Справаздача Беларускага ПЭНа за 2021 год: Парушэнні культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры

17 лютага 2022, 13:02
Справаздача Беларускага ПЭНа за 2021 год: Парушэнні культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры

МАНІТОРЫНГ ПАРУШЭННЯЎ КУЛЬТУРНЫХ ПРАВОЎ І ПРАВОЎ ЧАЛАВЕКА Ў ДАЧЫНЕННІ ДА ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ. Беларусь, 2021 год

Што ў турме, што на волі –
аднолькава ў гэтай краіне
адчуваеш сябе несвабодным.

(© Ігар Банцар, музыкант, перформер)

У 2019 годзе Беларускі ПЭН пачаў сістэмна збіраць інфармацыю пра рэалізацыю культурных правоў і парушэнні правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры ў Беларусі. У студзені 2021 года Беларускі ПЭН ва ўмовах разгортвання грамадска-палітычнага крызісу прадставіў публічную справаздачу пра маніторынг «Беларусь 2020: без права на культуру».

У 2021 годзе крызіс у краіне працягнуўся, а сфера культуры засталася ў фокусе нашага вывучэння. Мы вымушаныя канстатаваць, што ўзровень рэпрэсій у дачыненні да дзеячаў культуры не знізіўся ў параўнанні з 2020 годам. Сярод палітычных зняволеных – 68 дзеячаў культуры. Нашы калегі знаходзяцца ў турмах па прысудах судоў або ў чаканні судовых рашэнняў па крымінальных справах. Многія дзеячы культуры вымушана пакінулі краіну дзеля бяспекі. Рэпрэсіі закранулі арганізацыі грамадзянскай супольнасці: у Беларусі ліквідаваныя ўсе праваабарончыя, многія недзяржаўныя арганізацыі сферы культуры, адукацыі. Масавыя звальненні з дзяржаўных устаноў культуры за іншадумства, цэнзура і забароны – прыкметы 2021 года.

Гэты дакумент утрымлівае статыстыку і аналіз парушэнняў за 2021 год. Ён падрыхтаваны на падставе абагульнення інфармацыі, сабранай з адкрытых крыніц, і непасрэднай камунікацыі з дзеячамі культуры і прадстаўнікамі ўстаноў культуры на працягу ўсяго года.

I. АСНОЎНЫЯ ВЫНІКІ МАНІТОРЫНГУ

У Беларусі на працягу 2021 года зафіксаваныя 1455 сітуацый парушэння культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры. Мы сабралі факты рэпрэсій, якія закранулі 628 дзеячаў культуры, больш чым 240 арганізацый і супольнасцей, а таксама пытанні культурнай спадчыны і дыскрымінацыйнай палітыкі ў дачыненні да беларускай мовы.

У 2021 годзе ўлады Беларусі працягнулі барацьбу з культурай, грамадзянскай супольнасцю і іншадумствам з размахам, які, насуперак чаканням, аказаўся яшчэ магутнейшым, чым крытычныя падзеі, апісаныя намі ў маніторынгу «Беларусь 2020: без права на культуру».

Дынаміка парушэнняў па кварталах на працягу 2020–2021 гг. выглядае наступным чынам:

Колькасць зафіксаваных сітуацый парушэння на працягу 2021 года ў 2,5 разу большая за колькасць сабраных у 2020 годзе: 1455 vs 593 адпаведна.

ПАЛІТЫЧНЫЯ ЗНЯВОЛЕНЫЯ – ДЗЕЯЧЫ КУЛЬТУРЫ 

Па стане на 31.12.2021 у Беларусі 969 палітычных (працэдура прызнання палітзняволеным замацаваная пэўным рамачным дакументам) зняволеных. Сярод іх 68 чалавек – дзеячы культуры:

  • архітэктар Арцём Такарчук – 20.11.2020 асуджаны на 3,5 года калоніі; 

  • мастак Уладзіслаў Макавецкі – 16.12.2020 асуджаны на 2 гады калоніі; 

  • бард і праграміст Анатоль Хіневіч – 24.12.2020 асуджаны на 2,5 года калоніі; 

  • дырэктар канцэртнага агенцтва Іван Канявега – 04.02.2021 асуджаны на 3 гады калоніі;

  • мастак Аляксандр Нурдзінаў – 05.02.2021 асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму; 

  • аўтар дакументальных фільмаў і блогер Павел Спірын – 05.02.2021 асуджаны на 4,5 года калоніі;

  • паэт і рэжысёр Ігнат Сідорчык – 16.02.2021 асуджаны на 3 гады «хіміі» (так у прастамоўі называецца адзін з відаў пакаранняў па крымінальных артыкулах – абмежаванне свабоды з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу), адбывае яе з 14.06.2021;

  • літаратарка і журналістка Кацярына Андрэева (Бахвалава) – 18.02.2021 асуджаная на 2 гады калоніі;

  • менеджар культуры Лявон Халатран – 19.02.2021 асуджаны на 2 гады «хіміі», адбывае яе з 13.06.2021;

  • дызайнер Максім Таццянок – 26.02.2021 асуджаны на 3 гады «хіміі», адбывае яе з 18.06.2021; 

  • мастак і мультыплікатар Іван Вярбіцкі – 15.03.2021 асуджаны на 8 гадоў і 1 месяц калоніі ўзмоцненага рэжыму;

  • UX/UI-дызайнер Дзмітрый Кубараў – 24.03.2021 асуджаны на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму; 

  • мастачка, былая студэнтка Акадэміі мастацтваў Анастасія Міронцава – 01.04.2021 асуджаная на 2 гады калоніі;

  • барабаншчык Аляксей Санчук – 13.05.2021 асуджаны на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

  • менеджарка культуры Міа Міткевіч – 20.05.2021 асуджаная на 3 гады калоніі;

  • пісьменнік і грамадска-палітычны дзеяч Павел Севярынец  25.05.2021 асуджаны на 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

  • паэт, заснавальнік літаратурнай «Мядовай прэміі» Мікалай Папека – 08.06.2021 асуджаны на 2 гады «хіміі», адбывае яе з 13.09.2021; 

  • танцоры Ігар Ярмолаў і Мікалай Сасеў – 10.06.2021 асуджаныя на 5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму; 

  • мецэнат Віктар Бабарыка – 06.07.2021 асуджаны на 14 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

  • акцёр Сяргей Волкаў – 06.07.2021 асуджаны на 4 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму; 

  • мастак па святле Даніла Ганчароў – 09.07.2021 асуджаны на 2 гады калоніі; 

  • музыкант Павел Ларчык – 09.07.2021 асуджаны на 3 гады калоніі; 

  • паэтка і публіцыстка, былая студэнтка факультэта філасофіі і сацыяльных навук БДУ Ксенія Сырамалот – 16.07.2021 асуджаная на 2,5 года калоніі;

  • былыя студэнткі факультэта эстэтычнай адукацыі БДПУ Яна Арабейка і Кася Будзько – 16.07.2021 асуджаныя на 2,5 года калоніі;

  • былая студэнтка Акадэміі мастацтваў Марыя Каленік – 16.07.2021 асуджаная на 2,5 года калоніі;

  • былая студэнтка архітэктурнага факультэта БНТУ Вікторыя Гранкоўская – 16.07.2021 асуджаная на 2,5 года калоніі; 

  • дызайнер і архітэктар Расціслаў Стэфановіч – 19.07.2021 асуджаны на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

  • музыкант, дыджэй Артур Аміраў – 20.08.2021 асуджаны на 3,5 года калоніі ўзмоцненага рэжыму;

  • настаўнік гісторыі і грамадазнаўства Андрэй Пятроўскі – 25.08.2021 асуджаны на 1,5 года калоніі;

  • паэт, бард і адвакат Максім Знак – 06.09.2021 асуджаны на 10 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

  • музыкантка і менеджарка культурных праектаў Марыя Калеснікава – 06.09.2021 асуджаная на 11 гадоў калоніі;

  • музыкант Яўген Пятроў – 11.09.2021 асуджаны на 1 год калоніі;

  • навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Аляксандр Галкоўскі – 14.09.2021 асуджаны на 1,5 года «хіміі», адбывае яе з 16.10.2021;

  • прамоўтарка гісторыі і праваабаронца Таццяна Ласіца – 03.11.2021 асуджаная на 2,5 года калоніі;

  • аўтар турэмнай літаратуры, актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок – 10.11.2021 асуджаны на 5 гадоў калоніі;

  • музыканты Уладзімір Калач і Надзея Калач – 14.12.2021 асуджаныя на 2 гады калоніі;

  • прамоўтар гісторыі, блогер Эдуард Пальчыс – 17.12.2021 асуджаны на 13 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

  • аўтар турэмнай літаратуры, актывіст анархісцкага руху Ігар Аліневіч – 22.12.2021 асуджаны на 20 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму;

  • музыканты Пётр Марчанка, Юлія Марчанка (Юніцкая) і Антон Шніп – 28.12.2021 асуджаныя на 1,5 года калоніі;

  • менеджар культуры Эдуард Бабарыка – знаходзіцца ў следчым ізалятары з 18.06.2020; 

  • менеджар культурных праектаў, аўтар напісанай у зняволенні кнігі казак, бізнесмен Аляксандр Васілевіч – знаходзіцца ў следчым ізалятары з 28.08.2020; 

  • актывіст, рэканструктар гісторыі Кім Самусенка – знаходзіцца ў следчым ізалятары з 03.11.2020;

  • рэжысёрка дакументальных фільмаў, журналістка Ксенія Луцкіна – знаходзіцца ў следчым ізалятары з 22.12.2020;

  • паэт, журналіст і медыяменеджар Андрэй Аляксандраў – знаходзіцца ў следчым ізалятары з 12.01.2021;

  • аўтар музычнага праекта і дырэктар тыпаграфіі Арцём Федасенка – знаходзіцца ў следчым ізалятары з 19.03.2021 (14.01.2022 Арцём Федасенка асуджаны на 4 гады калоніі);

  • старшыня Саюза палякаў Анжаліка Борыс – знаходзіцца ў следчай турме з 23.03.2021; 

  • паэт і член Саюза палякаў Андрэй Пачобут – знаходзіцца ў следчай турме з 27.03.2021; 

  • мастак Алесь Пушкін – знаходзіцца ў следчым ізалятары з 30.03.2021;

  • аўтарка і рэдактарка, палітолаг і аналітык Валерыя Касцюгава – знаходзіцца ў следчым ізалятары з 30.06.2021;

  • літаратар, музыкант і аўтар часопіса «Наша гісторыя» Андрэй Скурко – знаходзіцца ў следчым ізалятары з 08.07.2021;

  • літаратуразнаўца, даследчык гісторыі беларускай літаратуры, эсэіст і праваабаронца Алесь Бяляцкі – знаходзіцца ў следчым ізалятары з 14.07.2021;

  • стрыт-арт-мастак і IT-спецыяліст Дзмітрый Падрэз – знаходзіцца ў следчым ізалятары з 15.07.2021;

  • філосаф, метадолаг і публіцыст Уладзімір Мацкевіч – знаходзіцца ў следчым ізалятары з 04.08.2021;

  • гукарэжысёр Кірыл Салееў – знаходзіцца ў следчым ізалятары з 14.09.2021 (11.01.2022 Кірыл Салееў асуджаны на 3 гады «хіміі»);

  • былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры Эма Сцепулёнак – знаходзіцца ў следчым ізалятары з 29.09.2021;

  • музыкантка, выкладчыца скрыпкі Аксана Каспяровіч – знаходзіцца ў следчай турме з 30.09.2021; 

  • бас-гітарыст Віктар Катоўскі – знаходзіцца ў следчым ізалятары з 30.09.2021;

  • фатограф і журналіст Генадзь Мажэйка – знаходзіцца ў следчым ізалятары з 01.10.2021;

  • настаўнік гісторыі Артур Эшбаеў – знаходзіцца ў следчым ізалятары з 02.11.2021;

  • заснавальнік Symbal.by, менеджар культурных праектаў Павел Белавус – знаходзіцца ў следчым ізалятары з 15.11.2021;

  • пісьменнік-фантаст, журналіст Сяргей Сацук – знаходзіцца ў следчым ізалятары з 08.12.2021;

  • аўтар нон-фікшн кнігі, журналіст Алег Груздзіловіч – знаходзіцца ў следчым ізалятары з 23.12.2021;

  • літаратарка і культуролаг Юлія Чарняўская – з 20.05.2021 знаходзіцца пад хатнім арыштам (без магчымасці выходзіць на вуліцу і хоць неяк камунікаваць з вонкавым светам, за выключэннем адваката) (13.01.2022 Юліі Чарняўскай змянілі меру стрымання і вызвалілі з-пад хатняга арышту, але яна застаецца ў статусе абвінавачванай па крымінальнай справе).

Таксама ў зняволенні знаходзяцца літаратар, перакладчык і літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, краязнаўца і актывіст Уладзімір Гундар, аператар Вячаслаў Ламаносаў.

ПРАВА НА ЖЫЦЦЁ

Вітольд Ашурак, прамоўтар гісторыі і актывіст з Бярозаўкі, памёр у калоніі Шклова 21 траўня 2021 года пры нявысветленых абставінах. Афіцыйная прычына смерці – спыненне сэрца. Паводле сведчанняў сваякоў, праблем з сэрцам у Вітольда не было. Родныя і грамадскасць не атрымалі пераканаўчых доказаў негвалтоўнага характару смерці.

Анатоль Пасека, працаўнік музея Янкі Купалы ў Мінску, 5 жніўня 2021 года загінуў на працоўным месцы падчас планавай праверкі супрацьпажарнай сістэмы.

КАНВЕЕР КРЫМІНАЛЬНЫХ СПРАЎ

Усяго на працягу 2021 года былі ажыццёўленыя 63 судовыя прысуды ў дачыненні да 62 дзеячаў культуры.

Інфармацыя пра крымінальную адказнасць, якая не ўвайшла ў раздзел пра палітычных зняволеных:

  • аператар Вячаслаў Ламаносаў 15.01.2021 асуджаны на 2 гады калоніі агульнага рэжыму;

  • архітэктар Вадзім Дзмітронак 17.03.2021 асуджаны на 3 гады «хіміі»;

  • перакладчыца Вольга Калацкая 24.03.2021 асуджаная на 2 гады «хатняй хіміі» (так у прастамоўі называецца адзін з відаў пакаранняў па крымінальных артыкулах – абмежаванне свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу);

  • літаратарка і актывістка Алена Гнаўк асуджаная двойчы: 07.05.2021 на 2 гады «хатняй хіміі», 03.09.2021 – яшчэ на 2 гады «хатняй хіміі»; сумарна, з улікам неадбытага пакарання, – на 3 гады «хатняй хіміі»;

  • краязнаўца і актывіст Уладзімір Гундар 20.05.2021 асуджаны на 3 гады калоніі; 

  • музыкант Уладзіслаў Наважылаў 21.06.2021 асуджаны на 3 гады «хіміі»;

  • паэтка і музыкантка Ганна Важнік 28.06.2021 асуджаная на 1 год «хатняй хіміі»;

  • бібліятэкарка Юлія Лаптановіч 04.08.2021 асуджаная на 3 гады «хатняй хіміі»; 

  • дызайнерка Таццяна Мініна 12.08.2021 асуджаная на 4 гады «хатняй хіміі»;

  • менеджарка культуры Ірына Хвайніцкая 20.08.2021 асуджаная на 3 гады «хіміі»; 

  • менеджарка культуры Рэгіна Лавор 16.09.2021 асуджаная на 2 гады «хатняй хіміі».

Аналізуючы падзеі 2021 года, варта таксама вылучыць наступныя абставіны ў дачыненні да як мінімум 24 чалавек:

  • менеджары культуры Цімур Газізаў (20.09.21 асуджаны на 2 гады «хіміі») і Яўген Крачкоўскі (09.11.21 асуджаны на 3 гады «хіміі»), літаратар і настаўнік беларускай мовы і літаратуры Алесь Мінаў (25.11.21 асуджаны на 3 гады «хіміі»), а таксама арт-менеджар Аляксандр Багданаў і сцэнограф Максім Крук (17.12.21 асуджаныя на 3 года «хіміі») знаходзяцца на свабодзе ў чаканні рашэння па апеляцыі;

  • менеджарка культуры Таццяна Гацура-Яворская, перакладчык Андрэй Дынько, паэт Сяргей Сыс, супрацоўніца Беларускага ПЭНа Вольга Раковіч, менеджар культуры і праваабаронца Андрэй Палуда, літаратар Віктар Сазонаў, менеджар культуры Сяргей Мацкевіч, літаратар і журналіст Ігар Ільяш, менеджарка культуры Таццяна Вадалажская былі затрыманыя на тэрміны ад 1 да 13 сутак і ў цяперашні час маюць розныя абмежаванні (падпіска аб нявыездзе, падпіска аб нераскрыцці, у дачыненні да некаторых з іх вядуцца следчыя дзеянні);

  • прадстаўніцы Саюза палякаў на Беларусі Ганна Панішава, Ірэна Бернацкая і Марыя Цішкоўская былі выпушчаныя з умовай «пакінуць тэрыторыю краіны» – фактычна дэпартаваныя з Беларусі 25 траўня;

  • арт-даследчыца Ала Шарко і аператар Петр Слуцкі 19 жніўня былі выпушчаныя з СІЗА, дзе правялі 8 месяцаў. Паэтка і ўдзельніца ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі Святлана Купрэева была вызваленая з СІЗА 12 кастрычніка, яна правяла ў зняволенні 16 месяцаў;

  • музыкант Максім Шаўлінскі (23.04.21 асуджаны на 2 гады «хіміі») 16 верасня быў вызвалены па памілаванні;

  • менеджар культуры Дзяніс Чыкалёў (22.03.21 асуджаны на 3 гады «хіміі») і музыкант Дзмітрый Шыманскі (29.10.21 асуджаны на 3 гады «хіміі») дзеля бяспекі выехалі з краіны;

  • музыкант Ігар Банцар (19.03.21 асуджаны на 1,5 года «хіміі») 17 снежня цалкам адбыў тэрмін па прысудзе суда. 

УМОВЫ ЎТРЫМАННЯ 

Усяго зафіксаваныя 110 паведамленняў пра ўмовы ўтрымання дзеячаў культуры ў месцах зняволення, якія можна ахарактарызаваць як жорсткае абыходжанне, што прыніжае годнасць. «Захаваць тут сваю чалавечую годнасць – гэта найперш захаваць элементарныя нормы гігіены і здароўе. Жыццё, калі ты палітычны, тут ператвараецца ў кругласутачнае змаганне за тое, каб не ператварыцца ў жывёлу» (© Андрей Дынько).

З-за кратаў паступаюць сведчанні ад дзеячаў культуры пра адсутнасць або неналежнае аказанне медыцынскай дапамогі, доступу да абследаванняў у спецыялістаў, пра адмову ў шпіталізацыі, перадачы неабходных медыцынскіх прэпаратаў.

Бацька Марыі Калеснікавай атрымаў адмову на 15 прашэнняў аб спатканні з дачкой і сустрэўся з ёй толькі праз год знаходжання яе ў зняволенні. Паўла Севярынца не выпусцілі з турмы на пахаванне бацькі. Валерыя Касцюгава таксама не прысутнічала на пахаванні бацькі.

Пра абмежаванні зняволеных у перапісцы як дадатковым спосабе ціску паведамляюць практычна ўсе дзеячы культуры. Так, Аляксандр Фядута быў вымушаны адмовіцца ад прыёму медыкаментаў у знак пратэсту супраць абмежаванняў на перапіску са сваякамі.

Для палітзняволеных ствараецца асаблівая сістэма псіхалагічнага ціску. Вітольд Ашурак пісаў са шклоўскай калоніі, што палітычных зняволеных вылічыць не складана, бо на загад адміністрацыі на іх вопратку прышытыя біркі жоўтага колеру. Журналіст Ігар Ільяш удакладняў, што гэта сапраўды форма сегрэгацыі спецкантынгенту, але ў дачыненні да зняволеных, якія стаяць на прафілактычным уліку за схільнасць да «экстрэмізму». Многія дзеячы культуры ў зняволенні прайшлі і праходзяць праз такі «прафілактычны ўлік».

Доступ да кніг і прэсы неабгрунтавана абмежаваны.

АНАЛІЗ ПАРУШЭННЯЎ

Статыстыка парушаных правоў выглядае наступным чынам: 

Пераслед за іншадумства, пазбаўленне права на справядлівы суд і адвольнае затрыманне – найбольш распаўсюджаныя парушэнні ў Беларусі ў 2021 годзе. У выніку размеркавання ўсяго аб’ёму парушаных правоў па групах і сегментах відаць, што ў дачыненні да дзеячаў культуры часцей за ўсё парушаліся грамадзянскія і палітычныя правы – гэта склала 80 % парушэнняў:

Ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу, які працягваецца, асноўны аб’ём парушэнняў у 2021 годзе, як гэта было і ў 2020-м, адносіцца да групы грамадзянскіх і палітычных правоў. Пры гэтым мы фіксуем, што ў 2021 годзе істотна вырасла колькасць парушэнняў сацыяльна-эканамічных і культурных правоў.

Шмат у чым такія змяненні – вынік каласальнага ціску на арганізацыі грамадзянскай супольнасці (стварэнне адміністрацыйных перашкод для ажыццяўлення дзейнасці, ліквідацыя арганізацый, канфіскацыя маёмасці) і тэндэнцыі да нарошчвання маштабу цэнзуры.

II. ПАРУШЭННІ Ў ДАЧЫНЕННІ ДА ДЗЕЯЧАЎ КУЛЬТУРЫ

Усяго за 2021 год зафіксаванае 1041 парушэнне культурных правоў і правоў чалавека ў дачыненні да прыватных асоб, у выніку чаго былі парушаныя правы 628 дзеячаў культуры.

                                                       

Статыстыка правоў, якія часцей за ўсё парушаюцца ў дачыненні да дзеячаў культуры, выглядае наступным чынам: 

ПЕРАСЛЕД ЗА ІНШАДУМСТВА – ключавая характарыстыка 2021 года. Мы зафіксавалі 439 сітуацый, сярод якіх ёсць як факты звальненняў з устаноў культуры па палітычных матывах, так і факты пакарання за праяву салідарнасці ў гадавіну гібелі мастака. На дзеячаў культуры аказваліся ўсе формы ціску: ад прафілактычных гутарак і рэкамендацый не выказвацца ў сацыяльных сетках да звальненняў, затрыманняў, вобшукаў, крымінальнага пераследу, выдалення з краіны.

За 2021 год у дачыненні да дзеячаў культуры зафіксаваныя:

  • 237 выпадкаў адвольнага затрымання,

  • 123 незаконныя звальненні / непрадаўжэнні кантракту,

  • 122 вобшукі,

  • 105 выездаў з краіны дзеля забеспячэння прыватнай бяспекі,

  • 89 сітуацый крымінальнага пераследу,

  • 80 выпадкаў канфіскацыі маёмасці, 

  • 3 дэпартацыі.

Акрамя таго, гэта выклікі на допыты, асабліва пільныя надгляды пры перасячэнні мяжы, арышты банкаўскіх рахункаў, адлічэнні з навучальных устаноў, пазбаўленне ганаровых званняў і ўзнагарод за асаблівыя заслугі. Так, вядомага тэатральнага рэжысёра і кінадакументаліста Валерыя Мазынскага, заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, лаўрэата шматлікіх прэмій, аднаго з ініцыятараў стварэння дзяржаўнага тэатра «Лялька» ў Віцебску і стваральніка тэатра «Вольная сцэна» ў Мінску, з 1 снежня пазбавілі выплаты пенсіі за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусь. Валерый Мазынскі паслядоўна выказваў крытычныя меркаванні пра дзяржаўную палітыку ў галіне культуры.

ПРАВА НА СПРАВЯДЛІВЫ СУД / ДОСТУП ДА ПРАВАСУДДЗЯ займае другі радок па частаце парушаных правоў у дачыненні да дзеячаў культуры. Яно парушаецца кожны раз, калі прысуджаюцца суткі і штрафы за праяўленую грамадзянскую пазіцыю або, умоўна, за выкананне ў пераходзе «не тых» песень пад гітару. На такіх судах нярэдка ў матэрыялах справы няма ніводнага доказу, пратаколы фальсіфікуюцца, сведкі агучваюць ілжывыя дадзеныя. Права на справядлівы суд парушаецца кожны раз, калі людзей творчых прафесій незаконна асуджаюць на месяцы, гады і нават дзясяткі гадоў турмы па сутнасці за ўдзел у мірных сходах, за публічнае выяўленне меркавання, за дапамогу рэпрэсаваным, за тое, што сваім прыкладам натхнялі іншых. Суды па рэзанансных справах праходзяць выключна ў закрытым рэжыме: без сваякоў, прэсы, грамадскасці, назіральнікаў. Так праходзілі працэсы па справах Віктара Бабарыкі, Марыі Калеснікавай і Максіма Знака, Эдуарда Пальчыса, Паўла Севярынца, Ігара Банцара і іншых дзеячаў культуры.

Расследаванне крымінальнай справы па факце смерці 12 лістапада 2020 года мастака Рамана Бандарэнкі прыпыненае ўладамі, а інфармацыя па выніках незалежнага расследавання цалкам ігнаруецца.

Не заведзеная крымінальная справа па факце смерці ў калоніі палітзняволенага Вітольда Ашурка.

17 снежня скончыліся 18 месяцаў утрымання пад вартай менеджара культуры Эдуарда Бабарыкі, а 20 снежня яго зрабілі падазраваным па новай крымінальнай справе замест таго, каб выпусціць або перадаць справу ў суд.

АДВОЛЬНЫЯ ЗАТРЫМАННІ
Для мэт гэтага даследавання ўсяго мы зафіксавалі 237 адвольных затрыманняў. У большасці выпадкаў такія затрыманні цягнуць за сабой прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці і, як вынік, адміністрацыйныя арышты ці штрафы. Суткі, праведзеныя дзеячамі культуры ў зняволенні, сумарна выліваюцца ў гады, а выплачаныя штрафы – у сотні рублёў, якія папаўняюць бюджэт краіны.

ПРАВА НА ПРАВАВУЮ ДАПАМОГУ
Як і ў сітуацыі 2020 года, мы ўказваем на сістэматычнае парушэнне гэтага права як у крымінальным, так і ў адміністрацыйным працэсе. Адвакату могуць прапанаваць 5 хвілін на азнаямленне з матэрыяламі справы, на зносіны з падабаронным у адміністрацыйных працэсах. Паўсюднай з’яўляецца практыка не дапускаць адвакатаў пры правядзенні вобшукаў, затрыманняў, допытаў і шматгадзінных «гутарак». Мы фіксуем выпадкі, калі яны на працягу некалькіх дзён не могуць сустрэцца з падабароннымі. Многія з адвакатаў, якія аказвалі прававую дапамогу зняволеным па палітычных матывах, былі пазбаўленыя сваіх ліцэнзій або былі вымушаныя спыніць дзейнасць з прычыны «рэформы заканадаўства аб адвакатуры» ў 2021 годзе. Адвакатаў і права на прававую дапамогу на працягу 2021 года пазбавілі Віктара Бабарыку, Эдуарда Бабарыку, Алу Шарко, Пятра Слуцкага, Уладзіміра Мацкевіча, Мікалая Дзядка, Максіма Знака, Марыю Калеснікаву, Генадзя Мажэйку.

СВАБОДА ВЫЯЎЛЕННЯ МЕРКАВАННЯ
Свабода выяўлення меркавання была парушаная мінімум 175 разоў у дачыненні да дзеячаў культуры. Гэтая свабода цярпіць у выніку палітычна матываваных звальненняў дзеячаў культуры ці адлічэнняў студэнтаў з навучальных устаноў сферы культуры, у выпадку затрыманняў за свабоду сходаў і «пікетаванне», у сітуацыях пераследу за публічнае выяўленне меркавання ў СМІ, за пост ці каментарый у сацсетках, за надпіс палітычнага характару, зроблены дзе-небудзь у горадзе ці пасёлку, за аркуш паперы з выявай сэрца, прымацаваны да шкла з унутранага боку балкона, etc.

III. ПАРУШЭННІ Ў ДАЧЫНЕННІ ДА АРГАНІЗАЦЫЙ І СУПОЛЬНАСЦЕЙ  

Статыстыка правоў, якія часцей за ўсё парушаюцца ў дачыненні да арганізацый і супольнасцей, выглядае наступным чынам: 

Стварэнне адміністрацыйных перашкод для ажыццяўлення дзейнасці / ліквідацыя арганізацыі сумна лідзіруе ў гэтым спісе. Гэты від парушэнняў быў вылучаны ў маніторынгу ў 2021 годзе ўслед за масавай ліквідацыяй недзяржаўных арганізацый. У 2020 годзе таксама былі выпадкі адміністрацыйных перашкод для працы недзяржаўных арганізацый, але 2021 год паказаў, што цяпер улады рэалізуюць план па знішчэнні недзяржаўнага сектара культуры.

Крамы з нацыянальнай сімволікай / камерцыйныя арганізацыі

Праблемы ў камерцыйных арганізацый, якія стваралі бізнес на нацыянальным сегменце (сімвалы, сувеніры), пачаліся ў 2020 годзе – на хвалі пратэснага руху і ўздыму цікавасці грамадства да гістарычных сімвалаў. Так, стваральнік крамы Symbal.by Павел Белавус казаў: «Пачынаючы з лета [2020] нас спрабуюць пастаянна прыструніць». Ужо тады мытня не прапускала пасылкі са сцягамі і іншай сімволікай.

Па ўсёй Беларусі зафіксаваныя факты стварэння адміністрацыйных перашкод для дзейнасці крам: «Князь Вітаўт», Symbal.by, «Росквіт», «Мой модны кут», Vokladki, «БЧБ.бел», «Адметнасць», «Цудоўная крама», «Хамелеон», LSTR Adzieńnie, majsternia moj rodny kut, брэнд дызайнерскага адзення Honar. З пачатку 2021 года ў крамах пачаліся праверкі, у некаторыя з іх візіты правяральшчыкаў працягваліся да сярэдзіны года. Так, у крамы і/або да ўладальнікаў з праверкай, вобшукамі або допытамі прыходзілі супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях (МНС), Дэпартамента фінансавых расследаванняў (ДФР), аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі (АБЭЗ), аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю (ГУБАЗіК), міліцыі, атрада міліцыі асаблівага прызначэння (АМАП), інспекцыі па ахове працы, Дзяржстандарту, прадстаўнікі аддзела ідэалогіі гарвыканкама і іншыя. Зафіксаваныя факты канфіскацыі тавараў, тэхнікі і дакументаў, скасавання дамоў арэнды з крамамі, etc.

Стваральнік Symbal.by і менеджар культуры Павел Белавус пасля выкліку ў міліцыю 15 лістапада быў затрыманы і змешчаны ў СІЗА, дзе ўтрымліваецца да гэтага часу. Паўлу прад’яўленае абвінавачванне за «ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», 29 снежня ён быў прызнаны палітзняволеным.

На канец 2021 года вядома, што некаторыя з крам былі вымушаныя цалкам спыніць працу. Гэта брэсцкая інтэрнэт-крама «Князь Вітаўт», гродзенская «Адметнасць», аршанская «Цудоўная крама», мінская «Будзьма-крама», гомельская «Мроя» (з эканамічных прычын).

Прасторы для рэалізацыі культурных праектаў

З пачатку 2021 года фіксавалася тэндэнцыя, накіраваная на стварэнне перашкод для дзейнасці незалежных культурных пляцовак. Як і ў выпадку з крамамі сімволікі, многія з арт-прастораў былі вымушаныя ў выніку спыніць сваю дзейнасць.

5 студзеня прадстаўніца кампаніі «Арт Карпарэйшн» атрымала прадпісанне МНС аб прыпыненні мерапрыемстваў на пляцоўках культурнай прасторы «Ок16», што пацягнула за сабой адмену ўсіх мерапрыемстваў і скасаванне дамовы арэнды з боку ўладальніка. На пачатку студзеня па рашэнні ўладаў закрыўся арт-паб «Торвальд» – кавярня і культурная пляцоўка ў Віцебску. 25 студзеня быў затрыманы і дапытаны Аляксандр Каралевіч, заснавальнік прасторы «Другі паверх», а ў самім культурным цэнтры прайшоў вобшук. У канцы студзеня была вымушаная спыніць сваю працу культурная прастора «КХ» («Крылы халопа»). Спачатку на «агляд» прыязджала фінансавая міліцыя і канфіскавала дакументы на папяровых і электронных носьбітах, пазней прыходзілі прадстаўнікі МНС, кіраўніца Аксана Гайко выклікалася для дачы тлумачэнняў у Дэпартамент фінансавых расследаванняў. На некаторы час вымушана закрываўся гродзенскі бар і арт-прастора «Трэцяе месца» – гарадскія ўлады запатрабавалі, каб арэндадаўца разарваў з імі дамову арэнды. У красавіку супрацоўнікі МНС і санітарнай станцыі прыходзілі ў івэнт-прастору «Месца», у выніку чаго яна была закрытая да ліквідацыі «парушэнняў». 1 сакавіка сілавым спосабам была закрытая пляцоўка Moving Art Factory (MAF), 16 сакавіка кіраўніцтва культурнага цэнтра паведаміла пра сваё поўнае закрыццё. Збіраў грошы на выплату штрафаў ад трох органаў бар-клуб «Графіці». У траўні закрылася мінская «6B мастацкая майстэрня». У кастрычніку ў бабруйскай арт-прасторы «1387» прайшоў вобшук, былі канфіскаваныя асабістая і рабочая тэхніка, рэчы і тавары з памяшкання і крамы, зроблены запіс на відэа. З 8 снежня дзейнасць пляцоўкі прыпыненая. Не можа працягваць дзейнасць «Арт-сядзіба» – культурная пляцоўка з 10-гадовай гісторыяй папулярызацыі беларускай мовы і культуры.

Масавая ліквідацыя некамерцыйных арганізацый   

Трэці квартал 2021 характарызуецца беспрэцэдэнтным ціскам на арганізацыі грамадзянскай супольнасці па ўсёй краіне: праверкі, вобшукі, канфіскацыі дакументаў і маёмасці, арышты рахункаў, выклікі працаўнікоў на допыты, дыскрэдытацыя ў каналах прапаганды, блакаванні сайтаў, ліквідацыі без судовых рашэнняў і ў судовым парадку закранулі некалькі сотняў некамерцыйных арганізацый. Такія дзеянні ўладаў – адказ на рост салідарнасці грамадзянскай супольнасці і пратэсную актыўнасць насельніцтва ў выніку падзей 2020 года. У краіне працягнуліся масавыя рэпрэсіі і запалохванне. На  працягу 2021 года афіцыйныя асобы Беларусі неаднаразова выказвалі пагрозы ў адрас грамадзянскай супольнасці. 10 красавіка кіраўнік Міністэрства замежных спраў Уладзімір Макей адрэагаваў на абмеркаванне міжнародных санкцый так: «Любое далейшае ўзмацненне жорсткасці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасць, пра якую яны “клапоцяцца”, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сітуацыі» (Макей пра заклікі да санкцый). Па выніках сустрэчы 29 чэрвеня сакратар Савета Бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў падтрымаў версію Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што яго хочуць ссунуць звонку, і што «іх [НКА] канчатковая мэта – памяняць строй і ўладу ў вашай краіне» (Патрушаў пра «замежную пагрозу»). 14–17 ліпеня прайшлі шматлікія вобшукі ў грамадскіх арганізацыях, партыях, у праваабаронцаў, незалежных экспертаў. 22 ліпеня, за дзень да масавай ліквідацыі некамерцыйных арганізацый, на нарадзе з кіраўніцтвам Савета Міністраў Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі «пад дзве тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі? Цяпер азірнуліся: гэта ж шкода для дзяржавы! Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі» (Лукашэнка на нарадзе з Саветам Міністраў). 30 ліпеня на сустрэчы з актывам мясцовай вертыкалі Лукашэнкі канстатаваў, што «ў выніку праведзеных мерапрыемстваў вылучаныя 185 дэструктыўных структур, якія прадстаўляюць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бяспецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамерцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадскае аб’яднанне, 113 устаноў» (Лукашэнка на сустрэчы з актывам мясцовай улады). У інтэрв’ю  ВВС 19 лістапада, адказваючы карэспандэнту на пытанне пра масавую ліквідацыю НДА, Лукашэнка сказаў: «Выражам усіх нягоднікаў, якіх вы фінансавалі» (Лукашэнка ў інтэрв’ю BBC). 16 снежня на нарадзе пра супрацьдзеянне санкцыйным мерам ён яшчэ раз пацвердзіў, што «здраднікам дараваць нельга… Тыя арганізацыі, якія фінансаваліся з-за мяжы і арганізоўвалі пераварот і мяцеж, мы ўсе ліквідавалі» (Лукашэнка расставіў кропкі ў пытанні працы НКА ў Беларусі). А 21 снежня з мэтай «абароны суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь» дэпутаты прынялі ў двух чытаннях законапраект, у якім мяркуецца ўвесці крымінальную адказнасць за ўдзел у дзейнасці арганізацый, якія маюць рашэнне пра іх ліквідацыю ці прыпыненне дзейнасці, што ўступіла ў сілу (Законапраект «Аб змяненні кодэксаў»). 

У спісе маніторынгу НКА, якія знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі, па стане на 31.12.2021 утрымліваецца 309 арганізацый грамадзянскай супольнасці (Ліквідацыя і прыпыненне дзейнасці АГС 2021разнастайных накіраванасцей – ад спартыўных і пчалярскіх да асветніцкіх і праваабарончых.
Як і ў гісторыі з камерцыйнымі крамамі, якія гандлююць прадметамі гістарычнай сімволікі, кропкавы ціск на некамерцыйны сектар краіны пачаўся яшчэ восенню 2020 года: завядзенне крымінальных спраў, запыт на інфармацыю пра замежнае фінансаванне, вобшукі ў офісах і ў працаўнікоў арганізацый. Аднак тады ціск аказваўся пераважна на праваабарончыя арганізацыі. З траўня 2021 года Міністэрства юстыцыі пачало масавыя пазапланавыя праверкі ў сектары НКА ў цэлым. У чэрвені мы зафіксавалі такія выпадкі ў дачыненні да арганізацый сферы культуры. Першымі пад праверкі падпалі Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС), «Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”», Саюз беларускіх пісьменнікаў і іншыя арганізацыі. У кожнай з іх запытваўся беспрэцэдэнтны аб’ём інфармацыі, дакументаў, якія неабходна было падаць у выключна кароткія тэрміны.

Першыя ліквідацыі ў дачыненні да некамерцыйных арганізацый культурнай сферы краіны мы зафіксавалі ў красавіку 2021 года. Так, 19 красавіка «з мэтай абароны дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў» эканамічны суд Брэсцкай вобласці прыняў рашэнне аб ліквідацыі ТАА «Польская школа» (у рамках кампаніі супраць польскіх меншасцяў і антыпольскай прапаганды). У траўні ў Гродне была ліквідаваная культурна-асветніцкая ўстанова «Цэнтр гарадскога жыцця» (прычына – выстава Алеся Пушкіна, на якой нібыта была карціна, што падпадае пад Закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму). У чэрвені стала вядома пра ліквідацыю ў Брэсце сацыяльна-культурнай установы «Тэатр “Крылы халопа”» і культурна-асветніцкай установы «Грунт будучыні». У першых днях ліпеня было ліквідаванае брэсцкае агенцтва рэгіянальнага развіцця «Дзедзіч», якое ладзіла фестываль культуры і іншыя культурныя мерапрыемствы. Пасля «зачысткі» некамерцыйнага сектара 14–17 ліпеня 2021 года – масавых вобшукаў у офісах і затрыманняў працаўнікоў – суды па ліквідацыі (калі таго патрабуе арганізацыйна-прававая форма НКА) грамадскіх арганізацый сталі на паток. Установы, у сілу сваёй прававой формы, былі ліквідаваныя ў спрошчаным парадку, і амаль ніхто з заснавальнікаў не атрымліваў папер пра факт ліквідацыі і яе прычыны – даведваліся праз базу АДР (Адзіны дзяржаўны рэестр). Так, сярод многіх іншых у ліпені былі ліквідаваныя «Мова нанова» (арганізацыя, якая займалася развіццём беларускай мовы і культуры); установа ў галіне гістарычна-культурнай спадчыны «УНОВІС-Форум»; гродзенскі рок-клуб, заснаваны музыкантам Ігарам Банцарам; Універсітэт імя Ніла Гілевіча і многія іншыя значныя і культураўтваральныя арганізацыі. 9 жніўня Вярхоўным Судом быў ліквідаваны Беларускі ПЭН-цэнтр – грамадскае аб’яднанне, створанае вядомымі літаратарамі яшчэ ў 1989 годзе, член Міжнароднага ПЭН-клуба. 25 жніўня той жа лёс спасціг Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» – арганізатара міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», форуму тэатральнага мастацтва «Тэарт» і інш.; 15 верасня – Беларускі камітэт Міжнароднай рады па помніках і мясцінах (ІКАМОС) і гомельскую краязнаўчую арганізацыю «Талака», якая займалася адраджэннем старадаўніх беларускіх абрадаў, збіраннем фальклору. 17 верасня было ліквідаванае Таварыства беларускай школы, 24 верасня – «Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”». 1 кастрычніка Вярхоўны Суд ліквідаваў найстарэйшую творчую арганізацыю Беларусі, Саюз беларускіх пісьменнікаў – грамадскае аб’яднанне, створанае ў 1934 годзе. 8 лістапада была ліквідаваная таксама адна з найстарэйшых грамадскіх арганізацый Беларусі – Таварыства беларускай мовы ім. Францішка Скарыны.

Сярод найбольш частых фармальных прычын ліквідацыі – «дзейнасць не адпавядае статутнай», але ніхто не ведае, на чым менавіта гэта неадпаведнасць палягае. Мяркуючы са слоў міністра юстыцыі Беларусі, якія прагучалі ў эфіры тэлеканала СТВ 5 снежня, такія арганізацыі былі закрытыя, бо займаліся «падрывам устояў дзяржаўнай улады» (Новы міністр юстыцыі пра НКА).

Па стане на 31 снежня 2021 года ліквідацыя як мінімум 98 некамерцыйных арганізацый па ўсёй краіне зафіксаваная ў гэтым маніторынгу як стварэнне адміністрацыйных перашкод для ажыццяўлення дзейнасці арганізацый, якія ўплываюць на развіццё культурнай сферы Беларусі. Мы не ведаем ніводнага выпадку, калі суд стаў бы на абарону інтарэсаў НКА – іскі Міністэрства юстыцыі (упраўленняў юстыцыі ў абласцях) аб ліквідацыі падлягалі безумоўнаму задавальненню судамі.

Таксама важна адзначыць наяўнасць і рост колькасці некамерцыйных арганізацый, якія прынялі рашэнне аб самаліквідацыі. У маніторынгу фіксуюцца толькі факты прымусовай ліквідацыі, у той жа час зразумела, што самастойныя звароты заснавальнікаў арганізацый у суд з мэтай ліквідацыі здзяйсняюцца імі з прычыны неспрыяльнай грамадска-палітычнай сітуацыі ў краіне, а нярэдка і пад ціскам уладаў. Усяго ў спісе Lawtrend  (Прыняцце рашэння некамерцыйнымі арганізацыямі пра самаліквідацыю) 175 арганізацый, якія прынялі рашэнне аб самаліквідацыі ў 2021 годзе, каля 40 з іх мы адносім да сферы культуры.

Сярод арганізацый і прастораў, якія не згадваліся вышэй, але таксама прымусова спынілі дзейнасць у 2021 годзе, неабходна назваць наступныя. 30 чэрвеня ўлады запатрабавалі спыніць у Беларусі дзейнасць Гётэ-Інстытута і Германскай службы акадэмічных абменаў (DAAD) – асноўных арганізацый па вывучэнні нямецкай мовы і культуры ва ўсім свеце. 30 ліпеня інстытут у Мінску афіцыйна спыніў сваю дзейнасць. Улады аказвалі ціск на офіс Амерыканскага цэнтра ў Беларусі, дзякуючы якому адукацыйныя паездкі ў ЗША дазволілі ўдзельнікам азнаёміцца з найлепшымі і інавацыйнымі практыкамі па розных тэматыках, уключаючы праграмы па абароне навакольнага асяроддзя і захаванні культурнай спадчыны. 20 снежня 2021 года офіс USAID у Беларусі быў закрыты.

Пасля рэйду сілавікоў у рэдакцыю закрылася «Галерэя TUT.BY», якая знаёміла наведвальнікаў з сучасным беларускім мастацтвам. Сучасны мастацкі тэатр вымушана эміграваў з краіны, трупа Свабоднага тэатра з 1 ліпеня афіцыйна знаходзіцца ў адпачынку, спектаклі ў Беларусі пакуль не плануюцца. Была вымушаная прыпыніць сваю дзейнасць і тэатральная лабараторыя Fortinbras пры тэатры. 14 кастрычніка закрыўся музычны клуб Berlin. Пра друкаваныя СМІ, вымушаныя спыніць выданне, гаворка будзе ніжэй. 

IV. КУЛЬТУРНЫЯ ПРАВЫ

ЦЭНЗУРА І СВАБОДА ТВОРЧАСЦІ

За 2021 год сабраныя 198 фактаў цэнзуры і 94 факты парушэння права на свабоду творчасці.

Так, музыкантам і артыстам сцэны адмаўлялі ў выдачы гастрольных пасведчанняў. Сярод іх «Крама», «Каста», J:МОРС, «РСП», «Дай Дарогу!», Znich, Рыта Дакота і іншыя. Сучасны мастацкі тэатр не атрымаў дазволу на спектакль «Былы сын» паводле рамана Сашы Філіпенкі; не дазволілі ўлады паставіць і спектакль ля сценаў Крэўскага замка паводле драмы Уладзіміра Някляева «Ягайла», а «Тэатр Ч» не можа знайсці пляцоўку, каб сыграць свой знакавы спектакль «Дзяды»; адмовілі ў выдачы гастрольнага пасведчання і аўтарам танцавальнага спектакля «Унутраны і вонкавы космас».

Цэнзураваліся ці былі закрытыя наступныя выставы: «Я амаль магу чуць птушак» Максіма Сарычава, «Машына дыхае, а я – не» (арганізатары – Наталля Трэніна і Таццяна Гацура-Яворская), «Разам» творчага аб’яднання «Пагоня», персанальная выстава акварэльных работ Алеся Марачкіна «Аква/арэлі+», выстава Надзі Букі «Асабістая справа»; фотавыставы «Самы час успомніць» Віктара Барысенкава, «Танцтэатр у тэатры» Вікторыі Бальцар і «Сула. Непарушнае» Марыны Бацюковай.

У Гродне былі адмененыя паказ спектакля «Кадыш» і творчая сустрэча з акцёрамі; у Мінску спектакль «Чарнобыльская малітва», пастаўлены паводле твора Святланы Алексіевіч, без тлумачэння прычын замянілі на іншы – і пасля ён зусім знік з рэпертуару Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі; каля дзясятка разоў адмяняўся паказ спектакля «Белы трусік, чырвоны трусік» тэатра Homocosmos; адразу ж пасля прэм’еры знятая з афіш пастаноўка «Тыль» тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску.

Беларускія арганізатары настойліва прасілі ўдзельнікаў групы «Кіно» не выконваць падчас канцэрта песню «Перамен!». Пасля паведамлення «неабыякавага» грамадзяніна ў мінскай філармоніі адмянілі два канцэрты памяці ахвяр халакосту «Жоўтыя зоркі». У 2021 годзе ў Магілёве мусіў прайсці традыцыйны Міжнародны фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа», які ладзіўся раз на два гады, пачынаючы з 1993-га. Арганізатары ніяк не пракаментавалі прычыны адмены, аднак з выкананнем аднайменнай малітвы ўлады ўзмоцнена змагаюцца (Выступленне Лукашэнкі: глядзіце, нарвяцесяяшчэ з мінулага года. Праз раней выказаныя палітычныя погляды расійскага пісьменніка Аляксандра Цыпкіна ўлады адмянілі выступ праекта «БеспрынцЫпныя чытанні» з яго ўдзелам. За «пікетаванне з дапамогай песень» затрымлівалі музыкантаў, якія выконвалі песні ў пераходах метро ў рамках сацыяльнага праекта «Пешаходка». На пачатку года ў сувязі з увагай да сябе сілавікоў спыніў сваю дзейнасць сатырычны дуэт «Арыстакратычная бледнасць».

У чэрвені на патрабаванне «Беларусьфільма» за два дні да паказу з праграмы Еўразійскага кінафестывалю ў Лондане быў зняты даўно чаканы фільм «Купала», прэм’ера якога так і не адбылася ў Беларусі ў 2019 годзе, а пасля падзей жніўня 2020 года яго ў прынцыпе «паклалі на паліцу» (сярод іншага ў ім ёсць сцэна расстрэлу мірнай дэманстрацыі); з сеткі зніклі або былі заблакаваныя для паказу амаль усе відэаматэрыялы пра яго. У лістападзе беларускія гледачы не змаглі ўбачыць фільм рэжысёра Пола Верховена «Спакуса» пра каханне дзвюх манашак, які спачатку атрымаў гастрольнае пасведчанне, але пазней знік з афіш за нібыта прысутныя ў ім «антыэстэтычныя сцэны палавога акту, сексуальныя вычварэнствы». Не дапусцілі да пракату і гістарычна-прыгодніцкі фільм рэжысёра Аляксандра Анісімава «Авантуры Пранціша Вырвіча» з удзелам былых акцёраў Купалаўскага тэатра.

Творы Святланы Алексіевіч, Аляксандра Салжаніцына і Уладзіміра Набокава выключаныя са школьнай праграмы па літаратуры для 11 класа: Алексіевіч – з раздзела «Проза. Чалавек і вайна», а Салжаніцына і Набокава – з «дысідэнцкай літаратуры».

ЛІТАРАТУРА

Пачынаючы са студзеня 2021 года, пад ціскам аказаліся недзяржаўныя выдавецтвы, выдаўцы, кнігараспаўсюднікі, незалежная прэса (у тым ліку з кантэнтам на культурную тэматыку), аўтары, а нярэдка – і самі чытачы.

Выдавецтвы. У студзені былі затрыманыя і дапытаныя кіраўнікі незалежных выдавецтваў, якія выпускаюць кнігі на беларускай мове, – Генадзь Вінярскі і Андрэй Янушкевіч. У саміх выдавецтвах «Янушкевіч» і «Кнігазбор» прайшлі вобшукі, была канфіскаваная маёмасць (камп’ютары, тэлефоны, кнігі). Рахункі гэтых арганізацый, а таксама кніжнай інтэрнэт-крамы knihi.by былі заблакаваныя і заставаліся такімі на працягу 146 дзён (амаль 5 месяцаў), пакуль 8 чэрвеня іх не разблакавалі. На працягу гэтага часу дзейнасць выдавецтваў была амаль паралізаваная, а самі арганізацыі знаходзіліся пад пагрозай закрыцця: не было магчымасці плаціць друкарням, з’явіліся праблемы з пошукам рэсурсаў для новых кніг, а таксама страты.

Без права на распаўсюд. Беларуская мытня пры паштовых адпраўленнях не прапускала кнігі пэўных аўтараў і/або выдавецтваў. Быў канфіскаваны раман Віктара Марціновіча «Рэвалюцыя» (адпраўнік – knihi.by). Не трапіла да замежных заказчыкаў кніга «Беларуская нацыянальная ідэя» аўтарства Змітра Лукашука і Максіма Гарунова. Перавыдадзены раман «Сабакі Еўропы» Альгерда Бахарэвіча, надрукаваны на замову выдавецтва «Янушкевіч» у Літве, у красавіку быў затрыманы і адпраўлены мытняй на экспертызу на прадмет наяўнасці ў ім прыкмет экстрэмізму. На сёння вядома, што наклад выдавецтву так і не вярнулі.

29 студзеня 2021 года Мінская абласная экспертная камісія па ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі прыйшла да высновы, што кніга Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай) і Ігара Ільяша «Беларускі Данбас» утрымлівае прыкметы праяўлення экстрэмізму. У якой менавіта яе частцы яны былі знойдзеныя, камісія не патлумачыла. 26 сакавіка суд прызнаў кнігу журналістаў экстрэмісцкай, пададзеная пасля гэтага апеляцыйная скарга была адхіленая. Журналіст Раман Васюковіч, які завёз два асобнікі кнігі ў Рэспубліку Беларусь яшчэ да яе прызнання экстрэмісцкай, быў асуджаны і ў выніку аштрафаваны на 20 базавых велічынь (каля 220 долараў ЗША).

4 сакавіка гэтая ж камісія дала заключэнне, што кніга «Беларуская нацыянальная ідэя», якая складаецца з 85 гутарак з рознымі людзьмі ў эфіры «Еўрарадыё», утрымлівае «прыкметы праяўлення экстрэмізму». Характэрна, што тэксты высноў экспертнай камісіі па выяўленні гэтых прыкмет у дачыненні да кніг «Беларуская нацыянальная ідэя» і «Беларускі Данбас» супадаюць слова ў слова. Інфармацыі пра суд, які прызнаў бы кнігу такой, не паступала, і ў афіцыйным спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў яе на сёння няма. Тым не менш, праходзіў судовы працэс у дачыненні да жыхара Мінскага раёна Ягора Старавойтава, якога судзілі за захоўванне гэтай кнігі, набытай у дзяржаўнай кнігарні і канфіскаванай да таго, як у ёй знайшлі «прыкметы праяўлення экстрэмізму». Суд па справе спынілі толькі ў сувязі з заканчэннем тэрміну прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці (2 месяцы).

У лютым былі затрыманыя і пакараныя пенсіянеры, якія чыталі ў цягніку кнігі беларускіх класікаў – «апазіцыйную літаратуру», паводле слоў міліцыянера.

Уведзенае ідэалагічнае паняцце «пратэсная літаратура» – так дзяржаўныя СМІ і праваахоўныя органы называюць кнігі як беларускіх класікаў, так і сучаснікаў. Часцей за ўсё згадваюцца раман «Рэвалюцыя» Віктара Марціновіча, творы Уладзіміра Арлова. Зафіксаваныя факты дыскрэдытацыі пісьменнікаў і гісторыкаў дзяржаўнымі СМІ і праўладнымі Telegram-каналамі.

Распаўсюд літаратуры ўнутры краіны. Адміністрацыя «Белкнігі» – найбуйнейшага кнігагандлёвага прадпрыемства Беларусі – паступова прыбірае з паліц і перастае распаўсюджваць кнігі Альгерда Бахарэвіча, Віктара Казько, Уладзіміра Някляева, Віктара Марціновіча, Барыса Пятровіча і шэрага іншых аўтараў. Прыбіраюць іх і з дзяржаўных бібліятэк. На пачатку года прадпрыемства «Белсаюздрук» у аднабаковым парадку скасавала дамовы на рэалізацыю друкаваных выданняў, сярод якіх ёсць прэса з кантэнтам на тэму культуры – газета «Новы час», часопіс «Наша гісторыя». У красавіку ад продажаў часопіса «Наша гісторыя» адмовілася адна з найбуйнейшых дзяржаўных кнігарняў – «Акадэмкніга». Потым адразу і «Белпошта» скасавала кантракт з гэтымі выданнямі, у каталогу падпіскі з ліпеня 2021 года іх ужо не было. Газеце-штотыднёвіку «Новы час» з ліпеня адмовілі ў паслугах прыватнай друкарні. Праз складанасці з распаўсюдам у гэтым годзе не выйшаў у свет каляндар «Наша гісторыя».

Кнігі пад арыштам. Падчас вобшуку ва Універсітэце імя Ніла Гілевіча з бібліятэкі забралі шмат кніг. Канфіскавалі ўсю бібліятэку з аршанскага офіса Таварыства беларускай мовы. Канфіскаваныя кнігі з серыі «Беларуская турэмная літаратура», якія спрабавала ўратаваць рэдактарка Алена Лапцёнак. Шмат выпадкаў канфіскацыі кніг пры вобшуках у актывістаў, ужо двойчы канфіскоўвалі іх у найстарэйшага віцебскага апазіцыянера і распаўсюдніка кніг Барыса Хамайды: у снежні забралі 12 афіцыйна выдадзеных беларускіх кніг, перапісалі іх і апячаталі.

У 2021 годзе перасталі выходзіць важныя выданні. Не ўнесены ў падпісны каталог «Белпошты» на 2022 год часопіс «Вожык», які адзначыў у гэтым годзе сваё 80-годдзе. Гэта адзінае сатырычнае выданне ў Беларусі, паслядоўна беларускамоўны часопіс-доўгажыхар, з ім супрацоўнічалі шматлікія айчынныя класікі літаратуры і мастакі. У сувязі з ліквідацыяй заснавальніка выданняў – Таварыства беларускай мовы ім. Францішка Скарыны – у лістападзе спыніўся выхад літаратурнага часопіса «Верасень», які за 12 гадоў існавання зрабіўся важнай з’явай у культурным жыцці краіны. 29 снежня ў Лідзе выйшаў апошні нумар газеты «Наша слова», якая выдавалася з сакавіка 1990 года. Рэдактар Станіслаў Суднік адзначыў, што з 5 студзеня 2022 года пачне выходзіць электронная газета «Наша слова.pdf», але гэта новая газета, не электронная версія папярэдняй. Праз эканамічную сітуацыю ў краіне спыніў існаванне мінскі глянцавы часопіс з 15-гадовай гісторыяй – where Minsk, які расказваў пра культурнае жыццё ў сталіцы.

                                                                     СПАЖЫЎЦЫ ПРАДУКТАЎ КУЛЬТУРЫ

На пачатку 2021 года адзначаныя выпадкі асаблівай увагі праваахоўных органаў да экскурсаводаў і ўдзельнікаў гістарычных экскурсій. Затрыманні або канвойнае суправаджэнне экскурсій мелі месца ў Полацку, Навагрудку і Мінску. У лютым на базе адпачынку «Агеньчык» пад Смалявічамі на канцэрце беларускіх гуртоў «РСП», Panska Moc і Ok-Band былі затрыманыя выканаўцы і гледачы – усяго 68 чалавек, уключаючы непаўналетніх, 59 з іх пазней былі змешчаныя ў ІЧУ г. Жодзіна. У сакавіку міліцыя прыйшла на бясплатныя курсы беларускай мовы «Мова нанова» ў Ваўкавыску, у той вечар там мусіў выступаць гурт «Крама». Усяго затрымалі 35 чалавек – слухачоў і выкладчыка. У РАУС людзі правялі каля 40 хвілін, у некаторых затрыманых знялі адбіткі пальцаў. У чэрвені 8 чалавек затрымалі перад сумесным праглядам спектакля «Белы трусік, чырвоны трусік» у культурнай прасторы «Чырвоны дворык» у Мінску. Большасць з іх была пакараная адміністрацыйным арыштам да 15 сутак. 3 чалавекі былі затрыманыя ў верасні пад Оршай падчас падрыхтоўкі сцэны для выступленняў на штогадовым фестывалі «Аршанская бітва» і пакараныя 10-сутачным арыштам або штрафам. У лістападзе ў Оршы міліцыя прыйшла на святкаванне дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Уладзіміра Караткевіча. Аматары яго творчасці сабраліся ў парку «Казачная краіна» з кветкамі і чыталі творы аўтара, а міліцыянеры паведамілі, што гэта несанкцыянаванае мерапрыемства, і перапісалі пашпартныя дадзеныя ўдзельнікаў урачыстай імпрэзы.

V. ДЗЯРЖАЎНАЯ ПАЛІТЫКА Ў СФЕРЫ КУЛЬТУРЫ

У сярэдзіне снежня 2021 года Беларускі Хельсінкскі камітэт апублікаваў справаздачу па ацэнцы захавання правоў чалавека ў краіне ў 2020 годзе (Нацыянальны індэкс правоў чалавека ў Беларусі 2020), у якім права на ўдзел у культурным жыцці ацэньвалася па 4 кампанентах і набрала сярэднюю ацэнку 2,8 па 10-бальнай шкале. Індэкс тычыцца стану спраў у 2020 годзе, аднак зразумела, што маштабы рэпрэсій у дачыненні да дзеячаў культуры, якія не змяншаюцца, і ўмяшанне дзяржавы ў культурнае жыццё грамадзян у 2021 годзе маглі толькі пагоршыць і так варты жалю стан спраў у Беларусі ў кантэксце права на ўдзел у культурным жыцці краіны.

І да крызісных часоў дзяржаўная палітыка ў плане падтрымкі культурнай сферы насіла выбарачны характар, пры гэтым недзяржаўныя актары практычна цалкам выключаліся з гэтай сістэмы, не атрымлівалі субсідый і прэферэнцый, якія распаўсюджваюцца на дзяржаўныя ўстановы. Зразумела, што і з гледзішча фінансавання сітуацыя не стала іншай. У пытанні ж рэпрэсій і цэнзуры ўлада прасунулася наперад, і ў 2021 годзе ціск аказваўся і на дзяржаўныя культурныя інстытуцыі і ўстановы.

У звычайным рэжыме і без уводу абмежаванняў для наведвальнікаў у сувязі з Covid-19 увесь год працягвалі працу дзяржаўныя ансамблі і аркестры. Таксама ў звычайным рэжыме, без «ковіднай» рассадкі, прайшоў і любімы ўладамі «Славянскі базар». Некаторыя з папярэдне заяўленых у афішы артыстаў адмовіліся ехаць на яго ў сувязі з палітычнай сітуацыяй у краіне і просьбай многіх беларусаў не падтрымліваць сваімі выступамі таталітарны рэжым. Упершыню вакол фестывалю, на які ў ранейшыя гады было складана трапіць, не было ажыятажу, і месцы на трыбунах запаўняліся звыклым для сістэмы спосабам – распаўсюдам білетаў праз прадпрыемствы.

Упершыню з дэбюту ў 2004 годзе Беларусь не ўдзельнічала ў конкурсе «Еўрабачанне» ў сувязі з дыскваліфікацыяй з прычыны парушэння яго правіл і выбарам выканаўцы з залішне палітызаванай песняй. У адказ на гэта Белтэлерадыёкампанія – арганізатар нацыянальнага адбору – адмовілася трансляваць конкурс. У сваю чаргу, Еўрапейскі вяшчальны саюз прыпыніў членства Белтэлерадыёкампаніі ў арганізацыі. Адпаведна, не аказалася Беларусі і сярод удзельнікаў дзіцячага «Еўрабачання».

Без удзелу ўцягнутых і захопленых сваёй справай спецыялістаў і незалежных экспертаў не вельмі атрымліваецца ў сістэмы і з якасцю арганізацыі іншых мерапрыемстваў. Так, цяперашняя Нацыянальная тэатральная прэмія, якая і раней была далёкая ад ідэалу, у гэтым годзе зрабілася «апафеозам дзяржаўна-чыноўніцкага падыходу да тэатра» (© Дзяніс Марціновіч), праігнараваўшы ўвесь альтэрнатыўны тэатр. Сур’ёзна прайграў у якасці і кінафестываль «Лістапад», пазбаўлены ў гэтым годзе акрэдытацыі ў Міжнароднай федэрацыі асацыяцый кінапрадзюсараў (FIAPF).

Кадравая палітыка і іншадумства

На канец верасня 2021 года мы зафіксавалі 64 выпадкі незаконнага звальнення – гэта адмова ў працягненні кантракту або змушэнне пісаць заяву аб звальненні «на ўласнае жаданне». Пачынаючы з кастрычніка, публічна з’яўляецца інфармацыя пра «спісы нядобранадзейных асоб», якія мусяць быць звольненыя з устаноў культуры. Звальненні за іншадумства азнаменавалі напоўніцу апошнія месяцы 2021 года. Звольненыя выкладчыкі, працаўнікі музеяў, бібліятэк, філармоніі, etc. Нацыянальны гістарычны музей у Мінску, Акадэмія мастацтваў, Нацыянальная бібліятэка і многія іншыя дзяржаўныя ўстановы культуры былі ўцягнутыя ў «перагляд кадравай палітыкі». Міністр культуры Анатоль Маркевіч праліў святло на рэальныя маштабы таго, што адбываецца, і публічна пацвердзіў палітычна матываваны характар масавых звальненняў з арганізацый культуры: больш за 300 чалавек былі звольненыя «за дэструктыўную пазіцыю», – паведаміў Маркевіч падчас выступу ў Стоўбцах 20 студзеня 2022 года (Маркевіч пра кадры) (Заўв.: на наступны дзень словы міністра былі прыбраныя з СМІ). Так, на канец снежня ў нашым маніторынгу ўтрымлівалася інфармацыя пра 123 звальненні дзеячаў культуры не менш чым з 30 устаноў культуры на працягу 2021 года – тых, хто публічна ці асабіста падзяліўся фактам свайго звальнення. Ёсць чаканні і надзеі, што першае паўгоддзе 2022 года пралье святло і на іншыя факты звальненняў за іншадумства.

Адна з прычын, чаму людзі асцерагаюцца рабіць інфармацыю пра ціск і звальненні публічнай, – гэта надзея атрымаць працу ў іншай установе культуры ў Беларусі. Аднак аналіз змяненняў патрабаванняў аб прыёме на працу паказвае, што ў многіх выпадках мы можам мець справу з фактычнай забаронай на прафесію. Вядома, што інфармацыйныя лісты з «рэкамендацыямі» не наймаць такіх людзей паступалі таксама ў беларускія кадравыя агенцтвы. Як гэта будзе працаваць на практыцы, мы зможам зразумець у 2022 годзе.

У прамове міністра культуры пра палітычна матываваныя масавыя звальненні са сферы культуры таксама згаданы факт «аптымізацыі» 1611 штатных адзінак. Так, у выніку такой «аптымізацыі» ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва была расфармаваная кафедра з 20-гадовай гісторыяй – этналогіі і фальклору.

Пасля шэрага звальненняў яшчэ з восені 2020 года ў 2021-м надышоў час новых прызначэнняў – дырэктараў, мастацкіх кіраўнікоў, рэжысёраў – і набораў новых труп. Так, рэгулярна адкрываюцца новыя вакансіі ў Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы. З моманту «разгону» трупы пасля выбараў 2020 года ў 2021-м прайшоў ужо пяты па ліку кастынг, на які запрашаліся акцёры 21–65 гадоў, «таленавітыя і апантаныя жаданнем працаваць». Новыя прызначэнні зафіксаваныя ў адукацыйных установах сферы культуры, адкуль раней былі звольненыя працаўнікі і кіраўнікі. Гэта закранула ў 2021 годзе і музеі: так, у лютым дырэктарам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры зрабіўся былы начальнік службы аховы музея Вялікай Айчыннай вайны.

VI. ЗАМЕСТ ВЫСНОЎ: ПРЫГНЯТАЛЬНЫЯ ТЭНДЭНЦЫІ

  • Рост колькасці палітычных зняволеных з моманту першых арыштаў вясной – летам 2020 года. Па стане на 31.12.2021 у Беларусі 969 палітзняволеных, сярод якіх 68 чалавек – дзеячы культуры. 

  • Крыміналізацыя іншадумства: рост колькасці крымінальных спраў па абсурдных абвінавачваннях, увядзенне крымінальнай адказнасці за арганізацыю дзейнасці або ўдзел у дзейнасці грамадскага аб’яднання, у адносінах да якога ёсць рашэнне аб ліквідацыі.

  • Пашыранае тлумачэнне заканадаўства пра экстрэмізм і барацьба сістэмы з мірнай формай рэалізацыі права на свабоду выказвання.   

  • Дзяржаўныя СМІ – прапаганда і мова варожасці. Мэтанакіраваная кампанія па дыскрэдытацыі беларускіх дзеячаў культуры.  

  • Свабода творчасці разглядаецца дзяржавай як пагроза, што вядзе да цэнзуры і самацэнзуры. Самацэнзура  як спосаб выжыць ва ўмовах грамадска-палітычнага крызісу. 

  • Палярызацыя грамадства, падзел на «сваіх» і «чужых», што стварае ўмовы для дыскрымінацыі і з’яўляецца пагрозай культурнай разнастайнасці.

Дадаткі

У 2022 годзе будуць выдадзеныя дакументы пра становішча культурнай спадчыны, беларускую мову, спрэчную гістарычную памяць, барацьбу з гістарычнай бел-чырвона-белай сімволікай.

У нас цяпер… экстрэмісцкі тэатр, культура, мы самі і ўсё наша жыццё.

(© Дзяніс Марціновіч, тэатральны крытык)


МЕТАДАЛОГІЯ. Асноўныя паняцці і каментарыі

Сітуацыя парушэння культурных правоў чалавека і правоў чалавека ў дачыненні да дзеячаў культуры – акалічнасць або сукупнасць акалічнасцей, якія прывялі да парушэння аднаго або некалькіх правоў у дачыненні да дзеяча культуры, арганізацыі або супольнасці, удзельнікаў культурнага працэсу. 

Парушэнне – тып парушэння ў разрэзе груп: культурныя правы, грамадзянскія і палітычныя правы і свабоды, сацыяльныя і эканамічных правы.

Людзі слова – літаратары, перакладчыкі і даследчыкі літаратуры, публіцысты і інтэлектуалы. Група «Літаратары і людзі слова» з’яўляецца першараднай у кантэксце аднясення дзеяча культуры да той ці іншай творчай сферы. У маніторынг не ўключаныя журналісты і блогеры, у тым ліку мэтавая група Міжнароднага ПЭН-клуба.

Збор інфармацыі са спісу публічных крыніц адбываецца штодня. Фіксацыя інфармацыі, атрыманай праз асабістыя зносіны з дзеячамі культуры і непасрэдныя звароты ў ПЭН, – па меры яе паступлення з гэтых крыніц. Дынаміка колькасці выпадкаў па кварталах года адлюстроўвае як падзеі, якія адбыліся непасрэдна ў справаздачны перыяд, так і зафіксаваныя ў гэты тэрмін (да 10 % у агульным аб’ёме).


Спампаваць pdf-версію маніторынга

Арыгінальны артыкул апублікаваны на сайце Беларускага ПЭНа

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
30 верасня 2024, 14:08
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
Эксперты БХК апублікавалі новы агляд трэндаў дзяржаўнай палітыкі.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці