ПЭН-Беларусь: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 траўня 2023 года)

23 мая 2023, 12:55
ПЭН-Беларусь: Хроніка парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры (1–15 траўня 2023 года)

Праваабарончая арганізацыя ПЭН-Беларусь апублікавала чарговы агляд парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры ў Беларусі.


На 15 траўня 2023 года: Людзей Слова ў няволі – 30, агулам у няволі дзеячаў культуры – 130.

Лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, праваабаронцу і літаратара Алеся Бяляцкага этапавалі з СІЗА № 1 у Мінску ў папраўчую калонію № 9 у Горках.

Пачаўся суд над адміністратарам тэлеграм-канала «Па-беларуску» Андрэем Філіпчыкам.

На 3 гады калоніі агульнага рэжыму асуджаны мастак Генадзь Драздоў.

Вынесены прысуд заснавальніку крамы Symbal.bу, культурніцкаму менеджару Паўлу Белавусу  13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пачаўся суд над журналістам, гісторыкам і краязнаўцам, папулярызатарам беларускай гісторыі Яўгенам Меркісам.

Пачаўся працэс у крымінальнай справе арт-менеджара і музыкі Уладзіміра Булаўскага.

На 15 сутак арыштаваны паэт Сяргей Краснабарод.

На 30 сутак арыштавана арганізатарка культурніцкіх і асветніцкіх імпрэз Валянціна Болбат, з суда яна адразу трапіла ў шпіталь.

У Віцебску ў калоніі № 3 памёр блогер з Пінска Мікалай Клімовіч (псеўданім – Мікалай Верасень).

Эканамічны суд ліквідаваў адно з найстарэйшых прыватных выдавецтваў – «Зміцер Колас».

Здзейснены акт вандалізму ў дачыненні да народнага мемарыяла на месцы сталінскіх расстрэлаў каля вёскі Хайсы Віцебскага раёна.

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

  1. 2 траўня стала вядома, што лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, праваабаронцу і літаратара Алеся Бяляцкага этапавалі з СІЗА № 1 у Мінску ў папраўчую калонію № 9 у Горках. 3 сакавіка 2023 года ў судзе Ленінскага раёна Мінска яму прысудзілі 10 гадоў калоніі за дзейнасць у абароне правоў чалавека і за дапамогу рэпрэсаваным.

  2. 3 траўня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаўся суд над адміністратарам тэлеграм-канала «Па-беларуску» Андрэем Філіпчыкам. Яго вінавацяць у актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, на падставе ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса. Тэлеграм-канал «Па-беларуску» публікуе жарты і мэмы на беларускай мове. Праўладныя каналы паведамляюць, што на канале прапагандавалася «лацінка і нянавісць да рускамоўнай сацыякультурнай прасторы». Андрэя Філіпчыка затрымалі 31 студзеня, да суда яго ўтрымлівалі ў СІЗА № 1 у Мінску.

  3. 4 траўня ў Мінскім гарадскім судзе на 3 гады калоніі агульнага рэжыму асуджаны экс-кіраўнік творчага аб’яднання «Пагоня», мастак Генадзь Драздоў. Ён абвінавачваўся паводле ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), ч. 1 арт. 361.4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) Крымінальнага кодэкса. Генадзь Драздоў быў затрыманы 10 жніўня 2022 года і з таго часу знаходзіўся за кратамі ў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Мінску.

  4. 6 траўня стала вядома пра арышт на падставе палітычна матываванай крымінальнай справы Наталлі Жлобы, выкладчыцы Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, якая працавала на кафедры замежнай літаратуры факультэта англійскай мовы. Арышт адбыўся ў канцы сакавіка, з таго часу Наталля Жлоба знаходзіцца ў СІЗА № 1 у Мінску.

  5. 11 траўня ў Мінскім гарадскім судзе вынесены прысуд заснавальніку крамы Symbal.bу, культурніцкаму менеджару Паўлу Белавусу  13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Яго судзілі 20 лютага ў закрытым рэжыме. Паўла Белавуса прызналі вінаватым у парушэнні чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх), арт. 356 (здрада дзяржаве), арт. 361 (заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь), арт. 361.1 (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім). Павел Белавус больш за 10 гадоў займаўся праектамі, якія прасоўваюць беларускую культуру і ідэю нацыянальнай ідэнтычнасці.

  6. 11 траўня ў Гомельскім абласным судзе пачаўся суд над журналістам, гісторыкам і краязнаўцам, папулярызатарам беларускай гісторыі Яўгенам Меркісам, якога абвінавачваюць паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці), а таксама ч. 3 арт. 361.1 (удзел у экстрэмісцкім фарміраванні). Суд праходзіць у закрытым рэжыме.

