Трэцяга сакавіка МУС заявіла, што супраць 54-гадовага менчука Андрэя Савіцкага распачатая крымінальная справа за "адмаўленне генацыду беларускага народа" (арт.130-2 Крымінальнага кодэкса). Мужчыну выставілі абвінавачванні яшчэ па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: ч.1 арт. 342 (актыўны ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак), арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і 130-1 (рэабілітацыя нацызму).
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка каментуе Закон, якім устаноўлена адказнасць за "адмаўленне генацыду беларускага народа".
Паводле МУС, мужчына ў 2020 годзе стварыў і адміністраваў групу ў сацыяльнай сетцы, дзе размяшчаў матэрыялы пратэснай тэматыкі.
"Разам з гэтым у сваіх публікацыях фігурант адмаўляў генацыд беларускага народа з боку нямецкіх захопнікаў падчас Вялікай Айчыннай вайны, рэабілітуючы фашыстаў і прыпісваючы савецкім грамадзянам злачынствы, учыненыя акупантамі", — сцвярджае МУС.
Праваабаронцы адзначалі сумнеўны характар закона, якім устаноўлена адказнасць за "адмаўленне генацыду беларускага народа". Павел Сапелка тлумачыць пазіцыю праваабаронцаў:
"Па-мойму, у гэтым законе ёсць некалькі асноўных праблем: да адказнасці могуць быць прыцягнутыя людзі, якія падзяляюць перакананні ў бесчалавечнай сутнасці і злачыннасці нацыянал-сацыялізму, агрэсіўнай палітыкі гітлераўскай Германіі і яе саюзнікаў, якія не ставяць пад сумнеў незаменны ўрон, нанесены нападам на Савецкі Саюз падчас Другой сусветнай вайны, але не згодныя з фармулёўкамі згаданага закона.
А ў законе ёсць, што крытыкаваць.
Пачаць, мабыць, варта з таго, што ён накіраваны на дачу "справядлівай ацэнкі злачынствам нацысцкіх злачынцаў і іх памагатых, нацыяналістычных фармаванняў у гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд". А гэта з'явы зусім рознага парадку: калі злачынствам нацысцкіх злачынцаў і іх асобных памагатых дадзена міжнародна прызнаная справядлівая судовая адзнака Нюрнбергскім трыбуналам, то адназначнай ацэнкі дзеянням нацыяналістычных фармаванняў, асабліва ў пасляваенны перыяд, даць немагчыма (пад пасляваенным перыядам для мэт гэтага закона разумеецца перыяд па 31 снежня 1951 г.).
Не менш спрэчным з'яўляецца паняцце "беларускага народа" як аб'екта генацыду. Пад беларускім народам для мэтаў асобна ўзятага артыкула закона разумеюцца "савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і (або) пасляваенны перыяд". Гэта тым больш дзіўнае разуменне беларускага народа ў святле таго, што яно ўключае ў сябе і асоб, якія не маюць да яго дачынення ні тэрытарыяльна, ні гістарычна, ні этнічна, ні ідэалагічна, ні культурна, ні эканамічна. Больш за тое, нават гэтыя прыкметы былі б недастатковыя: a people begins to exist only when it becomes conscious of its own identity and asserts its will to exist – "народ пачынае існаваць толькі тады, калі ён пачынае ўсведамляць сваю ўласную ідэнтычнасць і пацвярджае сваю волю да існавання".
Не выпадкова аўтары закона карыстаюцца самаробнай канструкцыяй – у канстытуцыях СССР і БССР тых гадоў не было згадкі пра народ як носьбіце суверэнітэту, адпаведна не было і яго паняцці – ні савецкага, ні беларускага (праўда, згадвалася паняцце ворага народа).
У цэлым, міжнародна прызнаныя вызначэння паняццяў "народ" і "генацыд" сфармаваліся пазней – ужо пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, што таксама не дадае прававой пэўнасці закону.
І нарэшце, агульнавядома, што кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання. Гэта права ўключае свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць усякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова ці з дапамогай друку або мастацкіх формаў выказвання, ці іншымі спосабамі па свайму выбару. Карыстанне гэтымі правамі накладае асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, такім чынам, спалучана з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўлены Законам і з'яўляцца неабходнымі: a) для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб; b) для аховы дзяржаўнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя або маральнасці насельніцтва.
Ні адна з мэтаў, прадугледжаных тут, не дасягаецца накладаннем абмежаванняў па Законе "Аб генацыдзе беларускага народа". Гэта азначае, што такія абмежаванні недапушчальныя, а ўзяцце пад варту і асуджэнне да пазбаўлення волі будзе ўяўляць з сябе адвольнае пазбаўленне волі, паколькі звязана з правамерным ажыццяўленнем права на свабоду выказвання меркаванняў, замацаванага Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах".