Сусветны дзень дзіцяці ў няволі: гісторыі дзесяці палітвязняў-падлеткаў Беларусі

21 лістапада 2022, 13:52
Сусветны дзень дзіцяці ў няволі: гісторыі дзесяці палітвязняў-падлеткаў Беларусі

20 лістапада адзначаецца Сусветны дзень дзіцяці, прысвечаны прыняццю Дэкларацыі правоў дзіцяці і Канвенцыі правоў дзіцяці.

З пачатку пратэстаў у Беларусі тысячы дзяцей адчулі на сабе рэпрэсіі праз затрыманне і крымінальны пераслед бацькоў, а дзясяткі апынуліся за кратамі. А некаторых непаўнагадовых нават збівалі і катавалі. На дадзены момант у краіне налічваецца дзесяць палітзняволеных падлеткаў, якія сустрэлі 18-годдзе за кратамі: Мікіта Залатароў, Сяргей Гацкевіч, Эдуард Кудынюк, Максім Імхавік, Іван Пацяйчук, Давід Збаранскі, Дзяніс Хазей, Аляксандр Вінярскі, Віталь Прохараў, Павел Піскун. Усе яны былі непаўнагадовымі на момант затрымання, а потым асуджаныя да пазбаўлення волі.

"Вясна" зрабіла вялікі матэрыял, як беларускія ўлады пераследуюць дзяцей па палітычных матывах і за што хлопцы апынуліся ў зняволенні. 

"Дзеці-экстрэмісты" за кратамі

Сусветны дзень дзіцяці дзесяць палітвязняў-падлеткаў адзначаюць у зняволенні. Сярод іх Мікіта Залатароў, Сяргей Гацкевіч, Эдуард Кудынюк, Максім Імхавік, Іван Пацяйчук, Давід Збаранскі, Дзяніс Хазей, Аляксандр Вінярскі, Віталь Прохараў, Павел Піскун. Але гэта не поўны спіс рэпрэсаваных дзяцей.

Так, нядаўна МУС паведаміла, што ў пачатку лістапада сілавікі затрымалі пецярых удзельнікаў "Саюза Беларускага Нацыянальнага Шчыта", супраць якіх узбуджана крымінальная справа за стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім (арт. 361-1 КК). Некаторым з іх 16 і 17 гадоў.

У верасні гэтага года Максіму Шатохіну замянілі пакаранне па памілаванні і перавялі з выхаваўчай калоніі на "хатнюю хімію". А падлеткі Данііл Калеснікаў і Максім Куксачэнка ўжо цалкам адбылі тэрміны і некалькі месяцаў таму выйшлі на волю.

Таксама вядома, што ў лютым быў асуджаны Аляксандр Належынскі, якому на момант разгляду справы было толькі 16 гадоў. Яго абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі паводле арт. 368 Крымінальнага кодэкса. А 14 чэрвеня асудзілі 17-гадовага Аляксандра Трафіменку за здзек з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 Крымінальнага кодэкса). Вынікі іх судоў праваабаронцам невядомы.

У студзені 2021 года непаўнагадовага Аляксандра Несцярука асудзілі за сарваны сцяг з Дому культуры гарадскога пасёлка Антопаль (арт. 370 Крымінальнага кодэкса). Суд пастанавіў прымяніць замест пакарання прымусовыя меры выхаваўчага характара ў выглядзе абмежавання волі на шэсць месяцаў. На момант вынясення рашэння хлопцу было 16 гадоў.

2 жніўня 2021 года суд Смаргонскага раёна вынес прысуд у дачыненні да Аляксея Краўцова, якому на той момант было 17 гадоў. Яго прызналі вінаватым у здзеку з дзяржаўных сімвалаў паводле арт. 370 Крымінальнага кодэкса і пакаралі годам "хатняй хіміі".

Усіх хлопцаў, акрамя Мікіты Залатарова і Дзяніса Хазея, МУС уключыла у "спіс экстрэмістаў".

Хворы на эпілепсію Мікіта Залатароў — 2 гады 2 месяцы і 10 дзён у зняволенні

Мікіта Залатароў

Мікіту затрымалі 11 жніўня 2020 года. Тады яму было 16 гадоў. У лютым 2021 года хлопцу прысудзілі пяць гадоў у выхаваўчай калоніі па крымінальнай справе аб «кактэйлях Молатава». Ён неаднаразова скардзіўся бацьку на катаванні — ужывалі нават электрашокер.

Ужо ў ліпені 2021 года хлопца зноў асудзілі. Яго абвінавацілі ў нападзе на супрацоўніка СІЗА-3 па арт. 364 Крымінальнага кодэкса. Паводле матэрыялаў справы, Мікіта Залатароў "наўмысна зрабіў падножку супрацоўніку СІЗА Лучкіну Н. А., у выніку чаго той упаў на падлогу, а калі падняўся, то прыхіліў Мікіту да сцяны, але падлетак схапіў Лучкіна за валасы і шыю, прычыніўшы фізічную боль і пабоі пацярпеламу, а таксама выказаў пагрозу прымянення гвалту ў адрас супрацоўніцы Хаўбок Т. Ю. і яе блізкіх". Кожны з пацярпелых супрацоўнікаў СІЗА запатрабаваў кампенсацыю ў памеры 1000 рублёў. Шляхам частковага складання раней прысуджанага тэрміну пакарання з новым, агульны тэрмін пакарання для Мікіты склаў 4,5 гады пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі.

Але ціск на гэтым не скончыўся — летам Мікіту ўзмацнілі пакаранне. Спачатку бабруйскі суддзя Павел Карцінін пастанавіў перавесці палітвязня з выхаваўчай калоніі ў папраўчую. Пры гэтым ў выхаваўчай калоніі палітвязня маглі ўтрымліваць да 21 года, але адміністрацыя бабруйскай установы вырашыла ініцыяваць яго перавод у папраўчую ўстанову адразу пасля таго, як Мікіце споўнілася 18 гадоў. 

Акрамя гэтага, Мікіту паставілі на прафулікі як "схільнага да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеянняў", а таксама як "схільнага да захопу закладнікаў і нападу на адміністрацыю". Вядома, што ў выхаваўчай калоніі № 2 адміністрацыя часта карала Мікіту "суткамі" ў дысцыплінарным ізалятары.

Ужо ў пачатку жніўня стала вядома, што суд палічыў такое пакаранне недастатковым і пастанавіў перавесці Мікіту на турэмны рэжым тэрмінам на тры гады. 


Падтрымайце Мікіту лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:

Следчая турма № 8, 222163, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22А

Мікіта Міхайлавіч Залатароў


Віталь Прохараў — 1 год 9 месяцаў і 13 дзён у зняволенні 

Жыхара Жлобіна абвінавацілі па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 (Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак)  і арт. 364 (Гвалт альбо пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў).

Згодна з абвінавачваннем, на акцыі пратэсту 10 жніўня Прохараў шпурнуў не менш за адзін камень у аўтазак, чым прычыніў матэрыяльную шкоду аўтамабілю. Хлопца затрымалі ў той жа дзень амапаўцы і моцна збілі.

Сам Прохараў на судзе казаў, што не кідаў камень, але каб “папіярыцца ў сваім інстаграме” пахваліўся, што пабіў лабавое шкло аўтазака. Гэта запісаў на мабільны яго прыяцель і выклаў у “Тэлеграм”. 8 лютага 2021 года Віталю прысудзілі два гады выхаваўчай калоніі.

У сярэдзіне студзеня 2022 стала вядома, што хлопцу адмовілі ў памілаванні.


Падтрымайце Віталя лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:

Выхаваўчая калонія № 2, 213807, г. Бабруйск, вул. Генерала Батава, 4

Віталь Аляксеевіч Прохараў


Павел Піскун — 8 месяцаў і 13 дзён у зняволенні 

Жыхара Мазыра затрымалі 8 сакавіка. Яго абвінавацілі ў тым, што 27 лютага гэтага года ён зняў на мабільны тэлефон расійскую вайсковую тэхніку і даслаў гэта відэа ў "экстрэмісцкі" тэлеграм-канал разам з суправаджальным тэкстам, у якім распавёў пра колькасць тэхнікі, напрамак яе руху і адметных асаблівасцях. 

Паводле версіі абвінавачвання, гэтымі дзеяннямі Павел Піскун аказаў садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.

У віну хлопцу ставілася і тое, што праз некалькі дзён, а менавіта 1 і 2 сакавіка, ён зноў зняў на відэа расійскую вайсковую тэхніку і зноў перадаў матэрыялы "экстрэмісцкаму" тэлеграм-каналу. Піскуна прызналі вінаватым паводле ч. 1 і 2 арт. 361-4 Крымінальнага кодэкса і прысудзілі тры гады пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.


Падтрымайце Паўла лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:

Выхаваўчая калонія № 2, 213807, г. Бабруйск, вул. Генерала Батава, 4

Павел Ігаравіч Піскун


Сяргей Гацкевіч — 1 год 8 месяцаў і 11 дзён у зняволенні

Хлопца абвінавацілі ва ўдзеле ў масавых беспарадках паводле (293 Крымінальнага кодэкса) 10 жніўня ў Брэсце.

Паводле версіі следства, падчас акцыі пратэсту ў цэнтры Брэста абвінавачаныя груба парушылі грамадскі парадак, учынілі пагромы, нанеслі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі і нагамі, рознымі прадметамі. У ход ішлі дошкі, палкі, вулічныя скрыні для смецця, фрагменты лавак, тратуарнай пліткі і асфальту, бутэлькі, камяні, металічныя балты, ёмістасці з фарбай, піратэхнічныя вырабы.

У выніку беспарадкаў, па версіі следства, пацярпелі 24 сілавікі. З іх пацярпелымі па справе прызнаныя 19 чалавек. Адзін супрацоўнік атрымаў дзве раны ў раёне вялікага пальца правай пэндзля, якія адносяцца да катэгорыі лёгкіх цялесных пашкоджанняў. У астатніх —пабоі. Акрамя таго, абвінавачаныя спрабавалі ўжыць гвалт і прычыніць цялесныя пашкоджанні яшчэ траім сілавікам, заявіў у судзе дзяржабвінаваўца.

Усяго ж па справе агульная сума нанесенай, па версіі следства, шкоды — каля 24 тысяч рублёў: пашкоджаныя 13 аўтамабіляў міліцыі, адзін аўтобус, шчыты, шлемы, бронекамізэлькі, асфальт, тратуарная плітка, лаўкі, урны, дрэвы.

10 сакавіка 2021 года ў судзе Маскоўскага раёна Брэста Сяргею і яшчэ 8 іншым фігурантам гэтай крымінальнай справы вынеслі прысуды. Сяргею прысудзілі тры гады пазбаўлення волі ў выхаваўчай калонііЯго ўзялі пад варту ў зале суда. На момант вынясення прысуду Сяргею было 17 гадоў. 


Падтрымайце Сяргея лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:

Выхаваўчая калонія № 2, 213807, г. Бабруйск, вул. Генерала Батава, 4

Сяргей Сяргеевіч Гацкевіч


Дзяніс Хазей і Эдуард Кудынюк  — 1 год і 6 месяцаў у зняволенні

Берасцейцаў таксама асудзілі за ўдзел у масавых беспарадках у Брэсце 10 жніўня. Прысуд палітвязням быў вынесены ў Ленінскім судзе Брэста 21 траўня. Дзяніса і Эдуарда асудзілі да трох гадоў выхаваўчай калоніі і ў зале суда надзелі на іх кайданкі.


Падтрымайце Эдуарда і Дзяніса лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:

Выхаваўчая калонія № 2, 213807, г. Бабруйск, вул. Генерала Батава, 4

Эдуард Мікалаевіч Кудынюк

Дзяніс Сяргеевіч Хазей


Аляксандр Вінярскі — 1 год і 8 месяцаў у зняволенні

Жыхара Брэста, які на момант затрымання і вынясення прысуду быў непаўнагадовым, 21 траўня асудзілі на тры гады выхаваўчай калоніі па артыкуле аб удзеле ў масавых беспарадках у БрэсцеДа суда Аляксандр знаходзіўся пад вартай.


Падтрымайце Аляксандра лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:

Выхаваўчая калонія № 2, 213807, г. Бабруйск, вул. Генерала Батава, 4

Аляксандр Андрэевіч Вінярскі 


Максім Імхавік і Іван Пацяйчук — 1 год 4 месяцы і 9 дзён у зняволенні

Палітвязняў асудзілі 12 ліпеня 2021 года да трох гадоў выхаваўчай калоніі па справе аб «масавых беспарадках» у Брэсце 10 жніўня. Пасля прысуду хлопцаў узялі пад варту ў зале суда. 


Падтрымайце Максіма і Івана лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:

Выхаваўчая калонія № 2, 213807, г. Бабруйск, вул. Генерала Батава, 4

Максім Вадзімавіч Імхавік

Іван Дзмітрыевіч Пацяйчук


Давід Збаранскі  — 1 год 11 месяцаў і 22 дні ў зняволенні

Давіда затрымалі 30 лістапада 2020 года адразу пасля таго, як вярнуўся з Польшчы. На момант затрымання яму было 17 гадоў. 12 ліпеня ў судзе Ленінскага раёна Брэста Збаранскага асудзілі да трох гадоў калоніі агульнага рэжыму за ўдзел у масавых беспарадках у Брэсце 10 жніўня. 13 красавіка гэтага года хлопец узяўся шлюбам з ягонай дзяўчынай Алінай. Прапанову Давід зрабіў яшчэ падчас іх спаткання ў СІЗА.


Падтрымайце Давіда лістамі салідарнасці, тэлеграмамі і паштоўкамі:

ПК № 2, 213800, г. Бабруйск, вул. Сікорскага, 1

Давід Сяргеевіч Збаранскі 


Глядзiце таксама

Праваабаронца Наталля Сацункевіч: «Задача грамадскіх назіральнікаў — прымусіць сістэму выконваць правілы»
15 красавіка 2024, 12:44
Праваабаронца Наталля Сацункевіч: «Задача грамадскіх назіральнікаў — прымусіць сістэму выконваць правілы»
Беларуская прапаганда спрабуе ачарніць і крыміналізаваць грамадскі кантроль: у прыватнасці, назіранні за выбарамі і судамі. Разам з праваабаронцай "Вясны" Наталляй Сацункевіч разбіраемся, чаму гэта — не проста цалкам законнае права, але і абавязак жыхароў краіны.
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2024 года
15 красавіка 2024, 11:37
Агляд «Вясны». Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі. Сакавік 2024 года
Савет па правах чалавека ААН сёлета 15 сакавіка апублікаваў даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх.
Агляд «Вясны». Мінімум 416 судоў: вынікі адміністратыўнага пераследу ў сакавіку 2024 года
15 красавіка 2024, 11:31
Агляд «Вясны». Мінімум 416 судоў: вынікі адміністратыўнага пераследу ў сакавіку 2024 года
Па ўсёй Беларусі штодзённа працягваюцца жорсткія затрыманні беларусаў, большасць з якіх адпраўляюць за краты паводле адміністрацыйных пратаколаў.
Сімвалічных «хросных» атрымалі палітвязні Кацярына Джыг, Таццяна Курыліна, Алег Завадскі і Юлія Лаптановіч
15 красавіка 2024, 11:13
Сімвалічных «хросных» атрымалі палітвязні Кацярына Джыг, Таццяна Курыліна, Алег Завадскі і Юлія Лаптановіч
У межах кампаніі салідарнасці #Westandbyou Дэвід Лега, Элізабэт Гётцэ, Лукас Мандл і Барбара Гізі сталі "хроснымі" Кацярыны Джыг, Таццяны Курылінай, Алега Завадскага і Юліі Лаптановіч.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці