Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні

18 верасня 2024, 14:30
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні

У беларускіх калоніях і турмах палітвязні, асуджаныя паводле адвольных абвінавачванняў, сутыкаюцца з дадатковым ціскам: іх прымушаюць прызнаваць віну за злачынствы, якіх яны не здзяйснялі. Тым не менш, гэта прызнанне — не больш чым інструмент прапаганды і ціску, які цынічна выкарыстоўваецца рэжымам Лукашэнкі для ўмацавання сваёй улады і знішчэння любых праяў іншадумства. "Прызнанне віны" з'яўляецца ўмовай для палітвязняў для таго, каб выйсці на волю раней за тэрмін, у прыватнасці па памілаванні.

Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Для чаго ў месцах несвабоды прымушаюць палітвязняў прызнаць віну?

Як адзначае праваабаронца, рэжым Лукашэнкі ў беларускіх месцах несвабоды стварае невыносныя ўмовы для адвольна асуджаных паводле палітычных матываў.

"Што значыць адвольна? У першую чаргу тое, што гэтыя людзі асуджаныя без віны, яны не здзяйснялі дзеянняў, якія ў дэмакратычных дзяржавах, што паважаюць права і прававыя інстытуты, прызнаваліся б злачынствамі і, тым больш, караліся пазбаўленнем волі. Апроч іншага, рэжым цалкам адрэзаў палітвязняў ад любых варыянтаў прадугледжанага законам датэрміновага вызвалення – у парадку замены на больш мяккае пакаранне, умоўна-датэрмінова або ў парадку амністыі".

Адзіны варыянт раней за тэрмін выйсці на волю – просьба аб памілаванні.

"Аднак і гэта ў Беларусі цынічна эксплуатуецца ўладамі ў нізкіх ды прапагандысцкіх мэтах: невінаватыя людзі вымушаныя звяртацца да дыктатара з просьбай выпусціць іх на волю".

Заканадаўства (зноў жа – адвольна) вызначае правіла аб асабістым звароце асуджанага, а таксама змяшчае норму аб тым, што пры разглядзе хадайніцтваў аб памілаванні прымаюцца да ўвагі характар і ступень грамадскай небяспекі здзейсненага злачынства, асоба асуджанага і стаўленне да зробленага, яго паводзіны, стаўленне да працы (вучобы), удзел у працы самадзейных арганізацый у месцах пазбаўлення волі, тэрмін адбытага пакарання, пакрыццё маёмаснай і маральнай шкоды, нанесенай злачынствам, выплата даходу, атрыманага злачынным шляхам, наяўнасць асабістых паручальніцтваў і заключэння паводле іх органаў унутраных спраў, іншыя вартыя ўвагі абставіны.

"Як бачым, пра прызнанне віны тут нічога няма, але адначасова ўлічваецца і "меркаванне адміністрацыі папраўчай установы альбо іншага органа, які выконвае пакаранне ці іншыя меры крымінальнай адказнасці", а менавіта гэтыя органы разам са спецслужбамі вымагаюць прызнанне ў асуджаных – прама або праз стварэнне згаданых невыносных умоў", – звяртае ўвагу Павел Сапелка.

Дарэчы, у абноўленым Крымінальна-выканаўчым кодэксе прызнанне віны – гэта крытэр, па якім адміністрацыя папраўчай установы атэстуе асуджанага.

"Такім чынам, палітвязні вымушаныя прызнаваць віну ў тым, чаго не здзяйснялі – часта нават тыя, якія ў судовым пасяджэнні віну не прызнавалі, упісваючы гэтыя прызнанні ў дакументы, якія афармляюцца ў калоніі і ў заявы на памілаванне.

Пакуль мы не можам сказаць, якія абавязкі накладзеныя на вызваленых у парадку памілавання – а гэта могуць быць розныя варыянты, адным з відаў памілавання з'яўляецца замена на больш мяккае пакаранне, напрыклад. У любым выпадку, вызваленыя трапяць пад прафілактычнае назіранне, а іх правы і свабоды будуць абмежаваныя", – адзначае Павел Сапелка.

Ці ўплывае прызнанне віны на рэабілітацыю палітвязняў?

Што ж тычыцца пытання рэабілітацыі палітвязняў, то па словах праваабаронцы, яно цяпер не стаіць так востра, як пытанне вызвалення:

"У людзей стала менш аптымізму, рэжым выстаяў і аднаўленне справядлівасці адкладзена. Тым не менш, аб'ектыўная рэальнасць такая: рэабілітацыя бязвінна асуджаных і пакрыццё ім шкоды безумоўна адбудзецца, і на гэтыя працэсы не будуць уплываць суб'ектыўныя складнікі: прызнанне або непрызнанне віны абвінавачанымі, асабліва калі яны зробленыя пад уплывам катаванняў ды іншых відаў забароненага абыходжання".

Павел Сапелка спасылаецца на артыкул 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных свабодах:

"Калі якая-небудзь асоба канчатковым рашэннем была асуджаная за крымінальнае злачынства і калі вынесены ёй прысуд быў пасля адменены або ёй было падараванае памілаванне на той падставе, што якая-небудзь новая ці зноў выяўленая акалічнасць бясспрэчна даказвае наяўнасць судовай памылкі, то гэтая асоба, якая панесла пакаранне ў выніку такога асуджэння, атрымлівае кампенсацыю згодна з законам, калі не будзе даказана, што азначанае невядомая акалічнасць не была ў свой час выяўленая выключна або збольшага па яго віне.

Апошняя агаворка не мусіць уводзіць у зман: гаворка ў Пакце ідзе менавіта пра свядомы самаагавор. У беларускім Крымінальна-працэсуальным кодэксе з гэтай нагоды пазначана: "Калі асоба добраахвотна агаварыла сябе ў здзяйсненні злачынства". Таму выказванне абвінавачаным згоды з абвінавачваннем у частцы кваліфікацыі дзеянняў да гэтага дакладна не адносіцца".

І, тым больш, не ўплываюць на пытанні рэабілітацыі любыя формы "прызнання віны" пасля набыцця моцы прысудам, па-за працэсам правасуддзя – у калоніях і камісіі па памілаванні, дадае праваабаронца.

"Варта нагадаць, што нават у Савецкім саюзе і пасля яго распаду ў постсавецкіх дзяржавах рашэнні аб рэабілітацыі ахвяр сталінскіх рэпрэсій прымаліся без уліку прызнання віны, на падставе аб'ектыўна недастатковых або адсутных доказаў віны.

Нарэшце, важным будзе сказаць, што праваабаронцаў гэтыя зафіксаваныя "прызнанні" цікавяць толькі ў адной якасці: у якасці доказаў здзяйснення злачынстваў ды іншых грубых парушэнняў правоў чалавека памагатымі рэжыму ў дачыненні да палітвязняў ды іншых рэпрэсаваных".

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Глядзiце таксама

Беларускія палітвязні - Тэма № 1: далучайцеся да кампаніі салідарнасці
21 студзеня 2025, 14:07
Беларускія палітвязні - Тэма № 1: далучайцеся да кампаніі салідарнасці
Незалежная грамадская арганізацыя Free Belarus Center разам з партнэрамі запускае кампанію ТЭМА#1, якая накіраваная на падтрымку беларускіх палітычных зняволеных.
«Гэты маніторынг мусіць быць пад рукой у Cьвятланы Ціханоўскай, калі яна едзе расказваць пра культуру»
15 студзеня 2025, 11:32
«Гэты маніторынг мусіць быць пад рукой у Cьвятланы Ціханоўскай, калі яна едзе расказваць пра культуру»
Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава ўзяў вялікае інтэрвію ў старшыні Беларускага ПЭНа Тацяны Нядбай.
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–31 снежня 2024 года
13 студзеня 2025, 17:37
Беларускі ПЭН: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры 15–31 снежня 2024 года
На 31 снежня 2024 года: Людзей Слова ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 37, дзеячаў культуры ў няволі (ці з абмежаваннем волі – адбываюць «хатнюю хімію») – не менш за 168.
Выбары ў Беларусі з 1994 да 2025 года: гісторыя ціску, рэпрэсіяў і парушэнняў правоў чалавека
13 студзеня 2025, 17:32
Выбары ў Беларусі з 1994 да 2025 года: гісторыя ціску, рэпрэсіяў і парушэнняў правоў чалавека
Напярэдадні новых выбараў* мы ўзгадваем рэпрэсійны шлях, які ідзе праз усе прэзідэнцкія выбары ў Беларусі.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці