Яшчэ восем еўрапейскіх парламентарыяў прымаюць удзел у кампаніі салідарнасці #WeStandBYyou, арганізаванай “Libereco — Партнёрства за правы чалавека”. Сімвалічныя “хросныя” ёсць у палітзняволеных Ціхана Осіпава, Андрэя Герасімовіча, Алены Маліноўскай, Аляксандра Рэзніка, Уладзіміра Няпомняшчых, Яніны Малаш, Ігара Мінца, Ларысы Кузьменкі і Яўгена Бароўскага.
Юльян Булай, сябра Савета Еўропы і дэпутат Палаты дэпутатаў Румыніі, стаў хросным Яўгена Бароўскага і заявіў:
“Я падтрымліваю Яўгена Бароўскага. Прычыны яго турэмнага зняволення проста смяхотныя. Спадзяюся, ён хутка выйдзе на волю. Непрымальна, каб у 2022 годзе ў Еўропе хтосьці мог патрапіць у турму за мірнае патрабаванне сваіх дэмакратычных правоў.
Еўропа не стане калыскай міру, пакуль не будзе вызвалены апошні палітычны зняволены. Трымайся, Яўген! Ты не адзін”.
Незалежная дэпутатка Еўрапарламента Яніна Ахойска стала хроснай Ларысы Кузьменкі і паведамляе:
“Дарагая Ларыса, дарагія ўсе палітвязні! Я з захапленнем назірала за вашымі маршамі і пратэстамі, бачыла вашу храбрасць і рашучасць у барацьбе за свабоду сваёй краіны. Я глыбока пераканана, што прыйдзе час, калі мы ўсе сустрэнемся, і гэта будзе вельмі хутка.
Вы не забытыя. Вы важныя для мяне і для ўсёй еўрапейскай супольнасці.
Я вас усіх шчыра абдымаю і спадзяюся, што калі-небудзь зраблю гэта асабіста”.
Морыц Кёрнер, былы "хросны" вызваленага Максіма Шатохіна, з'яўляецца дэпутатам Еўрапарламента (група Renew Europe) і членам камітэта па грамадзянскіх свабодах, юстыцыі і ўнутраных справах. Ён узяў на сябе "хроснае бацькоўства" Ігара Мінца і адзначае:
“Недапушчальна затыкаць рот людзям, якія адстойваюць свае правы на свабоду! Ігар Мінц агітаваў за агульнанацыянальную забастоўку ў Беларусі. Беларускі рэжым гэтага не сцярпеў: Ігара абвінавацілі ў дзяржаўнай здрадзе і пасадзілі ў турму.
Гэты тэрор павінен скончыцца – і для Ігара Мінца, і ўсіх іншых адвольна арыштаваных і затрыманых”.
Габрыэла Генрых, былая "хросная" вызваленага Ягора Сугойдзя і дэпутатка нямецкага Бундэстагу, стала "хроснай" Яніны Малаш. Яна адзначае:
“Больш чым праз два гады пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі атмасфера рэпрэсій у краіне працягваецца. Прадстаўнікі апазіцыі, прафсаюзныя актывісты і праваабаронцы па-ранейшаму знаходзяцца пад пагрозай адвольнага арышту, а арганізацыі грамадзянскай супольнасці знаходзяцца пад велізарным ціскам. Людзі ў Беларусі па-ранейшаму патрабуюць нашай увагі і салідарнасці. Гэта датычыцца і сябра Свабоднага прафсаюза Яніны Малаш. Яе арышт не нешта незвычайнае: прафсаюзных лідараў, якія адкрыта крытыкуюць беларускі рэжым, ужо не раз арыштоўвалі па палітычных матывах. Я заклікаю Аляксандра Лукашэнку неадкладна вызваліць Яніну Малаш і ўсіх іншых палітвязняў! Рэпрэсіі ў краіне павінны нарэшце спыніцца”.
Бары Уорд, сябра Seanad Éireann, стаў "хросным" Уладзіміра Няпомняшчых і заяўляе:
“Я лічу, што вельмі важна трымаць пераслед дэмакратычных актывістаў у Беларусі ў павестцы дня на дзяржауным узроўні. У беларускіх турмах застаюцца сотні зняволеных за ажыццяўленне свайго права на свабоду выказвання меркаванняў з дапамогай праз пратэсты. Важна, каб палітыкі прадэманстравалі на міжнародным узроўні сваю прыхільнасць падтрымцы пратэстоўцаў і тых, хто супрацьстаіць аўтарытарызму. Я рады "усынавіць" Уладзіміра Няпомняшчых, каб прадэманстраваць сваю салідарнасць з яго справай і справай усіх беларусаў супраць нелегітымнага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Я заклікаю ўсіх парламентарыяў ва ўсім свеце распачаць аналагічныя крокі”.
Дэпутат Палаты абшчын Біл Эстэрсан узяў на сябе "хроснае бацькоўства" Аляксандра Рэзніка і паведамляе:
“Я за вас, Аляксандр Рэзнік! Як і многія іншыя, Аляксандр Рэзнік быў арыштаваны і заключаны ў турму праз ажыццяўленне свайго права на свабоду сходаў і слова. Пратэстоўцы ў Беларусі патрабуюць таго, што мы часта лічым само сабой зразумелым: правоў чалавека і грамадзянскіх правоў, а таксама свабодных выбараў. Я цалкам падтрымліваю гэтыя патрабаванні, а таксама падтрымліваю Аляксандра Рэзніка і заклікаю беларускія ўлады вызваліць яго”.
Вілі Рэні, былы "хросны" вызваленай Вольгі Лойкі і дэпутат парламенту Шатландыі, стаў "хросным" Алены Маліноўскай і падкрэслівае:
“Я быў крануты гісторыяй Алены і цалкам падтрымліваю намаганні па яе вызваленні. Жорсткі аўтарытарызм ніколі не пераможа чалавечы дух. Калі мы будзем разам, Алёна і многія іншыя будуць вызваленыя”.
Яспер ван Дэйк, член галандскага Tweede Kamer, стаў "хросным" Андрэя Герасімовіча і заяўляе:
“Я рашуча асуджаю арышт Андрэя Герасімовіча. Я патрабую неадкладнага вызвалення яго і ўсіх іншых палітычных зняволеных у Беларусі. Утрыманне палітвязняў у Беларусі зʼяўляецца парушэннем самых асноўных дэмакратычных і чалавечых правоў. Беларусь павінна неадкладна спыніць ушчамленне фундаментальных правоў сваіх грамадзян на свабоду меркаванняў і свабоду прэсы”.
"Хросным бацькам" для Ціхана Осіпава стаў дэпутат Dáil Éireann Джым ОʼКалаган. Ён падкрэслівае:
“Ціхан Осіпаў – палітвязень, якога асудзілі на 11 гадоў і 7 месяцаў. Яго зняволенне – яшчэ адзін прыклад таго, як у Беларусі не дапускаюць ніякага палітычнага іншадумства. Я падтрымліваю заклікі да неадкладнага вызвалення Ціхана і ўсталявання дэмакратыі ў Беларусі”.
Нагадаем, 9 ліпеня, роўна за месяц да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі, нямецка-швейцарская праваабарончая арганізацыя “Libereco — Партнёрства за правы чалавека” распачала кампанію салідарнасці з беларускімі палітвязнямі.
Кампанія пад назвай #WeStandBYyou заклікае да салідарнасці з усімі людзьмі ў Беларусі, якія імкнуцца да свабодных і сумленных выбараў, дэмакратызацыі краіны, вяршэнства закона і павагі да правоў чалавека. Усе, хто хоча падтрымаць ахвяраў палітычнага пераследу ў Беларусі, могуць зрабіць гэта ў сацыяльных сетках з дапамогай хэштэга #WeStandBYyou.