Выбары*2024. Аналітычная справаздача аб утварэнні ўчастковых камісій

31 студзеня 2024, 16:55
Выбары*2024. Аналітычная справаздача аб утварэнні ўчастковых камісій

Экспертная місія па назіранні за выбарамі*2024  арганізаваная Беларускім Хельсінкскім камітэтам і ПЦ "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары". Місія збірае і аналізуе інфармацыю аб выбарчай кампаніі па адкрытых крыніцах і паведамленнях ад выбаршчыкаў з Беларусі. 

ВЫСНОВА:

  • 25 студзеня 2024 г. скончылася фармаванне ўчастковых выбарчых камісій (УВК), якія з'яўляюцца важным суб'ектам выбарчага працэсу: яны непасрэдна арганізуюць і праводзяць галасаванне і падлік галасоў. Праз адначасовае правядзенне парламенцкіх і мясцовых выбараў*, адзіныя УВК будуць выкарыстоўвацца для абедзвюх кампаній.

  • Агулам было ўтворана 5 411 УВК (на 374 менш, чым на мінулых парламенцкіх выбарах і на 459 менш, чым на мінулых мясцовых выбарах). У іх склад увайшло 57 233 чалавекі. Скарачэнне колькасці УВК ды іх складу разам з падвышэннем нагрузкі (адзіны дзень галасавання для парламенцкіх і мясцовых выбараў*) можа сведчыць аб упэўненасці ў адміністрацыйнай кантраляванасці ўсіх працэсаў, а таксама ў нізкай палітычнай актыўнасці выбаршчыкаў і нізкай яўцы (на фоне адтоку насельніцтва), і аб жаданні ўладаў уключыць у камісіі выключна лаяльных людзей.

  • Утварэнне УВК (як і іншыя этапы выбараў*2024) праходзяць без незалежнага назірання, таму працэдурныя аспекты фармавання УВК застаюцца без грамадскага кантролю. Напрыклад, няма інфармацыі пра спробы азнаёміцца з матэрыяламі вылучэння ў склад УВК (пратаколамі сходаў адпаведных структур палітычных партый, грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў, заяў грамадзян); няма інфармацыі пра тое, як адбываўся працэс абмеркавання і галасавання па прэтэндэнтах у склад УВК.

  • Рэзка абмежаванае кола суб'ектаў, якія вылучалі сваіх прадстаўнікоў у склад УВК (у выніку рэпрэсій катастрафічна скарацілася колькасць грамадскіх аб'яднанняў; пасля перарэгістрацыі з 16 засталіся толькі 4 праўладныя палітычныя партыі).

  • Прадстаўнікі 4 палітычных партый занялі 4 763 (8,3%) месцаў ва УВК. Прадстаўнікі найбуйнейшых праўладных грамадскіх аб'яднанняў, якія маюць з 2023 г. заканадаўча замацаваны асаблівы статус набліжанасці да дзяржавы, занялі 27 880 (48,7%) месцаў.

  • Гэтак жа як і ў выпадку з тэрытарыяльнымі і акруговымі камісіямі, захоўваецца гендарная дыспрапорцыя: доля жанчын (74,7%) у складзе УВК значна перавышае долю мужчын (25,3%).7. Абноўленае заканадаўства дазваляе не публікаваць пайменныя спісы сябраў УВК, што значна ўскладняе магчымасць ацаніць спецыфіку складу УВК, у прыватнасці тое, наколькі захоўваецца ўжо звыклы "вытворчы прынцып" фармавання выбарчых камісій, калі сябры камісіі прадстаўляюць адзін і той жа працоўны калектыў, а іх непасрэдныя начальнікі з'яўляюцца старшынямі гэтых выбарчых камісій.

  • Практычна поўная адсутнасць інфармацыі пра этап фармавання УВК ды правах і магчымасцях, звязаных з ім, адрасаванай шырокаму колу выбаршчыкаў, паказвае поўную незацікаўленасць уладаў у рэальным удзеле грамадзян у выбарчых працэсах і пацвердзіла курс на абсалютны кантроль уладамі над усімі этапамі выбараў*2024.


Для мэтаў дакументаў кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" тэрмін "выбары*" у дачыненні да выбарчай кампаніі–2024 выкарыстоўваецца з зорачкай, каб падкрэсліць умоўны характар гэтага тэрміна, бо любая свабодная і справядлівая выбарчая кампанія прадугледжвае, перш за ўсё, умовы, калі ў поўнай меры рэалізуюцца правы і свабоды, уключна з свабодай слова, свабодай мірных сходаў і асацыяцый, правам удзельнічаць у кіраванні сваёй дзяржавай, свабодай ад дыскрымінацыі, што ў цяперашні час у Беларусі практычна адсутнічае.

"Праваабаронцы за свбодныя выбары"

ЦАЛКАМ СПРАВАЗДАЧА Ў ПДФ ТУТ

Глядзiце таксама

«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
07 кастрычніка 2024, 09:07
«І вы гатовыя даць гэтым судам права пазбаўляць жыцця?» У Варшаве паглядзелі фільм пра смяротнае пакаранне
Дыскусія і паказ фільма "Жыццё Дэвіда Гейла" прайшлі ў Беларускім Моладзевым Хабе, што ў Варшаве.
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
30 верасня 2024, 14:08
«Антывестэрнізм, затыканне дзірак ды рэпрэсіўная нага». Агляд БХК
Эксперты БХК апублікавалі новы агляд трэндаў дзяржаўнай палітыкі.
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
19 верасня 2024, 15:12
«Мы вернемся ў краіну разам з канстытуцыйнай законнасцю»: Леаніда Судаленку шукае беларуская міліцыя
Асуджанага завочна праваабаронцу Леаніда Судаленку абвясцілі ў вышук у Беларусі. Ягонае фота з’явілася на гомельскіх стэндах «Іх шукае міліцыя».
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
19 верасня 2024, 14:59
Трое новых «хросных» з Германіі для палітвязняў у Беларусі
У межах кампаніі #WeStandBYyou Петэр Хайдт, Луіза Ліцына-Бадэ і Бруна Хенэль сталі "хроснымі" Аляксея Бародкі, Сяргея Шамецькі і Чэслава Канановіча.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці