«Станавіся да сцяны — мы цябе сфатаграфуем!» Магшоты палітвязняў. Праект Дзіяны Пінчук

07 сакавіка 2024, 10:24
«Станавіся да сцяны — мы цябе сфатаграфуем!» Магшоты палітвязняў. Праект Дзіяны Пінчук

Фота пад арыштам — асобны накірунак фотаздымкі. Для міліцэйскай фотаздымкі існуе неафіцыйны тэрмін — mug shot ці магшот. З 2020 года праз такую "фотасесію" прайшлі сотні тысяч беларусаў і беларусак, затрыманых па палітычных прычынах: у РУУСах, СІЗА, калоніях. Але атрымаць "на памяць" ад дзяржавы такі фотаздымак могуць толькі былыя зняволеныя па крымінальных артыкулах па вызваленні з месцаў няволі. Праваабаронца "Вясны" сабрала 30 магшотаў ад былых палітзняволеных і сведчанні пра працэс фотаздымкі, пачуцці і эмоцыі палітвязняў пра яе. На яе думку, гэта таксама можаць даць разуменне пра ўмовы ўтрымання, працэс дакументавання з таго боку кратаў, стаўленне супрацоўнікаў да палітвязняў, а таксама зафіксаваць стан зняволеных на фотаздымках.

Аўтарка праекту Дзіяна Пінчук распавядае пра працу над ім.

fota_kalonija.jpgІлюстрацыя фотаздымкі ў ЛПП былога палітвязня Віталя Жука

"Адзіны фотаздымак за два-тры гады жыцця"

"Гэта яшчэ адзін са спосабаў, у тым ліку на іншай візуальнай мове, распавесці і прыцягнуць увагу да праблемаў палітвязняў, у якіх умовах яны ўтрымліваюцца і асаблівае стаўленне да іх. Часам паўстае пытанне этычнасці публікацыі фота і відэа з-за кратаў. Да гэтых магшотаў, якія прадаставілі самі былыя палітзняволеныя, на мой погляд, варта ставіцца як да дакументаў не толькі гэтых асобаў, але важнай крыніцы інфармацыі і дакументаў часу. Гэтыя магшоты  каштоўныя дакументы памяці, якія зафіксавалі эмоцыі і стан чалавека. Для многіх з палітвязняў гэта адзіны фотаздымак за два-тры гады жыцця, які ў іх ёсць цяпер. Уявіць гэта складана, калі ў нашых галерыях тэлефонаў захоўваюцца сотні фотаздымкаў", — адзначае напачатку Дзіяна.

Былая палітзняволеная па "справе студэнтаў" Ася Булыбенка так, напрыклад, апісала сваё стаўленне да свайго магшота:

"Два гады жыцця заключаны ў адной гэтай маленькай жоўтай фатаграфіі, дзе я ў гэтай сукенцы. Гэта частка майго жыцця, таму я не збіраюся адмаўляцца і пазбаўляцца ад гэтай фатаграфіі".

Як адзначаецца, з 60 апытаных былых палітзняволеных магшоты былі толькі ў паловы з іх. Дарэчы, безумоўнай умовай удзелу ў праекце было, каб чалавек ужо знаходзіўся ў бяспечнай краіне.

"Дзяржава стварае сваю памяць, уносячы палітычных зняволеных у "базы злачынцаў", але пры гэтым робіць усё, каб гэтая памяць не выйшла за межы створанай ім дзяржавы ў дзяржаве. "Жоўтыя біркі", якія прысвойваюцца ў калоніях, у тым ліку асуджаным па палітычных артыкулах, навогул забаронена выносіць з месцаў няволі. Перад вызваленнем у палітвязняў іх зрываюць з формы, і вельмі пільна абшукваюць, каб іх не выносілі на волю. Таму фота з "жоўтай біркі" змог прадаставіць толькі Станіслаў Паўлінковіч.

Вельмі шмат апытаных былых палітвязняў не атрымалі спраўкі аб вызваленні са следчых ізалятараў — некаторыя нават не ведалі, што такія ёсць. Таму магшоты з СІЗА ў праекце ёсць толькі ад двух палітвязняў. Самы цікавы фотаздымак са спраўкі аб вызваленні з "Валадаркі" — Вяргілія Ушака з лета 2020 года. На ёй фота аператара і былога фігуранта "справы Ціханоўскага" наўпрост са следчых дзеянняў — з таблічкай і часткай фота анфаса. Пры гэтым, мы ўсё прыўкрасна памятаем кантэкст, у якой жыла краіна ў той час. Пры ўсім сваім цяжары гэтых фотаздымкаў, хочацца іх разглядаць і шукаць новую інфармацыю і нейкія сэнсы. Гэта гісторыя пра цяжкія лёсы рэпрэсаваных людзей у сучаснай Беларусі", — распавядае Дзіяна Пінчук.

ushal_mugshot.jpgФотаздымак Вяргілія Ушака ў СІЗА-1

"Самы важны складнік праекту — рэфлексія былых палітзняволеных"

Пры зборы фотаздымкаў былым палітзняволеным задавалі чатыры аднолькавыя пытанні: што гэта за фотаздымак, у якіх умовах і кім рабіўся, што чалавек узгадвае і адчувае, калі глядзіць на яго цяпер, што ён значыць для яго і ці будзе яго захоўваць.

"І тут атрымаўся самы важны і цікавы складнік праекту — рэфлексія былых палітзняволеных наконт магшотаў. Трымаючы ў руках ці гледзячы на яго праз экран тэлефона, знаходзячыся ўжо ў бяспецы, яны распавядаюць пра свае пачуцці праз прызму гэтага маленькага шэрага фотаздымка, дзе бачаць сябе ў зняволенні. І было вельмі цікава атрымліваць абсалютна розныя адказы на аднолькавыя пытанні — былыя палітзняволеныя дзяліліся асабістым. І гэтыя чалавечыя пачуцці і эмоцыі  самае галоўнае і каштоўнае", — кажа Дзіяна.

Магшоты палітвязняў і сведчанні пра працэс фатаграфавання, паводле праваабаронцы, могуць таксама даць разуменне пра ўмовы ўтрымання, працэс дакументавання з таго боку кратаў, стаўленне супрацоўнікаў да іх, а таксама зафіксаваць пачуцці зняволеных на фотаздымках. Экс-палітзняволеныя апісвалі некаторыя моманты так дакладна, як не рабілі гэтага падчас інтэрв'ю ці нават дакументавання:

"Было горача. Мы ўсе тоўпіліся ў сініх робах, зробленых з "шкляной" сінтэтыкі. Мы так іх і называлі — "сцякляшкі". Распранацца было нельга, нават верхні гузік не расшпільвалі", — так дакладна, напрыклад, апісваў Мікіта Траццякевіч момант фатаграфавання.

Навогул у сваіх адказах на аднолькавыя пытанні былыя палітвязні былі вельмі розныя: хтосьці ўзгадвае ўмовы ўтрыманння, хтосьці спрабуе ўзгадаць тыя самыя эмоцыі і пачуцці, а хтосьці, выкарыстоўваючы магчымасць, узгадвае тых, хто застаўся ў зняволенні.

"Я адчуваю тугу, па тых людзях, якія працягваюць там знаходзіцца. У канцы снежня 2023 года быў год, як я вызваліўся з калоніі, але там працягваюць знаходзіцца людзі, з якімі я кантактаваў. Жахаюць тэрміны, якія ім далі — 9, 12, 15 гадоў. За гэтыя тры гады сітуацыя так і не змянілася, і гэтым людзям давядзецца сядзець, няхай не ўсе тэрміны, але большую іх частку. Для мяне гэтыя два гады зняволення бясследна не прайшлі — яны адбіліся не толькі на фізічным, але і на псіхалагічным стане. І я разумею, што тыя людзі выйдуць, і яны ўжо не будуць тымі самымі людзьмі, з якімі я калісьці піў гарбату ці каву. Яны вельмі моцна зменяцца. Гэта выклікае тугу і адчай",  адзначыў Віталь Жук.

"Станавіся да сцяны — мы цябе сфатаграфуем!" Магшоты палітвязняў

У 30 экс-палітзняволеных захаваліся магшоты рознай якасці. Былых палітвязняў мы папрасілі адказаць на адныя і тыя ж пытанні наконт магшотаў. Вось, што з гэтага атрымалася.

Актывістка Алана Гебрэмарыям сказала, што гэты фотаздымак нагадвае ёй, што "кожнадзённа правы тысячаў беларусаў_ак у турмах парушаюцца, і яны праходзяць праз мясарубку гэтай сістэмы, праз дзікія катаванні", і захавае яго "як напамін для барацьбы".

Вольга Дубовік, фігурантка "справы цюкоў", нібыта падвяла вынікі свайго турэмнага досведу, гледзячы на сваё фота з гомельскай калоніі:

"На жаль, нешта з часам забудзецца, але самыя галоўныя высновы застануцца: гэтая сістэма можа зламаць чалавека, пакалечыць фізічна, зрабіць яго горш, дэзарыентаваць, але выправіць — нездольная ніколі".

Часта нават кароткія адказы былых палітвязняў адкрывалі вялікія скарбонкі ў іх гісторыях. Так, Іван Куляшоў сказаў, што гэты магшот служыць яму апошнім напамінам аб апошняй сустрэчы з бацькам — палітзняволеным Мікалаем Куляшовым — у засценках КДБ...

"Маліўся, каб не стаць наступным трымаць гэтую прасціну"

Што тычыцца працэсу фатаграфавання, то, як вынікае з аповедаў былых палітвязняў, няма ўніфікацыі працэсу нават у калоніях. Але ёсць момант, які аб'ядноўвае усе турэмныя фотасесіі  усіх вязняў ставяць каля сцяны, каб зрабіць фота. Гэта адбывалася на "каранцінах", каля сталовых, у спальных памяшканнях, у клубе і "лазнях" розных калоній, у падвальным памяшканні і душавой магілёўскай турмы, у кабінетах оперупаўнаважаных на "хіміях" і ў моцны мароз на вуліцы на ЛПП.

Кагосьці фатаграфавалі на добрыя фотаапараты, а кагосьці  на танныя "мыльніцы" ці нават відэакамеры. Гэта робяць супрацоўнікі калоній, СІЗА ці асуджаныя-"актывісты", якія выконваюць працу фатографа.

"Фота зроблена таксама вязнем, у якога у руках быў добры фотаапарат. Не ведаю, што ён рабіў, каб яму адміністрацыя давала магчымасць трымаць гэты фотаапарат, але выглядаў ён шчаслівы, бо, мяркую, лічыў сабе больш свабодны, трымаўшы рэч са свабоды ў руках. З маленькай свабодай у руках, так сказаць", — цікава заўважыў Леў Антанюк.

Фотаздымак друкуецца не на спецыяльнай плотнай фотапаперы, а на звычайнай, у большасці выпадкаў — яны чорна-белыя. Гэтыя фотаздымкі атрымліваюцца дрэннай якасці са слядамі прынтара. На некаторых фотаздымках пячатка трапляе на твар вязня — гэта выглядае жахліва сімвалічна. Некаторым палітвязням на фон нацягваюць белую прастыню. Менавіта так фатаграфавалі палітвязня Віталя Жука ў ЛПП:

"Прыйшоў супрацоўнік, апрануты ў бушлат і зімовую шапку (мы яму зайздросцілі), і пачаў гарлапаніць на нас, якія мы свінні, быдла і няголеныя малпы. Ён прымусіў двух чалавек трымаць белую прасціну на фоне цаглянай сцяны. І вось на фоне гэтай прасціны на вуліцы на марозе нас па чарзе фатаграфавалі. Тым людзям, якія па чарзе трымалі гэтую прасціну, вядома, не пазайздросціш, таму што яны трэсліся ад холаду. Яны трымалі прасціну знізу і зверху, і відаць было, як у іх замярзалі рукі. Я бачыў гэтыя барвовыя рукі — гэта было жудасна. Я маліўся, каб не стаць наступным трымаць гэтую прасціну".

Менавіта гэтую гісторыю занатавалі на галоўнай ілюстрацыі. Віталь Жук і Зміцер Фурманаў адзначылі блізкасць сістэмаў дакументавання ў калоніях у сталінскія часы і цяпер — у сучаснай Беларусі.

"І вось даюць ружовую сукенку і кажуць: "Станавіся да сцяны — мы цябе сфатаграфуем!"

mugshoty_vyshyuka.jpgМагшоты палітвязняў

Як дзеліцца аўтарка праекту, самыя гаворачыя адказы яна атрымала на пытанне: "Што Вы адчувалі падчас фотаздымкі ў няволі?" Па гэтых адказах складаецца карціна месца і адчуванне палітзняволенага ў пенітэнцыярнай сістэме сучаснай Беларусі. Абсалютная большасць апісвае свой псіхалагічны стан як цяжкі і стрэсавы. Напрыклад, Дзяніс Краўчук кажа пра "моцную прыгнечанасць ад бясконцага прэсінгу, няўпэўненасць ні ў чым, недавер да ўсіх, чаканне горшага і пастаянных правакацый з усіх бакоў". Глеб Фіцнер, асуджаны па "справе студэнтаў", сказаў: "Калі гляджу на гэтую фатаграфію праз паўтара гады пасля вызвалення, я часам не веру, што гэта я. Гляджу на сябе з жахам і адчуваю злосць, нянавісць у адносінах да тых, хто мяне ў гэта ператварыў". Алена Лысковіч, якая адбыла "хімію" па "справе карагодаў", так апісвае свой стан падчас фотаздымкі жанчынай-міліцыянткай: "Пачуцці былі жудасныя, нават і цяпер: жах, непрыняцце насілля і псіхічны, пратэст супраць бязмежжа ў краіне".

Шмат апытаных жанчын і дзяўчат, калі распавядалі пра фотаздымку, узгадвалі свой цяжкі этап у гомельскую калонію.

"Стан, у якім цябе захавалі на гэтай фатаграфіі, вельмі дзіўны. Ты толькі што перажыла этап — больш за восем гадзін транспарціроўкі ў аўтазаках, цягніку, кайданках. Не лепшы перажыты час. І вось ты нарэшце дабралася да калоніі, дзе ў цябе толькі што забралі ўсе твае рэчы, ты пакуль наогул не разумееш, што адбываецца... І вось даюць ружовую сукенку і кажуць: "Станавіся да сцяны — мы цябе сфатаграфуем!"  распавяла фігурантка "справы студэнтаў" Кася Будзько.

"Рабіце што хочаце, я ўсё роўна буду ўсміхацца!"

Дзіяна звяртае ўвагу на яшчэ адну цікавосткасць, якую заўважыла падчас працы над праектам — здавалася бы, пры ўсёй аднолькавасці фотаздымкаў ва ўсіх людзей розныя эмоцыі на фота.

"У некаторых палітвязняў, напрыклад, Сашы Івуліна, Ігара Фёдарава і Алены Дзядзюлі можна заўважыць выразную ўсмешку на твары. Вось, што кажа Ігар Фёдараў пра яе: «Гэтая ўсмешка на злосць ім. Паказаць: ды рабіце што хочаце, я ўсё роўна буду ўсміхацца!»"

А гэта кажа Саша Івулін пра сваю вядомую ўсмешку:

"Для мяне было вельмі прынцыпова, каб я на гэтым фотаздымку ўсміхаўся. Усе былі такія сур'ёзныя, а я — наадварот".

"Я размаўляў з гэтым Мікітам і прымушаў трымацца"

Часам, заўважае праваабаронца, адказы на пытанне ў былых палітвязняў нагадвалі дыялогі з сабой, але адкрыццём стала і тое, што часам гэтыя фотаздымкі сапраўды дапамагалі наладзіць чалавеку ў зняволенні сувязь з сабой. Цікава адзначыла былая палітзняволеная па "справе студэнтаў" Яна Арабейка, што яна за час зняволення нібыта згубіла сувязь з сабой, не разумела, як яна выглядае. І гэты фотаздымак дапамог ёй наладзіць гэтую сувязь і нібыта зазямліцца:

"Я часта магла глядзець на гэта фота і разглядаць яго (так, гэта дзіўна). Я тады ўжо доўгі час не магла зразумець, хто я. Я была выдаленая ад кантакту з сабой, мне цяжка было ўявіць, як я выглядаю на самай справе. Гэта фота дапамагала мне знайсці кантакт. Візуальна мне ўспрымаць прасцей".

Гэты фотаздымак многіх суправаджаў увесь час зняволення ў калоніі на бірках – толькі ў жоўтых колерах. Яна прысутнічае на ўсіх бірках на вопратцы, на спальных месцах і тумбачках. Таксама яна ўклейваецца ў даведку аб вызваленні.

"Гэты фотаздымак суправаджаў мяне ўсе, што засталіся ў калоніі, два года. Гэтую фатаграфію я разглядаў пяць дзён у тыдзень у распранальні прамзоны. Гэтую фатаграфію я бачыў, калі апранаў кліфт або целагрэйку, але больш уважліва за ўсё я разглядаў яе, калі сядзеў у ШІЗА. Я размаўляў з гэтым Мікітам і прымушаў трымацца",  распавядаў Мікіта Траццякевіч.

