастацкія формы выяўлення, ці іншымі сродкамі па свайму выбару. Карыстанне гэтым правам можа накладаць асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, адпаведна, звязана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з’яўляцца неабходнымі: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асобаў, для аховы грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.
Абвінавачаны не пасягаў на сакральныя ці гісторыка-культурныя каштоўнасці. Самі надпісы не ўтрымліваюць нецэнзурнай лексікі альбо мовы варожасці і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці ці сацыяльнага паходжання і іншых прыкметах.
Такім чынам, гэтыя дзеянні нельга кваліфікаваць як хуліганства.
Накіраванне асуджанага для адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі ў папраўчую установу адкрытага тыпу дазвяляе нам разглядаць яго як асобу, якая знаходзіцца ў месцах несвабоды.
18 траўня 2021 г. прысудам суда Цэнтральнага р-на г. Гомеля Яўген Зялкоўскі быў асуджаны да трох з паловай гадоў пазбаўлення волі па ч. 2 арт. 339 КК (злоснае хуліганства).
Згодна з абвінавачваннямі, Яўген Зялкоўскі ў восень мінулага году двойчы ўсталёўваў у безлюдных месцах горада бел-чырвона-белы сцяг са скрынкамі, размешчанымі побач, якія, паводле следства, можна было прыняць за выбуховыя прылады. У скрынках былі карыкатуры на АМАПаўцаў і петарда без змесціва. Першапачаткова крымінальная справа ў дачыненні да Яўгена была ўзбуджаная па ч. 3 арт. 339 КК і пазней перакваліфікаваная на ч. 2 гэтага артыкула.
Дзеянні абвінавачанага насілі выключна пратэстны характар і з’яўляліся выказванннем меркавання аўтара на грамадска-палітычныя падзеі ў краіне і не былі цынічнага ці абразлівага зместу, не заклікалі да гвалтоўных дзеянняў, не насілі грамадска-небяспечны характар. Трэба адзначыць, што асуджаны не заяўляў аб намеры здзёйсніць нейкія грамадска-небяспечныя дзеянні, а таксама не прадпрымаў дзеянняў, скіраваных на заведама ложны выклік спецслужбаў, якія можна было б разглядаць як здзейсненыя з хуліганкскіх матываў і памкненняў.
Мы лічым, што дадзеная форма выказвання меркавання патрапляе пад абарону Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад’яўленымі абвінавачваннямі.
У гэтым кантэксце лічым пазбаўленне волі Андрэя Коласа і Яўгена Зялкоўскага палітычна матываваным, а іх саміх палітычнымі зняволенымі ў адпаведнасці з п. 3.1(а) Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця “Палітычны зняволены”.
У сувязі з гэтым, мы, прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, патрабуем:
Неадкладнага і безумоўнага вызвалення Андрэя Коласа і Яўгена Зялкоўскага, спынення крымінальнага пераследу ў дачыненні да іх.
Неадкладнага вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення палітычных рэпрэсій у краіне.
Праваабарончы цэнтр “Вясна”;
РГА "Прававая ініцыятыва”;
Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend;
Беларускі дакументацыйны цэнтр;
РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт";
"Ініцыятыва FORB";
Кансультацыйны цэнтр па актуальных міжнародных практыках і іх імплементацыі ў праве "Хьюман канстанта";
Беларусі ПЭН-цэнтр;
Беларуская асацыяцыя журналістаў.