)
МІкалай Статкевіч. Фота Ўладзя Грыдзіна
Днямі сваякі палітзняволенага палітыка Мікалая Статкевіча атрымалі ліст ад Міністэрства ўнутраных справаў, дзе пазначана, што "Статкевіч М.В. адбывае пакаранне згодна з прысудам ад 14.12.2021". Аднак дзе менавіта знаходзіцца палітвязень — невядома ўжо два з паловай месяцы. Юрыстка "Вясны" Святлана Галаўнёва разбірае сітуацыю з Мікалаем Статкевічам згодна з нацыянальным заканадаўствам.
Паводле заяваў 11 верасня ад прэс-службы А. Лукашэнкі і ўласна А. Лукашэнкі для ТАСС былі памілаваны 52 зняволеных. Удакладнялася, што сярод памілаваных былі "лідары і члены экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацый, удзельнікі масавых беспарадкаў, прадстаўнікі экстрэмісцкіх і дэструктыўных СМІ", якія, як удакладняла прэсс-служба, "пакінулі Беларусь у той жа дзень". Але фактычна ўсіх, акрамя Мікалая, прымусова перамясцілі з месцаў зняволення на тэрыторыю Літвы. Статкевіч адмовіўся ад дэпартацыі, а па дарозе да мяжы з Літвой выбіў дзверы аўтобуса і выскачыў на нейтральнай паласе паміж краінамі. Праз некалькі гадзін ён вярнуўся на тэрыторыю Беларусі. Пазней з'явілася інфармацыя, што, імаверна, палітвязня адправілі ў глыбоцкую калонію, але пацвярджэння гэтаму да гэтага часу няма.
Юрыстка Святлана Галаўнёва адзначае, што зыходзячы з падзей таго дня і рыторыкі беларускіх уладаў, няма сумневаў, што Мікалай Статкевіч быў у ліку памілаваных. Але ён не дазволіў сябе дэпартаваць з краіны і, сыходзячы з адказу МУС, працягвае адбываць пакаранне. Такім чынам, яго памілаванне фактычна скасавана.
Пры гэтым, беларускае заканадаўства аб памілаванні не прадугледжвае магчымасці адмены памілавання, за выключэннем выпадкаў здзяйснення асобай новага злачынства на працягу неадбытага тэрміна пакарання (ч. 3 арт. 96 Крымінальнага кодэксу). Але, згодна з адказам МУС, гэта не выпадак Мікалая Статкевіча, бо ён працягвае быць зняволеным па старому прысуду.
"Таму можна канстатаваць адсутнасць якіх-небудзь прававых падставаў для далейшага пазбаўлення волі спадара Статкевіча, нават выключна на падставе нацыянальнага закону", — прыходзіць да высновы юрыстка.
)
)
)
)
)