"Нашы продкі фатаграфаліся на фоне дываноў, а мы — на фоне сцен у калоніях" 

Апошнім пытаннем для палітвязняў было, ці будуць яны захоўваць гэта фота. Некаторыя заявілі, што няма ў гэтым патрэбы. А некаторыя палітзняволеныя сказалі, што будуць захоўваць фота для сваіх нашчадкаў, як доказ палітычнага пераследу ў адносінах да сябе. Праваабаронца Леанід Судаленка зазначыў нават, што хоча перадаць яго ў "музей найноўшай гісторыі рэпрэсій". А журналіст Алег Груздзіловіч нават размясціў магшот на вокладку сваёй кнігі "Мае турэмныя муры". 

"Большасць удзельнікаў і ўдзельніц праекту былі асуджаныя паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса, які ў Беларусі ўжо займеў назву "народнага" праз тое, што за ўдзел у мірных акцыях пратэсту ўжо больш за 2000 чалавек. Большасць герояў праекту адсядзелі свае тэрміны ў два-тры гады цалкам у розных калоніях і з'ехалі з Беларусі ў меркаваннях бяспекі. На гэтых фотаздымках я бачу годных людзей, якія пацерпелі за любоў да Беларусі. Нашы продкі фатаграфаліся на фоне дываноў, а мы — на фоне белых прастынёў і сцен у калоніях. Такі цяпер наш нацыянальны код", — падсумоўвае Дзіяна Пінчук.


Былыя палітзняволеныя таксама могуць прыняць удзел у праекце і такім чынам задакументаваць сваю гісторыю. Для гэтага трэба запоўніць адмысловую гугл-форму. Аўтарка праекту называе гэта альтэрнатыўным архівам, які будзе развівацца надалей.

"Станавіся да сцяны — мы цябе сфатаграфуем!" Магшоты палітвязняў

У 30 экс-палітзняволеных захаваліся магшоты рознай якасці. Былых палітвязняў мы папрасілі адказаць на адныя і тыя ж пытанні наконт магшотаў. Вось, што з гэтага атрымалася.

Праект "Магшоты палітвязняў" створаны ў межах стыпендыяльнай праграмы Free Belarus Center.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Глядзiце таксама

Праваабаронца Наталля Сацункевіч: «Задача грамадскіх назіральнікаў — прымусіць сістэму выконваць правілы»
15 красавіка 2024, 12:44
Праваабаронца Наталля Сацункевіч: «Задача грамадскіх назіральнікаў — прымусіць сістэму выконваць правілы»
Беларуская прапаганда спрабуе ачарніць і крыміналізаваць грамадскі кантроль: у прыватнасці, назіранні за выбарамі і судамі. Разам з праваабаронцай "Вясны" Наталляй Сацункевіч разбіраемся, чаму гэта — не проста цалкам законнае права, але і абавязак жыхароў краіны.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2024 года
15 красавіка 2024, 11:37
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2024 года
Савет па правах чалавека ААН сёлета 15 сакавіка апублікаваў даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх.
Агляд «Вясны». Мінімум 416 судоў: вынікі адміністратыўнага пераследу ў сакавіку 2024 года
15 красавіка 2024, 11:31
Агляд «Вясны». Мінімум 416 судоў: вынікі адміністратыўнага пераследу ў сакавіку 2024 года
Па ўсёй Беларусі штодзённа працягваюцца жорсткія затрыманні беларусаў, большасць з якіх адпраўляюць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў.
Сімвалічных «хросных» атрымалі палітвязні Кацярына Джыг, Таццяна Курыліна, Алег Завадскі і Юлія Лаптановіч
15 красавіка 2024, 11:13
Сімвалічных «хросных» атрымалі палітвязні Кацярына Джыг, Таццяна Курыліна, Алег Завадскі і Юлія Лаптановіч
У межах кампаніі салідарнасці #Westandbyou Дэвід Лега, Элізабэт Гётцэ, Лукас Мандл і Барбара Гізі сталі "хроснымі" Кацярыны Джыг, Таццяны Курылінай, Алега Завадскага і Юліі Лаптановіч.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці