«Указ зʼёсць часткай наўмыснай палітыкі пакарання беларусаў у выгнанні». ААН выступіла з заявай з нагоды новых пашпартных абмежаванняў

25 верасня 2023, 11:01
«Указ зʼёсць часткай наўмыснай палітыкі пакарання беларусаў у выгнанні». ААН выступіла з заявай з нагоды новых пашпартных абмежаванняў

Арганізацыя Абʼяднаных Нацый 20 верасня выступіла з заявай з нагоды забароны на выдачу беларускіх пашпартоў за мяжой. У ім арганізацыя заклікала дзяржавы-сябры ААН не дэпартаваць беларусаў па заканчэнні тэрміну дзеяння іх пашпартоў і садзейнічаць атрыманню альтэрнатыўных праязных дакументаў і пасведчанняў асобы, якія гарантуюць беларусам, што не могуць бяспечна вярнуцца на радзіму, доступ да асноўных паслуг і свабоду перамяшчэння, піша "Вясна".

Нагадаем, з 7 верасня афіцыйна ўвайшоў у дзеянне ўказ Аляксандра Лукашэнкі, згодна з якім дыпмісіі больш не будуць выдаваць пашпарты і афармляць некаторыя іншыя дакументы беларусам замежжа. Для атрымання, абмену або падаўжэння тэрміну дзеяння пашпарта прыйдзецца ехаць у Беларусь.

"Указ закране ў першую чаргу тых, хто быў вымушаны бегчы з краіны праз масавыя рэпрэсіі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, уключна з мірнымі пратэстоўцамі. Яны не могуць бяспечна вярнуцца ў Беларусь", – заявілі эксперты ў ААН. – Па сутнасці гэты ўказ уяўляе сабой злоўжыванне мерамі бяспекі і зʼяўляецца часткай наўмыснай палітыкі пакарання беларусаў у выгнанні, уключна з праваабаронцамі, журналістамі і прадстаўнікамі апазіцыі, за іх меркаваную палітычную нелаяльнасць".

"Калі гэтыя людзі вернуцца ў Беларусь, яны будуць мець высокую рызыку пераследаў", – заявілі эксперты, заклікаўшы беларускія ўлады адклікаць указ і пачаць аказваць консульскія паслугі ў адпаведнасці з Венскай канвенцыяй аб консульскіх зносінах 1963 года.

Эксперты ААН папярэджваюць, што гэтая мера ўвядзе дадатковыя абмежаванні ў дачыненні да правоў беларусаў, якія не могуць вярнуцца на радзіму, уключна з правам на рэгістрацыю нараджэння і наданнем грамадзянства дзецям, што нарадзіліся за мяжой. Гэты ўказ дыскрымінуе ўсіх беларусаў, якія пражываюць за мяжой, негатыўна ўплывае на іх права на адукацыю, ахову здароўя, уступленне ў шлюб, свабоду перамяшчэння і доступ да правасуддзя ў краінах, якія іх прымаюць.

"Мы заклікаем дзяржавы-чальцы ААН не дэпартаваць беларускіх грамадзян, якія асцерагаюцца пераследаў на той падставе, што тэрмін дзеяння іх пашпартоў скончыўся або яны былі прызнаныя несапраўднымі ў выніку карнага пазбаўлення грамадзянства", – заявілі эксперты.

Яны таксама заклікалі дзяржавы-сябры ААН садзейнічаць, у адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі, атрыманню альтэрнатыўных праязных дакументаў і пасведчанняў асобы, якія гарантуюць беларусам, што не могуць бяспечна вярнуцца на радзіму, доступ да асноўных паслуг і свабоду перамяшчэння.

Пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года беларускія ўлады арыштавалі больш за 35 000 чалавек падчас масавага падаўлення пратэстаў, якія ў большасці сваёй насілі мірны характар. Многіх катавалі падчас утрымання пад вартай, і больш за 1 500 чалавек застаюцца ў зняволенні па палітычна матываваных абвінавачваннях. Паводле некаторых ацэнак, ад 200 000 да 1 мільёна беларусаў жывуць у выгнанні пасля таго, як былі вымушаныя бегчы ад рэпрэсій, пагрозаў і запалохвання.

Эксперты раней выказвалі ўраду Беларусі занепакоенасць палітыкай уладаў у адносінах да беларусаў у выгнанні.

Публікуецца паводле сайту "Вясны"

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
18 верасня 2024, 14:30
Павел Сапелка аб прызнанні віны пры памілаванні
Праваабаронца "Вясны" Павел Сапелка распавядае, што значыць прызнанне віны пры памілаванні і ці будзе ўлічвацца гэты фактар пры рэабілітацыі палітвязняў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці