«Калі гэта магчыма ў іншай дзяржаве, чаму гэта немагчыма ў Беларусі?» На Канферэнцыі АБСЕ абмеркавалі праблему вызвалення беларускіх палітвязняў

17 кастрычніка 2023, 08:13
«Калі гэта магчыма ў іншай дзяржаве, чаму гэта немагчыма ў Беларусі?» На Канферэнцыі АБСЕ абмеркавалі праблему вызвалення беларускіх палітвязняў

У Варшаве з 2 па 13 кастрычніка праходзіла штогадовае найбуйнейшае ў Еўропе мерапрыемства па правах чалавека і дэмакратыі — Канферэнцыя АБСЕ па чалавечым вымярэнні, піша сайт "Вясны".

 У межах яе Праваабарончы цэнтр "Вясна" 10 кастрычніка арганізаваў сайд-івэнт на тэму палітзняволеных у Беларусі і іх вызвалення. У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Вольга Гарбунова, сузнасавальніца Аб'яднання сваякоў палітвязняў і колішніх палітвязняў Таццяна Хоміч і праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка. Яны абмеркавалі агульную сітуацыю з палітвязнямі і рэпрэсіямі ў Беларусі, якія трываюць ужо больш за тры гады, а таксама шляхі іх вызвалення і спосабы падтрымкі. 

Вольга Гарбунова, Павел Сапелка і Таццяна Хоміч падчас сайд-івэнта 10 красавіка 2023 года. Фота: spring96.orgВольга Гарбунова, Павел Сапелка і Таццяна Хоміч падчас сайд-івэнта 10 красавіка 2023 года. Фота: spring96.org

"Рэжым робіць усё, каб палітвязні не былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі"

На сайд-івэнце праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавёў пра бягучую сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі і акрэсліў тэндэнцыі пераследу па палітычных матывах рэжымам Лукашэнкі:

"Ніякіх паслабленняў ці сігналаў пра тое, што ўзровень рэпрэсій спадае — няма. Беларускія ўлады рэгулярна кажуць пра тое, што яны змагаюцца з экстрэмізмам, але лічбы кажуць аб адваротным: 1750 асуджаны за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, 1650 чалавек — за "абразы" розных чыноўнікаў, Лукашэнкі, суддзяў. Гэта той кошт, які плацяць беларусы за іх імкнення да свабоды і спробы рэалізаваць свае грамадзянскія правы і свабоды".

Павел звярнуў увагу, што акрамя агульнай лічбы палітзняволеных, прызнанымі гэткімі праваабарончай супольнасцю Беларусі (па стане на 11 кастрычніка іх 1489 чалавек), яшчэ як мінімум 1200 чалавек прайшлі пасля падзей 2020 года праз зняволенне і па розных прычынах выйшлі на волю. Прадстаўніцай па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета Вольга Гарбунова дадала, што гэтыя лічбы могуць быць няпоўнымі праз тое, што людзі ў Беларусі запалоханыя і баяццца паведамляць праваабаронцам пра факт пераследу, а таксама па прычыне перашкодаў уладамі:

"Рэжым робіць усё, каб палітвязні не былі прызнаныя палітычнымі зняволенымі, каб да іх ставіліся, як да звычайных крымінальнікаў, каб яны былі пазбаўленыя ўсялякай салідарнасці і падтрымкі, каб не дапамагалі іх сям'ям, а па выхадзе [заўвага — з месцаў пазбаўлення волі] яшчэ б не атрымалі ніякай рэабілітацыі, кампенсацыі і прызнання, што яны не здзяйснялі ніякіх злачынстваў".

"Гэта сотні людзей і ў кожнага сур'ёзныя абставіны"

Вольга Гарбунова, якая цяпер з'яўляецца прадстаўніцай па сацыяльнай палітыцы Аб'яднанага пераходнага кабінета, сама прайшла праз беларускія ізалятары, статус палітзняволенай і эвакуацыю з Беларусі з нелегальным перасячэннем беларуска-літоўскай мяжы. Падчас выступу на сайд-івэнце яна спасылалася і на ўласны досвед:

"Я былая палітзняволеная, і часта кажу, што пачуццё віны — мая галоўная матывацыя і рухаючая сіла. Я не збіралася займацца ўсім тым, чым займаюся цяпер, калі б не ўсе тыя людзі, якіх я ведаю асабіста і якія цяпер знаходзяцца там [заўвага — у турмах]".

Яна распавяла, што сотням людзей з ліку палітвязняў па стане здароўя па гуманітарных падставах цяпер наўпрост небяспечна знаходзіцца ў месцах зняволення. Гэтыя людзі рызыкуюць беззвартона згубіць здароўе і нават жыццё. Сярод іх  людзі сталага ўзросту, людзі з інваліднасцю і цяжкімі захворваннямі, шматдзетныя бацькі, прадстаўнікі ЛГБТК+ супольнасці, ветэраны войн ды іншыя.

"Я зараз прывяду прыклады медычных патрэбаў нашых палітвязняў: некаторым патрэбныя тэрміновыя аперацыі, у тым ліку па транспартацыі органаў, некроз суставаў, цяжкія стадыі анказахворванняў, інфаркт, інсульт, астма, страта зроку і слыху, цукровы дыябет, пухліна галаўнога мозгу, сухоты, прабадныя язвы... Гэта сотні людзей і ў кожнага сур'ёзныя абставіны".

Вольга Гарбунова ўзгадала гісторыі загінулых у калоніях пінскага блогера Мікалая Клімовіча і мастака Алеся Пушкіна. Прадстаўніца Кабінета прыйшла ў цішотцы з надпісам "Свабоду Галіне Дзербыш" і партрэтам палітзняволенай па "справе Аўтуховіча", асуджанай да 20 гадоў калоніі. Яна распавяла гісторыю Галіны, звярнуўшы ўвагу на яе праблемы са здароўем:

"Можна было б сказаць, што рэжым столькі не працягне — 20 гадоў, але справа ў тым, што ў Галіны ў яе 61 год анкалогія і вялікія праблемы з сэрцам. Знаходзячыся каля двух гадоў у СІЗА, адзін год з іх яна правяла ў адзіночнай камеры, і ёй аніразу не рабілі абследванне, не дапускалі медыкаў за гэты час. Па сутнасці, даць 20 гадоў за злачынства, якое яна не здзяйсняла, — гэта пажыццёвы тэрмін".

Таццяна Хоміч звярнула ўвагу на тое, што некаторых палітвязняў, у тым ліку Марыю Калеснікаву, утрымліваюць у рэжыме інкамунікада без сувязі са знешнім светам. Гэта варта расцэньваць як катаванні.

"Уся сістэма працуе на фізічнае знішчэнне і прыгнечанне маральнага духа"

Прадстаўніца Кабінета звярнула ўвагу на вялікія тэрміны прэвентыўнага надгляду, што па сутнасці з'яўляецца татальным катролем, пра прымусовыя працы на шкоднай вытворчасці, да якіх прыцягваюцца, у тым ліку, палітвязні з гуманітарнага спісу, а таксама пераслед у калоніях палітвязняў на прыкладзе Паліны Шарэнды-Панасюк.

"Уся сістэма [заўвага — пенітэнцыярная] пабудавана такім чынам, што працуе на фізічнае знішчэнне і прыгнечанне маральнага духа. Бо калі мы кажам, што з 29 красавіка гэтага года ў следчых ізалятарах па ўсёй краіне забаранілі прымаць медычныя прэпараты замежнага паходжання, то што гэта, калі не катаванне? Калі бы я асабіста сядзела ў СІЗА шэсць месяцаў без сваіх гармонаў, мне было бы вельмі цяжка. У каго ёсць нейкія дыягназы, то ведаем, што мы гадамі падбіраем лекі і неабходныя дазіроўкі. Беларускія гармоны мне не падыходзяць. Яны прыкрываюцца тым, што нібыта могуць забяспечыць патрэбы палітвязняў. Але ж колькі палітвязняў знаходзіцца ў крытычнай залежнасці ад гэтых лекаў [замежнага паходжання]? Усё зроблена наўмысна — не трэба думаць, што ўсё зроблена выпадкова ці гэта непрадуманнае рашэнне", — кажа Вольга Гарбунова.

"Нават з Пуціным цяпер вядуцца перамовы па вызваленні ваеннапалонных"

Прадстаўніца Кабінета распавяла, што яны збіраюць досвед і кансультуюцца ў краінах, дзе была падобная праблема па вызваленні палітвязняў:

"Гэта такія краіны, як Нікарагуа, Куба, Афганістан, Іран, Украіна. Таксама мы збіраем інфармацыю пра вызваленне палітвязняў у Беларусі з 2020 года. Такіх кейсаў у нас мінімум 34. Кейсы вызвалення палітвязняў у Беларусі ёсць, а значыць гэта магчыма. Кейсы ў падобных крызісных сітуацыях ёсць на гэтай планеце — калі гэта магчыма ў нейкай іншай дзяржаве, чаму гэта немагчыма ў Беларусі? Я разумею, што ў нас ускладняецца кантэкст, звязаны з геапалітычнай сітуацыяй, калі рэжым Лукашэнка прыняў рашэнне быць саўдзельнікам вайны, якую распачала Расея ва Украіне. Я разумею, што ў нас розныя сітуацыі, але я не ўпэўнена тады, што мы можам казаць нашым палітзняволеным, што мы зрабілі ўсё, што змаглі, але ў нас не атрымалася. Таму нам вельмі патрэбная падтрымка міжнароднай супольнасці, у якой ёсць пэўны досвед, у тым ліку быць пасярэднікамі ў падобных канфліктах. Варта разумець, што палітзняволеныя ў Беларусі нічым не адрозніваюцца ад палітзняволеных у любой іншай краіне свету. Часта можна пачуць, што лёс палітвязняў Беларусі вырашыцца на палях Украіны, калі яна пераможа, то і ў Беларусі адбудуцца карэнныя змены і нашы палітвязні выйдуць на волю. Але тады я думаю пра тое, што нават з Пуціным цяпер вядуцца перамовы па вызваленні ваеннапалонных, нават калі бамбяць гарады і забіваюць мірнае насельніцтва. Але ёсць нейкія сілы і працэсы, каб выратоўваць і выцягваць людзей. Перамоўны працэс не з'яўляецца часткай палітыкі, а ёсць часткай выратавання людзей".

"Мы адказныя за ўмовы ўтрымання палітзняволеных і сітуацыю з матэрыальным становішчам іх сем'яў"

Вольга Гарбунова і Павел Сапелка падчас сайд-івэнту 10 красавіка 2023 года. Фота: spring96.orgВольга Гарбунова і Павел Сапелка падчас сайд-івэнту 10 красавіка 2023 года. Фота: spring96.org

Таксама Вольга Гарбунова падкрэсліла, што пры гэтым вельмі важна падтрымліваць грамадзянскую супольнасць, бо толькі адзінкі арганізацый і ініцыятываў, якія дапамагаюць асуджаным па палітычным матывам і былым палітзняволеным.

"Катастрофа ў нашай краіне нікуды не знікла. Яна працягваецца тры гады і ўсё робіцца толькі горш. Але мы нікуды не зніклі. Гэта рэальна жывыя людзі, якія сядзяць".

Павел Сапелка нагадаў пра пераслед праваабаронцаў у Беларусі, у прыватнасці пра палітзняволеных сябраў і валанцёраў "Вясны" Алеся Бяляцкага, Валянціна Стэфановіча, Уладзя Лабковіча, Марфы Рабковай, Андрэя Чапюка, а таксама праваабаронцу Насту Лойку.

"Мы ведаем, што, калі мы і не дасягаем асноўнай мэты [заўвага — вызвалення палітвязняў], мы ўсё роўна адказныя за ўмовы ўтрымання палітзняволеных, сітуацыю з матэрыальным становішчам іх сем'яў. Для гэтага нам патрэбная сур'ёзная падтрымка, у тым ліку дэмакратычных урадаў".

Прадстаўніца Кабінета выказала падзяку тым, хто прыйшоў на сайд-івэнт пра палітвязняў і распавяла пра зніжэнне зацікаўленасці да тэмы палітзняволеных у Беларусі:

"Мне вельмі сумна, бо я тут не бачу ні беларускіх палітыкаў, ні беларускіх СМІ. Беларускае грамадства, у тым ліку прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, будучы перакананымі, што мы не можам паўплываць на гэтую сітуацыю і змяніць паводзіны аўтарытарнага рэжыма, якія знішчае палітзняволеных ужо сёння ў некалькіх ста кіламетраў адсюль, напэўна, вырашылі, што гэта сітуацыя нейкага бяссілля і расчаравання. Мы бачым нізкую зацікаўленасць і матывацыю ў тым, каб наведваць такія сустрэчы, дапамагаць нам адвакатаваць гэтую праблему, каб нарошчваць нейкія ўзаемадзеянне і ўплыў у гэтым пытанні. Сёння актыўных людзей, якія нешта прадпрымаюць, няшмат".

"Многія палітвязні наўпрост могуць не дажыць да часу вызвалення"

Праваабаронца "Вясны" зазначыў, што меры, якія могуць прывесці да вызвалення палітзняволеных у Беларусі, патрабуюць пастаяннага перагляду і варта рэгулярна пераацэньваць становішча, у якім знаходзяцца беларускія ўлады і дзяржавы, якія могуць стаць пасярэднікамі. Таццяна Хоміч прапанавала місіі АБСЕ па магчымасці атрымаць мандат на маніторынг беларускіх турмаў і калоній, як публічна, так і непублічна. Яна прапанавала прасоўваць гэтае пытанне з прыцягненнем такіх міжнародных арганізацый, як "Чырвоны крыж" і "Лекары без межаў". Акрамя гэтага, адным з этапаў вызвалення палітвязняў Беларусі, на погляд Таццяны Хоміч, можа стаць стварэнне дыялогавай пляцоўкі на базе АБСЕ, дзе будуць удзельнічаць прадстаўнікі дзеючай беларускай улады, дэмакратычных сілаў і дзяржаваў-удзельніц АБСЕ. Яна падкрэсліла, што небходна шукаць стратэгіі і тактыкі вызвалення палітвязняў Беларусі:

"Гэта складаная задача. Многія кажуць, што цяпер не час. Не, цяпер самы час, таму што многія палітвязні наўпрост могуць не дажыць да часу вызвалення.

Многія з вас прадстаўляюць тыя краіны, у якіх праблема палітвязняў была, хоць даўно ў мінулым, але была. І нават у тыя цёмныя часы знаходзілі спосабы вызвалення людзей. Заходнія краіны спрабавалі гэта рабіць пры любых умовах. Трэба абмяркоўваць магчымыя тактыкі і сцэнары перамоваў. Цяпер можа пра гэта складана размаўляць, але да гэтага трэба рыхтавацца, бо гэта вельмі доўгі працэс", — звярнулася Таццяна Хоміч да ўдзельнікаў Канферэнцыі АБСЕ.


Канферэнцыю па чалавечым вымярэнні штогод арганізуе Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ). Яна праводзіцца ўжо ў 27-мы раз.

Арыгінальная публікацыя на сайце "Вясны"

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 верасня 2024, 14:30
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці