Заява аб прызнанні «рэйкавых партызанаў» палітычнымі зняволенымі

28 красавіка 2022, 11:57
Заява аб прызнанні «рэйкавых партызанаў» палітычнымі зняволенымі

Ілюстрацыя: карціна гродзенскага мастака-манументаліста Сяргея Грыневіча, якую нядаўна знялі з выставы ў Палацы мастацтваў

Заява праваабарончай супольнасці Беларусі

21 красавіка 2022 г.

Мы, прадстаўнікі праваабарончай супольнасці Беларусі, падкрэсліваючы прыхільнасць каштоўнасцям і прынцыпам, абвешчаным у Статуце ААН і накіраваным на недапушчальнасць ужывання сілы і ўрэгуляванне міжнародных спрэчак мірнымі сродкамі, у Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах 1966 г., Міжнародным пакце аб сацыяльных, эканамічных і культурных правах 1966 г., Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і Дэкларацыі ААН аб праве народаў на мір 1984 г., зыходзім з таго, што:

Кожны народ мае права свабодна вызначаць свой палітычны статус і свабодна забяспечваць сваё эканамічнае, сацыяльнае і культурнае развіццё (арт. 1 абодвух Пактаў 1966 г.). Кожны грамадзянін павінен мець без якой бы там ні было дыскрымінацыі і без неабгрунтаваных абмежаванняў права і магчымасць браць удзел у вядзенні дзяржаўных спраў як непасрэдна, гэтак і праз свабодна абраных прадстаўнікоў (арт. 25 МПГПП). Рэалізацыя гэтых правоў непарыўна звязаная з магчымасцю бесперашкодна ажыццяўляць комплекс грамадзянскіх і палітычных правоў. У Прэамбуле да Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека асабліва падкрэсліваецца неабходнасць аховы правоў чалавека ўладай закону ў мэтах забеспячэння таго, каб чалавек не быў вымушаны звяртацца, у якасці апошняга сродку, да паўстання супраць тыраніі і прыгнёту.

Дзеючы ўрад Беларусі, які не атрымаў падтрымку большасці насельніцтва краіны, дзеля захавання кантролю над тэрыторыяй краіны працягвае выкарыстоўваць рэпрэсіі і жорстка падаўляць негвалтоўны супраціў беларусаў. Урад Лукашэнкі пазбавіў беларусаў законных сродкаў выказвання свайго меркавання з нагоды грамадска-палітычнага курсу краіны і магчымасці ўплываць на прыняцце гэтым урадам палітычных рашэнняў.

Удзел Беларусі ў незаконным ужыванні сілы Расіяй у адносінах да Украіны (шляхам прадастаўлення тэрыторыі для дыслакацыі і праходу расійскіх войскаў) парушае шматлікія міжнародна-прававыя абавязкі Беларусі (у тым ліку Дамову аб сяброўстве, добрасуседстве і супрацоўніцтве паміж Украінай і Рэспублікай Беларусь), і яе ўнутранае заканадаўства. Пры гэтым найгрубым чынам парушаюцца правы жыхароў Украіны, уключаючы права на жыццё. Такія дзеянні цяперашняга ўрада выклікалі жорсткае асуджэнне з боку міжнароднай супольнасці і непасрэдна закранаюць інтарэсы кожнага жыхара Беларусі.

Пры такіх акалічнасцях беларускія грамадзяне, пазбаўленыя магчымасці ўплываць на рашэнні ўладаў звычайнымі сродкамі, вымушаны шукаць дзейсныя спосабы ўплыву, у тым ліку меры крайняй неабходнасці (п.3.3.а Кіраўніцтва па вызначэнні паняцця «палітычны зняволены») . Прававая ацэнка дадзеных дзеянняў павінна быць аб'ектыўнай, прапарцыйнай, выключаць усялякія дапушчэнні і расплывістыя фармулёўкі і ўлічваць як наступствы, гэтак і папярэджаную шкоду.

З пачатку новай актыўнай фазы вайны ва Украіне пасля агрэсіі РФ у лютым 2022 г. у Беларусі затрымана і ўзята пад варту больш за дзесяць грамадзян паводле абвінавачвання ў зрыве графіку руху расійскіх цягнікоў з грузамі ваеннага прызначэння і датычных да фізічнага пашкоджання інфраструктуры чыгункі ў Беларусі. Інфармацыйны рэсурс супольнасці чыгуначнікаў Беларусі заявіў, што праз умяшанне ў інфраструктуру Беларускай чыгункі па тэрыторыі Беларусі перасталі пераганяць арганізаваныя вайсковыя эшалоны з тэхнікай і боепрыпасамі расійскіх войскаў; такім чынам, дзеянні затрыманых аказаліся здольныя стрымліваць вядзенне агрэсіўнай вайны.

Падкрэсліваючы сваю прыхільнасць выключна мірным дзеянням у абарону правоў і свабод чалавека, мы адзначаем, што менавіта парушэнне дзяржавай сваіх абавязкаў адносна падтрымання міру, бяспекі і належнага правапарадку ставіць сваіх грамадзян у неабходнасць здзяйснення фармальна супрацьпраўных дзеянняў.

Праваабаронцам вядома пра наступных затрыманых:

У ноч з 1 на 2 сакавіка ў Стоўбцах затрыманы Сяргей Глебка. Сяргей Глебка прызнаў, што паклаў два драўляныя палены на чыгуначныя шляхі і падпаліў іх;

4 сакавіка ў Светлагорску былі затрыманы Дзмітрый Равіч, Дзяніс Дзікун і Алег Малчанаў за падпал 28 лютага на станцыі "Жэрдзь-Астанкавічы" рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ), у выніку чаго святлафоры і стрэлкавыя пераводы на гэтым участку былі прыведзены ў непрацоўны стан. Перагон Астанкавічы — Жэрдзь знаходзіцца на лініі Жлобін — Калінкавічы, якая затым працягваецца на Оўруч (Жытомірская вобласць Украіны);

6 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіКа і АМАПа затрымалі супрацоўніка Віцебскай дыстанцыі сігналізацыі і сувязі УП "Віцебскае аддзяленне Беларускай чыгункі" Сяргея Канавалава за "падрыхтоўку акту тэрарызму". На думку МУС, мужчына планаваў вывесці з ладу сістэмы, якія гарантуюць бяспеку чыгуначнага руху;

10 сакавіка за падрыхтоўку да акту тэрарызму (арт. 13 і арт. 289 КК) у Мазыры затрыманы два мясцовыя жыхары — Сяргей Пляшкун і Юрый Сельвіч. Як сцвярджае следства, мужчыны планавалі падпальваць ваенную тэхніку расійскага войска падчас яе перамяшчэння, дзеля чаго захоўвалі запальную сумесь у бутэльках;

30 сакавіка спецыяльным падраздзяленнем МУС затрыманы Яўген Мінкевіч, Дзмітрый Клімаў і Уладзімір Аўрамцаў, падазраваныя ў знішчэнні дзвюх рэлейных шаф сігнальнай усталёўкі пад Асіповічамі. Падчас затрымання мужчыны паспрабавалі ўцячы. Сілавікі ўжылі зброю на паражэнне, прынамсі адзін з затрыманых паранены і знаходзіцца ў лячэбнай установе, а іншым "аказана меддапамога на месцы".

Пералічаныя грамадзяне абвінавачаныя паводле арт. 289 КК у здзяйсненні акту тэрарызму і падрыхтоўцы акту тэрарызму; Следчы камітэт таксама заявіў пра здзяйсненне гэтых дзеянняў у складзе арганізаванай групы. Гэта абвінавачванне супярэчыць закону: у адпаведнасці з арт. 289 КК, акт тэрарызму — гэта здзяйсненне выбуху, падпалу, затаплення, іншых дзеянняў агульнанебяспечным спосабам або дзеянняў, што ствараюць небяспеку гібелі людзей, прычынення ім цялесных пашкоджанняў ці надыходу іншых цяжкіх наступстваў у мэтах аказання ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады, або перашкаджэння палітычнай ці іншай грамадскай дзейнасці, або застрашвання насельніцтва, або дэстабілізацыі грамадскага парадку. Ва ўсіх паказаных выпадках адсутнічаюць неабходныя элементы паказанага складу злачынства. Да правядзення расследавання заяўляць пра наяўнасць у дзеяннях затрыманых прыкмет здзяйснення іх у складзе арганізаванай групы заўчасна, што падкрэслівае неаб'ектыўны характар распачатага расследавання.

2 сакавіка ў Асіповічах быў затрыманы Аляксей Шышкавец, які, паводле інфармацыі МУС, "увайшоў у склад экстрэмісцкага фармавання BYPOL, аўтарызаваўшыся ў мабілізацыйным чат-боце для здзяйснення супрацьпраўных дзеянняў у Беларусі". 1 сакавіка ён нібы атрымаў указанні наконт блакавання чыгуначных шляхоў, а таксама наконт вырабу і выкарыстання "кактэйляў Молатава", "выказаў актыўную гатовасць садзейнічаць акцыям прамога дзеяння на аб'ектах чыгункі ў раёне горада Асіповічы з мэтай правядзення дыверсій і недапушчэння прасоўванняў эшалонаў з ваеннай тэхнікай", у сувязі з чым ён быў абвінавачаны ва ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні з мэтай здзяйснення злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці (арт. 361-1 КК).

Згодна з наяўнай практыкай, у дачыненні да апанентаў улады неабгрунтавана ўжываецца ўтрыманне пад вартай у адсутнасць дастатковых падставаў для ўжывання меры стрымання, што ў крайняй ступені абмяжоўвае асабістую волю: як адзначае Камітэт па правах чалавека ААН, "утрыманне пад вартай у выглядзе меры стрымання павінна быць разумным і неабходным у любых акалічнасцях". "Утрыманне пад вартай асобаў, якія чакаюць суду, павінна быць выключэннем, а не правілам… вызваленне ад такога ўтрымання пад вартай можа ставіцца ў залежнасць ад забеспячэння гарантый яўкі на суд, яўкі на судовы разгляд у любой іншай яго стадыі і (у выпадку неабходнасці) яўкі для выканання прысуду. Гэтая прапанова тычыцца асобаў, якія чакаюць судовага разгляду па крымінальным абвінавачванні, то бок пасля выстаўлення абвінавачвання, але аналагічнае патрабаванне, што ахоплівае перыяд да выстаўлення абвінавачвання, вынікае з забароны адвольнага арышту… Ужыванне дасудовага ўтрымання пад вартай да падазраваных і абвінавачваных не павінна быць агульнай практыкай. Узяцце пад варту павінна быць заснавана на рашэнні, якое прымаецца ў кожным канкрэтным выпадку, аб тым, што яно абгрунтаванае і неабходнае з улікам усіх акалічнасцяў дзеля такіх мэтаў, як папярэджанне ўцёкаў, умяшанне ў працэс збірання доказаў ці рэцыдыву злачынства… Адпаведныя фактары павінны быць прапісаныя ў законе і не павінны ўтрымліваць расплывістых і шырокіх стандартаў, такіх як "грамадская небяспека"… дасудовае ўтрыманне пад вартай павінна ўжывацца не на падставе магчымага прысуду за інкрымінаванае злачыннае дзеянне, а на падставе вызначэння неабходнасці ў гэтай меры стрымання".

Ацэньваючы ўсе пералічаныя выпадкі крымінальнага пераследу, мы прыходзім да высновы пра існаванне ў кожным з іх палітычнага матыву пераследу абвінавачваных.

У адпаведнасці з Кіраўніцтвам па вызначэнні паняцця "палітычны зняволены", палітычным зняволеным з'яўляецца асоба, пазбаўленая волі, калі пры наяўнасці палітычных матываў яго пераследу мае месца хаця б адзін з наступных фактараў:

  • a) пазбаўленне волі было ўжыта ў парушэнне права на справядлівае судовае разбіральніцтва, іншых правоў і свабод, гарантаваных Пактам або Еўрапейскай канвенцыяй аб абароне правоў чалавека і асноўных свабод;

  • c) працягласць ці ўмовы пазбаўлення волі відавочна непрапарцыйныя (неадэкватныя) правапарушэнню, у якім асоба падазраецца, абвінавачваецца або была прызнана вінаватай;

Мы, прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці, заяўляем, што далейшае зняволенне Сяргея Глебкі, Дзмітрыя Равіча, Алега Малчанава, Дзяніса Дзікуна, Сяргея Канавалава, Аляксея Шышкаўца, Сяргея Плешкуна, Юрыя Сельвіча, Яўгена Мінкевіча,  Дзмітрыя Клімава і Уладзіміра Аўрамцава з'яўляецца палітычна матываваным, а яны самі — палітычнымі зняволенымі.

Дзеянні ўсіх пералічаных асоб не былі накіраваны на прычыненне шкоды асобе і мелі толькі не параўнальныя з маштабамі ваенных разбурэнняў і страт эканамічныя наступствы (ці маглі да іх прывесці). У сувязі з гэтым мы патрабуем ад уладаў Беларусі:

  • перагледзець прынятыя ў адносінах да згаданых палітвязняў меры пры выкананні права на справядлівы разгляд і ўхіленні фактараў, якія паўплывалі на іх;

  • вызваліць згаданых палітвязняў, ужыўшы іншыя меры для забеспячэння іх яўкі ў суд;

  • правесці аб'ектыўнае расследаванне спраў і іх разгляд у судзе з выкананнем права на справядлівы судовы разгляд і іншых правоў і свабод;

  • неадкладна вызваліць усіх палітычных зняволеных і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Праваабарончы цэнтр "Вясна";

Беларускі Хельсінкскі Камітэт;

Прававая ініцыятыва;

Lawtrend;

Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;

Беларускі ПЭН.

Глядзiце таксама

Заява праваабарончай супольнасці аб прызнанні Ігара Карнея палітычным зняволеным
27 сакавіка 2024, 08:25
Заява праваабарончай супольнасці аб прызнанні Ігара Карнея палітычным зняволеным
Мы лічым, што гэтыя дзеянні ў дачыненні да Ігара Карнея з’яўляюцца працягам мэтанакіраванай палітыкі ўладаў па абмежаванні распаўсюду непадцэнзурнай інфармацыі ў краіне і працягам наступу на свабоду слова.
Патрабуем рэабілітацыі 20 былых палітычных зняволеных (Аляксандр Якута і іншыя)
23 сакавіка 2024, 12:49
Патрабуем рэабілітацыі 20 былых палітычных зняволеных (Аляксандр Якута і іншыя)
У дачыненні да пералічаных былых палітвязняў мы патрабуем перагляду іх крымінальных спраў з мэтай адмены вынесеных прысудаў, іх поўнай рэабілітацыі з кампенсацыяй усіх відаў шкоды, нанесенай адвольным асуджэннем і пазбаўленнем волі.
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Яраслаў Вердыш і іншыя)
21 сакавіка 2024, 12:07
Заява аб прызнанні васьмі чалавек палітычнымі зняволенымі (Яраслаў Вердыш і іншыя)
Мы заяўляем, што далейшае пазбаўленне волі Аляксандра Піскунова, Яраслава Вердыша, Аляксандра Яўціхава, Дзмітрыя Гута, Яўгена Тоўсціка, Аляксандра Паліўкі, Паўла Кунцэвіча, Івана Асіповіча з'яўляецца палітычна матываваным.
Заява праваабаронцаў з нагоды аблавы на адвакатаў
21 сакавіка 2024, 09:51
Заява праваабаронцаў з нагоды аблавы на адвакатаў
28 лютага 2024 года ў Беларусі прайшлі масавыя затрыманні адвакатаў. Дакладная колькасць затрыманых і нагода застаюцца невядомымі, аднак праваабаронцы называюць лічбу ў 12 адвакатаў.

Атрымаць падтрымку

Мы б хацелі пачуць, як Беларускі Дом правоў чалавека можа падтрымаць вашу арганізацыю.

Аказаць падтрымку

Дому правоў чалавека імя Барыса Звозскава і яго дзейнасці