)
Ілюстрацыя: Місіі і/або камісіі па краінах на сусветнай карце свету
У 2024 годзе Рада па правах чалавека ААН стварыла Групу незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі (Group of Independent Experts on the Human Rights Situation in Belarus, або GIE Belarus) — механізм, які дагэтуль у Еўропе ўжываўся толькі ў выключных выпадках.
Падобныя групы, камісіі і / або місіі ААН ствараюцца тады, калі маюцца абгрунтаваныя звесткі аб масавых ды сістэмных парушэннях правоў чалавека, а нацыянальныя механізмы абароны і расследавання фактычна не працуюць або выкарыстоўваюцца для ўтойвання злачынстваў.
Беларусь — не першы прыклад. За апошнія дзесяцігоддзі аналагічныя механізмы дзейнічалі ў дачыненні да Югаславіі, Руанды, Сірыі, М'янмы, Венесуэлы... У шэрагу выпадкаў менавіта праца такіх механізмаў стала асновай для міжнародных трыбуналаў і крымінальных справаў супраць канкрэтных службовых асоб.
Якой была гісторыя падобных механізмаў у свеце і як у міжнародны кантэкст упісваецца кейс Беларусі? Што ўяўляе сабой Група незалежных экспертаў па Беларусі? Чым яна адрозніваецца ад іншых місій ААН? Пра гэта — у матэрыяле "Вясны".
Існуюць Падначаленыя Радзе па правах чалавека Расследавальныя Органы (Human Rights Council-mandated Investigative Bodies). Gie Belarus – адзін з такіх механізмаў. Ёсць таксама міжнародныя камісіі па расследаванні, місіі па высвятленні фактаў (International Commissions of Inquiry, Fact-finding Missions). Яны бяруць свой пачатак яшчэ да стварэння Рады па правах чалавека ў 2006 годзе. Акрамя Рады па правах чалавека і яе папярэдніцы, Камісіі па правах чалавека, такія органы могуць стварацца Радай Бяспекі, Генеральнай Асамблеяй, Генеральным сакратаром, Вярхоўным Камісарам па правах чалавека.
Gie Belarus была створана менавіта Радай па правах чалавека. Але пра яе — пазней.
Для чаго ствараюцца такія механізмы?
"Следчыя органы [...] усё часцей выкарыстоўваюцца для рэагавання на сітуацыі, звязаныя з сур'ёзнымі парушэннямі міжнароднага гуманітарнага права і міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, нават зацяжныя або такія, што ўзнікаюць у выніку раптоўных падзей, а таксама для заахвочвання прыцягнення да адказнасці і барацьбы з беспакаранасцю", — гаворыцца на сайце ААН.
Важна адзначыць, што фраза: "...а таксама для заахвочвання прыцягнення да адказнасці ды барацьбы з беспакаранасцю" на сайце ААН перакладаецца як "and to promote accountability and counter impunity". Пра тое, што такое accountability і чаму гэтае слова так складана перакласці на рускую і беларускую мовы, "Вясна" распавядала тут.
Следчыя органы прынялі шматлікія формы, уключна з місіямі па высвятленні фактаў і камісіі па расследаванні. Большасць з іх былі створаны для расследавання меркаваных парушэнняў у канкрэтных краінах.
Што гэта за краіны? Прапануем адправіцца ў вандроўку па рэгіёнах свету.
Храналагічна першы падобны механізм бярэ свой пачатак у 1963 годзе: тады ўзнікае місія ААН па вызначэнні фактаў у Паўднёвым В'етнаме для высвятлення фактаў аб становішчы ў гэтай краіне ў дачыненні да адносінаў паміж урадам Рэспублікі В'етнам і в'етнамскай будыйскай суполкай. І толькі праз 10 гадоў, у 1973 годзе, ствараецца Камісія па расследаванні паведамленняў аб масавых забойствах у Мазамбіку. Але ўжо праз два гады — Спецыяльная працоўная група па расследаванні становішча ў галіне правоў чалавека ў Чылі.
Магчыма, аднымі з самых вядомых з'яўляюцца Камісія экспертаў па расследаванні становішча ў былой Югаславіі, створаная ў 1992 годзе, а таксама створаная ў 1994 годзе Камісія экспертаў для вывучэння і аналізу паведамленняў аб тым, што ў Руандзе здзяйсняюцца сістэматычныя, шырока распаўсюджаныя і абуральныя парушэнні міжнароднага гуманітарнага права, уключна з актамі генацыду.
Цікавым таксама з'яўляецца і факт адпраўкі ў 2017 годзе місіі УВКПЧ у Бангладэш для інтэрв'ю з рахінджа, якія заехалі ў Бангладэш з паўночнага штата Ракхайн (М'янма) пасля нападаў 9 кастрычніка 2016 года. У тым жа годзе была створана Незалежная міжнародная місія па вызначэнні фактаў у М'янме, а праз год, у 2018, бярэ свой пачатак Незалежны следчы механізм для М'янмы. Пра тое, як звязаныя сітуацыя М'янма-Бангладэш і Літва-Беларусь, "Вясна" пісала тут.
Мандаты некаторых місій падаўжаліся неаднаразова. Напрыклад, так было з Венесуэлай. 27 верасня 2019 года рэзалюцыяй Рады па правах чалавека была створана Незалежная міжнародная місія па вызначэнні фактаў у дачыненні да Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла. Сярод яе паўнамоцтваў — "расследаваць грубыя парушэнні правоў чалавека, уключна з пазасудовымі пакараннямі смерцю, гвалтоўнымі знікненнямі, адвольнымі затрыманнямі, катаваннямі ды іншымі жорсткімі, бесчалавечнымі або прыніжальнымі годнасць відамі абыходжання, у тым ліку сексуальны і гендарны гвалт, што здзяйсняліся з 2014 года", а таксама "садзейнічанне барацьбе з беспакаранасцю і забеспячэнне поўнай адказнасці вінаватых і адпраўлення правасуддзя для ахвяр" ("help to combat impunity and ensure full accountability for perpetrators and justice for victims"). Праз год, у 2020, мандат Незалежнай міжнароднай місіі быў падоўжаны на адзін год. Апошні раз яе мандат працягваўся 7 кастрычніка 2022 года. У тым жа годзе Незалежная місія апублікавала свой даклад, у якім сказала:
"Становішча з правамі чалавека ў Баліварыянскай Рэспубліцы Венесуэла застаецца цяжкім. Краіна перажыла дзесяцігоддзе гуманітарных, сацыяльных, эканамічных і праваабарончых крызісаў, якія суправаджаліся распадам дзяржаўных інстытутаў, ускладненых уздзеяннем пандэміі COVID-19. Яскравым доказам гэтага з'яўляюцца больш за шэсць мільёнаў чалавек, што былі вымушаныя пакінуць краіну".
Іншы прыклад звязаны з Сірыйскай Арабскай Рэспублікай. Туды ў 2011 годзе адправілася місія УВКПЧ па вызначэнні фактаў. У тым жа годзе была створана Незалежная міжнародная камісія па расследаванні падзей у Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы. У 2012 годзе яе мандат быў падоўжаны на адзін год. У 2013, 2014 і 2015 гадах яе мандат таксама падаўжаўся. А ў 2016 годзе створаны Міжнародны, бесстаронні ды незалежны механізм для аказання дапамогі ў расследаванні і судовым пераследзе асоб, адказных за найбольш цяжкія злачынства паводле міжнароднага права, учыненых у Сірыйскай Арабскай Рэспубліцы з сакавіка 2011 года. Мандат гэтага Механізму ўключае ў сябе дзве асноўныя задачы: "збор, кансалідацыю, захаванне і аналіз доказаў парушэнняў міжнароднага гуманітарнага права і міжнароднага права ў галіне правоў чалавека; і падрыхтоўка дасье ў мэтах палягчэння і паскарэння справядлівага і незалежнага крымінальнага судаводства ў адпаведнасці са стандартамі міжнароднага права ў нацыянальных, рэгіянальных або міжнародных судах або трыбуналах, якія маюць або могуць у будучыні валодаць юрысдыкцыяй у дачыненні да гэтых злачынстваў у адпаведнасці з міжнародным правам".
Храналагічна апошняй была створаная ў 2025 годзе Місія УВКПЧ па вызначэнні фактаў у дачыненні да становішча ў правінцыях Паўднёвая і Паўночная Ківу Дэмакратычнай Рэспублікі Конга (кантэкст— эскалацыя баявых дзеянняў у правінцыях Паўночнае Ківу і Паўднёвае Ківу ў студзені 2025 года). У 2023 годзе была створана незалежная міжнародная місія па вызначэнні фактаў у Судане (кантэкст — узброены канфлікт, які пачаўся 15 красавіка 2023 года паміж суданскімі ўзброенымі сіламі і сіламі хуткай падтрымкі, а таксама іншымі бакамі, што ваявалі). А ў 2024 створана Група незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Перадгісторыя яе стварэння была такая:
у 2021 годзе Упраўленне Вярхоўнага Камісара па правах чалавека разгледзела становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Таксама выйшла Рэзалюцыя Рады правоў чалавека 46/20: Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх (29 сакавіка 2021 года)
У тым жа годзе УВКПЧ разгледзела становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. Прэс-рэліз УВКПЧ датаваны 19 мая 2021 года:
"Мінулы год адзначыўся ярка выяўленай даўняй і хранічнай заканамернасцю сістэмных парушэнняў у Беларусі, што ўзмацнілася ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў і пасля іх, пры гэтым асноўныя свабоды рэгулярна адмаўлялі", — сказала тады Вярхоўная Камісарка ААН Мішэль Бачэлет.
У 2022 годзе УВКПЧ разгледзела становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, а менавіта даклад Рады па правах чалавека A/HRC/49/71, Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля яго (ад 4 сакавіка 2022 года).
У 2024 годзе бярэ свой пачатак існаванне Групы незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі (важна падкрэсліць, што ў 2021 годзе яна была дапаможным органам Вярхоўнага Камісара ААН, але з 2024 пачала дзейнічаць незалежна і выступаць ад свайго імя).
Геаграфія місій па вызначэнні фактаў і/або камісій па расследаванні — шырокая, яна закранае ўсе рэгіёны свету.
Мабыць, самым "актыўным" рэгіёнам тут з'яўляецца Афрыка. Падобныя місіі і/або камісіі ўзнікалі ў адносінах да наступных краін: Бурундзі, Цэнтральнаафрыканская Рэспубліка, Кот-д'івуар, Судан (а менавіта Дарфур), Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Эфіопія, Эрытрэя, Гвінея, Кенія, Ліберыя, Лівія, Малі, Мазамбік, Руанда (згаданая вышэй), Паўднёвы Судан, Тога, Заходняя Сахара. А адна з місій закранула адразу чатыры краіны — Камерун, Чад, Нігер і Нігерыю: місія па вызначэнні фактаў УВКПЧ па расследаванні зверстваў, учыненых тэрарыстычнай групоўкай Бока Харам, ды іх уплыву на правы чалавека ў пацярпелых дзяржавах.
У Амерыцы падобныя місіі і/або камісіі ствараліся ў адносінах да Чылі (у 1975 годзе), Кубе (1988 год), Гватэмале (1997 год), Гандурас (2009 год), Калумбіі (2002 год), згаданай вышэй Венесуэле (2019 год) і Нікарагуа (2022 год). Напрыклад, для апошняй створана Група экспертаў па правах чалавека ў Нікарагуа. Яе мандат ўключае ў сябе мэту "праводзіць дбайныя і незалежныя расследавання ўсіх меркаваных парушэнняў правоў чалавека і злоўжыванняў, учыненых у Нікарагуа з красавіка 2018 года". Зазірнем падрабязней у Даклад Групы экспертаў па правах чалавека ў Нікарагуа ад 24 лютага 2025 года:
"Група экспертаў вылучыла чатыры асноўныя этапы рэпрэсій з красавіка 2018 года:
Першы этап (2018-2020 гады) характарызаваўся жорсткім і надмерным уціскам масавых законных пратэстаў, што сведчыла аб рэпрэсіўных настроях і першапачатковай негатоўнасці рэагаваць на сацыяльную незадаволенасць і патрабаванні. [...] Улады арыштавалі ды пераследвалі ў судовым парадку сотні пратэстоўцаў ды іншых рэальных або меркаваных апанентаў. Яны таксама пераследвалі вядомыя няўрадавыя арганізацыі і незалежныя СМІ. У чэрвені 2019 года Нацыянальная Асамблея прыняла закон аб амністыі, які забяспечвае беспакаранасць вінаватых у сур'ёзных парушэннях правоў чалавека. Асамблея таксама прыняла іншыя законы, якія абмяжоўваюць правы чалавека. Баючыся рэпрэсій і турэмнага зняволення, нікарагуанцы пачалі пакідаць краіну.
Другі этап (2021 год) характарызаваўся ўзмацненнем мэтанакіраваных рэпрэсій, асабліва адвольных затрыманняў і беспадстаўных пераследаў, з мэтай забяспечыць перавыбранне прэзідэнта Артэгі. [...] Колькасць нікарагуанцаў, якія шукаюць прытулку за мяжой, рэзка ўзрасла.
На трэцім этапе (2022 год) урад падвоіў намаганні па ліквідацыі ўсіх рэшткаў палітычнай апазіцыі напярэдадні лістападаўскіх муніцыпальных выбараў. [...] Улады паскорылі ліквідацыю грамадзянскай прасторы, ануляваўшы юрыдычны статус тысяч некамерцыйных арганізацый, уключна з прыватнымі ўніверсітэтамі, ліквідавалі яшчэ больш незалежных СМІ.Чацвёрты этап (2023 год — цяперашні час) характарызуецца захадамі, накіраванымі на ліквідацыю любой крытыкі і ўмацаванне абсалютнага кантролю выканаўчай улады над усімі дзяржаўнымі структурамі і насельніцтвам. Улады выслалі або забаранілі ўезд у краіну сотням нікарагуанцаў і адвольна пазбавілі сотні людзей грамадзянства. Улады яшчэ больш разбурылі грамадзянскую прастору, ануляваўшы юрыдычны статус яшчэ сотняў некамерцыйных арганізацый".
Азія ды Ціхаакіянскі рэгіён таксама мае краіны, у адносінах да якіх ствараліся механізмы або місіі. Храналагічна першай тут быў згаданы вышэй В'етнам (1963 год), затым — Абхазія, Грузія (1993 год, калі Генеральны сакратар ААН вырашыў накіраваць місію па вызначэнні фактаў для расследавання сітуацыі з парушэннямі правоў чалавека ў Абхазіі, уключна з паведамленнямі аб "этнічных чыстках"). У 1998 годзе місія ўзнікае ў адносінах да Афганістана (як рэакцыя на сцвярджэнні аб сур'ёзных парушэннях правоў чалавека і міжнароднага гуманітарнага права, учыненых у Афганістане на працягу 1997 года).
А для Камбоджы падобная місія ўзнікае ў 1998 годзе. Яна носіць назву Група экспертаў для Камбоджы для ацэнкі наяўных доказаў і прапановы далейшых захадаў у якасці сродку дасягнення нацыянальнага прымірэння, умацавання дэмакратыі і вырашэння пытання аб індывідуальнай падсправаздачнасці (and addressing the issue of individual accountability). Цікава тое, што яна была створана паводле ініцыятывы камбаджыйскіх уладаў. Яны прасілі Генеральную асамблею ААН аб аказанні дапамогі ў рэагаванні на здзейсненыя ў мінулым сур'ёзныя парушэнні камбаджыйскага і міжнароднага права. Група экспертаў па Камбоджы мела наступны мандат: a) ацаніць наяўныя доказы ў мэтах вызначэння характару злачынстваў, учыненых лідарамі "чырвоных кхмераў" у перыяд з 1975 па 1979 год; b) ацаніць пасля кансультацый з адпаведнымі ўрадамі магчымасць прыцягнення лідараў "чырвоных кхмераў" да суду ды іх затрымання і выдачы.
У 2013 годзе ў Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспубліцы ствараецца Камісія па расследаванні парушэнняў правоў чалавека, у дакладзе якой было вызначана, што КНДР здзяйсняла "сістэматычныя, шырока распаўсюджаныя і грубыя парушэнні правоў чалавека". А ўжо праз год узнікае праект па падсправаздачнасці ў Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспубліцы (Democratic People's Republic of Korea accountability project).
Місіі і/або камісіі маюць таксама Іран (2022 год), Ірак (2014 год), Ліван (2006), згаданая вышэй М'янма, Непал (2009 год), Палестына / Ізраіль, Шры-Ланка, згаданая вышэй Сірыя, Тымор-Лешці, Узбекістан (2005 год) і Емен (2017 год).
У Еўропе ж агулам паўстала толькі тры падобныя санкцыйныя органы. Перш за ўсё, гэта згаданая вышэй Камісія экспертаў па расследаванні становішча ў былой Югаславіі (1992 год).
Другім такім органам з'яўляецца Камісія па расследаванні ва Украіне, створаная 4 сакавіка 2022 года. Яе мандат ўключае ў сябе:
Расследаваць усе меркаваныя парушэнні і злоўжыванні правамі чалавека і парушэнні міжнароднага гуманітарнага права і звязаныя з імі злачынствы ў кантэксце агрэсіі супраць Украіны з боку Расейскай Федэрацыі ды вызначаць факты, абставіны і карэнныя прычыны любых такіх парушэнняў і злоўжыванняў;
збіраць, кансалідаваць і аналізаваць доказы такіх парушэнняў і злоўжыванняў, уключна з іх гендарным аспектам, сістэматычна рэгістраваць і захоўваць усю інфармацыю, дакументацыю і доказы, уключна з гутаркамі, паказаннямі сведак і матэрыяламі судова-медычнай экспертызы ў адпаведнасці са стандартамі міжнароднага права, з улікам любых будучых судовых разглядаў.
Напрыклад, у 2022 годзе Камісія па расследаванні ва Украіне заявіла пра пагаршэнне з правамі чалавека ва Украіне, выкліканым расейскай агрэсіяй. У тым жа годзе Камісія прыйшла да высновы, што ва Украіне здзейсненыя ваенныя злачынствы, і выказала занепакоенасць з нагоды пакут мірных жыхароў.
"Ваенныя злачынствы, масавыя напады на інфраструктуру, сістэматычныя і шырока распаўсюджаныя катаванні дэманструюць грэбаванне да грамадзянскіх асоб", — сказала Камісія ААН па расследаванні ва Украіне.
Акрамя таго, Камісія выявіла пастаяннае сістэматычнае і шырокае ўжыванне катаванняў і масавых нападаў, якія наносяць шкоду грамадзянскім асобам.
І, нарэшце, трэцім у Еўропе органам з'яўляецца тая самая Група незалежных экспертаў па правах чалавека па Беларусі. Сярод іншага, Рада даручыла групе:
расследаваць і вызначаць факты, абставіны і карэнныя прычыны ўсіх меркаваных парушэнняў правоў чалавека і злоўжыванняў, учыненых у Беларусі з 1 мая 2020 года, уключна з іх гендарнымі ды ўзроставымі аспектамі ды іх уздзеяннем на ахвяр і тых, хто выжыў;
збіраць, кансалідаваць, захоўваць і аналізаваць доказы такіх парушэнняў і злоўжыванняў і, калі гэта магчыма, выяўляць вінаватых з улікам адпаведных судовых ды іншых разглядаў, уключна з крымінальным судаводствам у судах і трыбуналах, што валодаюць кампетэнтнай юрысдыкцыяй.
Група незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі (GIE Belarus) была створана на аднаўляльны перыяд у адзін год. У ёй ёсць тры эксперткі: Карына Маскаленка (старшыня), Сьюзан Базілі і Моніка Платэк). Яны мусяць выконваць свой мандат незалежна, бесстаронне і аб'ектыўна.
"GIE Belarus будзе праводзіць расследаванне і высвятляць факты, абставіны і карэнныя прычыны ўсіх меркаваных парушэнняў ды ўціску правоў чалавека, учыненых у Беларусі з 1 траўня 2020 года, уключна з іх гендарнымі ды ўзроставымі аспектамі ды іх уздзеяннем на ахвяр і пацярпелых", — гаворыцца ў тэксце Рэзалюцыі A/HRC/RES/55/27, пункт 9 (a).
Акрамя таго, Рада па правах чалавека "настойліва заклікала ўлады Беларусі наладзіць поўнае і невыбіральнае ўзаемадзеянне з усімі праваабарончымі механізмамі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, у прыватнасці [...] з Групай экспертаў, у тым ліку шляхам прадастаўлення ім усім свабоднага, поўнага і бесперашкоднага доступу ў краіну, прадастаўлення ім інфармацыі, неабходнай для выканання іх мандатаў і рэалізацыі іх рэкамендацый" [A/HRC/RES/55/27, пункт 13]. Аднак магчымасці фізічнага доступу і свабоды перамяшчэння па тэрыторыі Беларусі з боку беларускіх афіцыйных уладаў Група не атрымала.
Група незалежных экспертаў прадстаўляе свае даклады і ўдзельнічае ў інтэрактыўных дыялогах ААН. Напрыклад, такі дыялог прайшоў у межах 57-й сесіі Рады па правах чалавека ААН (верасень 2024 года). Экспертка Групы Карына Маскаленка сказала падчас свайго выступлення:
"Парушэнне правоў чалавека, якое мае дачыненне да нашага мандата, адзначаецца ў Беларусі з мая 2020 года. У іх ліку: адвольнае пазбаўленне права на жыццё і свабоду, катаванні, жорсткае абыходжанне, уключна з сексуальным і гендарным гвалтам, адмовай у праве на належную прававую працэдуру і справядлівае судовае разбіральніцтва, адвольная адмова ў праве на ўезд на тэрыторыю ўласнай краіны, парушэнне правоў на свабоду выказвання меркаванняў, мірнага сходу, асацыяцый і на роўную абарону перад законам".
Карына Маскаленка
Сярод краін, якія не падтрымалі Групу на 57-й сесіі, былі КНДР, Шры-Ланка, Эрытрэя, Расея, Лаос, Зімбабвэ, Кітай, Нікарагуа, Сірыя, Іран і Куба.
Праз год, у верасні 2025 года, на 60 сесіі Рады правоў чалавека, ніводная з краін не выступіла супраць Групы. Адпаведна, ніхто не падтрымаў афіцыйныя ўлады Беларусі, якія выступаюць супраць Групы, называючы яе мандат "палітызаваным".
Акрамя таго, прадстаўляючы свой новы даклад, старшыня Групы Карына Маскаленка сказала: "У нас ёсць разумныя падставы меркаваць, што п-т Лукашэнка разам з іншымі высока пастаўленымі службовымі асобамі, згаданымі ў нашым дакуменце, распрацаваў і рэалізаваў палітыку ўціску іншадумства і ўтрымання ўлады ў 2020 годзе. Ён выкарыстаў дзяржапарат для захавання сваёй улады і адыграў значную ролю ў здзяйсненні гэтых парушэнняў і злачынстваў". Такім чынам, упершыню ад Групы прагучалі канкрэтныя імёны меркаваных злачынцаў.
Як было паказана, Група была створана на адзін год з магчымасцю падаўжэння мандата. Такое пытанне будзе ставіцца на наступнай, вясновай сесіі Рады па правах чалавека ААН (сакавік 2026 года). Пакуль Група працягвае сваю працу, з якой падрабязней можна пазнаёміцца тут.
Група незалежных экспертаў ААН па Беларусі не з'яўляецца выключэннем або эксперыментам. Падобныя механізмы дзесяцігоддзямі ствараліся ААН у адказ на масавыя і сістэмныя парушэнні правоў чалавека — ад В'етнама і Чылі да Сірыі, М'янмы і Венесуэлы.
Пры гэтым Беларусь займае асаблівае месца ў еўрапейскім кантэксце. За ўсю гісторыю існавання ААН у Еўропе былі створаныя толькі тры падобныя органы: па былой Югаславіі, па Украіне і па Беларусі.
Сучасныя следчыя механізмы ААН, уключна з GIE Belarus, выходзяць далёка за межы маніторынгу. Іх ключавая задача — падсправаздачнасць (accountability): збор і захаванне доказаў, аналіз ролі канкрэтных службовых асоб і падрыхтоўка матэрыялаў, якія могуць быць выкарыстаны ў будучых судовых працэсах.
Адмова беларускіх уладаў супрацоўнічаць з Групай і даць доступ у краіну не робіць механізм неэфектыўным. Вопыт Сірыі, М'янмы, Венесуэлы ды іншых краін паказвае, што такія органы працягваюць працу за межамі дзяржавы, узаемадзейнічаюць з ахвярамі, дыяспарамі і праваабаронцамі.
Якасна новым этапам стала публічнае ўказанне Групай на магчымую персанальную адказнасць Лукашэнкі ды іншых высокапастаўленых службовых асоб. Такім чынам, адбыўся пераход да канкрэтных імёнаў, што ўплывае на індывідуалізацыю адказнасці.
Мэта GIE Belarus у тым, каб парушэнні правоў чалавека ў Беларусі не былі забытыя, а адказнасць за іх (Accountability for Belarus) стала непазбежнай.
)
)
)
)
)