  7. 15 траўня ў судзе Першамайскага раёна Віцебска пачаўся працэс паводле палітычна матываванай крымінальнай справы арт-менеджара і музыкі Уладзіміра Булаўскага, якога абвінавачваюць на падставе арт. 342.2 Крымінальнага кодэкса (неаднаразовае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

  1. 3 траўня стала вядома, што ў Гродне затрымалі вакаліста кавер-бэнда «Fair Play» Аляксандра Гайваронскага. Ён выступаў у адзенні белага і чырвонага колераў з Пагоняй. У музыкі знайшлі падпіскі на «экстрэмісцкія» каналы. Пры яго затрыманні на працоўным месцы выкарысталі сілу. Аляксандр Гайваронскі вядомы як Саша Ленан.

  2. 5 траўня ў Гомелі на працоўным месцы затрымалі рэдактара гомельскага радыё, паэта і празаіка Сяргея Краснабарода. Суд Цэнтральнага раёна Гомеля асудзіў Сяргея Краснабарода за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» на 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

  3. 10 траўня ў Гродне за «распаўсюд і захаванне экстрэмісцкіх матэрыялаў у Instagram» затрыманы акцёр тэатра і кіно, арганізатар культурніцкіх імпрэз Аляксандр Енджэеўскі.

  4. 10 траўня суд Верхнядзвінскага раёна вынес рашэнне аб арышце Валянціны Болбат, арганізатаркі культурніцкіх і асветніцкіх імпрэз. Валянціна Болбат была асуджана на 30 сутак і адразу трапіла ў шпіталь. Гэта ўжо пяты суд над ёй. Першы суд адбыўся 25 лістапада 2022 года на падставе двух адміністрацыйных пратаколаў. Рашэнне суда – 10 сутак арышту. Яшчэ адзін пратакол разбіралі 30 лістапада, рашэнне суда – яшчэ 10 сутак арышту. Здароўе Валянціны Болбат істотна пагоршылася ва ўмовах ЦІП у Наваполацку, таму ў сярэдзіне снежня 2022 года яе датэрмінова выпусцілі на волю. Але ўжо 11 студзеня 2023 года яе зноў затрымалі і накіравалі ў ЦІП – «дабыць» трое сутак арышту. 13 студзеня, калі яна знаходзілася за кратамі, над актывісткай адбыўся чарговы суд. Суддзя прызнала Валянціну Болбат вінаватай і аштрафавала на 100 базавых велічынь (3700 рублёў – 1500 долараў). Агульная сума штрафаў і выплат за знаходжанне за кратамі складае больш за 4000 рублёў (больш за 1600 долараў).

III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

8 траўня супрацоўнікі міліцыі затрымалі хлопца за татуіроўкі з Пагоняй і гербам Украіны. Відэа з ім з’явілася ў праўладным тэлеграм-канале. Затрыманы кажа, што набіў Пагоню ў 2021 годзе «ў знак пратэснай дзейнасці», а Трызуб – у 2022 годзе, каб падтрымаць Украіну.

IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных

  1. 5 траўня ў Віцебску ў калоніі № 3 памёр блогер з Пінска Мікалай Клімовіч (псеўданім – Мікалай Верасень). 28 лютага 2023 года яго асудзілі на 1 год пазбаўлення волі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса (знявага прэзідэнта) за ўпадабанне палітычнай карыкатуры на Лукашэнку ў сацыяльных сетках. Мікалая Клімовіча асудзілі на турэмнае зняволення, нягледзячы на тое, што ён меў інваліднасць II групы. Яго арыштавалі ў зале суда. У 2022 годзе Мікалай Клімовіч перанёс інсульт і аперацыю на сэрцы. Перад прысудам ён сказаў: «Любое турэмнае зняволенне для мяне – гэта смерць, бо я мушу быць пад сталым наглядам доктара, прымаць вялікую колькасць моцных лекаў. Я магу не вытрымаць нават месяца». Мікалай Клімовіч нарадзіўся 27 верасня 1961 года. Скончыў Мінскі дзяржаўны каледж мастацтваў, у 1980-х працаваў мастацкім кіраўніком лемяшэвіцкага Дома культуры, загадчыкам іншага ДК, загадчыкам кавярні «Дыялог». У 1991 годзе ён скончыў Інстытут культуры ў Маскве. Вёў блог пад псеўданімам Мікалай Верасень. Апошняя публікацыя ў блогу з’явілася за дзень да суда – 27 лютага 2023 года. У сацыяльнай сетцы «Аднакласнікі» ў яго быў статус «Украіна, трымайся, Беларусь з вамі! Слава Украіне, жыве Беларусь!». 12 траўня Мікалая Клімовіча пахавалі ў Пінску.

  2. Літаратара і палітолага Аляксандра Фядуту не вызвалілі ад лагернай працы, нягледзячы на стан здароўя. Аляксандр Фядута адбывае 10-гадовы тэрмін у калоніі № 15 у Магілёве.

  3. Аўтара турэмнай літаратуры Аляксандра Францкевіча месяц утрымлівалі ў штрафным ізалятары калоніі № 5 у Івацэвічах.

  4. Адміністрацыя турмы № 1 у Гродне змясціла журналіста, аўтара кнігі турэмнай прозы «Фарбы паралельнага свету» Мікалая Дзядка ў штрафны ізалятар на 10 сутак за тое, што ён лёг спаць на некалькі хвілін раней, чым было дазволена.

  5.  Родныя літаратара і грамадскага дзеяча Паўла Севярынца месяц не атрымліваюць ад яго лістоў.

V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы

10 траўня Эканамічны суд ліквідаваў адно з найстарэйшых прыватных выдавецтваў – «Зміцер Колас». Пазоў Міністэрства інфармацыі ў дачыненні да аднаго з найбольш дасведчаных беларускіх выдаўцоў Змітра Коласа, які пачаў сваю дзейнасць яшчэ ў савецкія часы, судовая інстанцыя пачала разглядаць 2 траўня. У сваёй заяве ведамства патрабавала ануляваць выдадзенае раней пасведчанне аб рэгістрацыі.

Нагодай для пазову стаў зборнік гістарычных дакументаў «„Вызваленыя“ і заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакументах беларускіх архіваў». 6 студзеня суд Цэнтральнага раёна Мінска прызнаў кнігу «экстрэмісцкімі матэрыяламі» і забараніў распаўсюджваць.

VI. Дзяржаўны вандалізм у дачыненні да мясцінаў памяці

15 траўня стала вядома пра акт вандалізму ў дачыненні да народнага мемарыяла на месцы расстрэлаў часоў Сталіна каля вёскі Хайсы Віцебскага раёна. На магілах ахвяр расстрэлаў выламаны драўляныя крыжы з прозвішчамі расстраляных, знішчаны ўказальнікі. Металёвая шыльда з надпісам «Мемарыял „Хайсы“» знята з балтоў, а рамка пагнута. На думку Яна Дзяржаўцава, стваральніка ініцыятывы «Хайсы – віцебскія Курапаты», гэта мэтавая дзейнасць уладаў дзеля знішчэння памяці пра масавыя расстрэлы ў Хайсах.

Арыгінальная справаздача на сайце ПЭНу-Беларусь

Глядзiце таксама

Камітэт абароны журналістаў заклікае да неадкладнага вызвалення журналіста Андрэя Толчына
27 сакавіка 2024, 09:58
Камітэт абароны журналістаў заклікае да неадкладнага вызвалення журналіста Андрэя Толчына
Камітэт абароны журналістаў заклікаў да неадкладнага вызвалення журналіста Андрэя Толчына. 21 сакавіка суддзя Гомельскага абласнога суда Дзмітрый Казлоў прысудзіў беларускаму відэааператару 2,5 гады пазбаўлення волі за спрыянне экстрэмізму і паклёп на Аляксандра Лукашэнку.
БХК: Канцэпцыя сістэмы мер па барацьбе з дыскрымінацыяй і забеспячэнні роўнасці ў Беларусі
27 сакавіка 2024, 09:50
БХК: Канцэпцыя сістэмы мер па барацьбе з дыскрымінацыяй і забеспячэнні роўнасці ў Беларусі
Дакумент распрацаваны ў рамках рэалізацыі Плана дзеянняў на 2023 год, прынятага Кантактнай групай па Беларусі Савета Еўропы, з удзелам экспертаў беларускіх арганізацый грамадзянскай супольнасці, экспертаў Рады Еўропы пры агульнай каардынацыі Беларускага Хельсінкскага Камітэта.
Заява БАЖ: Праз 3 гады пасля падаўлення пратэстаў у Беларусі працягваюць распраўляцца з журналістамі. Патрабуем вызвалення Ігара Карнея і іншых калег
23 сакавіка 2024, 13:29
Заява БАЖ: Праз 3 гады пасля падаўлення пратэстаў у Беларусі працягваюць распраўляцца з журналістамі. Патрабуем вызвалення Ігара Карнея і іншых калег
Праз 3 гады пасля падаўлення пратэстаў у Беларусі працягваюць распраўляцца з журналістамі. Патрабуем вызвалення Ігара Карнея і іншых калег.
Human Constanta: Обзор борьбы с «экстремизмом» в Беларуси за октябрь-декабрь 2023
22 сакавіка 2024, 15:09
Human Constanta: Обзор борьбы с «экстремизмом» в Беларуси за октябрь-декабрь 2023
В обзоре отражены основные тенденции использования маркеров «экстремизм» и «терроризм» в Беларуси с октября по декабрь 2023 года.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці