«Рэжым — гэта не людзі»

26 мая 2024, 10:38
«Рэжым — гэта не людзі»

Наталля Сацункевіч на канферэнцыі ў Венецыі

Канферэнцыя "Глабальны стан правоў чалавека" прайшла 24 і 25 мая ў Венецыі. На ёй выступіла  прадстаўніца Праваабарончага цэнтра "Вясна" Наталля Сацункевіч.

Панэль, на якой выступала праваабаронца, называлася "Абараняем правы чалавека ў часы вайны і канфлікту".

"На жаль, на панэлі не былі прадстаўлены праваабаронцы з Расіі і Украіны, таму той погляд на вайну ва Украіне, які змагла расказаць я, канешне, з'яўляецца поглядам з беларускай боку беларускіх праваабаронцаў, — падзялілася Наталля Сацункевіч. — Спачатку я расказала пра пяцёх калег з "Вясны", якія знаходзяцца ў турме за сваю праваабарончую працу. І расказала пра выклікі, з якімі сутыкнулася беларускае грамадзянскае грамадства і праваабаронцы пасля пачатку вайны, таму што Беларусь — краіна-саагрэсар, беларускі рэжым падтрымлівае Пуціна, беларускія землі выкарыстоўваюцца расійскай арміяй, расійскія салдаты лечацца ў беларускіх шпіталях беларускімі дактарамі. Але рэжым — гэта не людзі, і мы ў сваёй працы паказваем, што беларускае грамадзянскае грамадства і праваабаронцы падтрымліваюць Украіну ў яе барацьбе, пачынаючы ад заяў (у першы ж дзень пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання "Вясна" выступіла з заявай, асуджаючы агрэсію і вайну), так і канкрэтнымі справамі.

Таксама мне было важна даць аўдыторыі (а яна была вельмі розная) разуменне кантэксту, што адбываецца ў Беларусі, якая сітуацыя з правамі чалавека і палітычны крызіс, таму што сітуацыя драматычна дрэнная, і любая спроба скарыстацца сваімі правамі, такімі як свабода выказвання меркаванняў або свабода мірных сходаў, вядзе да арышту, штрафу ці нават крымінальнай справы. Не дазваляюцца ніякія крытычныя каментары ў адрас уладаў або Лукашэнкі, і міліцыя дагэтуль шукае і затрымлівае людзей, якія прымалі ўдзел у пратэстах у 2020 годзе".

Таксама праваабаронца ў сваім выступленні на канферэнцыі расказала, якое ўздзеянне вайна мае на Беларусь.

"З майго пункту гледжання, гэта тры вялікія пункты, — кажа Наталля Сацункевіч. — Першае — яна была самым вялікім трыгерам для публічных пратэстаў пасля восені 2020 года: мы бачылі, як у лютым 2022 на вуліцы гарадоў Беларусі выйшлі тысячы людзей, і больш за тысячу з іх было затрымана ў тыя дні.

Другое — гэта ўзмацненне гвалту з боку праваахоўных органаў: яны сталі больш жорсткімі, паказальна жорсткімі, і я прывяла ў прыклад вядомы кейс рэйльсавых партызан, якім простралілі калені і паказалі гэта на дзяржаўным тэлебачанні, і прапаганда гэта шырока выкарыстоўвала як сродак запалохвання (чалавеку, які не супраціўляўся, простралілі каленні суставы пасля затрымання).

І трэцяе — рэпрэсіі не заканчваюцца, парушэнні правоў чалавека становяцца шырэйшымі, і акрамя крытыкі рэжыму Лукашэнкі дадаецца і падтрымка Украіны — такое меркаванне ў Беларусі таксама нельга выказваць беспакарана. Я прывяла лічбы пра тое, што 12 чалавек абвінавачаны ў "рэйльсавым сабатажы" і атрымалі амаль 200 гадоў турмы за гэта; больш за 1500 чалавек было затрымана за антываенную пазіцыю. І я таксама расказала пра тое, што беларусы актыўна выказваюць сваю антываенную пазіцыю і праводзяць маршы, пікеты, руйнуюць інфраструктуру на чыгунках, каб запаволіць рух расійскай ваеннай тэхнікі, і дапамагаюць у інфармацыйнай вайне, і таксама беларускія добраахвотнікі змагаюцца на баку Украіны".

У сваім рэзюмэ Наталля Сацункевіч расказала, што праваабаронцы і грамадства павінны рабіць, што могуць рабіць і што ўжо робяць:

"Першае самае важнае — гэта ўсё ж такі акуратна збіраць і захоўваць інфармацыю пра парушэнні правоў чалавека, дакументаваць выпадкі прымянення катаванняў і забароненага абыходжання.

Другое — гэта дапамагаць людзям-ахвярам парушэння правоў чалавека, падтрымліваць іх і іх сем'і.

І трэцяе — гэта гучна казаць, адвакатаваць і прасоўваць сітуацыю: казаць пра тое, што ваенныя злачынцы і парушальнікі правоў чалавека павінны быць пакараныя, а людзі, чые правы былі парушаны, павінны быць у іх адноўлены, і яны павінны атрымаць справядлівую кампенсацыю".

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Падзялiцца

Глядзiце таксама

Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь прыняць меры па абароне Вікторыі Кульшы
02 верасня 2025, 09:23
Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын заклікаў Беларусь прыняць меры па абароне Вікторыі Кульшы
25 жніўня 2025 года Камітэт ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын (КЛДЖ) зарэгістраваў скаргу на дыскрымінацыю Вікторыі Кульшы, паведамляе Respect-Protect-Fulfill.
Lawtrend: Доступ организаций гражданского общества в Беларуси к финансированию: законодательство и практика его применения
18 жніўня 2025, 13:17
Lawtrend: Доступ организаций гражданского общества в Беларуси к финансированию: законодательство и практика его применения
Презентация подготовлена на основе доклада, представленного Lawtrend в рамках 4-го цикла Универсального периодического обзора.
Эксперты ААН: Беларусь павінна спыніць жорсткае абыходжанне з трыма зняволенымі, асуджанымі па абвінавачваннях у тэрарызме і экстрэмізме
18 жніўня 2025, 12:08
Эксперты ААН: Беларусь павінна спыніць жорсткае абыходжанне з трыма зняволенымі, асуджанымі па абвінавачваннях у тэрарызме і экстрэмізме
У лісце, накіраваным беларускім уладам, эксперты выказалі занепакоенасць у сувязі з паведамленнямі аб жорсткім абыходжанні з трыма зняволенымі – дзвюма жанчынамі і адным мужчынам.
Пытки и дискриминация женщин в Беларуси: «Правовая инициатива» обратилась в CEDAW с требованием начать расследование
18 жніўня 2025, 11:16
Пытки и дискриминация женщин в Беларуси: «Правовая инициатива» обратилась в CEDAW с требованием начать расследование
Беларуская правозащитная организация «Правовая инициатива» направила в Комитет ООН по ликвидации дискриминации в отношении женщин (CEDAW) официальное обращение с требованием начать расследование в соответствии со статьей 8 Факультативного протокола к Конвенции.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці